Рагнар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Рагнар (грэц. Ῥάγναρις, Ῥαγναρίς, Ῥαγναρῆς; ? — 555) — водца остготаў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню ўпамінаецца ў 552 годзе як водца остготскай залогі ў Таранта. Паводле Пракопіюса Кесарійскага, пачаў перамовы з усходнерымскім водцам Пакурыюсам пра здаваньне гораду і паступленьні на імпэрскую службу з сваімі людзьмі, але калі даведаўся пра ўступленьне Тэі на остгоцкі сталец, то перадумаў. Узяў у закладнікі пяцьдзясят рымскіх салдатаў, каб вызваліць сваіх людзей, якіх утрымліваў Пакурыюс, але той рушыў супраць яго, таму загадаў іх пакараць. Ня стаў чакаць Пакурыюса за сваімі сьценамі, а рушыў насустрач яму ў адкрытай бітве, у якой пацярпеў паразу. Тады тарэнтынцы адмовіліся дазволіць Рагнару ўвайсці ў горад, што прымусіла яго ўцякаць у суседнюю Ахерунтыю.

Зноў упамінаецца ў канцы 554 года ў якасці водцы 7 тысячаў гоцкіх ваяроў, магчыма, тых, хто выжыў па бітве пад Монс-Лактарыюсе. Надумаўшы працягваць супраціў рымлянам, прывёў іх дзеля заняцьця гораду Кампса. Усходнерымскі водца Нарсэс аблажыў іх зімой, але готы лёгка выстаялі, маючы вялікія запасы правіянту. Увесну Нарсэс і Рагнар сустрэліся, каб абмеркаваць магчымыя ўмовы, але не змаглі дамовіцца. Аднак калі яны разыходзіліся, Рагнар паспрабаваў стрэліць у Нарсэса стралой, па чым целаахоўнікі генэрала напалі на яго і цяжка паранілі. Прыхільнікам Рагнара ўдалося занесьці яго ў горад, але праз два дні ён памёр, і апошняя гатычная цьвердзь здалася[1].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Martindale J. R. The Prosopography of the Later Roman Empire: Vol. 3, AD 527—641. — Cambridge: Cambridge University Press, 1992. P. 1076.