Палдыскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Палдыскі
эст. Paldiski
Паўночны порт Палдыскаў
Паўночны порт Палдыскаў
Герб Палдыскаў Сьцяг Палдыскаў
Першыя згадкі: XVII стагодзьдзе
Горад з: 1783
Былыя назвы: Рогервік, Балтыйскі порт, Ба́лтыскі[1]
Краіна: Эстонія
Павет: Хар’юмаа
Плошча: 60,17 км²
Насельніцтва (2012)
колькасьць: 4081 чал.[2]
шчыльнасьць: 67,82 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +372
Паштовы індэкс: 76806
Геаграфічныя каардынаты: 59°21′0″ пн. ш. 24°3′0″ у. д. / 59.35° пн. ш. 24.05° у. д. / 59.35; 24.05Каардынаты: 59°21′0″ пн. ш. 24°3′0″ у. д. / 59.35° пн. ш. 24.05° у. д. / 59.35; 24.05
Палдыскі на мапе Эстоніі
Палдыскі
Палдыскі
Палдыскі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.paldiski.ee

Па́лдыскі (па-эстонску: Paldiski) — места ў паўночна-заходняй частцы Эстоніі, порт на беразе Фінскай затокі. Знаходзіцца за 52 км на захад ад Таліну, на паўвостраве Пакры.

Заснаваны швэдзкімі пасяленцамі пад назваю Рогервік, у XVIII стагодзьдзі быў перайменаваны расейцамі на Балтыйскі Порт, што пазьней трансфармавалася на эстонскі манэр у Ба́лтыскі, а з 1933 року — Палдыскі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Строма Пакры ля Палдыскаў

Палдыскі знаходзяцца ў павеце Хар’юмаа, на беразе Фінскае затокі, за 52 кілямэтры ад Таліну. Мяжуе з воласьцямі Кейля, Вазалема і Падызэ. Тэрыторыя места разам з акваторыяй, а таксама астравамі Пакры займае 102 км².

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З XIV стагодзьдзя на паўвысьпе жылі швэдзкія пасяленцы, была пабудаваная невялікая крэпасьць.

23 ліпеня 1718 року ў затоцы Пакры Пётар I заснаваў вайсковы порт, пры якім паўстала паселішча. У 1723 места атрымала афіцыйную назву Рогервік (па-швэдзку: Rågervik), у 1762—1922 называлася Балтыйскі Порт, надалей Ба́лтыскі. Сучасную назву атрымала ў 1934 року.

Будаўніцтва порту і крэпасьці адбывалася ў пэрыяд 1716—1726 рокаў, па сьмерці Пятра I было прыпыненае. На паўвысьпе Пакры і на востраве Малы Роаге для Пятра I была збудаваная хата. Рэшткі Пятроўскай крэпасьці й докаў бачныя й дагэтуль. Пётар I асабіста склаў праект і рысунак абарончага молу порту. Ён таксама пазначыў месцы разьмяшчэньня купецкай гавані, места і адміралцейскай вэрфі.

22 кастрычніка 1724 збудаваны маяк Пакры. Цяпер гэта адзін з найстарэйшых маякоў Балтыйскага мора.

У 1728 збудаваная драўляная царква.

У 1762 шырокамаштабнае будаўніцтва ўзнавіла Кацярына II. Кіраўніком прац прызначаны генэрал-фэльдмаршал граф Мініх.

20 жніўня 1762 Рогервік перайменаваны ў Балтыйскі Порт. 18 лістапада 1768 Кацярына II загадала спыніць усе працы па дабудове, сканцэнтраваўшы намаганьні на пабудове Кранштату.

У 1770 для дзяцей жаўнераў, афіцэраў, рамесьнікаў і купцоў была адчыненая першая школа[3].

У 1775 у Балтыйскі порт быў сасланы разам з бацькам удзельнік пугачоўскага паўстаньня, башкірскі нацынальны герой Салават Юлаеў. Тут на катарзе ён і памёр 26 верасьня 1800 і быў пахаваны. На тэрыторыі мескага парка яму ўсталяваны помнік.

