Сьцерлядзь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
На выставе „Pod hladinou Vltavy“, Прага

Сьце́рлядзь (па-лацінску: Acipenser ruthenus) — рыба сямейства асятровых.

Сьцерлядзь самыя маленькая з асятровых рыб. Звычайная мае даўжыню 40-60 см і вагу 0,3-1,0 кг. Цела вераценападобнае, пакрытае дробнымі костнымі пласьцінкамі. Уздоўж тулава маецца пяць шэрагаў буйных касьцявых пласьцінак. Сьпінныя пласьцінкі датыкаюцца адна да адной, бакавыя – шчыльна прыціснутыя паміж сабой. Грудныя плаўнікі ў сьцерлядзі доўгія, шырокія. Сьпінны і анальны плаўнікі – невялікія, пасунуты назад. Хваставы плаўнік асымэтрычны. На сярэдзіне рыла паміж вачамі і верхнім краем жабернай шчыліны маецца невялікая адтуліна, якая характэрна толькі для асятровых рыб. Рот разьмешчаны на ніжнім баку галавы і мае мясістыя высны. Зь іх дапамогаю сьцерлядзь можа высоўваць яго вонкі і захопліваць ежу. Наперадзе рота маюцца чатыры вусікі. Сьпіна сьцерлядзі цёмна-бурая, бруха жаўтаватае або белаватае, плаўнікі шэрыя.

Жыве сьцерлядзь ля дна рэк у самых глыбокіх месцах – праточных ямінах зь пясчаным або галечным дном. У стаячыя воды заходзіць толькі ў час кармёжкі. Прычым зімуе яна ў нізоўі рэк. Вясной падымаецца ў іх вярхоўі. На гэта ім патрабуецца 4-5 тыдняў. Сілкуецца яна галоўным чынам ракападобнымі, чарвякамі, лічынкамі хіранамід і іншымі насякомымі.

З 1981 году від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.