Бэрлін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Бэрлін
ням. Berlin
Бэрлін
Coat of arms of Berlin.svg Flag of Berlin.svg
Герб Бэрліна Сьцяг Бэрліна
Дата заснаваньня: 1237
Першыя згадкі: 1197
Горад з: 1244
Краіна: Нямеччына
Кіруючы бургамістар: Кляўс Вовэрайт
Плошча: 892 км²
Насельніцтва (2013)
колькасьць: 3 419 623 чал.
шчыльнасьць: 3833,66 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: 030
Паштовы індэкс: 10115–14199
Паштовыя індэксы: 10001—14199
Геаграфічныя каардынаты: 52°31′ пн. ш. 13°25′ у. д. / 52.517° пн. ш. 13.417° у. д. / 52.517; 13.417Каардынаты: 52°31′ пн. ш. 13°25′ у. д. / 52.517° пн. ш. 13.417° у. д. / 52.517; 13.417
Бэрлін на мапе Нямеччыны
Бэрлін
Бэрлін
Бэрлін
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.berlin.de/

Бэрлі́н (па-нямецку: Berlin) — сталіца Нямеччыны й адна з фэдэральных земляў Нямеччыны. З насельніцтвам у 3,42 млн чалавек Бэрлін зьяўляецца самым вялікім горадам краіны[1]. Гэта другі па колькасьці насельніцтва горад Эўрапейскага Зьвязу пасьля Лёндану й сёмы разам з прыгарадамі[2]. Разьмешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Нямеччыны. Месьцячыся на эўрапейскай раўніне, Бэрлін знаходзіцца пад уплывам умеранага сэзоннага клімату. Каля адной траціны тэрыторыі гораду складаецца зь лесу, паркаў, садоў, рэкаў і азёраў[3].

Першыя дакумэнтальныя сьведкі пра горад датуюцца XIII стагодзьдзем. Бэрлін быў цэнтрам маркграфства Брандэнбург і сталіцай Каралеўства Прусіі ў 17011918 гадох, Нямецкай імпэрыі ў 18711918 гадох, Ваймарскай рэспублікі ў 19191933 гадох і Трэцяга Райха ў 19331945 гадох[4]. Бэрлін у 1920-х гадох быў трэцім па велічыні муніцыпалітэтам у сьвеце[5]. Пасьля Другой сусьветнай вайны горад стаў падзелены на дзьве часткі. Адна зь іх ёсьць Усходні Бэрлін, якая зьяўлялася сталіцай Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі, а другая — Заходні Бэрлін — зьяўлялася заходненямецкім эксклавам, акружаным Бэрлінскай сьцяной з 1961 па 1989 гады[6]. Пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны 3 кастрычніка 1990 году, горад аднавіў свой статус сталіцы краіны. Цяпер у ім месьцяцца 147 замежных амбасадаў[7][8].

Бэрлін ёсьць сусьветны горад культуры, палітыкі, СМІ й навукі[9][10]. Ягоная эканоміка грунтуецца перш за ўсё на сэктары паслуг, які ахоплівае шырокі спэктар творчых індустрыяў, мэдыя-карпарацыяў і канфэрэнц-цэнтраў. Бэрлін таксама служыць цэнтрам кантынэнтальнага паветранага й чыгуначнага транспарту[11][12] й зьяўляецца папулярным турыстычным цэнтрам[13]. Значныя галіны прамысловасьці гораду ўключаюць інфармацыйныя тэхналёгіі, фармацэўтыка, біямэдычная інжынэрыя, біятэхналёгіі, электроніка, кіраваньне трафікам, а таксама аднаўляльнымі крыніцамі энэргіі.

