Ўінстан Чэрчыль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ўінстан Чэрчыль
прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі
10 траўня 1940 — 27 ліпеня 1945
Папярэднік: Нэвіл Чэмбэрлен
Наступнік: Клемэнт Этлі
прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі
26 кастрычніка 1951 — 7 красавіка 1955
Папярэднік: Клемэнт Этлі
Наступнік: Энтані Ідэн
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 30 лістапада 1874
Блэнгэйм
Памёр: 24 студзеня 1965 (90 гадоў)
Лёндан
Партыя: Кансэрватыўная партыя
(1904-1925 — Лібэральная партыя)
Сужэнец: Клемэнтына Чэрчыль
Дзеці: Дыяна Чэрчыль[d][1][2], Рэндальф Чэрчыль[d][1][2], Сара Чэрчыль[d][1][2], Марыголд Франсэс Чэрчыль[d][1][2] і Мэры Соўмс[d][2][1]
Бацька: Рэндольф Генры Чэрчыль[d][1]
Маці: Джэні Чэрчыль[d][1]
Адукацыя:
Узнагароды: Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры

Ўінстан Чэрчыль (па-ангельску: Winston Churchill; поўнасьцю — сэр Ўінстан Леанард Спэнсэр Чэрчыль па-ангельску: Sir Winston Leonard Spenser-Churchill, 30 лістапада 1874, Блэнгэйм — 24 студзеня 1965, Лёндан) — брытанскі палітык кансэрватыўнай партыі й дзяржаўны дзяяч вядомы сваім кіраўніцтвам Вялікабрытаніі падчас Другой сусьветнай вайны. Ён па праве лічыцца адным з найвялікшых ваенных лідэраў стагодзьдзя, служыў у якасьці прэм’ер-міністра двойчы ў 1940—1945 і 1951—1955 гадох. Шляхціч, дзяржаўны дзяяч і аратар, Чэрчыль быў афіцэрам брытанскай арміі, гісторыкам, пісьменьнікам і мастаком. Ён адзіны брытанскі прэм’ер-міністар, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, і першы чалавек, які быў ганаровым грамадзянінам Злучаных Штатаў.

Чэрчыль нарадзіўся ў арыстакратычнай сям’і герцагаў Мальбара. Ягоны бацька, лорд Рэндальф Чэрчыль, быў харызматычны палітыкам, які служыў у якасьці міністра фінансаў, ягоная маці, Джэні Джэром, па нацыянальнасьці зьяўлялася амэрыканкай. Будучы маладым афіцэрам, ён удзельнічаў у вайсковых канфліктах у Брытанскай Індыі, Судане й Другой англа-бурскай вайне. Ён атрымаў вядомасьць у якасьці ваеннага карэспандэнта й праз кнігі, якія ён пісаў пра свае кампаніі.

Прысьвяціўшы каля пяцідзесяці гадоў палітыцы, ён займаў шматлікія палітычныя й міністэрскія пасады. Да Першай сусьветнай вайны ён служыў у якасьці прэзыдэнта Савета гандлю, унутраных справаў і першага лорда Адміралцейства. У час вайны ён працягваў знаходзіцца на пасадзе першага лорда Адміралцейства да катастрафічнай кампаніі ў Галіполі, якую ён спансаваў, і якая сталася прычынай ягонага звальненьня з урада. Затым ён некаторы час служыў на Заходнім фронце, камандуючы 6-м батальёнам Каралеўскіх шатляндзкіх стралкоў. Ён вярнуўся ўва ўрад у якасьці міністра боепрыпасаў, дзяржаўнага сакратара па пытаньнях вайны і дзяржаўнага сакратара па паветры. Пасьля вайны Чэрчыль служыў міністрам фінансаў у кансэрватыўным урадзе ў 1924—1929 гадох, якое вярнула фунт стэрлінгаў у 1925 годзе да залатога стандарту, які існаваў у даваенны парытэт, і што ў значнай ступені разглядаецца як стварэньне дэфляцыйнага ціску на эканоміку Вялікабрытаніі.

Знаходзячыся па-за палітыкай у 1930-х гадох, Чэрчыль ўзначаліў рух за папярэджаньне аб небясьпецы, якая сыходзіць ад Гітлера, а таксама ачоліў барацьбу за пераўзбраеньне. З пачаткам Другой сусьветнай вайны, ён быў зноў прызначаны першым лордам Адміралцейства. Пасьля адстаўкі Нэвіла Чэмбэрлена 10 траўня 1940 году, Чэрчыль стаў прэм’ер-міністрам. Ягоная цьвёрдая пазыцыя на конт адмовы ад паразы, здачы ці кампрамісу дапамаглі натхніць брытанскі супраціў, асабліва ў цяжкія першыя дні вайны, калі Ангельшчына стаяла амаль адна ў актыўнай апазыцыі да Гітлера. Чэрчыль быў асабліва вядомы сваімі прамовамі й радыёперадачамі, якія дапамаглі натхніць брытанцаў. Ён заставаўся на пасадзе прэм’ер-міністра да поўнай перамогі над нацысцкай Нямеччынай.

Пасьля паразы кансэрватараў у выбарах 1945 году Ўінстан Чэрчыль стаў лідэрам апазыцыі. У 1951 годзе ён зноў стаў прэм’ер-міністрам, да выхаду на пэнсію ў 1955 годзе. Пасьля сьмерці Лізавета II даравала Чэрчылю дзяржаўнае пахаваньне, якое сабрала шмат народу[3]. Чэрчыль названы найвялікшым брытанцам усіх часоў у 2002 годзе ў часе апытаньня, ён разглядаецца як найбольш уплывовая асоба ў брытанскай гісторыі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ўінстан нарадзіўся ў арыстакрацкай сям’і Мальбара, атрымаў добрую агульную і вайсковую адукацыю. Удзельнічаў у вайсковых кампаніях у Аўганістане, Судане і Паўднёвай Афрыцы ў якасьці афіцэра, аднак адначасова ён быў вайсковым журналістам.

Пачатак палітычнай кар’еры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хутка пасьля вяртаньня ў Вялікабрытанію Чэрчыль быў абраны ў ніжэйшую палату парлямэнту ад кансэрватыўнай партыі. Аднак у 1904 ён перайшоў у іншую буйную на той час партыю, лібэральную. У лібэральным урадзе ён ужо ў 1908 атрымаў пасаду міністра гандлю і прамысловасьці, а ў 1910 ён стаў міністрам унутраных справаў. На чале міністэрства Чэрчыль рашуча расправіўся з усімі шматлікімі маніфэстацыямі і ў 1911 стаў міністрам марскіх справаў (афіцыйна — Першы Лорд Адміралцейства). Ён пачаў рэфармаваньне ангельскага флёту, аднак пасьля няўдалай Дарданэльскай апэрацыі падчас Першай сусьветнай вайны Чэрчыль быў зьняты са сваёй пасады.

Пасьля 1917 Чэрчыль, які заўсёды варожа ставіўся да бальшавізму, быў адным з галоўных ініцыятараў інтэрвэнцыі Антанты ў Расею. У 1925 ён перайшоў у кансэрватыўную партыю, аднак у 20-я і 30-я гады ён ня быў буйной палітычнай фігурай. Толькі ў канцы 30-х, пасьля таго, як ён крытыкаваў палітыку «супакаеньня» Чэмбэрлена ў адносінах да Гітлера (магчыма, ён рабіў гэта з палітычных прычынаў) і пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны Чэрчыль зноў уваходзіць у склад вядучых палітыкаў Вялікабрытаніі як новы марскі міністар.

Першы прэм’ерскі тэрмін[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10 траўня 1940, калі было відавочна, што Чэмбэрлен цалкам скампрамэтаваў сабе як кіраўнік, Чэрчыль быў абраны прэм’ер-міністрам кааліцыйнага ўраду. Ён рашуча выказваўся за вайну да перамогі над Германіяй. Вядома яго фраза з прамовы да ангельскай нацыі, што яму «няма чаго прапанаваць, акрамя крыві, поту і сьлёз». Чэрчыль актыўна наведваў месцы, разбураныя нямецкай авіяцыяй і ракетамі, шмат разоў выступаў па радыё. Яго дзейнасьць дапамагла кансалідацыі брытанскай нацыі і падтрымцы іх настрою ў гады вайны.

У 1945 перад парлямэнцкімі выбарамі ён спадзяваўся на свой вайсковы аўтарытэт і амаль ня вёў выбарчую кампанію. Аднак брытанцы аддалі свае галасы лейбарыстам на чале з Клемэнтам Этлі, якія прапаноўвалі крокі па стабілізацыі эканамічнага становішча пасьля вайны.

Другі прэм’ерскі тэрмін[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1951 кансэрватары перамаглі на парлямэнцкіх выбарах, і прэм’ер-міністрам стаў ужо 77-гадовы і атрымаўшы інсульт Чэрчыль. Нягледзячы на свой дрэнны стан, Чэрчыль заставаўся прэм’ерам да 1955, калі перадаў сваю пасаду Энтані Ідэну.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё Sir Winston Leonard Spencer-Churchill, Winston Churchill // Kindred Britain
  2. ^ а б в г д Lundy D. R. Rt. Hon. Sir Winston Leonard Spencer-Churchill // The Peerage (анг.)
  3. ^ Gould, Peter (8 April 2005). «Largest Assemblage of Statesmen at funeral since Churchill». BBC News.