Масква

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Масква
лац. Maskva
рас. Москва
Масква
Герб Масквы Сьцяг Масквы
Першыя згадкі: 4 красавіка 1147 (876 гадоў таму)[1]
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Масква[a]
Кіраўнік: Сяргей Сабянін[d]
Плошча: 2510 км² [2]
Вышыня: 150—255 м н. у. м.
Унутраны падзел: 12 адміністрацыйных акругаў (125 раёнаў, 2 мескія акругі, 19 паселішчаў)
Насельніцтва
колькасьць: 12 630 289 чал. (2019)[4]
шчыльнасьць: 5031,99 чал./км² (2019)
этнічны склад: расейцы (91,65%), украінцы (1,42 %),
татары (1,38%), армяне (0,98%),
азэрбайджанцы (0,53%),
габрэі (0,49%),
беларусы (0,36%),
грузіны (0,36%)[3]
Тэлефонны код: 495, 499
Паштовыя індэксы: 101ххх — 129ххх
Нумарны знак: 77, 97, 99, 177, 197, 199, 777, 799
Геаграфічныя каардынаты: 55°45′21″ пн. ш. 37°37′4″ у. д. / 55.75583° пн. ш. 37.61778° у. д. / 55.75583; 37.61778Каардынаты: 55°45′21″ пн. ш. 37°37′4″ у. д. / 55.75583° пн. ш. 37.61778° у. д. / 55.75583; 37.61778
Масква на мапе Расеі
Масква
Масква
Масква
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.mos.ru/

Масква́ (па-расейску: Москва) — сталіца Расеі, горад фэдэральнага значэньня, адміністрацыйны цэнтар Цэнтральнай фэдэральнай акругі і Маскоўскай вобласьці[5], у склад якой не ўваходзіць.

Гістарычная сталіца Маскоўскай дзяржавы (да 1712 году), Расейскай імпэрыі (1728—1732), РСФСР і СССР. Мае ўнутраны адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, афіцыйна зацьверджаны герб, сьцяг і гімн. Найбуйнейшы паводле колькасьці насельніцтва горад Расеі і Эўропы[6] (насельніцтва на пачатак 2019 году — 12 630 289 чалавек), цэнтар Маскоўскай гарадзкой аглямэрацыі[7]. Паводле памеру гарадзкой тэрыторыі зьяўляецца самым малым, а паводле колькасьці насельніцтва — самым населеным суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі. Таксама ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых гарадоў сьвету[8].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масква як суб’ект фэдэрацыі мяжуе з Маскоўскае ды Калускае вобласьцямі. Тэрыторыя места на 2012 год складае 2510 км². Траціна (877 км²) знаходзіцца ўнутры кольцавай аўтадарогі (МКАД), астатнія 1633 км² — за кольцавай аўтадарогай. Места ляжыць у эўрапейскай частцы Расеі на вышыні 156 мэтраў над узроўнем мора на ўзвышшы паміж рэкамі Акою і Волгай, на рацэ Маскве (прытоку Акі). Рака працякае праз горад з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Даўжыня ракі Масквы ў гарадзкой рысе складае прыкладна 80 км, шырынёю ад 120 да 200 м.

Рака Масква мае прыкладна 120 дробных прытокаў, якія амаль усе былі заключаныя ў падземныя трубаправоды. Пабудаваны ў 1937 годзе канал Масква-Волга даўжынёю ў 126 км забясьпечвае рацэ Маскве важную ролю як транспартнае артэрыі.

Межы гораду ўтварае пабудаваная ў 1962 годзе кальцавая аўдатарога даўжынёю ў 109 км. Гарадзкі масіў мае плошчу 878,7 км². Прыкладна траціну гарадзкое плошчы займаюць паркавыя і лясныя зоны. Сярод іх прыкладна 100 паркаў і больш за 800 зялёных насаджэньняў, дапоўненыя 500 прудамі. Вакол гораду цягнецца лесапаркавая зона даўжынёю ў 30-40 км зь інфраструктураю для адпачынку. Плошча лесапаркавага пояса складае 1725 км². Ґеаґрафічныя каардынаты Масквы: 55,75 ґрадусаў паўночнае шырыні і 37,62 ґрадусаў усходняе даўжыні.

Кліматычная дыяґрама для Масквы

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сталіца Расеі знаходзіцца ў зоне кантынэнтальнага клімату. Сярэдняя гадавая тэмпэратура складае 5 °C, сярэднія гадавыя ападкі — 688 мм. Штогодні пік ападкаў прыходзіцца на ліпень (92 мм), мінімум ападкаў — сакавік (34 мм). Узімку тэмпэратура ў Маскве складае ў сярэднім −12 — −15 °C, аднак тэмпэратура апускаецца і да −20 °C. Частыя адлігі. Ветры частыя, паветра сухое, таму цяжкія марозы пераносяцца параўнальна лёгка.

