Natus Vincere

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кібэрспартовы клюб
Natus Vincere
Na`Vi
Краіна Украіна
Заснаваны 2009 год
Мэнэджар Аляксандар Каханоўскі
Спонсары
Падразьдзелы
Вэб-сайт navi.gg

Natus Vincere (Na`Vi; па-лацінску: народжаныя перамагаць) — украінская мультыґеймінгавая кібэрспартовая арґанізацыя. У 2010 годзе склад па гульні Counter-Strike 1.6 упершыню ў гісторыі выйграў тры буйныя турніры за адзін рок — Intel Extreme Masters, Electronic Sports World Cup і World Cyber Games 2010. Улетку 2011 року склад каманды па Dota 2 стаў найлепшым на турніры The International, абыграўшы ў фінале кітайскую каманду EHOME і выйграўшы $1 000 000 за першае месца.

Кіраўніцтва праектам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З моманту заснаваньня ў 2009 годзе падтрымкаю каманды займаўся мэцэнат і арґанізатар кібэрспартовых турніраў Мурат Жумашэвіч («Арбалет»). У кастрычніку 2011 року скончылася яго дамоўленасьць з чальцамі арґанізацыі, пасьля чаго кіраўніцтва і разьвіцьцё Natus Vincere стала ажыцьцяўляцца ўласнымі сіламі[1].

Ґенэральным дырэктарам арґанізацыі быў Аляксандар «ZeroGravity» Каханоўскі.

Улетку 2016 року кібэрспартовы клюб Natus Vincere склаў угоду з расейскім холдынґам ESforce Holding Ltd (раней вядомым як Virtus.pro Group). Сума ўгоды склала каля $ 10 млн, а прадмет — продаж доляў у актывах, а таксама мэдыяправоў клюбу Na’Vi.

25 студзеня 2017 року Natus Vincere паведамляе пра зьмену ґенэральнага дырэктара. Аляксандар «ZeroGravity» Каханоўскі пакідае пасаду і зойме месца ў заснаванай радзе дырэктараў. Пазыцыю ґенэральнага дырэктара зойме Яўген Залатароў.

У канцы лістапада 2017 року кібэрспартовы клюб Natus Vincere і расейскі холдынґ ESforce Holding Ltd (раней вядомым як Virtus.pro Group) абвясьцілі аб спыненьні супрацы. Па пагадненьні бакоў, мэдыя- і рэклямныя правы, якія тычацца Natus Vincere, вяртаюцца да Zero Gravity Group, якую ўзначальвае Аляксандар Каханоўскі[2].

Counter-Strike[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Natus Vincere перамагае Intel Extreme Masters 4
Асноўны артыкул: Natus Vincere (Counter-Strike)

У 2009 годзе Ўлад Хаўрак («МАВР») стварае каманду Arbalet.UA, што складаецца з украінскіх гульцоў у Counter-Strike 1.6, што выступалі раней за каманды KerchNET і Pro100. У склад каманды ўвайшлі харкаўцы Даніла Тэсьленка («Zeus») і Іаан Сухараў («Edward»), кіяўлянін Сяргей Ішчук («starix»), Арсень Трыножанка («ceh9») зь Львова й Ягор Маркелаў («markeloff») з Днепрапятроўску. Мэнэджарам каманды стаў Аляксандар Каханоўскі («ZeroGravity») з Кіева. Пасьля перамогі ў турніры Arbalet Cup Asia 2010, на якім каманда Арбалета выступала пад назваю «Na`Vi», праводзіцца конкурс на найлепшую назву каманды, у выніку чаго калектыў пераймяноўваецца ў фінальную назву «Natus Vincere» (лац. народжаныя перамагаць), захаваўшы клянтэґ «Na`Vi».

