Рымскі форум

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Рымскі Форум, з калёнамі храма Сатурна

Амаль што ў кожным рымскім горадзе існаваў форум, — як цэнтар палітычнага, эканамічнага, культурнага і рэлігійнага жыцьця. Самым першым месцам такога прызначэньня быў Рымскі Форум (Forum Romanum) — форум у Рыме, які зьяўляецца люстэркам усёй рымскай гісторыі і сёньня па праве лічыцца цэнтрам палітычнай улады ў горадзе і ва ўсёй Рымскай імпэрыі.

Раней на месцы Рымскага Форума ляжала забалочаная даліна непадалёку ад Палатына, якую лацінскія пасельнікі выкарыстоўвалі ў якасьці могілак. Масавае засяленьне тэрыторыі стала магчымым толькі пачынаючы з VI стагодзьдзе да н.э., пасьля таго як балота асушылі з дапамогай старажытнарымскай сыстэмы каналаў Клаака Максіма (Cloaca Maxima).

Там, дзе сёньня рынкі, былі раней тарфяныя балоты, дзіркі, перапоўненыя вадой, уздымаўся прыліў Тыбру. Гэта Лакус Куртый, там дзе зараз на сухім месцы стаіць алтар: зямля там, дзе раней было возера. Там дзе Велабрум суправаджае сёньня ў сьвяточным паходзе да Цыркусу, расьлі калісьці зарасьнікі вярбовага хмызьняку, ды шапацеў чарот.
(Авід, Фасты, VI, 401-406)

Прыблізна ў 490 годзе да н. э. у даліне былі ўзьведзены два храмы, прысьвечаныя багам Сатурну і Кастару. З гэтай нагоды асяродзьдзе форума хутка ператварылася ў цэнтар маладога гораду. Неўзабаве на поўдні ад Рымскага Форума была закладзена другая плошча — Камітый (Comitium). Большая частка рымскай палітыкі рабілася менавіта тут, таму што рэзыдэнцыі сэнату, Курыя (Curia) і Ростра (Rostra) — грамадзкія трыбуны аратараў, разьмяшчаліся ў непасрэднай блізасьці адсюль.

У 145 годзе да н. э. цэнтар палітычных падзеяў Рыму зноў перамясьціўся з Камітыя ў Форум. Пасьля сьмерці Гая Цэзара Камітый быў канчаткава ліквідаваны, а Форум значна пашыраны за кошт стварэньня так званага Юліянскага Форума (Forum Iulium). У часы кіраваньня Аўгуста значна зьмяніўся і зьнешні выгляд Форуму. Дзякуючы шырокааб’ёмнаму ўжываньню мармуру ў афармленьні архітэктурных элемэнтаў плошчы, Рымскі Форум ператварыўся ў незвычайна раскошны архітэктурны комплекс, параўнальны, магчыма, з Акропалем у Атэнах.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Рымскі форумсховішча мультымэдыйных матэрыялаў