Бэрлін зьяўляецца домам для вядомых унівэрсытэтаў, дасьледчых інстытутаў, аркестраў, музэяў і знакамітасьцяў, а таксама ёсьць месцам правядзеньня шматлікіх спартовых спаборніцтваў[14]. Ягоныя гарадзкія ўмовы й гістарычная спадчына зрабілі яго папулярным месцам для міжнародных кінапраектаў[15]. Горад добра вядомы сваімі фэстывалямі, разнастайнымі помнікамі архітэктуры, начным жыцьцём, сучаснаым мастацтвам, грамадзкай транспартнай сеткай і высокай якасьцю жыцьця[16][17].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа Бэрліна 1688 году

Паходжаньне назвы Бэрлін, невядома, але яно можа мець свае карані ў мове заходніх славянаў, якія раней жылі гэтым месцы, і быць зьвязана са старажытнапалабскім berl-/birl-, што азначае — «балота»[18]. Аднак народная этымалёгія зьвязвае назву зь нямецкім словам «Bär», што перакладаецца як мядзьведзь, зрэшты мядзьведзь знаходзіцца на гербе горада.

Самыя раньнія сьведчаньні існаваньня паселішча ў раёне Бэрліна датуюцца 1192 годам[19]. Першыя пісьмовыя згадкі гарадоў у рэгіёне сучаснага горада зьяўляюцца з канца XII стагодзьдзя. Шпандаў упершыню згадваецца ў 1197 годзе, а Кёпэнік у 1209 годзе, аднак гэтыя раёны не уваходзілі ў Бэрлін да 1920 году[20]. Цэнтральная частка Бэрліна раней складалася з двух гарадоў. Кёльн-на-Фішэрынзэлі упершыню згадваецца ў дакумэнце ў 1237 годзе, а ішны горад, які стаяў на рацэ Шпрэе, Нікалайфіртэль згадваецца ў дакуменце ад 1244 году. Час згадваньня найстарэйшага з двух гарадоў і лічыцца часам заснаваньня Бэрліна. Два горада зь цягам часу ўтварылі цесныя эканамічныя й сацыяльныя сувязі й ў рэшце рэшт зьліліся ў 1307 годзе ў адзін горад, які стаў вядомы як Бэрлін.

У 1435 годзе Фрыдрых I стаў курфюрстам маркграфства Брандэнбург, якой ён кіраваў да 1440 году[21]. Ягоны пераемнік, Фрыдрых II Жалезназубы, зрабіў Бэрлін сталіцай маркграфства, а наступныя чальцы сям’і Гогенцолернаў кіравалі ў Бэрліне да 1918 году, спачатку ў якасьці абраных кіроўцаў Брандэнбургу, а потым як каралі Прусіі й у канчатковым выніку, як нямецкія імпэратары. У 1448 годзе грамадзяне паўсталі супраць будаўніцтва новага каралеўскага палаца Фрыдрыха II Жалезназубага. Гэты пратэст ня быў пасьпяховым, аднак, грамадзяне ў выніку страцілі шмат зь якіх сваіх палітычных і эканамічных прывілеяў. У 1451 годзе Бэрлін стаў каралеўскай рэзыдэнцыяй кіроўцаў Брандэнбургу й Бэрліну давялося адмовіцца ад свайго статусу вольнага Ганзэйскага горада. У 1539 годзе валадар і горад афіцыйна далучыліся да лютэранскай царквы[22].

16—19 стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бэрлін у 1900 годзе
Фрыдрых II Вялікі

Трыццацігадовая вайна, якая працягвалася з 1618 па 1648 гады, спустошыла Бэрлін. Траціна дамоў былі пашкоджанымі альбо разбуранымі й горад страціў палову свайго насельніцтва[23]. Фрыдрых Вільгельм, вядомы як «Вялікі курфюрст», які стаў пераемнікам свайго бацькі Георга Вільгельма, пачаў праводзіць палітыку заахвочвання іміграцыі й рэлігійнай цярпімасьці. Разам з Патсдамскім эдыктам, які быў напісаны 1685 годзе, Фрыдрых Вільгельм прапаноўваў прытулак францускім гугенотам. Звыш за 15 тысяч гугенотаў адправіўся ў Брандэнбург, зь якіх 6 тысяч пасяліліся ў Бэрліне. Да 1700 году каля 20 адсоткаў жыхароў гораду былі французамі, і іхны культурны ўплыў на горад быў вельмі велізарным. Акрамя таго, у горад накіраваліся іншыя імігранты з Чэхіі, Польшчы й Зальцбурга.

