Прастора

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Прасто́ра — адно з фундамэнтальных паняцьцяў філязофіі, а таксама матэматыкі і фізыкі. Прастора — гэта тое, дзе знаходзяцца ўсе аб’екты матэрыяльнага сьвету. Прастора і матэрыя цесна зьвязаныя: па-за прастораю матэрыя існаваць ня можа, і наадварот, усё, што знаходзіцца ў прасторы, ёсьць матэрыя. Такім чынам, прастору можна ўявіць сабе як унівэрсальнае месьціва, уяўную «скрыню», што зьмяшчае ў сабе ўсю матэрыю, увесь Сусьвет.

Клясычная фізыка надзяляе прастору наступнымі характарыстыкамі:

  • трохмернасьць — прастора мае тры вымярэньні; палажэньне аб’екта ў кожным зь іх можна вызначыць адным лікам (каардынатаю)
  • непарыўнасьць — між любымі двума пунктамі прасторы існуе бясконцае мноства іншых пунктаў. Інакш кажучы, у прасторы не існуе якой-небудзь фіксаванае мінімальнае адлегласьці між пунктамі. З гэтага вынікае, што каардынаты пунктаў прасторы зьяўляюцца сапраўднымі лікамі
  • аднароднасьць — усе пункты прасторы аднолькавыя, прастора ня мае цэнтру (ці цэнтраў). З гэтага вынікае, што палажэньне аб’екта ў прасторы можна вымерыць толькі адносна іншага аб’екта
  • ізатропнасьць — усе кірункі прасторы аднолькавыя, прастора ня мае «абсалютнай вэртыкалі» ці «гарызанталі»

З апошніх дзьвюх характарыстык вынікае бясконцасьць прасторы па ўсіх вымярэньнях.

Такое ўяўленьне пра прастору адпавядае паняцьцю трохмернай Эўклідавай прасторы і таму прастора ў клясычнай фізыцы апісваецца паняцьцямі эўклідавай геамэтрыі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]