Другая сусьветная вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Другая сусьветная вайна
Infobox collage for WWII.PNG
Па гадзіньнікавай стрэлцы, пачынаючы зь левага верхняга кута — кітайскія войскі ў Бітве пры Ваньцзяліне, аўстралійская 25-фунтовая гармата падчас першай бітвы пры Эль-Аламэйне, нямецкія бамбавікі Ju 87 (зіма 19431944), амэрыканскія ваенна-марскія сілы ў заліве Лінгаэн, Філіпіны, Вільгельм Кейтэль падпісвае акт капітуляцыі Нямеччыны, савецкія войскі ў бітве за Сталінград
Дата: 1 верасьня 19392 верасьня 1945
Месца: Эўропа, Азія, Афрыка, Акіянія, Ціхі акіян, Атлянтычны акіян, Арктычны акіян, Індыйскі акіян
Прычына: Цяжкія для Нямеччыны ўмовы Вэрсальскай мірнай дамовы 1919 году; нацыянал-сацыялістычныя ідэі і палітыка Адольфа Гітлера; палітыка іншых дзяржаў; наступствы Вэрсальска-Вашынгтонскай сыстэмы; сусьветны эканамічны крызіс.
Вынік: Перамога антыгітлераўскай кааліцыі. Стварэньне ААН. Забарона й асуджэньне ідэалёгіяў фашызму й нацызму. СССР і ЗША становяцца звышдзяржавамі. Памяншэньне ролі Вялікабрытаніі і Францыі у агульнасусьветнай палітыцы. Раскол сьвету на два лягеры; пачынаецца Халодная вайна. Дэкалянізацыя шырокіх каляніяльных імпэрыяў.
Супернікі
Антыгітлераўская кааліцыя
асноўныя ўдзельнікі:

Сьцяг СССР СССР
і дзяржавы

(з 22 чэрвеня 1941 году)
Сьцяг ЗША ЗША
і асацыяваныя

(з 7 сьнежня 1941 году)

Сьцяг Вялікабрытаніі Брытанская імпэрыя

Flag of the Republic of China.svg Кітай
Flag of France.svg Францыя (1939—1940)
Flag of Poland.svg Польшча
Flag of Belgium (civil).svg Бэльгія (1940)
Flag of the Netherlands.svg Нідэрлянды (1940—1942)
Flag of Luxembourg.svg Люксэмбург (1940)
Flag of Norway.svg Нарвэгія (1940)
Flag of the Kingdom of Yugoslavia.svg Югаславія
Flag of Denmark.svg Данія (1940)
Hellenic Kingdom Flag 1935.svg Грэцыя (1940—1941)
Flag of Czechoslovakia.svg Чэхаславаччына
Flag of Brazil (1889-1960).svg Бразылія
Flag of Mexico.svg Мэксіка
Flag of Ethiopia (1897-1936; 1941-1974).svg Этыёпія


Рухі Супраціўленьня
на акупаваных
тэрыторыях:

Flag of Free France 1940-1944.svg Свабодная
Францыя

Flag of the Democratic Federal Yugoslavia.svg Народна-вызваленчая
армія Югаславіі
[1]
Flaga PPP.svg Армія Краёва[2]
Flag of Belarus (1991).png Беларуская незалежніцкая партыя[3]


Дзяржавы, якія выйшлі з нацысцкага блоку:
Flag of Romania.svg Румынія (1944—1945)
Flag of Bulgaria.svg Баўгарыя (1944—1945)
Flag of Italy (1861-1946).svg Італія
Flag of Finland (1918).svg Фінляндыя (1944—1945)
Flag of Iraq (1921–1959).svg Ірак (1941—1945)


Аб'явілі вайну Германіі,

Краіны Восі
асноўныя ўдзельнікі:

Flag of the NSDAP (1920–1945).svg Германія
і дзяржавы-

Merchant flag of Japan (1870).svg Японія
і дзяржавы-

Flag of Italy (1861-1946).svg Італія (1940—1943)
і дзяржавы-

Flag of Hungary (1920–1946).svg Вугоршчына (1941—1944)
Flag of Finland (1918).svg Фінляндыя (1941—1944)
Flag of Romania.svg Румынія (1941—1944)
Flag of Philippe Pétain, Chief of State of Vichy France.svg Францыя (1940—1945)
Flag of Bulgaria.svg Баўгарыя (1941—1944)
Flag of Thailand.svg Тайлянд
Flag of Iraq (1921–1959).svg Ірак (1941)


Калябарацыянісцкія воінскія фарміраваньні:
Naval Ensign of Russia.svg Расейская вызваленчая армія
Flag of Ukrainian People's Republic (non-official, 1917).svg Украінская вызваленчая армія
Flag of Belarus (1991-1995).svg Беларуская краёвая абарона


Праціўнікі дзяржаў
Антыгітлераўскай кааліцыі,
якія не ўваходзілі ў Вось:

Сьцяг СССР СССР (1939—1940) State Flag of Iran (1933-1964).svg Іран (1941)
Сьцяг Сан-Марына Сан-Марына[11]


Дзяржавы, якія падтрымлівалі Вось:

Flag of Spain (1938 - 1945).svg Гішпанія[12]
Камандуючыя
Flag of the Soviet Union.svg Ёсіф Сталін

Flag of the United Kingdom.svg Ўінстан Чэрчыль
US Presidential Flag 1916.svg Франклін Рузвэлт

Standarte Adolf Hitlers.svg Адольф Гітлер

Flag of the Japanese Emperor.svg Хірахіта
Flag of Prime Minister of Italy (1927-1943).svg Бэніта Мусаліні

Ход вайны ў Эўропе (анімацыя)
Эўропа: высадка брытанскіх салдат у Нармандыі, 6 чэрвеня 1944 году
Пацыфіка: залпавы агонь з амэрыканскага ваеннага карабля USS Iowa, 1944 год

Друга́я сусьве́тная вайна́ — найвялікшы й найкровапралітнейшы канфлікт у гісторыі чалавецтва.

Згодна традыцыі, пачаткам Другой сусьветнай вайны ў Эўропе стаў вераломны напад 1 верасьня 1939 Трэцяга Райху на Польшчу, у Азіі — напад японскага флёту на амэрыканскую базу Пэрл-Гарбар 7 сьнежня 1941 году на Пацыфіцы. Аднак, некаторыя дасьледчыкі пунктам адліку Другой сусьветнай вайны ў Азіі называюць пачатак Другой японска-кітайскай вайны 7 ліпеня 1937 году. Вайна скончылася 8 траўня 1945 году ў Эўропе і 2 верасьня 1945 году ў Азіі падпісаньнем капітуляцыі Японіі.

Ініцыятарам вайны сталі так званыя краіны Восі — Трэці Райх, Італія й Японія, якія ставілі перад сабой мэту захопу тэрыторыяў суседніх краін і іх падпарадкаваньне ўласным інтарэсам. Асноўнымі ваеннымі супраціўнікамі на пачатковым этапе канфлікту зьяўляліся Францыя, Вялікабрытанія і Рэспубліка Кітай. Савецкі Саюз з свайго боку пачаў рабіць першыя крокі да шырокамаштабнай экспансіі на захад, падрыхтоўкай да якой стала падпісаньне пакта паміж Сталінам і Гітлерам, больш вядомага пад назвай Пакт Молатава-Рыбентропа: у верасьні 1939 году СССР нападае на ўсходнюю Польшчу, у лістападзе 1939 году на Фінляндыю, і затым у красавіку 1940 году на краіны Прыбалтыкі (Летуву, Латвію й Эстонію), а таксама Румынію (Бесарабія і Букавіна). Пасьля заканчэньня «зімовай вайны» ў Фінляндыі ў сакавіку 1940 году, анэксіі краін Прыбалтыкі і румынскіх тэрыторыяў, галоўныя ваенныя мэты і тэрытарыяльныя амбіцыі Савецкага Саюзу на той час былі задаволены, і ваенныя дзеяньні з боку СССР былі спынены. Пасьля парушэньня дасягнутага Гітлерам і Сталінам пагадненьня з боку Нямеччыны ў форме ўварваньня ў далейшае разьвіцьцё ваенных дзеяньняў ўцягваецца і Савецкі Саюз.

