Пятроў пост

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Пятро́ўскі пост, Пятро́ўка, Пятро́ўка-галадо́́ўка - летні пост у Праваслаўнай царкве.

Пятроўка пачынаецца праз тыдзень пасьля Сьвятой Тройцы (Сёмухі) і працягваецца да сьвята першавярхоўных сьвятых апосталаў Пятра і Паўла (12 ліпеня). Працягласьць гэтага посту бывае рознай, бо ягоны пачатак залежыць ад даты Вялікадня, а заканчэньне прыпадае на конадні пастаяннага сьвята.

Пост усталяваны для насьледаваньня прыкладу сьвятых апосталаў, якія пасьля прыняцьця дароў Сьвятога Духа постам і малітваю рыхтавалі сябе да сусьветнай пропаведзі Эвангельля.

У гэты пост у панядзелак, сераду і пятніцу нельга ўжываць ні тлушчу, ні рыбы, ні алею. Калі дзень 12 ліпеня прыпадае на сераду ці пятніцу (посныя дні на працягу ўсяго года), дык пачатак ужываньня мясное ежы (разгавеньне) пераносяць на наступныя содні, а ў гэты дзень ядуць толькі рыбу.