Польшча А і Б

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мапа вынікаў парлямэнцкіх выбараў 2007 году, якая яскрава адлюстроўвае падзел Польшчы на два рэгіёны. Аранжавым колерам замаляваныя рэгіёны, дзе перамогу атрымала Грамадзянская плятформа, а сінім — Права і справядлівасьць.

Польшча А і Б — падзел Польшчы паводле гістарычнага, палітычнага і культурнага адрозьненьня паміж заходняй і ўсходняй часткамі краіны. Гэтак званая Польшча А месьціцца на захад ад Віслы. Яна ёсьць значна больш разьвітай і мае хутчэйшы эканамічны рост у параўнаньні з Польшчай Б, якая месьціцца на ўсход ад Віслы. Тым ня менш, існуе меркаваньне аб існаваньні падзелу Польшчы на большую колькасьць рэгіёнаў. Гэтак на думку генэральнага сакратара Польскай гандлёвай палаты Марка Клочка, існуе Польшча А, да якой належаць гарады-цэнтры ваяводзтваў, Польшча Б ёсьць астатняй часткай краіны, а таксама існуе Польшча В, да якой належаць рэгіёны на ўсход ад Віслы, якія патрабуюць іншага стаўленьня[1]. Тым ня менш, вяртаючыся да Польшчы А і Б, сучасная статыстыка беспрацоўя ў Польшчы ў цэлым не паказвае розьніцы ў багацьці паміж двума часткамі і нават мае супрацьлеглую тэндэнцыю ў апошнія гады. То бок, узровень беспрацоўя на паўночным захадзе краіны вышэйшы за гэты паказчык ва ўсходне-цэнтральнай Польшчы.

Розьніца паміж Польшчай А і Б асабліва бачная ў выніках выбараў у гэтых двух рэгіёнах. У 1990-я гады Польшча А аддавала перавагу Зьвязу дэмакратычных левых сілаў (ЗДЛС), як сьвецкаму, сацыяльна-лібэральнаму фактычнаму пераемніку былой кіроўнай партыі ПНР. Зь іншага боку, Польшча Б галасавала альбо за Польскую сялянскую партыю альбо за Салідарнасьць, абодзьве зь якіх прасоўвалі хрысьціянска-дэмакратычныя каштоўнасьці[2]. Парлямэнцкія выбары 2001 году былі адзінымі, калі Польшча А і Б прагаласавала аднолькава, і ЗДЛС здолела здабыць перамогу як на ўсходзе, гэтак і на захадзе краіны. Прыкладна з 2005 году ў Польшчы адбылася перабудова палітычнай сыстэмы. Жыхары Польшчы А падтрымалі лібэральна-кансэрватыўную Грамадзянскую плятформу, у той час як жыхары Польшчы Б за выключэньнем Варшавы, наадварот, схіліліся да падтрымкі нацыянальна-кансэрватыўнай партыі Права і справядлівасьць.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Polsce nierówna (пол.). Polska. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
  2. ^ Kowalczyk, Krzysztof (15 сакавіка 2014 году). «Typologia polskich partii politycznych według kryterium programowego». Środkowoeuropejskie Studia Polityczne (1): 73-99. — doi:10.14746/ssp.2014.1.6.