Разам з каранацыяй Фрыдрыха I у 1701 годзе як караля, якая праходзіла ў Кёнігсбэргу, Бэрлін стаў новай сталіцай Каралеўства Прусіі, што было пасьпяховай спробай цэнтралізаваць разьмяшчэньне сталіцы ў вельмі распасьцёртымі Прускім каралеўстве. Пасьля гэтай падзеі горад упершыню пачаў расьці. У 1740 годзе Фрыдрых II, вядомы як Фрыдрых Вялікі (17401786), прыйшоў да ўлады. У часы ягонага панаваньня Бэрлін стаў цэнтрам асьветы. Пасьля перамогі Францыі ў вайне Чацьвёртай кааліцыі, Напалеон Банапарт увайшшў у Бэрлін у 1806 годзе, але гораду было дазволена мець самакіраваньне. У 1815 годзе горад стаў часткай новай правінцыі Брандэнбург.

Прамысловая рэвалюцыя ператварыла Бэрліне ў XIX стагодзьдзі. Эканоміка горада й ягонае насельніцтва значна павялічылася, а сам горад стаў асноўным чыгуначным вузлом і эканамічным цэнтрам Нямеччыны. Неўзабаве, некаторыя прыгарады ўвайшлі ў склад Бэрліна, што таксама павялічыла плошчу й колькасьць насельніцтва горада. У 1871 годзе Бэрлін стаў сталіцай створанай Нямецкай імпэрыі. А 1 красавіка 1881 году горад аддзяліўся ад правінцыі Брандэнбург і утварыў асобную адміністратыўна-тэрытарыяльную адзінку.

20 стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Савецкія жаўнеры на вуліцы Ўнтэр-дэн-Ліндэн, травень 1945
Падзел Бэрліна па сэктарах акупацыі саюзнымі войскамі

У 1902 годзе быў адкрыты мэтрапалітэн.

Пасьля Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе ў Бэрліне была абвешчана рэспубліка. У 1920 годзе ў Вялікі Бэрлін былі ўключаны дзесяткі мястэчкаў, вёсак і маёнткаў, якія месьціліся вакол Бэрліна. Гэтае дзеяньне і мела дачыненьне да Шпандаў і Шарлётэнбургу, а таксама шэрагу іншых абласьцей, якія зараз зьяўляюцца галоўнымі муніцыпалітэтамі. Пасьля гэтага пашырэньня, у Бэрліне налічвалася каля чатырох мільёнаў чалавек. У эпоху Ваймарскай рэспублікі Бэрлін стаў сусьветна вядомым як цэнтар культурнай трансфармацыі.

Руіны на Патсдамэрпляц у 1945 годзе

30 студзеня 1933 году Адольф Гітлер і нацысцкая партыя прыйшла да ўлады. Нацысцкі рэжым зьнішчыў габрэйскую суполку Бэрліна, якая налічвала 170 тысяч чалавек да 1933 году. Пасьля Крыштальнай ночы ў 1938 годзе, тысячы габрэяў горада былі заключаны ў турму ў суседнім канцлягеры Захсэнгаўзэн, а на пачатку 1943 году былі адпраўленыя ў лягеры сьмерці, як то Асьвенцым, з прычыны чаго 19 траўня таго ж году горад быў аб’яўлены «юдэнфрай». Падчас Другой сусьветнай вайны вялікая частка Бэрліна была разбурана ў 19431945 гадох паветранымі налётамі й падчас бітвы за Бэрлін. Сярод сотняў тысяч людзей, якія загінулі падчас бітвы за Бэрлін, паводле ацэнак, 125 тысяч зьяўляліся грамадзянскімі асобамі[24]. Пасьля заканчэньня вайны ў Эўропе ў 1945 годзе Бэрлін атрымаў вялікі лік бежанцаў з усходніх правінцыяў. Дзяржавы-пераможцы падзялілі горад на чатыры сэктары, аналягічнымі зонамі акупацыі, якімі была падзелена ўся Нямеччына. На тэрыторыі сэктараў заходніх хаўрусьнікаў (ЗША, Вялікабрытанія й Францыя) быў створаны Заходні Бэрлін, у той час на тэрыторыі савецкага сэктара сфармаваўся Усходні Бэрлін[25].