Сярэдняя тэмпэратура:

студзень: −9,3 °C
люты: −7,7 °C
сакавік: −2,2 °C
красавік: 5,8 °C
травень: 12,9 °C
чэрвень: 16,6 °C
ліпень: 18,1 °C
жнівень: 16,4 °C
верасень: 10,9 °C
кастрычнік: 5 °C
лістапад: −1,1 °C
сьнежань: −6,1 °C

Таяньне сьнегу пачынаецца ў Маскве каля 16 сакавіка, ледаход на рацэ Маскве — каля 12 красавіка. Навальніцы пачынаюцца з 2 траўня, начныя замарозкі — з 14 верасьня, сьнегапады — з 28 кастрычніка. Рака Масква замярзае каля 18 лістапада. Сталы сьнежны пакроў усталёўваецца 23 лістапада.

Кліматычная ўмовы ў вялізнай Маскве моцна розьняцца ў цэнтры і прадмесьцях. У цэнтры гораду сушэй і цяплей. У прадмесьцях тэмпэртура ў сярэднім на 2-3 ґрадусы ніжэй, чым у цэнтры.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Масквы

Пасьля заснаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сабор Сьвятога Васіля

Першая летапісная згадка пра Маскву, паводле расейскай гісторыяґрафіі, прыходзіцца на 1147 год. Ужо празь некалькі год, у 1156 годзе князем Юрыям Даўгарукім (1090—1157) была пабудаваная першая драўляная фартэцыя (Крэмль).

Але згодна булґарскіх летапісаў Бахші Імана, Маскву заснаваў у 1076 годзе былы хан Булґару Ахад Мосха, які ў выніку бойкі з канкурэнтам за прастол уцёк на захад і апынуўся ў вяцічскіх лясох. Там ён і заснаваў булґарскую крэпасьць Мосха, якую потым сталі мянаваць Масквой.[9]

З 1164 году ваяводай Масквы быў Арбат, таксама былы булґарскі гаспадар. Вуліца, на якой стаяў палац Арбата сёньня мянуецца Арбат.

У 1238 годзе горад захоплены манґоламі і спалены. У 1263 годзе Масква робіцца цэнтрам аднайменнага княства — цэнтрам і пачаткам будучае расейскае дзяржавы. Сваёю ляяльнасьцю Залатой Ардзе маскоўскія князі заслужылі давер хана, ім было дазволена зьбіраць даніну для хана Арды за ўсіх зямель Уладзімера-Суздальскай зямлі. У першай палове 14 стагодзьдзя, калі насельніцтва Масквы складала ўжо больш за 30 000 жыхароў, манґольскі хан прызначыў маскоўскага князя старэйшым сярод расейскіх князёў, Масковія сталася чымсь накшталт жандарма расейскіх зямель.

Зь цягам часу Масква ўсё болей і болей набірала моц, што ўрэшце дазволіла ёй пазбавіцца манґольскага панаваньня. Згодна з расейскай гісторыяґрафіяй, першым этапам была Кулікоўская бітва 8 верасьня 1380 году, але па другіх зьвестках гэта была бойка паміж татарскімі ханамі Тахтамышам і Мамаем[10] за ўладу ў якой прымала ўдзел і маскавітскае войска, пасьля якое Масква хоць і была спаленая ў 1382 годзе, але здолела ўмацавацца палітычна, ваенна і эканамічна. У 1480 манґольская геґемонія скончылася, і Масква сталася сталіцаю ўзьнікшае адзінае расейскае дзяржавы.

Вялікі кназь Іван III Вялікі (1440—1505), што кіраваў Масквой з 1462 году, ажаніўся ў 1472 годзе з Сафіяю Палеалёґ, пляменьніцаю апошняга бізантыйскага імпэратара Канстантына XI Палеалёґа, і пераняў зь Бізантыі ідэю аўтакратычнае дзяржавы, сымболіку, дзьвюгаловага арла і прыдворны цырыманіял. На гэткай падставе Масква лічыць сябе «трэцім Рымам» і апірышчам праваслаўя.

Масква робіцца мэтраполіяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У апошнія два дзесяцігодзьдзі 15 стагодзьдзя пачалася актыўная забудова Крамля, вакол якога сяліліся многія рамесьнікі і гандляры. Насельніцтва Масквы неўзабаве вырасла да 100 000 чалавек, у 1600 Масква была абнесеная мурам і ровам. У 1591 горад у апошні раз перажыў набег татараў. Падчас смуты, з 1605 па 1612 гады Масква знаходзілася пад кантролем польскае і беларускае шляхты.

