Акавіта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Акаві́та (па-лацінску: aqua vitae — «вада жыцьця») — традыцыйная назва моцнага алькагольнага напою.

З XIII стагодзьдзя агульнаэўрапейскім тэрмінам aqua vitae называлі гарэлку або вінны сьпірт, атрыманыя праз дыстыляцыю віна, пазьней таксама гарэлку з соладу, збожжа, мукі і інш. У кельцкіх народаў скарочаны даслоўны пераклад лацінскага выразу uisce beatha — «вада жыцьця» — стаў назвай нацыянальнага моцнага напою зь ячменнага соладу — ўіскі.

У Польшчы і ВКЛ гэтая назва вядомая з канца XV — пачатку XVI стагодзьдзя. Пачаткова акавіта ўжывалася як аптэчны сродак (найчасьцей для настойваньня лекавых зёлак і г. д.). З пашырэньнем ужытку моцных напояў і дывэрсыфікацыяй іх тыпаў акавітай у вузкім сэнсе пачалі называць найвышэйшую ступень дыстыляцыі гарэлкі (ад 70% аб.), даступную даіндустрыяльнай тэхналёгіі. У сучасных скандынаўскіх краінах акавітай называюць моцную гарэлку (як правіла, з жыта), часам араматызаваную невялікай колькасьцю кмена, якую прынята піць зь невялікіх (50 г) кілішкаў адным глытком. Да сярэдзіны XX стагодзьдзя ўжываўся старадаўні жартаўлівы беларускі тост:

 — Як ты называесься?
 — Акавіта.
 — А з чаго ты?
 — З жыта.
 — Пашпарт ёсьць?
 — Няма.
 — Вось табе турма!

(пасьля чаго акавіту выпівалі). У сучаснай беларускай папулярнай гістарычнай літаратуры акавітай часта называюць старадаўнюю гарэлку ўвогуле.

Некаторыя алькагольныя напоі на аснове сьпірту-дыстыляту маюць адпаведную назву: аквавит (сканд.), оковита (укр., польск.), акавіта (бел.), eau-de-vie (фр.), віскі (ад ірл. uisce beathadh)[1] і іншыя, але значна адрозьніваюцца па зыходнай сыравіне, інгрэдыентах і метадах вытворчасьці. Так, пасьля аднаўленьня сярэднявечнага рэцэпту аква-віты на шатляндзкай дыстылерыі Lindores Abbey, у эўрапейскую камісію па харчовых прадуктах у 2021 быў пададзены зварот[2] аб стварэньні новай катэгорыі алькагольных напояў «батанічныя сьпірты» (botanical spirits) на аснове дыстылятаў, з прымяненьнем мацэрацыі (настойваньня), але без выкарыстаньня цукру.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Акавіта — беларускі партал, зьмяшчае навіны, каталёг спасылак на сайты, і лічыльнік наведвальнікаў.
Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»