Усе чатыры хаўрусьніка мелі агульныя адміністрацыйныя абавязкі ў Бэрліне. Аднак у 1948 годзе, калі заходнія хаўрусьнікі правялі грашовую рэформу ў заходніх зонах Нямеччыны й трох заходніх сэктарах Бэрліна, Савецкі Саюз увёў блякаду на пад’язныя шляхі з Заходняга Бэрліна, які ляжала цалкам унутры савецкай кантраляванай тэрыторыі. Бэрлінскі паветраны мост, праведзены трымя заходнімі хаўрусьнікамі, пераадолеў гэтую блякаду, пастаўляючы прадукты харчаваньня й іншыя прадметы ў горад з 24 чэрвеня 1948 году да 11 траўня 1949 году[26]. У 1949 годзе была створана Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына, якая ў канчатковым выніку ўзьяднала ўсе амэрыканскія, ангельскія й францускія зоны, за выключэньнем зонаў гэтых трох краінаў у Бэрліне, а марксісцка-ленінская Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка была абвешчаная ўва Ўсходняй Нямеччыне. Заходні Бэрлін афіцыйна заставаўся акупаваным горадам, але палітычна ён быў вельмі цесна зьвязаны з Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччыны, нягледзячы на ягонае ​​геаграфічнае становішча. Заходні Бэрлін выпускаў свае паштовыя маркі, якія былі вельмі падобны на маркі ФРН, але з дадаткам слова «Бэрлін». У сфэры авіяцыйных перавозак у Заходнім Бэрліне былі прадстаўлены толькі амэрыканскія, брытанскія й францускія авіякампаніі.

Падзеньне Бэрлінскай сьцяны

Існаваньне дзьвюх нямецкім дзяржаваў павялічыла напругу ў узаемаадносінах сярод капіталістычным і сацыялістычным блёкамі, у выніку прывёў да халоднай вайны. Усходняя Нямеччына абвесьціла Бэрлін у якасьці сваёй сталіцы, якое не было прызнана заходнімі дзяржавамі. Акрамя таго НДР кантралявала толькі палову тэрыторыі самога Бэрліна, ува Ўсходнім Бэрліне знаходзілася вялікая частка гістарычнага цэнтру гораду. Заходненямецкі ўрад, тым часам, быў створаны на часовай аснове ў Боне[27].

Бэрлін быў цалкам падзелены. Нягледзячы на тое, што жыхары заходняй часткі гораду маглі пераходзіць ува ўсходнюю частку гораду толькі праз строга кантралюемыя кантрольна-прапускныя пункты, для большасьці жыхароў Усходу падарожжа ў Заходні Бэрлін і ФРН было ўжо немагчыма. У 1971 годзе чатырохбаковае пагадненьне гарантавала доступ у й з Заходняга Бэрліна на машыне ці на цягніку праз Усходнюю Нямеччыну й скончыла патэнцыяльныя хваляваньне аб закрыцьці маршрутаў[28]. У 1989 годзе, з заканчэньнем халоднай вайны й ціскам з боку насельніцтва Ўсходняй Нямеччыны падзеньне Бэрлінскай сьцяны адбылося 9 лістапада 1989 году й пасьля яна была разбурана амаль цалкам. 3 кастрычніка 1990 году дзьве часткі Нямеччыны ўзьядналіся, як Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына, Бэрлін зноўку стаў афіцыйнай нямецкай сталіцай. У чэрвені 1991 году Бундэстаг прагаласаваў за перанос усіх дзяржаўных адміністрацыйных структураў у Бэрлін, які цалкам быў завершаны ў 1999 годзе.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Від на цэнтар Бэрліна. На пярэднім пляне праспэкт вуліца Унтэр-дэн-Ліндэн
Ускрайкі Бэрліна пакрытыя лясамі й шматлікімі азёрамі