Калі ўзьніклі першыя тэкстыльныя, папяровыя і цаґляныя мануфактуры, піку дасягнулі сацыяльная напружанасьць у імпэрыі: у 1667 годзе паднялося сялянская паўстаньне ў рэґіёнах Волгі і Дону. Яго кіраўнік, Сьцяпан Разін, казьнены ў 1671 на Краснай плошчы. У 1687 годзе зьяўляецца першая расейская вышэйшая школа — «Славянска-грэцкая акадэмія», у 1703 годзе выходзіць першая расейская ґазэта — «Ведомости».

У 1712 годзе цар Пётар I (1672—1725) перанёс сталіцу ў Санкт-Пецярбург. Тым ня меней, Масква засталася эканамічным і духоўным цэнтрам Расеі. У 1755 годзе навукоўцам Міхаілам Ламаносавам (1711—1765) у Маскве быў заснаваны першы расейскі ўнівэрсытэт.

У Айчыннай вайне 1812 году Масква была захопленая «Вялікаю арміяй» Напалеона і на дзьве траціны спаленая расейскімі войскамі пры іх адыходзе. З-за голаду і марозаў францускае войска было неўзабаве вымушанае сысьці з гораду.

Гістарычная мапа Масквы (каля 1888)

У пачатку 1813 году пачалася перабудова гораду, былі зьнішчаныя фартыфікацыйныя пабудовы, да сярэдзіны 19 стагодзьдзя былі разбудаваныя камунікацыі і дарогі да ўсіх важнейшых гарадоў Расеі. У 1890 годзе на вуліцах Масквы зьявіліся першыя трамваі. Насельніцтва Масквы паводле першага перапісу насельніцтва 28 студзеня 1897 году складала адзін мільён жыхароў, да 1914 году гэтая лічба вырасла ўдвая.

У апошнія дзесяцігодзьдзі 19 стагодзьдзя ў Расеі расла сацыяльная напружанасьць. У Маскве канцэнтраваліся прадпрыемствы лёгкае прамысловасьці, на якіх працавалі тысячы бяспраўных рабочых, пераважна зь безьзямельных сялянаў, выціснутых зь вёскі пасьля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе.

Першая палова XX стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў дайшла да Масквы ў сьнежні 1905 году.

Эканамічны крызіс і хаос з забесьпячэньнем падчас Першае сусьветнае вайны абвастрылі сацыяльную напружанасьць. У 1917 годзе, падчас Лютаўскае Рэвалюцыі цар Мікалай II быў зьвергнуты. У той самы год Уладзімер Ленін ачоліў у Санкт-Пецярбургу кастрычніцкі пераварот, які прывёў да грамадзянскае вайны 1917—1922 гадоў і захопу ўлады камуністамі-бальшавікамі.

12 сакавіка 1918 году Маскве быў вернуты статус сталіцы Расеі, савецкі ўрад пераехаў у Крэмль на Краснай плошчы. 22 сьнежня 1922 году ў Маскве быў утвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

У 1926 годзе насельніцтва гораду зноў дасягнула два мільёны жыхароў. У 1935 годзе пачалася новая комплексная перабудова Масквы — пабудаваны радыяльныя праспэкты, мэтро, некалькі новых мастоў цераз раку Маскву і канал Масква-Волга.

Пасьля нападу нацысцкае Нямеччыны на СССР 22 чэрвеня 1941 году, 30 верасьня пачаўся паход немцаў на Маскву.

Савецкі контраўдар пачаўся 5 сьнежня 1941 году, падчас яго нямецкія войскі былі адрынутыя на больш за 100 км ад сталіцы СССР. Гэта была першая і найбуйнейшая параза нямецкага Вэрмахту, праз шэсьць месяцаў пасьля пачатку Бліцкрыґу. Баі на Волзе зь ліпеню 1942 году па люты 1943 году канчаткова азначала паразу немцаў у тагачасным Савецкім Саюзе. 24 чэрвеня 1945 году на Краснай плошчы ў Маскве прайшоў парад перамогі.

Масква пасьля Другое сусьветнае вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вайны горад быў адбудаваны, у 1968 годзе насельніцтва Масквы дасягнула амаль сямі мільёнаў. У 1980 годзе Масква была месцам правядзеньня XXII Алімпійскіх гульняў.