2010 рок становіцца трыюмфальным для Natus Vincere. Каманда спачатку перамагае ў ґранд-фінале чацьвертага сэзону Intel Extreme Masters швэдзкую каманду fnatic, затым першаю з камандаў СНД становіцца чэмпіёнам сьвету паводле вэрсіі ESWC, а пасьля дадае да сьпісу дасягненьняў перамогу на чэмпіянаце сьвету World Cyber Games, стаўшы першаю ў сьвеце камандаю, якая заваявала тры найпрэстыжнейшыя чэмпіёнскія тытулы (IEM, ESWC, WCG) за адзін рок. У канцы року Natus Vincere перамагаюць на LAN-турніры DreamHack Winter 2010 і ўсталёўваюць чарговы рэкорд, зарабіўшы за рок больш за 215 тысячаў даляраў, пабіўшы папярэдняе дасягненьне fnatic (189 тыс. даляраў за 2009 рок).

5 сакавіка 2011 року ў Гановэры Natus Vincere адстойвае тытул чэмпіёнаў сьвету паводле вэрсіі Intel Extreme Masters і зарабляе $35 000. Толькі ў 2012 годзе Natus Vincere аддаюць тытул, прайграўшы ў фінале IEM VI World Championship. У канцы 2012 року ўсе гульцы пераходзяць на новую дысцыпліну — Counter-Strike: Global Offensive.

У адрозьненьне ад падразьдзяленьня па Counter-Strike 1.6, які дамагаўся максымальных дасягненьняў з 2009 па 2012 року, падрозьдзел па CS: GO не дамагаецца посьпеху на найвышэйшым узроўні, у сувязі з чым у 2013 годзе склад каманды неаднаразова зьмяняецца і каманду пакідаюць Ягор Маркелаў, Арсень Трыножанка. Пачынаючы зь сьнежня 2013 року калектыў заставаўся нязьменным на працягу амаль паўтара року, пакуль у сакавіку 2015 року не было абвешчана аб пераходзе Сяргея Ішчука на пасаду мэнэджара й трэнэра каманды[3]. У красавіку 2015 року Natus Vincere, нарэшце, дамагаецца першае сур’ёзнае перамогі ў міжнародным турніры па CS:GO, стаўшы пераможцам прэм’ернага сэзону ESL Pro League[4].

Улетку 2016 року каманду пакінуў Даніла «Zeus» Тэсьленка, які потым увайшоў у Gambit Esports.

Улетку 2017 року Ладыслаў «GuardiaN» Ковач і Дзяніс «seized» Косьцін былі выстаўленыя на трансфэр.

Улетку 2017 року Ладыслаў «GuardiaN» Ковач перайшоў у FaZe Clan.

9 жніўня 2017 року ў склад Na’Vi вяртаецца Даніла «Zeus» Тэсьленка, разам зь ім з Gambit пераходзіць трэнэр Міхайла «Kane» Благін, а Дзяніс «seized» Косьцін вернуты ў асноўны склад.[5]

У сярэдзіне кастрычніка 2017 року Дзяніс «seized» Косьцін пакідае склад каманды і сыходзіць у інактыў[6]. 6 лістапада 2017 року на яго месца прыходзіць Дзяніс Шарыпаў («electronic»).[7]

Цяперашні склад Natus Vincere:

Quake Champions[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

29 ліпеня 2017 року арґанізацыя Natus Vincere адчыняе падразьдзел па Quake Champions, падпісаўшы кантракт з Антонам «Coollerz» Сіньговым[8].

Унёсак у разьвіцьцё ўкраінскага кібэрспорту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Na`Vi і прэм’ер-міністар Украіны Мікалай Азараў

14 чэрвеня 2010 року ў будынку Кабінэту міністраў адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Ўкраіны Мікалая Азарава й каманды Natus Vincere. На ёй у тым ліку абмяркоўваліся пытаньні разьвіцьця індустрыі інфармацыйных тэхналёґіяў ва Ўкраіне. Прэм’ер паабяцаў правесьці ў 2011 годзе міжнародны Адкрыты кібэрспартовы кубак Украіны. Украінскія гульцы былі залічаныя ў гэтак званы «Залаты рэзэрв», забясьпечаны падтрымкаю з боку ўраду[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]