Ірацкі Курдыстан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ірацкі Курдыстан
курд. ‎ هه‌رێمی کوردستان,
араб. ‎ كردستان العراق

Сьцяг
Гімн Ey Reqîb
Агульныя зьвесткі
Краіна Ірак
Статус аўтаномны рэгіён
Уваходзіць у Ірак
Адміністрацыйны цэнтар Арбіль
Улучае 4 мугафазы (правінцыі)
Дата ўтварэньня 11 сакавіка 1970
Прэзыдэнт Масуд Барзані
Прэм’ер-міністар Нэчырван Барзані
Афіцыйныя мовы курдзкая,
арабская
Насельніцтва (2013) ~ 6,2 — 6,5 млн
Нацыянальны склад курды, арабы, асырыйцы, туркаманы
Канфэсійны склад мусульмане, хрысьціяне
Плошча 40 643 км² км²
Месцазнаходжаньне Ірацкага Курдыстану
Ірацкі Курдыстан на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Курдыста́н (араб. کردستان‎, трансьл. Kurdistān; курд. هه‌رێمی کوردستان‎, трансьл. Herêmî Kurdistan) — аўтаномная адміністрацыйная адзінка ў складзе Іраку, знаходзіцца на паўночным усходзе краіны і ўтрымлівае чатыры правінцыі: Сулейманія, Дагук, Арбіл і Галабджа, пад кантролем аўтаноміі таксама знаходзяцца часткі правінцыяў Найнава, Кіркук і Дыяла, якія разглядаюцца курдзкім урадам як гістарычна курдзкія тэрыторыі, але аспрэчваюцца цэнтральным урадам Іраку; апрача таго, курдзкі ўрад прэтэндуе на некаторыя іншыя тэрыторыі, падкантрольныя непасрэдна ўраду Іраку. Сталіцай аўтаноміі зьяўляецца Арбіл, які па-курдзку мае назву Hewlêr.

Пачаткова курдзкая аўтаномія была ўтвораная ў 1970 годзе ў выніку ірацка-курдзкага пагадненьня. Практычна гэта аўтаномія была фіктыўнай да 1991 году, калі ў выніку прайгранай Іракам вайны на поўначы і поўдні краіны былі ўсталяваныя зоны, забароненыя для палётаў ірацкай авіяцыі. Да канца 1991 году курды выбілі ірацкія войскі з тэрыторыі аўтаноміі і фактычна Курдыстан атрымаў незалежнасьць (але не была абвешчаная).

Пасьля вайны 2003 году і ўсталяваньня новай улады ў Іраку было падпісанае новае пагадненьне паміж Іракам і Курдыстанам. Новая канстытуцыя Іраку зацьвердзіла існаваньне курдзкага рэгіянальнага ўраду, які мае поўную ўнутраную аўтаномію.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Курдыстан — адзін з асноўных сельскагаспадарчых раёнаў Блізкага Ўсходу. Тут вырошчваецца да 75% усёй ірацкай пшаніцы, 40% ячменю, 98% тытуню, 30% бавоўны, 50% садавіны. Разьвіцьцё атрымала і жывёлагадоўля, у асноўным авечкі і козы.

Дзьве гідраэлектрастанцыі ў Дакане і Дэрбэндзі-Хане працуюць не на поўную магутнасьць, пры правядзеньні рэканструкцыі яны змогуць поўнасьцю задаволіць патрэбы рэгіёну ў электраэнэргіі. У раёне Сулейманіі разьмешчаныя два вялікіх цэмэнтных заводы, якія зараз маюць вялікую колькасьць замоваў з-за адбудовы Іраку пасьля вайны, плянуецца будаўніцтва яшчэ аднаго заводу ў Гарыры. Ёсьць буйныя прадпрыемствы тэкстыльнай і харчовай прамысловасьцяў, у Салагэдыне пабудаваны трубапракатны завод. Плянуецца будова нафтапераапрацоўчых заводаў у Арбілі, Сулейманіі, Дагуку і Зазе.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва аўтаноміі, курды, размаўляюць на двух розных дыялектах курдзкай мовы: курманджы і сарані, якія часам лічацца дзьвюма роднаснымі, але асобнымі мовамі. Маюць пераважна ісламскае веравызнаньне. Таксама ёсьць хрысьціянскае насельніцтва — асырыйцы і галдэі (галда-каталікі), у асноўным у раёне Дагуку (30 000 і паступова павялічваецца за кошт міграцыі з арабскіх раёнаў), туркмэны (таксама вядомыя пад назваю туркаманы) і арабы (значная колькасьць якіх была наўмысна пераселеная на курдзкія землі пад час кіраваньня Садама Хусэйна — па веравызнаньні ў асноўным мусульмане-суніты. Існуюць невялікія армянскія грамады (каля 10 000 чалавек). Да пачатку 50-х гг. жылі і габрэі, але большасьць зь іх імігравала ў Ізраіль.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чырвоным — тэрыторыі фактычнага кантролю курдзкага ўраду, прызнаныя цэнтральным урадам Іраку. Ружовым — тэрыторыі пад фактычным кантролем Курдыстану, аспрэчваныя Іракам. Жоўтым — тэрыторыі пад кантролем Іраку, аспрэчваныя Курдыстанам. Сьветла-зялёным — іншыя тэрыторыі, падпарадкаваныя непасрэдна цэнтральнаму ўраду.

Прэзыдэнт аўтаноміі — Масуд Барзані, зацьверджаны парлямэнтам у 2005 годзе, іншыя кіраўнічыя функцыі ўскладзеныя таксама на прэм’ер-міністра. Афіцыйныя мовы аўтаноміі — курдзкая й арабская[1].

Тэрыторыя аўтаноміі ў асноўным зьяўляецца няўзгодненай з цэнтральнымі ўладамі. Акрамя чатырох правінцыяў аўтаноміі, Сулейманія, Арбіл, Кіркук і Галабджа, курдзкі ўрад таксама кантралюе часткі правінцыяў Найнава, Кіркук і Дыяла, якія цэнтральным урадам лічацца тэрыторыямі, якія поўнасьцю падначаленыя непасрэдна ўраду Іраку. Разам з тым, курдзкі ўрад прэтэндуе на пэўныя тэрыторыі на поўдзень ад сваёй фактычнай тэрыторыі, падкантрольныя цэнтральнаму ўраду Іраку.

Гл. таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ The Kurdish language (анг.). Kurdistan Regional Government. Праверана 28 чэрвеня 2014 г.