Пры канцы 1980-х гадоў эканамічная крыза разам з абвастрэньнем міжнацыянальных праблем і прагаю рэспублік СССР да незалежнасьці прывялі да краху савецкае імпэрыі. У жніўні 1991 году, калі прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў плянаваў заключэньне абноўленае зьвязнае дамовы, некалькі ґенэралаў, чальцоў ураду і галава КДБ ініцыявалі 19 жніўня спробу дзяржаўнага перавароту. У Маскву былі ўведзеныя войскі, рокаш быў падаўлены. Пасьля паразы путчу, праз чатыры месяцы Гарбачоў 25 сьнежня 1991 заявіў аб сваёй адстаўцы, што азнаменавала канец СССР.

Расейская Фэдэрацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1992 годзе прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын падпісаў з галовамі расейскіх суб’ектаў фэдэрацыйную дамову, якая рэґулюе адносіны між фэдэрацыйным цэнтрам Расеі і яе суб’ектамі. У верасьні 1993 году Ельцын распусьціў Зьезд народных дэпутатаў і Вярхоўны Савет Расеі. У кастрычніку таго самага году адбыўся яшчэ адна спроба перавароту з боку касэрватыўных сіл. Калі паўстанцы захапілі будынак парлямэнту, гарадзкі выканаўчы камітэт, і тэлевізійную вежу, Ельцын гвалтоўна падавіў рокаш (190 ахвяраў).

12 сьнежня 1993 году была прынятая новая Канстытуцыя і адбыліся першыя свабодныя парлямэнцкія выбары. З 5 па 7 верасьня 1997 году горад 450 мерапрыемствамі ўрачыста адзначыў сваё 850-годзьдзе.

Масква з космасу

Падчас Другой расейска-чачэнскай вайны горад упершыню сутыкнуўся з пагрозай міжнароднага тэрарызму. У Маскве адбылося некалькі тэрарыстычных актаў:

  • У 1999 г. на вуліцы Гур’янава (8 верасня) і на Кашырскім шашы (13 верасня)
  • 2000 г. — у пераходзе на Пушкінскай плошчы (8 жніўня)
  • 2002 г. — у тэатральным цэнтры на Дуброўцы (23-26 кастрычніка)
  • 2003 г. — а тэракт падчас рок-фестывалю «Крыла» і выбух каля гасцініцы «Нацыяналь»
  • 2004 — тэракт на перагоне паміж станцыямі мэтро «Аўтазаводзкая» і «Павелецкая» (6 лютага). Падрыў самалётаў Ту-134 і Ту-154, якія вылецелі з аэрапорта Дамадзедава (24 жніўня). Тэрарыстычны акт каля станцыі метро «Рызка» (31 жніўня)
  • 2009 — выбух цягніка «Неўскі экспрэс», які адыходзіў ад Ленінградскага вакзала
  • 2010 — выбухі ў маскоўскім метро
  • 2011 — выбух у аэрапорце Дамадзедава.

1 ліпеня 2012 году тэрыторыя часткі Маскоўскай вобласці плошчай 148 тыс. га (з гарадамі Троіцк, Маскоўскі, Шчарбінка) была далучана да Масквы.

У 2014 годзе ў горадзе прайшоў Марш міру супраць расейска-украінскай вайны

21 верасня 2014

27 лютага 2015 году быў забіты расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў

У пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў горадзе адбыўся шэраг антываенных выступленняў, якія былі жорстка падаўлены, а іх удзельнікі рэпрэсаваныя

Графіці на адной з маскоўскіх сцен.

30 верасьня 2022 году ў цэнтры гораду прайшоў канцэрт у падтрымку «далучэньня» паўднёвага ўсходу Ўкраіны да Расеі, на якім расейскі актор Іван Ахлабысьцін заклікаў да «сьвяшчэннай вайны» і выкарыстаў крык апрычнікаў Івана Грознага «Гойда!»

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З насельніцтвам больш за 10 мільёнаў жыхароў Масква ёсьць найбуйнейшым горадам і найбуйнейшым па насельніцтве суб’ектам Расейскае Фэдэрацыі.

Места традыцыйна прыцягвае шмат міґрантаў як зь іншых рэґіёнаў Расеі, гэтак і з замежжа. З 16 стагодзьдзя ў Маскве сяліліся прыежджыя купцы і рамесьнікі зь Беларусі, Нямеччыны і іншых краінаў. Аб традыцыйнай этнічнай разнастайнасьці насельніцтва Масквы сьведчаць назвы асобных раёнаў Масквы («Посольская слобода» (Пасольская слабада) і іншыя).

Сёньня найбольш буйныя этнічныя ґрупы ў Маскве — гэта расейцы, украінцы, габрэі, армяне, грузіны, азэрбайджанцы, віетнамцы і іншыя. Усяго ў Маскве пражываюць прадстаўнікі 112 нацыянальнасьцяў.