Бэрлін разьмешчаны на паўночным усходзе Нямеччыне ў рэгіёне нізіны зь пераважна раўнінным рэльефам, часткай шырокай Паўночна-Эўрапейскай раўніны, якая ахоплівае амаль усю Эўропу ад паўночнай Францыі да заходняй частцы Расеі. Ледніковая даліна ад Бэрліна да Варшавы, паміж нізкім лято на поўначы й поўдні, была сфармавана за кошт талых водаў, якія працякалі зь ледзянога покрыва ў канцы апошняга зьледзяненьня ў рэгіёне. Рака Шпрэе працякае па гэтай даліне зараз. У Шпандаў, заходнім раёне Бэрліна, Шпрэе ўпадае ў раку Гафэль, якая працякае з поўначы на поўдзень праз заходні Бэрлін. Рэчышча Гафэлю больш падобнае на ланцуг азёраў, найбуйнейшымі зь якіх зьяўляюцца Тэгелер і Гросэр Ванзэе. Існуе, таксама, цэлы шэраг азёраў, якія сілкуюцца ў вярхоўях Шпрэе, якая працякае празь Вялікае Мюгельзэе ва ўсходнім Бэрліне[29].

Істотная частка сучаснага Бэрліна ляжыць на нізкім плато па абодва бакі даліны ракі Шпрэе. Большая частка раёнаў Райннікендорф і Панкоў ляжаць на плато Барнім, тады як большасьць зь іншых раёнаў, як то Шарлётэнбург, Штэглітц-Зэйлендорф, Тэмпэльгоф-Шонэбэрг і Нойкёльн ляжаць на плато Тэльтаў.

Раён Шпандаў часткова ляжыць у Бэрлінскай ледніковай даліне й часткова на раўніне Наўэн, якая цягнецца на захад ад горада. Самымі высокімі кропкамі Бэрліну ёсьць Тоўфэльсбэрг і Мюгельбэрге на ўскраіне горада, а ў цэнтры Кройцбэрг. У той час як апошні зь іх мае вышыню ў 66 мэтраў над узроўнем мора, две першыя кропкі маюць вышыню каля 115 мэтраў. Тоўфэльсбэрг на самай справе зьяўляецца штучным пагоркам, які складаецца з гары друзу з руінаў Другой сусьветнай вайны.

Самае вялікае пашырэньне гораду ва ўсходне-заходнім напрамку дасягае 45 кілямэтраў, у паўночна-паўднёвым — 38 кілямэтраў. Плошча гарадзкой тэрыторыі — каля 892 км². Бэрлін цалкам акружае зямля Брандэнбург, горад знаходзіцца адлегласьці 70 кілямэтраў ад мяжы з Польшчаю. Горад зьяўляецца адным з самых густанаселеных раёнаў краіны.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Горад знаходзіцца ў зоне памеранага клімату ў уадпаведнасьці з сыстэмай клясыфікацыі клімату Кёпэна.

Лета цёплае й вільготнае часам зь сярэднім максымумам у 22—25 °C і мярэднім мінімумам у 12—14 °C. Зіма адносна халодная зь сярэднім максымумам у 3 °C і сярэднім мінімумам ад —2 да 0 °C. Вясна й восень, як правіла, халадныя або мяккія. Жылая плошча Бэрліна стварае асобны мікраклімат, дзякуючы якому цяпло захоўваецца сярод будынкаў горада, з-за чаго тэмпэратура ў цэнтры можа складаць на чатыры градуса вышэй за тэмпэратуру ў прылеглых раёнах[30].