У Другой сусьветнай вайне загінула ад 55 да 60 мільёнаў чалавек. З боку краін Восі канфлікт вызначаўся моцнай расісцкай ідэалёгіяй, што выклікала неверагодную колькасьць ваенных злачынстваў і жорсткае, гвалтоўнае і пераважна сыстэматычнае вынішчэньне цывільнага насельніцтва. Адной з прычын значнага павелічэньня колькасьці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва ў параўнаньні зь Першай сусьветнай вайной стала, акрамя таго, дынамічнае разьвіцьцё ваенна-прамысловага комплексу. Разьвіцьцё ваеннай прамысловасьці дазваляла шырокамаштабныя бамбардыроўкі цэлых жылых кварталаў Эўропы й Азіі, асабліва ў апошнія гады вайны.

Перадгісторыя й мэты вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадгісторыя вайны ў Эўропе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Перадгісторыя Другой сусьветнай вайны

Перадумовай для пачатку новага сусьветнага канфлікту стала Вэрсальска-Вашынгтонская сыстэма міжнародных адносінаў, якая была створана пасьля Першай сусьветнай вайны. Яе асаблівасьцямі стаў несправядлівы падзел тэрыторый, несуразьмерны балянс сілаў, падзел краінаў на "пераможцаў" і "прайграўшых" і адсутнасьці сілавых рычагоў Лігі Нацый для рэгуляваньня будучых канфліктаў.

Такі падзел, цяжкія наступствы вайны, Сусьветны эканамічны крызыс 1929-1931выклікаў на тэрыторыі многіх краінаў Эўропы ўзрастаньне папулярнасьці найбольш радыкальных палітычных аб'яднаньняў ультраправае (як то фашызм) й ультралевае (як то камунізм) арыентацыяў, а таксама мілітарыстаў.

Першай такой радыкальнай партыяй стала яшчэ партыя бальшавікоў у Расеі, якая прыйшла да ўлады ў выніку Кастрычніцкага перавароту 1917. Першымі фашыстамі, якія прыйшлі да ўлады ў Эўропе, сталі італьянскія фашысты на чале з Бэніта Мусаліні. Яго мэтай стала атрымаць уладу над міжземнаморскім рэгіёнам.[13] У 1935 годзе Італія нападае на Этыёпію, а таксама накіроўвае войскі ў Гішпанію у сакавіку 1939 году італьянская армія захапляе Альбанію. 22 траўня 1939 Італія складае зь Нямеччынай "Сталёвы пакт" і ўтвараецца вось Рым-Бэрлін.

У Германіі ў 1933 да ўлады прыходзіць НСДАП, а рэйхсканцлерам становіцца Адольф Гітлер. Перагляд Вэрсальскага пагадненьня — мэта яшчэ папярэдніх урадаў Германіі — належыў да асноўных пунктаў палітычнай праграмы новаўсталяванай дыктатуры.

Германія пачала праводзіць актыўную і агрэсыўную зьнешнюю палітыку. У выніку рэфэрэндума Саарскія тэрыторыі адыйшлі пад пратэктарат Германскага Рэйху ў 1935 годзе. У Германіі аднаўляецца вайсковая павіннасьць, адраджаецца Льфтваффэ і яна адмаўляецца ад пунктаў Вэрсальска-Вашынгтоскіх пагадненьняў аб разбраеньні.[14] У 1936 у дэмілітарызаваныя Рэйнскія тэрыторыі ўводзяцца нямецкія войскі. У 1938 адбываецца Anschluss (далучэньне) Аўстрыі і абвяшчаецца стварэньне Вялікай Германіі.

Мюнхэнскі крызыс сконьчыўся суступкамі Заходніх краін і адлучэньнем Судзецкіх тэрыторый ад Чэхаславаччыны і заключэньнем Мюнхэнскага пагадненьня 1938 года.

Тым часам, Вялікабрытанія і Францыя праводзілі палітыку прымірэньня, у адносінах да Нямеччыны і імкнуліся стварыць сыстэму «Калектыўнае бясьпекі». У сакавіку 1939 немцы канчаткова захапілі Чэхаславакію, стварыўшы на яе тэрыторыі Славакію якая па пагадненьню аб ахове становіцца залежнай ад Нямеччыны. Незадоўга пасьля ўводу войск у Чэхію Нямеччына патрабуе ад Летувы перадачы гораду Мемель (Клайпеда) й прылягаючых тэрыторый, пад ціскам сілавых суадносін Летува вяртае Мемельскую вобласьць Нямеччыне.

У Эўропе 1939 году актыўна адбываецца пераўзбраеньне. 1 красавіка 1939 кабінэт Чэмберлена адмовіўся ад палітыкі замірэньня і самаізаляцыі, і даў абяцаньне ў інтарэсах забясьпечаньня міра ў Эўропе ашчаджаць Польшчу ад усялякае пагрозы з баку Нямеччыны.[15] Польшча прыняла гэтыя гарантыі і адмовілася ад нямецкіх прапановаў па будаўніцтву аўтабана Бэрлін-Кёнінгсбэрг і саступіць правы на Гданьск.

Нечакана ў жніўні 1939 году Нямеччына й Савецкі Саюз падпісваюць пакт аб ненападзе, вядомы пад назвай Пакт Молатава-Рыбэнтропа. Да пакту дадаткова прыкладаўся сакрэтны пратакол, які прадугледжваў падзел Эўропы на геаграфічна дэтальна адзначаныя, але ў астатнім не канкрэтызаваныя «сфэры інтарэсаў». Сакрэтны пратакол быў скіраваны на падзел Польшчы паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам, а таксама на аднабаковыя заваяваньні альбо захоп далейшых тэрыторый (між іншым краін Прыбалтыкі і Фінляндыі), акрамя гэтага частак Румыніі з боку Савецкага Саюзу.

Гэты пакт стаў дазволам на пачатак вайны і Гітлеру і Сталіну. Вермахт мусіў выступіць 24 жніўня, аднак фюрэр з-за аднаго са сваіх прыпадкаў ня даў канчатковага загаду. Дырэктыва аб пачатку вайны супраць Польшчы была дана ў 1 ночы 31 жніўня.

Перадгісторыя вайны ў Азыі і на Пацыфіцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сытуацыя на Пацыфіцы ў 1939 годзе

З узмацненьнем уплыву ваеннага кіраўніцтва на імпэратарскі ўрад у 1930-ых гадох Японія пераходзіць да экспансійнай зьнешняй палітыкі. Асноўным аб'ектам гэтай экспансыі быў Кітай, выціськіваючы адтуль інтарэсы ЗША і Вялікай Брытаніі. У 1931 японцы захапілі Манчжурыю і пераўтварылі яе ў свайго сатэліта. З 1932 японцы захопліваюць тэрыторыі ўласна Кітая і з 1937 непарыўна прадпрымалі высілкі для ўсталяваньня кантролю над гэтай тэрыторыяй.[16]

Японскія войскі ў Кітаі

У самім японскім урадзе, дзе традыцыйна супернічалі вайсковыя і грамадзкія ўраднікі, а таксама адбывалася суперніцтва Флёту і Арміі, усё большы ўплыў набывалі мілітарысцкія сілы.