Агляд разьвіцьця насельніцтва Масквы. Да 1956 — ацэнкі, з 1959 па 2002 — паводле перапісаў, 2005 — праґноз.

Год Насельніцтва
1350 30 000
1400 40 000
1600 100 000
1638 200 000
1710 160 000
1725 145 000
1738 138 400
1750 130 000
1775 161 000
1785 188 700
1800 250 000
1811 300 000
1813 215 000
1825 241 500
1840 349 100
1852 373 800
1858 336 400
1864 351 600
1868 416 400
Год Насельніцтва
1871 601 969
1886 753 459
1891 822 400
1897 1 038 600
1900 1 175 000
1908 1 359 200
1912 1 617 157
1915 1 817 000
1920 1 028 200
1926 2 019 500
1936 3 641 500
1939 4 137 000
1956 4 847 000
15 студзеня 1959 5 032 000
15 студзеня 1970 6 941 961
17 студзеня 1979 7 830 509
12 студзеня 1989 8 769 117
9 кастрычніка 2002 10 126 424
1 студзеня 2005 10 381 288
1 студзеня 2010 10 562 099
2012 11 612 943

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масква ёсьць асобным суб’ектам у складзе Расейскае Фэдэрацыі. Акрамя таго, Масква ёсьць сталіцаю Цэнтральнае фэдэральнае акругі Расеі і Маскоўскае вобласьці, якая аб’ядноўвае рэґіён вакол Масквы, не ўключаючы сам мэґаполіс.

Масква падзеленая на 12 адміністратыўных акругаў:

Зь іх Зеленаградзкая, Новамаскоўская ды Траецкая цалкам разьмешчаныя за межамі МКАД. У сваю чаргу акругі Масквы (акрамя Новамаскоўскай ды Траецкай) падзяляюцца на раёны, якіх у Маскве налічваецца 125. Кіраваньне акругамі ажыцьцяўляецца праз акруговыя прэфэктуры ды раённыя ўправы. Новамаскоўская ды Траецкая акругі маюць агульную прэфэктуру і падзяляюцца на гарадзкія акругі ды паселішчы.

Гарады-пабрацімы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масква мае партнэрства з наступнымі гарадамі:

Культура і славутыя месцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Культура Масквы

Музэі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярод шматлікіх музэяў Масквы вылучаецца Пушкінскі музэй выяўленчых мастацтваў з багатаю калекцыяй копій твораў старажытнасьці і эпохі Рэнэсансу, пераважна заходне-эўрапейскіх аўтараў.

Сусьветную вядомасьць мае Трэцьякоўская ґалерэя, найбуйнейша музэй расейскага выяўленчага мастацтва з калекцыяй у 40 000 карцін, малюнкаў, скульптураў ад 11 стагодзьдзя да сучаснасьці.

Да славутасьцяў Масквы належыць і панарама Барадзінскае бітвы, пабудаваная Францам Робаўтам (1856—1928).

На ўсходзе ад цэнтру гораду, у былым Андроньнікаўскім кляштары, знаходзіцца музэй імя Андрэя Рублёва (1360—1430), мастака-манаха, майстра расейскага іконапісу і заснавальніка маскоўскае мастацкае школы 15 стагодзьдзя. Музэй зьмяшчае расейскія іконы 14-17 стагодзьдзяў.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масква

Да шматлікіх славутасьцяў Масквы належаць многія творы будаўнічага мастацтва мінулага і сучаснасьці, помнікі вядомым пісьменьнікам, навукоўцам, дзяржаўным дзеячом, а таксама манумэнты ў гонар значных гістарычных падзеяў.

Крэмль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самы значны помнік архітэктуры Масквы — Крэмль, старая фартыфікаваная частка гораду. З 1990 году Крэмль унесены ў сьпіс сусьветнае культурнае спадчыны ЮНЭСКО. Захаваўшыяся дагэтуль 19 вежаў і муры былі пабудаваныя ў XV стагодзьдзі. Сёньня ў Крамлі знаходзіцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі.

Найстарэйшыя помнікі Крамля — Сабор Усьпеньня Маці Божае (1479), Добравешчанскі Сабор (1489) і Арханёльскі Сабор (1509), Царква Пакрова Маці Божае (1486), а таксама 80-мэтровая Звоньніца Івана Вялікага (1508).

Пазьней былі пабудаваныя Царква Дванаццаці Апосталаў і Патрыяршы Палац (17 стагодзьдзе), Арсэнал (1737), а таксама будынак Сэнату (1787). У гэтым будынку з 1918 па 1922 працаваў Уладзімер Ленін, ягоны кабінэт захоўваецца ў выглядзе, якім ён быў за часамі расейскае рэвалюцыі.