Сярэднегадавая тэмпература ў Бэрліне-Далеме складае 9,2 °C, сярэднегадавая колькасць ападкаў — 579 мм. Самымі цёплымі месяцамі зьяўляюцца ліпень і жнівень зь сярэдняй тэмпэратурай 18,4 і 17,8 °C, самыя халодныя месяцы — студзень і люты зь сярэдняй тэмпературай 0,5 і 1,2 °C. Самая высокая сярэдняя колькасьць ападкаў прыходзіцца на травень — 67 мм, самая нізкая на люты — 36 мм.

Nuvola apps kweather.svg Кліматычныя зьвесткі для Бэрліна Weather-rain-thunderstorm.svg
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 15,0 17,0 23,0 30,0 33,0 36,0 38,8 35,0 32,0 25,0 18,0 15,0 38,8
Сярэдні максымум t, °C 2,9 4,2 8,5 13,2 18,9 21,8 24,0 23,6 18,8 13,4 7,1 4,4 13,4
Сярэдняя t, °C 0,5 1,3 4,9 8,7 14,0 17,0 19,0 18,9 14,7 9,9 4,7 2,0 9,6
Сярэдні мінімум t, °C −1,5 −1,6 1,3 4,2 9,0 12,3 14,7 14,1 10,6 6,4 2,2 −0,4 5,9
Абсалютны мінімум t, °C −26,1 −25 −13 −4 −1 4,0 7,0 7,0 0,0 −7 −9 −24 −26,1
Норма ападкаў, мм 42,3 33,3 40,5 37,1 53,8 68,7 55,5 58,2 45,1 37,3 43,6 55,3 570,7
Крыніца: UN[31]

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Начны Бэрлін з выявай тэлевізійнай вежы Фэрнзэйтурм

Тэлевізійная вежа Фэрнзэйтурм (ням. Fernsehturm) на плошчы Аляксандарпляц у раёне Мітэ зьяўляецца адным з самых высокіх будынкаў у Эўрапейскім зьвязе, маючы вышыню ў 368 мэтраў. Пабудавана яна была ў 1969 годзе, і яе відаць з большай часткі цэнтральных раёнаў гораду. Бэрлін можна разгледзець зь ейнага паверха назіраньняў, які месьціцца на вышыні 204 мэтраў. Пачынаючы з алеі Карла Маркса на ўсход, праспэкт мае манумэнтальныя жылыя будынкі, выкананыя ў стылі сацыялістычнага клясыцызму эпохі Ёсіфа Сталіна. Побач з гэтай вобласьцю месьціцца Чырвоная ратуша (ням. Rotes Rathaus) з характэрнай чырвона-цаглянай архітэктурай. Перад ратушай стаіць фантан Нэптунбрунэн (ням. Neptunbrunnen), які ўяўляе сабой выяву міталягічнай групы трытонаў, якія пэрсаніфікацуюць чатыры асноўныя рэкі Прусіі, і Нэптун на вяршыні іх.

East Side Gallery зьяўляецца выставай пад адкрытым небам, якая выкарыстоўвае апошнія існыя часткі Бэрлінскай сьцяны. Гэта самы вялікі пакінуты доказ гістарычнага падзелу горада. У апошні час галерэя зьведала рэстаўрацыю.

Брандэнбурская брама, якая месьціцца ў Бэрліне, зьяўляецца славутасьцю ня толькі гораду, але й Нямеччыны. Выява брамы месьціцца на нямецкіх манэтах эўра. Будынак Райхстага зьяўляецца традыцыйным месцам правядзеньня паседжаньняў парлямэнта Нямеччыны, ён зьведваў капітальны рамонт у 1950-х гадох пасля таго як атрымаў сур’ёзную шкоду падчас Другой сусьветнай вайны. Будынак быў зноў рэканструяваны брытанскім архітэктарам Норманам Фостэрам у 1990-х, які вырабіў шкляны купал над парлямэнцкай заляй, што дазваляе арганізаваць вольны доступ грамадзкасьці да парлямэнцкіх пасяджэньняў.