Пасьля таго як у 1940 Гітлер захапіў Францыю і Нідэрлянды, японцы, скарыстаўшыся бездапаможнасьцю Францыі, праз пагрозы прымусілі яе пагадзіцца на "ахоўную" акупацыю Францускага Індакітаю.[16]

У адказ на гэтыя дзеяньні прэзыдэнт Рузвэльт 24 ліпеня 1941 патрабаваў вывесьці японскія войскі з Індакітаю і для падмацаваньня свайго патрабаваньня аддаў 26 ліпеня загад аб замарожваньні ўсіх японскіх актываў у ЗША і ўсталяваньня эмбарга на пастаўкі нафты ў Японію. Падобныя меры зрабіў прам'ер-міністар Вялікабрытаніі Чэрчыль а праз два дні пагадзіўся прыняць такія ж меры і знаходзіўшыся ў выгнаньні ў Лёндане ўрад Нідэрляндаў. Гэта азначала для Японіі страту ўсіх жыцьцёва важных крыніцаў нафты.

Пасьля гэтага Японія ўстрымлівалася ад удара па ЗША больш за чатыры месяцы, спрабуючы дамовіцца аб адмене эмбарга на нафту. Урад ЗША адмовіўся адмяніць сваю забарону па той момант, пакуль Японія не выведзе свае войскі ня толькі із Індакітаю, але і із Кітаю.[17]

Свой удар Японія нанесла 7 сьнежня 1941 году па ваенна-марской базе Пёрл-Харбар, без абвешчаньня вайны.

Першы пэрыяд вайны (1939—1941)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уварваньне ў Польшчу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Польская кампанія вэрмахта (1939)
Асноўны артыкул: Савецкае ўварваньне ў Польшчу
Немцы пераходзяць польскую мяжу
Польская пяхота на маршы, 1939
Савецкія танкі перасякаюць польскую мяжу

23 траўня 1939 году ў кабінеце Гітлера ў прысутнасьці шэрагу вышэйшых афіцэраў адбылася нарада. Было адзначана, што польская праблема цесна зьвязана зь непазьбежным канфліктам з Ангельшчынай і Францыяй, хуткая перамога над якімі будзе праблематычнай. Пры гэтым Польшча наўрад ці зможа выконваць ролю бар'ера супраць бальшавікоў. На той час у сфэры зьнешня палітыцы Нямеччыны прыярытэтнымі задачамі былі пашырэньне жыцьцёвай прасторы на Ўсход, забесьпячэньне харчаваньнем насельніцтвам і ліквідацыя пагрозы з Усходу.

31 жніўня нямецкія мэдыі паведамілі аб нападзеньні войска польскага на радыёстанцыю ў Глейвіцэ. На самой справе гэта былі пераапранутыя ў польскую форму эсэсаўцы на чале з Ота Скарцэньні, якія правакавалі Польшчу на вайну. 1 верасьня ў 4 гадзіны 45 хвілінаў у Данцыг прыбыў зь сяброўскім візытам і з натхненьнем сустрэчы зь мясцовым насельніцтвам нямецкі вучэбны карабель — састарэлы браняносец «Шлезьвіг-Гальштайн», які неўзабаве адкрыў агонь па польскім ўмацаваньням на Вэстэрплатэ. Узброеныя сілы Нямеччыны ўрываюцца ў Польшчу. У баявых дзеяньнях на баку Вэрмахта прымаюць удзел войскі Славаччыны. У той жа дзень у Рэйхстагу Гітлер выступае ў ваенным мундзіры. Галоўным чыньнікам вайны ён называе інцыдэнт у Глейвіцэ, пры гэтым ён старанна пазьбягае тэрміна «вайна», асьцерагаючыся ўступленьня ў канфлікт Ангельшчыны й Францыі, якія далі Польшчы адпаведныя гарантыі. У выдадзеным ім загадзе гаварылася толькі аб «актыўнай абароне» супраць польскай агрэсіі.

Мусаліні прапанаваў склікаць канфэрэнцыю дзеля мірнага вырашэньня польскага пытаньня, што сустрэла падтрымку з боку заходніх дзяржаваў, але Гітлер адмовіўся, заявіўшы, што нядобра прадстаўляць атрыманым дыпляматыяй тое, што заваявана зброяй[18]. 1 верасьня ў Савецкім Саюзе была ўведзена ўсеагульная вайсковая павіннасьць. Пры гэтым узрост вылучэньня ў войска быў зьніжаны з 21 да 19 гадоў, а для некаторых катэгорыяў — да 18 гадоў. Закон неадкладна ўступіў у сілу й у кароткі час колькасны склад войска дасягнуў 5 мільёнаў чалавек, што склала каля 3% насельніцтва.

Гітлер і ягонае набліжэньне да апошняга дня спадзяваліся, што саюзьнікі ня вырашацца ўступіць у вайну й справа скончыцца другім Мюнхэнам. Галоўны перакладчык міністэрства замежных справаў Нямеччыны апісваў стан шоку, у які прыйшоў Гітлер, калі амбасадар Брытаніі, зьявіўшыся ў Райсканцылярыі а 9 гадзіне раніцы 3 верасьня, перадаў ультыматум свайго ўрада з патрабаваньнем адвесьці войскі з польскай тэрыторыі на зыходныя пазыцыі. Толькі прысутны пры гэтым Герынг здолеў вымавіць: «Калі мы прайграем гэтую вайну, то нам застанецца спадзявацца толькі на ласку Божую»[19]. У той дзень Ангельшчына, а праз пару гадзінаў і Францыя абвесьцілі вайну Нямеччыне. Да іх далучыліся таксама Аўстралія й Новая Зэляндыя. На працягу некалькіх дзён да іх далучаюцца Канада, Ньюфаўндлэнд, Паўднёва-Афрыканскі Зьвяз і Нэпал[20].

3 верасьня ў горадзе ва ўсходняй Прусіі Быдгашч (былы Бромбэрг), які паводле Вэрсальскай дамовы перайшоў да Польшчы, адбылося масавае забойства па нацыянальнай прыкмеце — Бромбэрскі пагром. У горадзе, насельніцтва якога на 3/4 складалася зь немцаў, было забіта некалькі соцень чалавек грамадзянскага насельніцтва нямецкага паходжаньня. Іхняя колькасьць вар'іравалася ад адной да трох сотняў загінулых — паводле польскай вэрсіі[21], і ад адной да пяці тысячаў — паводле вэрсіі нямецкага боку[22]. Таксама па-рознаму трактаваліся чыньнікі гвалту. Польскі бок настойваў на тым, што частка забітых польскіх грамадзянаў нямецкага паходжаньня стала ахвярай ваенных удараў па горадзе, а іншая частка апынулася «пятай калёнай» і пачала страляць у сьпіну польскім жаўнерам — і тым самым, дэ-факта, стаўшы камбатантнай з адпаведнай рэакцыяй польскага насельніцтва й вайскоўцаў. Нямецкі бок прытрымліваўся пункт гледжаньня, што ўсе загінулыя былі выключна мірнымі грамадзянамі, цалкам лаяльнымі да польскай дзяржавы. Міністэрства прапаганды Гёбэльса выкарыстоўвала гэтую трагічную гісторыю дзеля ўзмацненьня антыпольскіх настрояў у Нямеччыне й апраўданьня вайны супраць Польшчы.

Наступ нямецкіх войскаў разьвіваўся па пляне. Польскія войскі апынуліся слабой ваеннай сілай у параўнаньні з узгоднена дзеючымі танкавымі злучэньнямі й люфтвафэ. Аднак на Заходнім фронце саюзныя англа-францускія войскі не прымалі ніякіх актыўных дзеяньняў, распачаўшы гэтым самым чынам гэтак званую Дзіўную вайну. Толькі на моры вайна пачалася адразу ж: 3 верасьня нямецкая падводная лодка U-30 без папярэджаньня нападае на ангельскі пасажырскі лайнэр «Атэнія». 5 верасьня ЗША й Японія абвесьцілі аб сваім нэўтралітэце ў эўрапейскай вайне. У Польшчы за першы тыдзень баёў нямецкія войскі ў некалькіх месцах расьсяклі польскі фронт і часткова занялі Мазовію, заходнюю Прусію, Верхнесылескі прамысловы раён і заходнюю Галіцыю. Да 9 верасьня немцы здолелі зламаць польскі супраціў па ўсёй лініі фронту й падысьці да Варшавы. 10 верасьня польскі галоўнакамандуючы Эдвард Рыдз-Сьміглы аддаў загад аб агульным адступленьні ў паўднёва-ўсходнюю Польшчу, але асноўная частка ягоных войскаў, ня здолеўшы адысьці за Віслу, аказваецца ў апанаваньні. Да сярэдзіны верасьня, так і не атрымаўшы падтрымкі з захаду, узброеныя сілы Польшчы перастаюць існаваць як адзінае цэлае; захоўваюцца толькі лякальныя цэнтры супраціву.

14 верасьня актывізаваліся савецкія войскі, 19-й танкавы корпус Гудэрыяна кідком з усходняй Прусіі захапіў Берасьце, але польскія войскі пад камандаваньнем генэрала Плісоўскага яшчэ на працягу некалькіх сутак абаранялі Берасьцейскую крэпасьць. У ноч на 17 верасьня ейныя абаронцы ў арганізаваным парадку пакідаюць форт і адыходзяць за Буг. 16 верасьня амбасадару Польшчы ў СССР было заяўлена, што, паколькі польская дзяржава й ягоны ўрад перасталі існаваць, Савецкі Саюз бярэ пад сваю абарону жыцьцё й маёмасьць насельніцтва Заходняй Украіны й Заходняй Беларусі. 17 верасьня ў 6 гадзінаў раніцы савецкія войскі двума вайсковым групамі пераходзяць дзяржаўную мяжу. Гэтым жа днём Молатаў паслаў амбасадару Нямеччыны ў СССР віншаваньне з нагоды «бліскучага посьпеху вэрмахта»[23]. Увечары таго ж дня польскі ўрад і вярхоўнае камандаваньне зьбегла ў Румынію.

28 верасьня немцы занялі Варшаву. У гэты ж дзень у Маскве была падпісана Дамова аб сяброўстве й мяжы паміж СССР і Нямеччынай, якая ўсталявала лінію разьмежаваньня паміж нямецкімі й савецкімі войскамі на тэрыторыі былой Польшчы прыкладна па «лініі Керзона». 6 кастрычніка капітулююць апошнія падразьдзяленьні польскай арміі. Частка заходніх польскіх земляў пераходзіць у склад Трэцяга райха. Гэтыя землі падлягалі так званай «германізацыі». Польскае й габрэйскае насельніцтва дэпартуюць адсюль у цэнтральныя раёны Польшчы, дзе ствараецца генэрал-губэрнатарства. Праводзяцца масавыя рэпрэсіі супраць польскага народа. Самым цяжкім становіцца становішча габрэяў, якіх сагналі ў гета.

Тэрыторыі, якія адышлі ў зону ўплыву СССР, былі ўключаны ў склад Украінскай ССР, Беларускай ССР і незалежнай на той момант Летувы. На тэрыторыях, далучанных да СССР, усталявалася Савецкая ўлада, праводзіліся сацыялістычныя пераўтварэньні (нацыяналізацыя прамысловасьці, калектывізацыя сялянства), што суправаджаецца масавымі дэпартацыямі й рэпрэсіямі прадстаўнікоў буржуазіі, памешчыцтва, заможных сялянаў, часткі інтэлігенцыі.

6 кастрычніка 1939 году, пасьля заканчэньня ўсіх ваенных дзеяньняў, Гітлер выступіў з прапановай аб скліканьні мірнай канфэрэнцыі пры ўдзеле ўсіх найбуйнейшых дзяржаваў дзеля ўрэгуляваньня наяўных супярэчнасьцяў. Францыя й Вялікабрытанія заявілі, што пагадзяцца на канфэрэнцыю, толькі калі немцы неадкладна выведуць свае войскі з Польшчы й Чэхіі й вернуць гэтым краінам незалежнасьць. Нямеччына адхіліла гэтыя ўмовы, і ў выніку мірная канфэрэнцыя так і не адбылася.

Савецка-фінская вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Савецка-фінляндзкая вайна
Вынікі савека-фінскай вайны

У ходзе савецка-фінскіх перамоваў 19381939 гадоў СССР спрабуе дамагчыся ад Фінляндыі саступкі часткі Карэльскага пярэсмыка, а таксама перадачы ў арэнду некалькіх выспаў і часткі паўвыспы Ханко пад вайсковыя базы. Фінляндыя, не жадаючы саступаць тэрыторыю і прымаць на сябе абавязнасьці ваеннага характару, настойвала на заключэньні гандлёвага пагадненьня і згоды на рэмілітарызацыю Аляндзкіх выспаў.

30 лістапада 1939 году СССР урываецца ў Фінляндыю. 14 сьнежня за разьвязваньне вайны СССР быў выключаны зь Лігі Нацыяў. Са сьнежня па люты савецкія войскі ў складзе 15 савецкіх стралковых дывізіяў прадпрымалі мноства спробаў прарваць «Лінію Манэргейма», якую абаранялі 15 пяхотных дывізій фінаў. Катастрофай у Сўомусалмі сканчваецца спроба разрэзаць тэрыторыю Фінляндыі і выйсьці на Оўлу[24].

У далейшым ішло бесьперапыннае нарошчваньне сілаў Чырвонай Арміі на ўсіх напрамках. Вялікабрытанія і Францыя прымаюць рашэньне падрыхтаваць дэсант на Скандынаўскую паўвыспу, каб не дапусьціць захопу Нямеччынай радовішчаў швэдзкай жалезнай руды і адначасова забясьпечыць шляхі будучага перакіданьня сваіх войскаў на дапамогу Фінляндыі. Аднак Швэцыя і Нарвэгія, імкнучыся захаваць нэўтралітэт, катэгарычна адмаўляюцца прыняць на сваёй тэрыторыі англа-францускія войскі.

Напачатку сакавіка 1940 году савецкія войскі прарвалі «лінію Манэргейма» і захапілі Выбарг. 13 сакавіка 1940 году ў Маскве быў падпісаны мірны дагавор паміж Фінляндыяй і СССР, па якім былі задаволены ўсе савецкія патрабаваньні: мяжа на Карэльскім пярэсмыку ў раёне Ленінграду была адсунута на паўночны захад з 32 да 150 кілямэтраў, да СССР адышоў шэраг выспаў у Фінскім заліве[25].

За час савецка-фінскай вайны фінамі быў вынайдзены «Кактэйль Молатава».