Будынак Збройнае палаты, пабудаваны ў 1851 годзе, зьмяшчае ўнікальны музэй старое зброі і ваенных трафэяў, вялікі збор царскіх каштоўнасьцяў, тронаў, карэтаў і іншых рэдкіх твораў расейскага і замежнага мастацтва, зьвязаных з гісторыяй Расеі. Непадалёк ад звоньніцы знаходзяцца Цар-звон і Цар-гармата, унікальныя помнікі расейскага ліцьця 16 і 18 стагодзьдзяў.

У 1961 годзе для праведзеньня зьездаў камуністычнае партыі на тэрыторыі Крамля быў пабудаваны Палац Зьездаў, дзе дагэтуль праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы.

Чырвоная плошча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уваскрасенская брама на Чырвонай плошчы

Крэмль стаіць на буйнейшай плошчы гораду — Чырвонай плошчы, якая з 1990 году належыць да сусьветнае культурнае спадчыны UNESCO.

На Чырвонай плошчы знаходзіцца маўзалей Леніна, дзе з 1920-х гадоў пакоіцца мумія расейскага рэвалюцыянэра. У мурах Крамля ў савецкія часы былі пахаваныя буйнейшыя камуністычныя дзеячы, а таксама вядомыя навукоўцы і дзеячы культуры.

Сабор Сьвятога Васіля на Чырвонай плошчы

Найбольш вядомы будынак Чырвонае плошчы — гэта Сабор Сьвятога Васіля, пабудаваны ў 1560 годзе. Каля яго стаіць помнік Кузьму Мініну і Дзьмітрыю Пажарскаму, героям вайны супраць польска-літоўскае інтэрвэнцыі пачатку 17 стагодзьдзя, пабудаваны ў 1818 скульптарам Іванам Мартасам (1754—1835).

Зь іншага боку ад Крамлю знаходзіцца Аляксандраўскі сад з Магілаю невядомага жаўнера — помнікам загіблых у Другой сусьветнай вайне. З другога боку, у раёне буйнейшага расейскага гатэлю «Расея» находзяцца баярскія дамы XVI—XVIII стагодзьдзяў і некалькі цэркваў таго самага пэрыяду.

Цьвярская вуліца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цьвярская вуліца — галоўная вуліца Масквы. Тут пачынаецца дарога ў Цьвер і Санкт-Пецярбург. У 1930-я і 1940-я гады вуліца была пашыраная і забудаваная наноў. Некаторыя старыя будынкі былі перарушаныя ўглыб жылых кварталаў. Сёньня Цьвярская вуліца запоўненая прэстыжнымі гатэлямі, рэстаранамі і крамамі і яўляе сабою пэўную «вітрыну» посткамуністычнае Расеі.

У 1782 годзе па праекце архітэктара Мацьвея Казакова на Цьвярской была пабудаваная ратуша. Насупраць яе стаіць помнік заснавальніку Масквы Юрыю Даўгарукаму. Помнікі расейскім паэтам Аляксандру Пушкіну (аўтарства скульптара Аляксандра Апекушкіна, 1880) і Уладзімеру Маякоўскаму аўтарства Аляксандра Кібальнікава, 1958, стаяць на перакрыжаваньнях Цьвярской з Бульварным і Садовым кольцамі.

Бульварнае і Садовае кольцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы 16 стагодзьдзя цэнтар Масквы быў абнесены мурам даўжынёй у 9 км з 30 вежамі, які не захаваўся да сёньняшняга дню. На месцы гэтага муру зьявілася Бульварнае кальцо. Звонку горад быў абнесены земляным валам даўжынёй у 16 км з палісаднікамі і драўлянымі абароннымі вежамі. Колішні контур вала сёньня абазначаны Садовым кальцом, ад якога промнямі зыходзяць найвялікшыя вуліцы Масквы.

Іншыя будынкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да іншых вядомых будынкаў Масквы належаць Астанкінскі палац, унікальны помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя, Астанкінская тэлевежа, пабудаваная ў 1967 годзе, гандлёвы дом ГУМ канца 19 стагодзьдзя, вуліца Арбат, упершыню згаданая ў 1493 годзе, Храм Хрыста-Ратавальніка, пабудаваны ў гонар перамогі над Напалеонам, разбураны і адноўлены ў 2000 годзе, а таксама сем «Сталінскіх хмарачосаў» — гатэль «Украіна», некалькі жылых будынкаў, будынак Міністэрства замежных справаў, Маскоўскі ўнівэрсытэт.