Сярод выбітных месцаў гораду маецца нэаклясычная плошча Жандармэнмаркт, чыё імя ўзыходзіць да элітнага прускага фармаваньня «жандармаў» (франц. gens d'armes), якое тутака знаходзілася ў XVIII стагодзьдзі. На плошчы, з кожнага зь ейных бакоў, маюцца два аднолькавыя саборы, Францускі сабор і Нямецкі сабор. Канцэртная зала (ням. Konzerthaus), дом Бэрлінскага сымфанічнага аркестра, стаіць паміж двума саборамі.

Музэйная выспа на рацэ Шпрэе ўяўяляе сабой месца разьмяшчэньня пяці дамоў-музэяў, пабудаваных з 1830 па 1930 гады, якія зьяўляюцца аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Аднаўленьне й будаўніцтва галоўнага ўваходу ва ўсе музэі, а таксама рэканструкцыя Гарадзкога палаца (ням. Stadtschloss), які месьціцца на той жа высьпе[32], абыйшлася гораду больш за 2 млрд эўра пасьля ўзьяднаньня краіны[33]. Акрамя таго, разьмешчаны на высьпе й прылеглы да Люстгартэна й палаца Бэрлінскі сабор, амбіцыйная спроба імпэратара Вільгельма II стварыць аналяг пратэстанцкай базылікі Сьвятога Пятра ў Рыме. У вялікім склепе сабору знаходзяцца астанкі некаторых больш раньніх прадстаўнікоў прускай каралеўскай сям’і. Царква ў цяперашні час належыць пратэстанцкаму Зьвязу эвангельскіх цэркваў. Як і многім іншым будынкам яму быў нанесены значны ўрон падчас Другой сусьветнай вайны, але пасьля сканчэньня канфлікту сабор быў адноўлены. Найбольш добра захаваліся сярэднявечныя цэрквы Сьвятой Марыі, храм-помнік Мэмарыяльная царква кайзэра Вільгельма. Сабор Сьвятой Ядвігі зьяўляецца каталіцкім саборам Бэрліна.

Унтэр-дэн-Ліндэн цягнецца з ўсходу на заход гораду ад Брадэнбурскай брамы да месца былога Гарадзкога палаца й зьяўляецца адным з галоўных праспэктаў Бэрліна. Многія клясычныя будынкі маюцца ўздоўж вуліцы, тамака разьмешчаны й унівэрсытэт Гумбальта. Фрыдрыхштрасэ зьяўляецца легендарнай вуліцай Бэрліна, яна спалучае ў сабе традыцыі архітэктуры горада XX стагодзьдзя з сучаснай архітэктурай Бэрліна.

Патсдамэрпляц быў перабудаваны з нуля пасьля 1995 году[34]. Да захаду ад яго разьмешчаны культурны цэнтар, у якім знаходзіцца Карцінная галерэя ў асяродзьдзях Новай нацыянальнай галерэі й Бэрлінскай філярмоніі. Помнік забітым габрэям Эўропы, помнік ахвярам Галакосту, разьмешчаны на поўначы ад плошчы[35].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Sony Center

Насельніцтва Бэрліна[36]

У мэтраполіі Бэрлін пражывае 3 950 887 чалавек (па зьвестках на 1 студзеня 2005) на тэрыторыі плошчай 5370 квадратных кілямэтраў. Шчыльнасьць насельніцтва ў рэгіёне дасягае 736 жыхароў на адзін квадратны кілямэтар, а ў прыгарадах шчыльнасьць насельніцтва складае каля 123 жыхароў на адзін квадратны кілямэтр. Сярэдні век бэрлінца ў 2004 годзе складаў 41,7 гадоў. У сьнежні 2004 у Бэрліне пражывала каля 450 900 жыхароў-замежнікаў з 185 дзяржаваў. Гэта 14 % насельніцтва. Зь іх — 36 000 грамадзянаў Польшчы, каля 119 000 грамадзянаў Турэччыны. Бэрлін пасьля Турцыі мае самую вялікую па колькасьці абшчыну этнічных турак у Эўропе. Па зьвестках статыстычнага ведамства (2005) каля 60 % жыхароў Бэрліна не зьяўляюцца чальцамі якой небудзь рэлігійнай супольнасьці, 22 % зьяўляюцца эвангельскімі хрысьціянамі, 9 % — каталікамі і 6 % вызнаюць іслам. Жанчын некалькі больш чым мужчынаў. Больш за 50 % бэрлінцаў жывуць безь сям’і.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раёны гораду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адпаведна закону аб рэгіянальнай рэформе ад 10 траўня 1998 году колькасць акругоў была паменшана 1 студзеня 2001 году з 23 да 12.

Выбітнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарады-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Amtes für Statistik Berlin-Brandenburg. Bevölkerungsstand in Berlin am 30. November 2013. [1].
  2. ^ INSEE. «Population des villes et unités urbaines de plus de 1 million d’habitants de l’Union européenne»
  3. ^ «Gren Berlin». Andrea Schulte-Peevers, Lonely Planet Publications
  4. ^ «Documents of German Unification, 1848—1871». Modern History Sourcebook.
  5. ^ «Topographies of Class: Modern Architecture and Mass Society in Weimar Berlin». (Social History, Popular Culture, and Politics in Germany) www.h-net.org.
  6. ^ «Berlin Wall». Encyclopædia Britannica.
  7. ^ «Berlin — Capital of Germany». German Embassy in Washington.
  8. ^ «Diplomatic Berlin». Deutschland Online.
  9. ^ Davies, Catriona (10 April 2010). «Revealed: Cities that rule the world — and those on the rise». CNN.
  10. ^ Sifton, Sam (31 December 1969). «Berlin, the big canvas». The New York Times.
  11. ^ «ICCA publishes top 20 country and city rankings 2007». ICCA.
  12. ^ «Berlin City of Design Press Release». UNESCO.
  13. ^ «Berlin-Tourismus 2010 mit neuem Rekord». Amt für Statistik.
  14. ^ «World Heritage Site Museumsinsel». UNESCO.
  15. ^ «Hollywood Helps Revive Berlin’s Former Movie Glory». Deutsche Welle. 9 August 2008.
  16. ^ Flint, Sunshine (12 December 2004). «The Club Scene, on the Edge». The New York Times.
  17. ^ «The Monocle Quality Of Life Survey» (PDF). www.denmark.dk.
  18. ^ Berger, Dieter (1999). «Geographische Namen in Deutschland». Bibliographisches Institut. ISBN 3-411-06252-5.
  19. ^ «Berlin dig finds city older than thought». Associated Press.
  20. ^ «Spandau Citadel». Berlin tourist board.
  21. ^ «The Hohenzollern Dynasty». Antipas.
  22. ^ «Berlin Cathedral». SMPProtein.
  23. ^ «Brandenburg during the 30 Years War». WHKMLA.
  24. ^ Clodfelter, Michael (2002), «Warfare and Armed Conflicts- A Statistical Reference to Casualty and Other Figures, 1500—2000» (2nd ed.), McFarland & Company, ISBN 0-7864-1204-6
  25. ^ «Agreement to divide Berlin». FDR-Library.
  26. ^ «Berlin Airlift / Blockade». Western Allies Berlin.
  27. ^ «Berlin official website; History after 1945». City of Berlin.
  28. ^ «Ostpolitik: The Quadripartite Agreement of September 3, 1971». US Berlin Embassy.
  29. ^ «Satellite Image Berlin». Google Maps
  30. ^ «Weather.com». weather.com.
  31. ^ World Weather Information Service
  32. ^ «Neumann: Stadtschloss wird teurer». Berliner Zeitung
  33. ^ «Das Pathos der Berliner Republik». Berliner Zeitung
  34. ^ «Construction and redevelopment since 1990». Senate Department of Urban Development.
  35. ^ «A Forest of Pillars, Recalling the Unimaginable». The New York Times.
  36. ^ World Gazetteer: Berlin. Profile of geographical entity

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Бэрлінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў