Аляксандарпляц

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пляц
Аляксандарпляц
Alexanderplatz
Панарама Аляксандарпляцу
Панарама Аляксандарпляцу
Краіна Нямеччына
Месцазнаходжаньне Бэрлін
Каардынаты 52°31′19″ пн. ш. 13°24′47″ у. д. / 52.52194° пн. ш. 13.41306° у. д. / 52.52194; 13.41306Каардынаты: 52°31′19″ пн. ш. 13°24′47″ у. д. / 52.52194° пн. ш. 13.41306° у. д. / 52.52194; 13.41306
Дата заснаваньня XVII ст. (абнаўленьне ў 1960-х і з 2004 г.)
Аляксандарпляц на мапе Нямеччыны
Аляксандарпляц
Аляксандарпляц
Аляксандарпляц
Аляксандарпляц на Вікісховішчы

Алякса́ндарпляц (па-нямецку: Alexanderplatz) — амаль простакутны па форме пляц у цэнтры Бэрліну, важны транспартны вузел, адна з асноўных славутасьцяў гораду. Знаходзіцца ў раёне Мітэ. Названы ў гонар расейскага цара Аляксандра I. У прастамоўі бэрлінцаў завецца Алекс.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XIII стагодзьдзі непадалёк ад сучаснага Аляксандарпляцу ўзьніклі шпіталь Сьвятога Георга і Брама Георга ў гарадзкім муры. Апошняя была пераназвана ў 1701 у Каралеўскую браму — у гонар каранацыі Фрыдрыха I, а пляц ля яе — у пляц Каралеўскай брамы (па-нямецку: Königs Thor Platz).

25 кастрычніка 1805 на пляцы ўрачыста прынялі замежнага госьця — расейскага цара Аляксандра I. У гонар гэтай падзеі, 2 лістапада таго ж году, прускі кароль Фрыдрых Вільгельм III пераназваў пляц у Аляксандарпляц. У гэты час тут жылі ваданосы, анучнікі і іншыя небагатыя людзі. Падчас сакавіцкай рэвалюцыі 1848 на Аляксандарпляцы адбыліся вулічныя баі. Сярод іх удзельнікаў быў і пісьменьнік Тэадор Фантанэ.

У 1882 годзе на пляцы зьявілася чыгуначная станцыя.

На 1900—1940 гады прыпадае росквіт пляцу. У 1901 тут было заснаванае першае ў Нямеччыне кабарэ — Überbrettl, а з 1904 па 1911 было адкрыта некалькі гандлёвых дамоў. У гэты час пляц стаў важным транспартным вузлом Бэрліну.

У час Другой Сусьветнай вайны пад Аляксандарпляцам быў пабудаваны бункэр, у якім людзі маглі схавацца ў час бамбаваньняў. У 1945, у час Бою за Бэрлін, шэраг будынкаў на і вакол Аляксандарпляцу былі істотна пашкоджаны. Па сканчэньні вайны, улады НДР вырашылі зьнішчыць усё тое, што зьвязана зь мінулым і пабудаваць новыя шырокія вуліцы, у тым ліку Алею Сталіна, якая б даходзіла да Аляксандарпляцу. У 1960-я гады на паўднёва-заходнім ускрайку пляцу была пабудавана тэлевізыйная вежа, а потым і шэраг будынкаў у сацыялістычным стылі: Аляксандарпляц мусіў быць для НДР тым, што для СССР — Чырвоны пляц.

Пасьля Ўзьяднаньня Нямеччыны было вырашана правесьці рэканструкцыю пляцу, якая пачалася ў 2004 годзе: у прыватнасьці, былі ўзьведзены гандлёвыя цэнтры Alexa й die mitte, трыццацімэтровы жылы і гандлёвы комплекс Alea 101 і інш. У будучыні на Аляксандарпляцы плянуецца пабудаваць яшчэ некалькі хмарачосаў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]