За чатыры кілямэтры ад Крамля будуецца будучы дзелавы цэнтар Масквы — «Масква-Сіці». Сярод іншых, плянуеццца пабудова найвышэйшага офіснага будынку Эўропы — «Фэдэрацыя» вышынёю ў 440 мэтраў. Першы камень у падмурак хмарачосу быў закладзены 9 лютага 2005 году, завяршэньне будоўлі плянуецца на 2007 год.

Масква славутая пампезным і манумэнтальным мэтрапалітэнам. Пабудова мэтро пачалася ў 1932 годзе, першы адрэзак быў адчынены 15 траўня 1935 году. Многія старыя станцыі яўляюць сабою сапраўдныя шэдэўры архітэктуры і плястыкі сталінскае эпохі.

Паркі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш вядомы са ста паркаў Масквы — Парк культуры і адпачынку імя Максіма Горкага. Ён знаходзіцца ў цэнтры места, на беразе ракі Масквы. У парку ляжаць шматлікія атракцыёны, станцыя чоўнаў, бары, рэстарацыі, кавярні, і ўзімку — каток.

У цёплы час у парку праводзяцца народныя гуляньні, на адкрытых пляцоўках праводзяцца канцэрты. Больш старая частка парку — Няскушны сад з маляўнічымі халмамі, прудамі і мастамі. У 18 стагодзьдзі тут былі сады маскоўскага дваранства.

На паўночным усходзе Масквы знаходзіцца парк Сакольнікі плошчаю ў прыкладна 300 гектараў. Найбуйнейшы парк места — Ізмайлаўскі парк плошчаю ў 1800 га на паўночным усходзе.

Інавацыйны гарадзкі парк Зарадзьдзе. Парк узьведзены на месцы, дзе стаяў гатэль «Расея», у самым цэнтры Масквы.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масква была месцам правядзеньня 22-х Алімпійскіх гульняў у 1980 годзе, а таксама многіх чэмпіянатаў сьвету і Эўропы ды іншых спаборніцтваў. Места мае больш за 6000 спартовых аб’ектаў, сярод якіх да 100 стадыёнаў, 6 палацаў спорту, больш за 180 басэйнаў, больш за 2500 спартовых заляў, 3500 спартовых пляцовак, вясьлярны канал, водны стадыён, роварны трэк, 60 спартовых стрэльбішчаў і г. д.

Асноўны стадыён Масквы — «Лужнікі» — быў пабудаваны ў 1955—1956 гадах і ўмяшчае 84 000 гледачоў. Другі буйны стадыён — «Дынама» на 51 000 гледачоў. Пры абодвух стадыёнах акрамя ўласна спартовае арэны таксама ёсьць комплексы з спартовымі залямі, басэйнамі, трэніровачнымі пляцоўкамі ды іншымі ўстановамі.

Эканоміка і інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масква грае ключавую ролю ў эканоміцы Расеі. Доля эканомікі гораду ў СУП краіны складае 12,5%. Прыкладна адна чвэрць прамысловае прамысловае прадукцыі Масквы прыпадае на машынабудаўніцтва: выраб інструмэнтаў, электронікі, аўтамабільную прамысловасьць. Таксама важную ролю грае хімічная, нафтаперапрацоўчая прамысловасьць. Масква — важны цэнтар ваенна-прамысловага комплексу.

У Маскве сканцэнтраваныя прыкладна 80% фінансавага патэнцыялу Расеі. На маскоўскія банкі прыпадае 70% актываў банкаў краіны. Дзьве траціны замежных інвэстыцый у эканоміку Расеі ідуць у сталіцу.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьнешні транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральнае становішча Масквы абумовіла станаўленьне гораду важнейшым транспартным вузлом Расеі. Сыстэма каналаў спалучае Маскву зь пяцьцю морамі. Масква мае некалькі аэрапортаў: «Шереметьево» (пабудаваны ў 1964 годзе, доўгі час быў асноўным міжнародным аэрапортам СССР), «Домодедово» (пабудаваны ў 1964, сёньня грае ўсё больш важную ролю як міжнародны і нацыянальны аэрапорт), «Внуково» (пабудаваны ў 1941 годзе) і іншыя.

У Маскву зьбягаюцца ўсе асновныя лініі чыгункі эўрапейскае часткі Расеі. Горад ёсьць асноўным чыгуначным вузлом краіны з многімі вакзаламі, у Маскве бярэ пачатак Транссыбірская магістраль, найважнейшая транспартная артэрыя Расеі, якая ідзе празь Ніжні Ноўгарад і Кіраў да Ўладзівастоку. Іншыя чыгуначныя маґістралі промнямі ідуць у Эўропу, Цэнтральную Азію і на Каўказ. Таксама існуюць аўтамабільныя доргі фэдэральнага значэньня (Аўтамагістраль Волга).