Эўрапейскі бліцкрыг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Дацка-нарвэская апэрацыя вэрмахта
Асноўны артыкул: Француская кампанія вэрмахта
Марскія баі каля берагоў Нарвэгіі
Цэнтар Ратэрдаму пасьля бамбаваньняў
Нямецкія войскі ля Трыюмфальнай аркі. Парыж 1940

9 красавіка 1940 году Нямеччына ўрываецца ў Данію і Нарвэгію. У Даніі немцы марскім і паветраным дэсантамі безьперашкодна займаюць усе найважнейшыя гарады і за некалькі гадзінаў зьнішчаюць дацкую авіяцыю. Пад пагрозай бамбаваньняў грамадзянскага насельніцтва дацкі кароль Крыстыян X вымушаны быў падпісаць капітуляцыю і аддаць загад арміі аб здачы зброі.

У Нарвэгіі немцы 910 красавіка захопліваюць галоўныя нарвэскія парты Осьлё, Тронхейм, Бэрген, Нарвік. 14 красавіка англа-францускі дэсант высадзіўся пад Нарвіком, 16 красавіка — у Намсусе, 17 красавіка — у Ондальснэсе. 19 красавіка саюзьнікі разгортваюць наступ на Тронхейм, але церпяць няўдачу і ў пачатку траўня вымушаны вывесьці свае сілы з цэнтральнай Нарвэгіі. Пасьля шэрагу баёў за Нарвік саюзьнікі ў пачатку чэрвеня таксама эвакуююцца з паўночнай частцы краіны. 10 чэрвеня 1940 году капітулююць апошнія часткі нарвэскай арміі. Нарвэгія аказваецца пад кіраваньнем нямецкай акупацыйнай адміністрацыі (Райскамісарыят), у той час калі Данія, абвешчаная нямецкім пратэктаратам, змагла захаваць частковую самастойнасьць ува ўнутраных справах.

Пасьля акупацыі Даніі брытанскія і амэрыканскія войскі, каб не дапусьціць ўварваньне Нямеччыны на дацкія некантынентальныя ўладаньні, акупавалі ейныя заморскія тэрыторыі, якія маюць важнае стратэгічнае значэньне — Фарэрскія выспы, Ісьляндыю і Грэнляндыю.

10 траўня 1940 году Нямеччына сіламі 135 дывізіяў ўрываецца ў Бэльгію, Нідэрлянды і Люксэмбург. 1-я група саюзных арміяў высоўваецца на тэрыторыю Бэльгіі, але яны не пасьпяваюць на дапамогу Нідэрляндам, паколькі нямецкая група арміяў "Б" ажыцьцяўляе імклівы кідок у паўднёвую частку краіны і ўжо 12 траўня захоплівае Ратэрдам. 15 траўня Нідэрлянды капітулююць. Лічылася, што ў адплату за нечаканы для немцаў упарты супраціў нідэрляндцаў, Гітлер ужо пасьля падпісаньня акта аб капітуляцыі загадаў падвергнуць бамбаваньням Ратэрдам, што не было выклікана ваеннай неабходнасьцю і прывяло да велізарных разбурэньняў і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. На Нюрнбэрскім працэсе высьветлілася, што бамбаваньне Ратэрдама адбывалася 14 траўня, а ўрад Нідэрляндаў капітуляваў толькі пасьля бамбаваньня і пагрозы бамбаваньняў Амстэрдама і Гаагі.

У Бэльгіі нямецкія дэсантнікі 10 траўня захапілі масты праз канал Альбэрта, што дало магчымасьць буйным нямецкім танкавым сілам фарсіраваць яго да падыходу саюзьнікаў і выйсьці на бэльгійскую раўніну. 17 траўня капітулюваў Брусэль.

Але галоўны ўдар нанесла група арміяў «А». Акупаваўшы 10 траўня Люксэмбург, тры танкавых дывізіі Гудэрыяна перасяклі паўднёвыя Ардэны і 14 траўня пераправіліся праз раку Маас з захада ад Сэдана. Адначасова танкавы корпус Гота прарываецца празь цяжкапраходныя для цяжкай тэхнікі паўночныя Ардэны і 13 траўня фарсіруе раку Маас на поўнач ад Дынана. Нямецкая танкавая армада накіроўваецца на захад. Запозьненыя атакі французаў, для якіх прарыў немцаў праз Ардэны аказваецца поўнай нечаканасьцю, не ў стане стрымаць яе. 16 траўня часткі Гудэрыяна дасягаюць Уазы; 20 траўня яны выходзяць да ўзьбярэжжа Па-дэ-Кале недалёка ад Абвіля і паварочваюць на поўнач у тыл саюзным войскам. 28 англа-франка-бэльгійскіх дывізіяў аказваюцца ў апанаваньні.

Спроба францускага камандаваньня арганізаваць 2123 траўня контрудар у Араса магла б быць пасьпяховай, але Гудэрыян коштам амаль цалкам зьнішчанага танкавага батальёна спыняе яе. 22 траўня Гудэрыян адразае саюзьнікам шляхі адступленьня да Булёні, 23 траўня — да Кале і выходзіць да Граўліну ў 10 кілямэтрох ад Дункерка, апошняга порта, празь які англа-францускія войскі маглі эвакуявацца, аднак 24 траўня ён вымушаны спыніць наступ на двое сутак па цяжкавытлумачальным асабістым загадзе Гітлера («Цуд пад Дункеркам», па іншай вэрсіі, прычынай прыпынку быў не загад Гітлера, а ўваход танкаў у зону дзеяньня карабельнай артылерыі ангельскага флёту, якая магла расстрэльваць немцаў практычна беспакарана). Перапынак дазволіў саюзьнікам умацаваць абарону Дункерка і пачаць апэрацыю «Дынама» па эвакуацыі сваіх сілаў морам. 26 траўня нямецкія войскі прарываюць бэльгійскі фронт у Заходняй Фляндрыі, і 28 траўня Бэльгія насуперак патрабаваньням саюзьнікам капітулюе. У той жа дзень у раёне Ліль немцы атачаюць буйную францускую групоўку, якая здаецца 31 траўня. Частка францускіх войскаў і амаль уся ангельская армія (224 тыс.) былі вывезены на брытанскіх караблях праз Дункерк. Немцы захопліваюць усю брытанскую і францускую артылерыю і бронітэхніку, транспартныя сродкі, кінутыя саюзьнікамі пры адступленьні. Пасьля Дункерка Вялікабрытанія апынулася практычна бяззбройнай, нягледзячы на тое, што захавала асабісты склад арміі. Аднак некаторыя замежныя гісторыкі схільныя да думкі, што менавіта пад Дункеркам Нямеччына прайграла вайну.

5 чэрвеня нямецкія войскі пачалі наступ на ўчастку ЛянАбвіль. Спробы францускага камандаваньня сьпешна закрыць пралом у абароне непадрыхтаванымі дывізіямі ня маюць плёну. Французы прайграюць адну бітва за адной. Абарона французаў распадаецца, і камандаваньне сьпешна адводзіць войскі на поўдзень.

10 чэрвеня Італія аб’яўляе вайну Вялікабрытаніі і Францыі. Італьянскія войскі ўрываюцца ў паўднёвыя раёны Францыі, аднак далёка прасунуцца не змаглі. У той жа дзень францускі ўрад эвакуюецца з Парыжу. 11 чэрвеня немцы перапраўляюцца праз Марна ў Шато-Т’еры. 14 чэрвеня яны бяз бою ўступаюць у Парыж, а праз два дні выходзяць у даліну Роны. 16 чэрвеня маршал Пэтэн фармуе новы ўрад Францыі, які ўжо ў ноч на 17 чэрвеня зьвяртаецца да Нямеччыны з просьбай аб перамір’і. 18 чэрвеня францускі генэрал Шарль дэ Голь, які зьбег у Лёндан, заклікае французаў працягваць супраціў. 21 чэрвеня немцы, не сустракаючы ўжо практычна ніякага супраціву, дасягаюць Люары на ўчастку НантТур, у той жа дзень іхныя танкі займаюць Ліён.

22 чэрвеня ў Комп’ене ў тым жа вагоне, у якім была падпісана капітуляцыя Нямеччыны ў 1918 годзе, было падпісана франка-нямецкае перамір’е, па якім Францыя згаджалася на акупацыю большай часткі сваёй тэрыторыі, дэмабілізацыю амаль усяго сухапутнага войска і інтэрнаваньне ваенна-марскога флёту і авіяцыі. У свабоднай зоне ў выніку дзяржаўнага перавароту 10 ліпеня ўсталёўваецца аўтарытарны рэжым Вішы, які ўзяў курс на цеснае супрацоўніцтва зь Нямеччынай. Нягледзячы на ​​ваенную слабасьць Францыі, параза гэтай краіны была настолькі раптоўнай і поўнай, што не паддавалася ніякаму рацыянальнаму тлумачэньню.

Галоўнакамандуючы вішыскімі войскамі Франсўа Дарлян аддаў загад аб адводзе ўсяго францускага флёту да берагоў Францускай Паўночнай Афрыкі. З-за асьцярогі, што ўвесь францускі флёт можа патрапіць пад кантроль Нямеччыны і Італіі, 3 ліпеня 1940 году брытанскія ваенна-марскія сілы і авіяцыя ў рамках апэрацыі «катапульта» нанесьлі ўдары па францускіх караблях у Мэрс-эль-Кебіры. Да канца ліпеня брытанцы зьнішчылі альбо нэўтралізавалі амаль увесь францускі флёт.

Далучэньне Прыбалтыкі, Бэсарабіі і Паўночнай Букавіны да СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Далучэньне Прыбалтыкі да СССР і Далучэньне Бэсарабіі і Паўночнай Букавіны да СССР
Савецкія войскі ўступаюць у Рыгу. 17 чэрвеня 1940

Яшчэ ўвосень 1939 году Эстонія, Латвія й Летува падпісалі з СССР дамовы пра ўзаемадапамогу, таксама вядомыя як дамовы пра базы, у адпаведнасьці зь якімі на тэрыторыі гэтых краін былі зьмесцаваны савецкія ваенныя базы. 17 чэрвеня 1940 году СССР прад'яўляе прыбалтыйскім дзяржавам ультыматум, патрабуючы адстаўкі ўрадаў, фармаваньні замест іх народных урадаў, роспуску парлямэнтаў, правядзеньні пазачарговых выбараў і згоды на ўвод дадатковага кантынгенту савецкіх войскаў. У такім становішчы прыбалтыйскія ўрады былі змушаны прыняць гэтыя патрабаваньні. Пры актыўнай падтрымцы з Масквы, у Эстоніі, Латвіі і Летуве адначасова адбываюцца дзяржаўныя перавароты. Да ўлады прыходзяць камуністычныя, прамаскоўскія ўрады.

Пасьля ўводу на тэрыторыю Прыбалтыкі дадатковых частак Чырвонай Арміі, у сярэдзіне ліпеня 1940 году ў Эстоніі, Латвіі і Летуве, ва ўмовах значнай савецкай ваеннай прысутнасьці, праводзяцца безальтэрнатыўныя выбары ў вярхоўныя органы ўлады. Камуністычна настроеныя партыі былі адзінымі партыямі, дапушчанымі да выбараў. У сваіх перадвыбарных праграмах яны ні словы не згадвалі пра пляны далучэньня да СССР[26]. 21 ліпеня 1940 году зноў абраныя парлямэнты, у складзе якіх апынулася прасавецкі настроеная большасьць[26], абвяшчаюць стварэньне савецкіх сацыялістычных рэспубалік і накіроўваюць Вярхоўнай Радзе СССР прашэньня пра ўступ у Савецкі Саюз. 3 жніўня Летувіская ССР, 5 жніўня — Латвійская ССР, а 6 жніўня — Эстонская ССР былі прыняты ў склад СССР.

27 чэрвеня 1940 году ўрад СССР накіроўвае румынскаму ураду дзьве ўльтыматыўныя ноты, патрабуючы вяртаньня Бэсарабіі і перадачы СССР Паўночнай Букавіны у якасьці «пакрыцьця той велічэзнай шкоды, якая была нанесена Савецкаму Саюзу й насельніцтву Бэсарабіі 22-гадовым панаваньнем Румыніі у Бэсарабіі». Бэсарабія была далучана да Расейскай імпэрыі у 1812 годзе пасьля перамогі над Турцыяй у Руска-турэцкай вайне 1806—1812 гадоў; у 1918 годзе, скарыстаўшыся грамадзянскай вайной на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі, Румынія ўвяла войскі на тэрыторыю Бэсарабіі, а потым уключыла яе ў свой склад. Букавіна ніколі не ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі (гістарычна амаль уся Букавіна, акрамя яе паўднёвай часткі, прыналежалі Русі ў X—XI стагодьдзях), але была населена пераважна ўкраінцамі. Румынія, не разьлічваючы на падтрымку з боку іншых дзяржаў у выпадку вайны з СССР, была змушана пагадзіцца на задавальненьне гэтых патрабаваньняў. 28 чэрвеня Румынія выводзіць свае войскі і адміністрацыю з Бэсарабіі і Паўночнай Букавіны, пасьля чаго туды ўводзяцца савецкія войскі. 2 жніўня на часткі тэрыторыі Бэсарабіі і часткі тэрыторыі былой Малдаўскай АССР утворана Малдаўская ССР. Поўдзень Бэсарабіі і Паўночная Букавіна былі ўключаны ў склад Украінскай ССР.

Бітва за Брытанію[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Бітва за Брытанію і апэрацыя «Марскі леў»

Пасьля капітуляцыі Францыі Нямеччына прапануе Вялікабрытаніі скласьці мір, аднак атрымлівае адмову. 16 ліпеня 1940 году Гітлер выдае дырэктыву пра ўварваньне ў Вялікабрытанію (апэрацыя «Марскі леў»). Аднак камандаваньне нямецкіх ВМС і сухапутных сіл, спасылаючыся на моц брытанскага флёта й адсутнасьць у вэрмахту досьведу дэсантных апэрацый, патрабуе ад ВПС спачатку забясьпечыць панаваньне ў паветры. Са жніўня немцы пачынаюць бамбаваньні Вялікабрытаніі з мэтай падарваць яе ваенна-эканамічны патэнцыял, дэмаралізаваць насельніцтва, падрыхтаваць уварваньне й ў канчатковым рахунку прымусіць яе да капітуляцыі. Нямецкія ВПС і ВМС зьдзяйсьняюць сыстэматычныя напады на ангельскія караблі і канвоі ў Ля-Маншы. З 4 верасьня нямецкая авіяцыя прыступае да масіраваных бамбаваньняў ангельскіх гарадоў на поўдні краіны: Лёндан, Рочэстэр, Бірмінгэм, Манчэстэр.

Нягледзячы на тое, што ангельцы панесьлі падчас бамбаваньняў вялікія страты сярод мірнага насельніцтва, ім у сутнасьці атрымоўваецца выйграць Бітву за Брытанію — Нямеччына змушана адмовіцца ад правядзеньня дэсантнай апэрацыі. Са сьнежня актыўнасьць германскіх ВПС значна зьмяншаецца з-за пагаршэлых пагодных умоў. Дамагчыся сваёй галоўнай мэты — вывесьці Вялікабрытанію з вайны — немцам так і не атрымалася.

Бітвы ў Афрыцы, Міжземнамор'і і на Балканах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Паўночна-Афрыканская кампанія, Усходне-Афрыканская кампанія і Італа-грэцкая вайна

Пасьля ўступа Італіі ў вайну, італьянскія войскі пачынаюць баявыя дзеяньні за кантроль над Міжземнамор'ем, Паўночнай і Усходняй Афрыкай. 11 чэрвеня італьянская авіяцыя наносіць удар па брытанскай ваенна-марской базе на Мальце. 13 чэрвеня італьянцы бамбуюць брытанскія базы ў Кеніі. Напачатку ліпеня італьянскія войскі ўрываюцца з тэрыторыі Этыёпіі і Самалі у брытанскія калёніі Кенію і Судан, аднак з-за нерашучых дзеяньняў далёка прасунуцца ім не атрымоўваецца. 3 жніўня 1940 італьянскія войскі ўрываюцца ў Брытанскае Самалі. Карыстаючыся колькаснай перавагай, ім атрымоўваецца выцесьніць брытанскія й паўднёваафрыканскія войскі праз праліў у брытанскую калёнію Адэн.

Пасьля капітуляцыі Францыі адміністрацыі некаторых францускіх калёній адмовіліся прызнаць вішыскі ўрад. У Лёндане генэрал Шарль дэ Голь сфармаваў рух «Вольная Францыя», які не прызнаў ганебную капітуляцыю. Брытанскія ўзброеныя сілы разам з атрадамі «Вольнай Францыі» пачынаюць барацьбу зь вішыскімі войскамі за кантроль над калёніямі. Да верасьня ім атрымоўваецца мірным шляхам усталяваць кантроль практычна над усёй Францускай Экватарыяльнай Афрыкай. 27 кастрычніка у Бразавіле утвораны вышэйшы орган кіраваньня францускімі тэрыторыямі, занятымі войскамі Дэ Голя, — Рада абароны Імпэрыі. 24 верасьня брытанскія войскі і часткі «Вольнай Францыі» трываюць паразу ад вішыскіх войскаў у Сэнэгале (Дакарская апэрацыя). Аднак у лістападзе ім атрымоўваецца захапіць Габон (Габонская апэрацыя).

13 верасьня італьянцы ўрываюцца з тэрыторыі Лібіі у брытанскі Эгіпет. Заняўшы 16 верасьня Сыды-Барані, італьянцы спыняюцца, а ангельцы адыходзяць да Мэрса-Матрух. Каб палепшыць сваё становішча ў Афрыцы і Міжземнамор'і, італьянцы вырашаюць захапіць Грэцыю. Пасьля адмовы грэцкага ўрада прапусьціць італьянскія войскі на сваю тэрыторыю, 28 кастрычніка 1940 Італія пачынае наступ. Італьянцам атрымоўваецца захапіць частку грэцкай тэрыторыі, аднак да 8 лістапада яны спынены, а 14 лістапада грэцкае войска пераходзіць у контрнаступленьне, цалкам вызваляе тэрыторыю краіны і ўступае ў Альбанію.

Аўстралійскія салдаты ў Паўночнай Афрыцы. 21 студзеня 1941

У лістападзе 1940 году ангельская авіяцыя наносіць удар па італьянскім флёце ў Таранта, што вельмі абцяжарвае марскія перавозкі грузаў для італьянскіх войскаў у Паўночную Афрыку. Скарыстаўшыся гэтым, 9 сьнежня 1940 году ангельскія войскі пераходзяць у наступ у Эгіпце, у студзені займаюць усю Кірэнаіку і да лютага 1941 году выходзяць у раён Эль-Агейла.

Напачатку студзеня ангельцы прадпрымаюць таксама наступ ва Ўсходняй Афрыцы. Адбіўшы 21 студзеня у італьянцаў Касалу, яны ўрываюцца з Судану ў Эрытрэю, захопліваюць Кэрэн (27 сакавіка), Асмэру (1 красавіка) і порт Масава (8 красавіка). У лютым брытанскія войскі з Кеніі пранікаюць у Італьянскае Самалі; 25 лютага яны займаюць порт Магадзіша, а затым паварочваюць на поўнач і ўступаюць у Этыёпію. 16 сакавіка ангельскі дэсант высаджваецца ў Брытанскім Самалі і неўзабаве наносіць там паразу італьянцам. Разам з ангельскімі войскамі ў Этыёпію прыбывае зрынуты італьянцамі ў 1936 годзе імпэратар Зяпэ Сэласіе. Да ангельцаў далучаюцца шматлікія атрады этыёпскіх партызан. 17 сакавіка брытанскія й этыёпскія войскі займаюць Джыджыгу, 29 сакавіка — Харар, 6 красавіка — сталіцу Этыёпіі Адыс-Абэбу. Італьянская каляніяльная імпэрыя ва Ўсходняй Афрыцы спыняе існаваньне. Рэшткі італьянскіх войскаў працягваюць супраціў на тэрыторыі Этыёпіі і Самалі да 27 лістапада 1941 году.

У сакавіку 1941 году ў марской бітве каля выспы Крыт ангельцы наносяць чарговую паразу італьянскаму флёту. 2 сакавіка у Грэцыі пачынаюць высадку ангельскія і аўстралійскія войскі. 9 сакавіка італьянскія войскі прадпрымаюць новы наступ супраць грэкаў, аднак падчас шасьцідзённых бязьлітасных баёў яны трымаюць поўную паразу і да 26 сакавіка змушаны адысьці на зыходныя пазыцыі.

Пацярпеўшы поўную паразу на ўсіх франтах, Бэніта Мусаліні змушаны прасіць дапамогі ў Гітлера. У лютым 1941 году ў Лібію прыбывае нямецкі экспэдыцыйны корпус пад камандаваньнем генэрала Ромэля. 31 сакавіка 1941 году італа-нямецкія войскі пераходзяць у наступ, адбіваюць у ангельцаў Кірэнаіку і выходзяць да меж Эгіпту, пасьля чаго фронт у Паўночнай Афрыцы стабілізуецца да лістапада 1941 году.

Зьмены ў складзе ваюючых кааліцый[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паступова пачынае пераглядаць свой зьнешнепалітычны курс урад ЗША. Ён ўсё больш актыўна падтрымлівае Вялікабрытанію, становячыся яе «неваюючым саюзьнікам» (гл. Атлянтычная хартыя). У траўні 1940 году Кангрэс ЗША сьцьвярджае суму ў 3 млрд даляраў на патрэбы войска і флёта, а ўлетку — у 6,5 млрд, у тым ліку 4 млрд на будаўніцтва «флёта двух акіянаў». Павялічваюцца пастаўкі ўзбраеньня й рыштункі для Вялікабрытаніі. 2 верасьня 1940 ЗША перадаюць Вялікабрытаніі 50 эсьмінцаў у абмен на арэнду 8 ваенных баз у ангельскіх калёніях у Заходнім паўшар'і. Паводле прынятага кангрэсам ЗША 11 сакавіка 1941 году закону пра перадачу ваенных матэрыялаў ваюючым краінам у пазыку ці ў арэнду (гл. Ленд-ліз), Вялікабрытаніі асігнавана 7 млрд даляраў. Пазьней ленд-ліз распаўсюджваецца на Кітай, Грэцыю і Югаславію. Паўночная Атлянтыка абвешчана «зонай патруляваньня» ваеннага флёта ЗША, які адначасова прыступае да канваяваньня накіроўвальных у Вялікабрытанію гандлёвых судоў.

Тым часам, пасьля правалу апэрацыі па захопу Вялікабрытаніі, Гітлер вырашыў далучыць да вайны супраць Вялікабрытаніі СССР, зь якім былі ўсталяваны сяброўскія адносіны год назад. У перамовах 12 і 13 кастрычніка 1940 году нямецкія дыпляматы прапануюць СССР далучыцца да Бэрлінскага пакту ў надзеі, што Савецкі Саюз прыме ўдзел у стварэньні магутнага «Кантынентальнага блока» (па-нямецку: Gewaltigen Kontinentalblock) і зьлічыць Індыю і Іран вобласьцю сваіх інтарэсаў і кантролю ў Азіі, што ў канчатковым рахунку прывядзе да капітуляцыі Англельшчыны і яе саюзьнікаў.

Нямецкім Генэральным штабам яшчэ да перамоў быў 13 ліпеня складзены плян ваенных дзеяньняў супраць СССР. Тады Гітлеру стала ясна, што Ангельшчына сур'ёзна разьлічвае на дапамогу з боку СССР. Таксама да 12 лістапада Гітлерам было падпісана ўказаньне (па-нямецку: Weisung Nr.18), паводле якога ўсе аддадзеныя раней вусновыя распараджэньні пра падрыхтоўку да вайны, павінны былі выконвацца, незалежна ад вынікаў перамоў[27].

На перамовах у Бэрліне 12 лістапада Вячаслаў Молатаў падкрэсьліў, што Савецкі Саюз слаба зацікаўлены ў праяве актыўнасьці ў Азіі і ня супраць далучыцца да «Пакта Восі» як партнёр, але пры ўмовах далучэньня да сфэры інтарэсаў СССР, акрамя Ірану, яшчэ Фінляндыі, Румыніі, Баўгарыі і астатніх краін Баўканскага паўвострава, а таксама Турцыі, і дазволіць працяглую прысутнасьць савецкіх войскаў на пралівах Басфор і Дарданэлы. Гітлер стараўся зьменшыць апетыты СССР, матывуючы гэта тым, што Фінляндыя істотна для Нямеччыны пастаўкамі нікеля, а Румынія - нафтай, замест гэтага СССР прапаноўваўся Бліжэйшы Ўсход, Індыя й Іран. У выніку перамовы скончыліся 14 лістапада нічым і ў «халоднай атмасфэры».

25 лістапада Сталін зьмякчыў патрабаваньні, паказаўшы, што ўмовай уступа СССР у пакт зьяўляецца згода на аб'яву зонай інтарэсаў СССР Фінляндыі, Баўгарыі, а таксама правы на стварэньне апорных пунктаў у Турцыі. Але нямецкі бок не адказаў наогул.

Пасьля гэтага Гітлер сьцьвярджае плян нападу на СССР. Для гэтых мэт Нямеччына пачынае шукаць сабе саюзьнікаў ва Ўсходняй Эўропе. 20 лістапада да Траістага зьвяза далучаецца Вугоршчына, 23 лістапада — Румынія, 24 лістапада — Славакія, у 1941 году — Баўгарыя, Фінляндыя і Гішпанія. 25 сакавіка 1941 году да пакта далучаецца Югаславія, аднак 27 сакавіка у Бялградзе адбываецца ваенны пераварот, і да ўлады прыходзіць урад Сімавіча, якое аб'яўляе каралём юнага Пятра II і абвяшчае нэўтралітэт Югаславіі. 5 красавіка Югаславія падпісвае з СССР дамову пра сяброўства і ненапад. З прычыны непажаданага для Нямеччыны разьвіцьця падзей, Гітлер прымае рашэньне пра правядзеньне ваеннай апэрацыі супраць Югаславіі і дапамогі італьянскім войскам у Грэцыі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Таксама вялі баявыя дзеяньні супраць Югаслаўскіх войскаў на радзіме
  2. ^ Таксама вялі баявыя дзеяньні супраць СССР і УПА
  3. ^ Таксама вялі баявыя дзеяньні супраць СССР
  4. ^ Таксама вялі баявыя дзеяньні супраць Народна-вызваленчай арміі Югаславіі
  5. ^ Таксама вялі баявыя дзеяньні супраць СССР
  6. ^ Олевська Республіка та Поліська січ: партизани в роки ІІ Сьвітової війні. Володимир Гінда
  7. ^ ТАРАС БОРОВЕЦЬ І "ПОЛІСЬКА СІЧ" - УПА(Б-Б) І РАДЯНСЬКІ ПАРТИЗАНИ. Володимир Дзьобак
  8. ^ Таксама вялі баявыя дзеяньні супраць СССР
  9. ^ Таксама вялі баявыя дзеяньні супраць францускіх войскаў
  10. ^ Таксама вялі баявыя дзеяньні супраць Арміі Краёвай, Палескай сечы і СССР
  11. ^ 17 верасьня 1940 году Сан-Марына абвясьціла вайну Вялікабрытаніі. 29 верасьня 1943 году Сан-Марына абвясьціла пра свой нэўтралітэт, аднак 26 чэрвеня 1944 году падверглася бамбаваньню з боку брытанскіх ВПС.
  12. ^ Адпраўка «Блакітнай дывізіі» на Усходні фронт і запраўка нямецкіх падводных лодак у гішпанскіх партах
  13. ^ Норман Дэвис. История Европы. — М.: АСТ., 2006 ISBN 5-17-024749-4 с 726
  14. ^ Норман Дэвис. История Европы. — М.: АСТ., 2006 ISBN 5-17-024749-4 с 732
  15. ^ Лиддел Гарт. Вторая мировая война. АСТ. с 27
  16. ^ а б Лиддел Гарт. Вторая мировая война. АСТ. с 221
  17. ^ Лиддел Гарт. Вторая мировая война. АСТ. с 222
  18. ^ Christian Zentner/ CHRONICK ZWEITER WELTKRIEG / Otus Verlag AG, St.Gallen, S. 20-22, 2007 ISBN 978-3-907200-56-8
  19. ^ Gerhart Binder. Epoche der Entscheidungen/ Eine Geschichte des 20. Jahrhunderts. Sechste Auflage. Stuttgart-Degerloch: Seewald Verlag. 1960.
  20. ^ II. Weltkrieg / Dokumentation Das III.Reich. Gütersloch : Mohndruck Graphische Betriebe GmbH,. 1989 ISBN 3-88199-536-6
  21. ^ Christopher R. Browning, The Origins of the Final Solution: The Evolution of Nazi Jewish Policy, University of Nebraska Press, ст.441
  22. ^ Reinhard Pözorny (Hg). Deutsches National -Lexicon- DSZ-Verlag ISBN 3-925924-09-4
  23. ^ Габриэль Городецкий «Миф „Ледокола“: Накануне войны»
  24. ^ Энгл. Э,Паананен. Советско-финская война. Прорыв линии Маньнергейма. 1939—1940/Пер.с англ. О. А. Федяева-М.:ЗАО Центрполиграф. 2004.-253 с. ISBN 5-9524-1467-2
  25. ^ Мирный договор между Союзом Советских Социалистических Республик и Финляндской Республикой, Москва, 12 марта 1940
  26. ^ а б Сэмірага М. І. Таямніцы сталінскай дыпляматыі 1939—1941 — М.: Вышэйшая школа., 1992.
  27. ^ Chronik 1940. Chronik Verlag. Dortmund 1989. ISBN 3-611-00075-2.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Другая сусьветная вайнасховішча мультымэдыйных матэрыялаў