Зьніч (суполка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Зьніч» — культурна-асьветніцкая суполка пры Менскім інстытуце культуры.

Суполка існавала ў 1987—1989 гадах. Складалася, пераважна, са студэнтаў і выпускнікоў МІКа — у розныя часы ад 6 да 15 чалавек сяброў і прыхільнікаў. Кіраўніцтва: старшыня — Юрась Лаўрык, нам. старшыні — Л.Сьвяньцецкая, рэдактар насьценнай газэты — Андрэй Федарэнка, скарбнік — І. Коваль. Сябры суполкі асаблівую ўвагу надавалі культурна-асьветніцкай дзейнасьці, што дэкляравалася ў падназьве суполкі. Палітычныя акцыі, аднак, таксама не ігнараваліся.

Асноўная праца вялася ў некалькіх накірунках. Зьніч ажыцьцяўляў прапаганду ведаў па беларускай гісторыі, літаратуры і культуры ў МІКу. Зьяўляючыся ад моманту стварэньня Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак яе калектыўным сябрам, Суполка выконвала функцыі інфармацыйна-бібліяграфічнай службы КБС, рэалізоўваючы апрацаваньне і пашырэньне бібліяграфічнай інфармацыі па розных тэмах на патрэбу руху. Гэтая праца афармлялася ў выглядзе кансультаваньняў, падрыхтоўкі бібліяграфічных сьпісаў і паказальнікаў.

Была ажыцьцёўленая спроба выпуску пэрыядычнага выданьня «Весткі Адраджэньня». Сябры суполкі бралі чынны ўдзел у распаўсюджаньні, а таксама і памнажэньні цяжка даступных друкаваных матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі (напрыклад, заходнебеларускіх і эмігранцкіх публікацыяў і выданьняў). Супрацоўнічаючы зь іншымі суполкамі, Зьніч браў удзел у падрыхтоўцы і правядзеньні шэрагу палітычных і культурных мерапрыемстваў: Калядаў, Купальляў, Дзядоў, памятных вечарынаў, мітынгаў і г. д. Займаўся дабрачыннай дзейнасьцю.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]