Камсамольская плошча зьяўляецца галоўнаю чыгуначнаю брамай сталіцы Расеі. Яе нефармальная назва — «Плошча трох вакзалаў», бо на ёй стаяць тры вакзалы, зь якіх ідуць цягнікі ў тры розныя кірункі: Ленінградзкі вакзал (пабудаваны ў 1851 годзе архітэктарам Канстанцінам Тонам, чыгуначныя дарогі ў кірунку Пецярбургу), Яраслаўскі вакзал (1904, архітэктар Аляксей Шчусьсеў, кірунак Сыбіру), Казанскі вакзал (1926, архітэктар Фёдар Шэхтэль, кірунак Паволжа). Таксама буйныя вакзалы — Кіеўскі (на паўднёвую Эўропу), Курскі, Павялецкі (на паўднёвую Расею), Рыскі (у краіны Балтыі), Беларускі (у Эўропу).

Транспарт унутры гораду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Станцыя мэтро «Кіеўская»

Важныя аўтамабільныя транспартныя артэрыі — кальцавыя вуліцы ўнутры гораду і Маскоўская кальцавая аўтадарога вакол гораду. Плянуецца пабудова далейшых аўтадарогаў. Аўтамабільныя заторы сталіся ў Маскве вялікай праблемаю па меры росту насельніцтва.

У 1924 годзе ў Маскве зьявіліся першыя аўтобусныя лініі, 15 лістапада 1933 году была адкрытая першая тралейбусная лінія.

Найважнейшы сродак грамадзкага транспарту — маскоўскі мэтрапалітэн. Сетка мэтро мае даўжыню ў 329 км, колькасьць станцыяў — 197. Штодзень маскоўскім мэтром карыстаюцца 8—9 мільёнаў пасажыраў.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масква мае 80 унівэрсытэтаў, у якіх навучаюцца прыкладна 250 000 студэнтаў па 380 спэцыяльнасьцях. Таксама ёсьць 1000 навукова-дасьледчых інстытутаў, канструктарскіх бюро. Усё гэта робіць Маскву цэнтрам навукі Расеі. Горад мае прыкладна 4000 бібліятэкаў, у чыіх фондах захоўваюцца прыкладна 400 мільёнаў экзэмпляраў друкаванае прадукцыі.

Да адукацыйных і дасьледчых інстытутаў Масквы належаць акрамя Маскоўскага ўнівэрсытэту, Дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў (МГИМО (у)), Дзяржаўны тэхналяґічны ўнівэрсытэт (Станкін), Горны інстытут, Маскоўскі авіяцыйны інстытут, Дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт імя Баўмана, Расейскі ўнівэрсытэт дружбы народаў, Фінансавая і юрыдычная акадэміі і іншыя.

Ураджэнцы зьвязаныя зь Беларусьсю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Даты, падзеі, людзі / гал.рэд. Павал Сухарукаў // Зьвязда : газэта. — 4 красавіка 2014. — № 62 (27672). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ О совместных предложениях Правительства Москвы и Правительства Московской области по изменению границ столицы Российской Федерации — города Москвы
  3. ^ Перепись 2002 года показала изменение национального состава населения Москвы (рас.). «Демоскоп» — Электронная версия бюллетеня «Население и общество». Институт демографии Государственного университета — Высшей школы экономики. Праверана 2009-01-13 г.
  4. ^ Росстат. Оценка численности постоянного населения на 1 января 2011 года, на 1 января 2012 года и в среднем за 2011 год (рас.). Росстат.
  5. ^ Общероссийский классификатор объектов административно-территориального деления. Московская область (рас.). mosclassific.ru. Праверана 29 декабря 2009 г.
  6. ^ Крупнейшие города Европы (рас.). www.world-gazetteer.com. Праверана 12 студзеня 2009 г.
  7. ^ Энциклопедия «Москва». Московская агломерация (рас.). Яндекс.Словари. Праверана 9 лістапада 2009 г.
  8. ^ Крупнейшие города мира по населению (анг.). world-gazetteer.com. Праверана 23 лістапада 2009 г.
  9. ^ Мусина И. Р. История древней Руси — в булгарских летописях Бахши Имана «Джагфар Тарихы»
  10. ^ Сокровища булгарского народа. Выпуск 1. Этногенез. История. Культура. Под редакцией академика Ю. К. Бегунова Санкт-Петербург, 2007

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]