У 1787 Балтыйскі Порт атрымаў статус беспавятовага (заштатнага) места Эстляндзкай губэрні.

У 1784—1787 была пабудаваная, а ў канцы XIX стагодзьдзя перабудаваная мураваная Георгіеўская царква.

У 1870 да места праклалі Балтыйскую чыгунку РэвельСанкт-Пецярбург.

У 1876 была адчыненая мараплаўная вучэльня.

У чэрвені 1912 у гавані Балтыйскага Порту адбылася сустрэча імпэратара Мікалая II і кайзэра Вільгельма II.

У пэрыяд Першай сусьветнай вайны места было арэнай ваенных дзеяў. Уночы 11 лістапада 1916 нямецкія эсьмінцы Х нямецкай флятыліі цягам паўгадзіны абстрэльвалі яго з гарматаў, выпусьціўшы 162 фугасныя і шрапнельныя снарады. Пашкоджаныя 24 будынкі, у тым ліку вакзал і вышка посту назіраньня, загінулі 10 чалавек, зь іх 8 мірных жыхароў.

Першая эстонская рэспубліка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1922 року места атрымала новую назву Палдыскі, што ўяўляе сабой эстанізаванае расейскае «Балтыйскі».

У кастрычніку 1939 Савецкі Саюз па дамоўленасьці з эстонскім урадам разьмясьціў у Палдыскі вайсковую базу. Да пачатку нямецка-савецкай вайны на паўвостраве і астравах Пакры былі ўсталяваныя батарэі берагавой абароны. Порт выкарыстоўваўся для разьмяшчэньня вайсковых караблёў. Быў пабудаваны вайсковы аэрадром.

Савецкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 жніўня 1941 року Палдыскі былі акупаваныя нямецкімі войскамі. Падчас уцёкаў савецкіх войскаў былі ўзарваныя батарэі берагавой абароны[4]. Немцы стварылі тут ваенна-марскую базу і школу абвэру[5]. У ходзе Талінскай апэрацыі 24 верасьня 1944 заняты дэсантам савецкага Балтыйскага флёту.

21 лістапада 1956 у Суурупскай пратоцы адбылося сутыкненьне падводнай лодкі М-200 «Помста» 157-й асобнай брыгады падводак Балтыйскага флёту з эскадраным мінаносцам «Статны». Выратавальная апэрацыя прайшла няўдала — загінулі 28 падводнікаў.

Закінуты навучальны цэнтар («Пэнтагон»), зруйнаваны ў 2007

У 1962 року ў Палдысках быў адчынены навучальны цэнтар атамнага падводнага флёту СССР, усталяваныя два наземныя атомныя рэактары. Гэта быў найбуйнейшы навучальны цэнтар такога кшталту ў Савецкім Саюзе, пэрсанал якога налічваў 16 000 чалавек. Празь ягоную значнасьць усё места было абгароджанае калючым дротам усутыч да жніўня 1994 року, калі апошні вайсковы карабель Расеі пакінуў Палдыскі[6].

У месьце, якое зрабілася адным з двух закрытых адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэньняў на тэрыторыі Эстонскай ССР, былі разьмешчаныя база падводных лодак, вучэбны атамны рэактар, стаянка тарпэдных катэраў і малых ракетных караблёў, шпіталь і паліклініка. У месьце базаваліся 157-я асобная брыгада падводных лодак, пагранзастава, штаб пагранатраду, рота ваенных будаўнікоў, ракетнае падразьдзяленьне СПА і дысцыплінарная рота Балтыйскага флёту.

Навучальны цэнтар валодаў двума дзейнымі рэактарамі падводных лодак першага і другога пакаленьняў, а таксама ўнікальным трэнажэрам для падрыхтоўкі экіпажаў атамных падводных лодак.

Другая эстонская рэспубліка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Места заставалася апошнім аб’ектам дысьлякацыі Расейскіх узброеных сілаў у Эстоніі да 30 жніўня 1994, калі Палдыскі пакінуў апошні расейскі вайсковы карабель. 26 верасьня 1995 быў падпісаны акт пра перадачу ядзернага аб’екту ў Палдысках Эстоніі. Перад здачай расейскія адмыслоўцы выцягнулі з рэактараў паліўныя стрыжні, рэактары былі заключаныя ў адмысловыя бэтонныя саркафагі.

У сувязь з малым адсоткам грамадзянаў Эстоніі ў Палдысках яны 15 траўня 1994 нават былі ўключаныя ў склад места Кейля, аднак 20 кастрычніка 1996 атрымаў назад правы места.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва
Рок  Агулам
2007 4170
2010 4125
2012 4081

Насельніцтва 4,1 тыс. чалавек (2012); 2156 жыхароў зьяўляюцца грамадзянамі Эстоніі. Пражываюць прадстаўнікі 31 нацыянальнасьці. Эстонцы складаюць у Палдысках меншасьць. Пасьля развалу СССР і ад’езду вайскоўцаў і супрацоўнікаў прадпрыемстваў насельніцтва места скарацілася амаль удвая (8,1 тыс. у 1991).

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чырвоны маяк

Марскія грузаперавозкі, паліўны тэрмінал Alexela, нафтаперапрацоўчы тэрмінал біядызэлю.

Паўднёвы порт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Порт у складзе холдынгавае кампаніі «Талінскі порт», створаны на месцы былой базы савецкіх падлодак (г. зв. «Падплаў»). Зьяўляецца найбліжэйшым да Эўропы буйным эстонскім портам і мае шэраг іншых пераваг: не замярзае ўзімку, мае глыбакаводныя прыстанкі, якія дазваляюць працаваць з судзінамі грузападымальнасьцю да 50 000 т[7]. Апрацоўвае судзіны ро-ро, насыпныя, генэральныя і штучныя грузы, мае магутнасьці па апрацоўцы аўтамабіляў, колавае тэхнікі, насыпных грузаў.

Паўночны порт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыватны порт, які апрацоўвае транспартныя сродкі, кантэйнэры, генэральныя і сыпкія грузы. Існуюць пляны пабудовы пасажырскага тэрміналу. Паводле праграмы мадэрнізацыі з 2002 року збудаваныя прычалы дзеля абслугоўваньня генэральных грузаў і суднаў тыпу «Ро-ро», 375-мэтровы абарончы мол.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Рэшткі земляных валоў з часоў Пятра I.
  • Помнік экіпажу падводнай лодкі М-200 «Помста».
  • Праваслаўная каменная царква Сьвятога Георгія.
  • Атамныя рэактары, пабудаваныя для навучаньня савецкіх падводнікаў.

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Географические наименования Эстляндии-Эстонии
  2. ^ Valik andmeid (эст.). Statistikaamet (14 чэрвеня 2012). Праверана 4 кастрычніка 2012 г.
  3. ^ Нелли Кузнецова. (7 кастрычніка 2005) Любовь при множестве объектов… Архив. Газета «Молодежь Эстонии». Праверана 29 лютага 2012 г.
  4. ^ Геннадий Кузнецов. «Минная война на Балтике» (Главы из рукописи книги). // «Балтика» — Международный журнал русских литераторов. — 2006. — № 5.
  5. ^ Валерий Вальков. Балтийский порт (рас.) Центральный Военно-Морской Портал Праверана 4 кастрычніка 2012 г.
  6. ^ Палдиски (рас.) VisitEstonia Праверана 5 кастрычніка 2012 г.
  7. ^ Палдиски — от базы подлодок до торгового порта европейского значения (рас.) Transportweekly.Com Праверана 5 кастрычніка 2012 г.
  8. ^ Фет Афанасий Афанасьевич. (16 сьнежня 2010) Мои воспоминания (рас.). Lib.ru. Праверана 5 кастрычніка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палдыскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў