Чукоцкая аўтаномная акруга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чукоцкая аўтаномная акруга
рас. Чукотский автономный округ
чук. Чукоткакэн автономныкэн округ

Сьцяг
Гімн Anthem of Chukotka Autonomous Okrug[d]
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Эканамічны раён Далёкаўсходні
Статус Аўтаномная акруга
Уваходзіць у Далёкаўсходнюю
фэдэральную акругу
Адміністрацыйны цэнтар Анадыр
Улучае 6 раёнаў,
1 меская акруга
Найбольшы горад Анадыр
Іншыя буйныя гарады Анадыр, Білібіна
Дата ўтварэньня 10 сьнежня 1930 (як Чукоцкая нацыянальная акруга)
1980 (як Чукоцкая аўтаномная акруга)
Губэрнатар Раман Копін
Афіцыйныя мовы расейская
Насельніцтва (2013)
50 780[1] (82-е месца)
Шчыльнасьць 0,07 чал./км²
Нацыянальны склад расейцы, чукчы, украінцы, эскімосы, эвены, чуванцы
Плошча 721 481 км² (7-е месца)
Месцазнаходжаньне Чукоцкай аўтаномнай акругі
Чукоцкая аўтаномная акруга на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +4
Код ISO 3166-2 RU-CHU
Код аўтам. нумароў 87
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Чукоцкая аўтаномная акру́га (па-расейску: Чукотский автономный округ, па-чукоцку: Чукоткакэн автономныкэн округ) — суб’ект Расейскае Фэдэрацыі, аўтаномная акруга. Месьціцца на паўночным усходзе Далёкага Ўсходу, уваходзіць у склад Далёкаўсходняй фэдэральнай акругі. Адміністрацыйны цэнтар — места Анадыр, разьмешчанае на паўднёвым усходзе аўтаномнай акругі.

Мяжуе з трыма суб’ектамі Расейскае Фэдэрацыі — адным краем (Камчацкім, на поўдні), адной вобласьцю (Магаданскай, на паўднёвым захадзе) і адной рэспублікай (Якутыяй, на захадзе). На захадзе абмываецца Ціхім акіянам, на поўначы праходзіць узьбярэжжа Ледавітага акіяну; на ўсходзе праходзіць марская мяжа Расеі з ЗША.

У Чукоцкім аўтаномнай акрузе па дадзеных на 2017 год 20% работнікаў зарабляюць больш за 100 тысяч расійскіх рублёў у месяц. Чукотка займае другое месца ў рэйтынгу ўзроўню заробкаў па рэгіёнах Расіі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першымі жыхарамі на тэрыторыі Чукоткі былі палеасыбірскія паляўнічыя, якія прыйшлі ў Чукотку з тэрыторыяў Цэнтральнай ды Ўсходняй Азіі. На той час Чукотка мела сухапутную сувязь з Амэрыкай, праз што Чукотка стала пляцдармам засяленьня Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі.

Традыцыйна на тэрыторыі Чукоткі пражывалі такія народы і этнасы як юпікі, каракі, чуванцы, эвены, юкагіры, таксама пражывала пэўная частка расейскіх перасяленцаў.

Расейская калянізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па заваёве Маскоўскай дзяржавай Казанскага й Астраханскага ханстваў у XVI ст. для расейцаў сталі адкрытымі шляхі да Ўралу, Сыбіры і Цэнтральнай Азіі, чым неўзабаве скарысталіся расейскія казакі. Імі быў пабудаваны шэраг фортаў у стратэгічных месцах рэгіёну, а мясцовае насельніцтва было падпарадкаванае расейскай манархіі.

Цягам некаторага часу, у першай палове XVII ст. расейцы дасягнулі поўначы Далёкага Ўсходу. На 1641 год прыпадаюць першыя згадкі казакоў пра чукчаў. Праз восем год Сямёнам Дзяжнёвым было дасьледаванае паўночна-ўсходняе ўзьбярэжжа, было створанае зімовае паселішча ў вусьці ракі Анадыр. Дзяжнёў ставіў спробы падпарадкаваць чукчаў і накласьці на іх даніну, аднак гэтыя спробы сталіся беспасьпяховымі. Урэшце, форт апынуўся закінутым праз суворыя паўночныя ўмовы і адсутнасьць мажлівасьці нарыхтоўкі прадуктаў харчаваньня.

Напрыканцы XVII ст. форт аднавіў сваё значэньне з прычыны адшуканьня марскога шляху з вусьця ракі Анадыр на Камчатку. Пазьней гэты форт выкарыстоўваўся як апорная кропка для экспэдыцыяў на Камчатку.

Калі ў Чукотцы былі знойдзеныя шматлікія прыродныя рэсурсы, расейскі ўрад стаў надаваць больш шырокую ўвагу гэтым землям. У 1725 годзе Пётар I даў паручэньне Вітусу Берынгу дасьледаваць Камчатку, Афанасію Шастакову — распачаць ваенную экспэдыцыю з мэтай падпарадкаваньня чукчаў. Гэтая экспэдыцыя, аднак, зазнала няўдачу праз караблекрушэньне, усе яе выжылыя чальцы былі забітыя чукчамі. У 1731 року падобная спроба была прадпрынятая Дзьмітрам Паўлуцкім, які выкарыстаў дапамогу казакоў, юкагіраў і каракаў (апошнія два — суседнія чукчам этнасы, заваяваныя Расеяй раней). Паўлуцкі падняўся па рацэ Анадыр і здолеў зьнішчыць мясцовы чукоцкі гарнізон. Захады Паўлуцкага прынесьлі часовы посьпех, у прыватнасьці, было замацаванае выплочваньне даніны некаторай часткай чукчаў. Аднак у 1747 чукчы разьбілі расейскі полк і забілі Паўлуцкага.

Разумеючы немагчымасьць лёгкага заваяваньня чукчаў Расеяй, расейскі ўрад у рэшце рэшт прапанаваў чукчам падданства Расейскай імпэрыі. У 1778 годзе была заключаная мірная дамова з чукчамі, паводле ўмоваў якой чукчы, між іншым, вызваляліся ад выплаты ясаку (асаблівы падатак, які прадугледжваўся для народаў Сыбіры і Далёкага Ўсходу, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Расеі).

Між тым, спробы засваеньня Чукоткі ставіліся таксама й з боку эўрапейцаў. У гэтым жа годзе брытанскі капітан Джэймз Кук дасьледаваў мыс Шміта й бухта Правідзенія. Асьцерагаючыся мажлівага сыходу Чукоткі з-пад расейскага ўплыву, імпэратрыца Кацярына ІІ загадала ажыцьцявіць картаграфічнае дасьледаваньне гэтае мясцовасьці. У 1785 годзе распачалася спэцыяльная экспэдыцыя на чале зь Ёзэфам Білінгсам і Гаўрылам Сарычавам, падобныя дасьледаваньні таксама ладзіліся з 1821 па 1825 гг. Фэрдынандам фон Урангелем і Фёдарам Мацюшкіным.

Заходні ўплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чукотка збольшага знаходзілася па-за сфэраю ўплыву Расеі, таму пачынаючы з 1820 року ў ёй пачалі ладзіць свае промыслы такія краіны, як ЗША, Вялікабрытанія і Нарвэгія, асабліва моцны ўплыў з боку амэрыканцаў пачаўся пасьля продажу Аляскі ЗША. Расейская рэакцыя пасьледавала ў 1880 годзе, калі былі створаныя спэцыяльныя ахоўныя патрулі. Тым ня менш, пазьней, у 1898 годзе ў Чукотцы ўзьнікла новая хваля не-расейскага засваеньня, выкліканага залатой ліхаманкай у Юкане. У 1909 годзе расейскі ўрад зьдзейсьніў некаторыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя рэформы ў Чукотцы з мэтай захаваньня свайго кантролю над рэгіёнам. Нягледзячы на гэта, Расея заахвочвала здабычу карысных выкапняў у Чукотцы некаторымі амэрыканскімі кампаніямі ў пэрыяд з 1902 па 1912 гг.

Працэс замацаваньня рэгіёну з Расеяй цягнуўся ажно да першых пэрыядаў існаваньня савецкае ўлады. У 1921 годзе канадзец Вільялмур Стэфансан зрабіў спробу тэрытарыяльных прэтэнзіяў на востраў Урангеля (крыху на поўнач ад Чукоткі), праз два гады на востраў прыбыла іншая падобная экспэдыцыя. Праз год расейскія савецкія ўлады здолелі замацаваць востраў за сабой, пасяленцы з папярэдніх экспэдыцыяў былі выдаленыя.

Савецкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1919 году ў рэгіёне актыўна адбываліся працэсы калектывізацыі і перасяленьня карэнных народаў. 10 сьнежня 1930 году была ўтвораная Чукоцкая нацыянальная акруга ў складзе РСФСР, якая 22 ліпеня 1934 году была ўключаная ў склад Камчацкае вобласьці[2]. З 28 траўня 1951 року акруга непасрэдна падпарадкоўвалася Хабараўскаму краю, з 3 сьнежня 1953 году — у складзе Магаданскае вобласьці. У 1980 годзе слова «нацыянальная» ў назьве акругі, як і ў іншых падобных акругах СССР, было замененае на «аўтаномная».

Цяперашні час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 ліпеня 1992 Чукоцкая аўтаномная акруга скарысталася магчымасьцю выхаду са складу вобласьці, выйшаўшы такім чынам са складу Магаданскае вобласьці і стаўшы непасрэдна падпарадкоўвацца фэдэральнаму ўраду (звычайна аўтаномная акруга, хоць і зьяўляецца суб’ектам Расейскае Фэдэрацыі, не ўваходзіць у склад Расеі непасрэдна, а ўваходзіць у яе праз вобласьць або край, ладзячы з вобласьцю або краем зносіны на дамоўнай аснове). На сёньня Чукоцкая аўтаномная акруга — адзіная з чатырох аўтаномных акругаў Расеі, якая не ўваходзіць у склад іншага суб’екту фэдэрацыі.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле зьвестак на 2013 год, насельніцтва аўтаномнай акругі склала 50 780 чал.[1], шчыльнасьць насельніцтва — 0,07 чал/км², дзеля гарадзкога насельніцтва — 66,66%[1]. Нацыянальны склад на 2010 год разьмеркаваўся наступным чынам[3]:

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У склад Чукоцкай аўтаномнай акругі ўваходзяць 1 меская акруга і 6 муніцыпальных раёнаў (Анадырскі, Білібінскі, Івульцінскі, Правідзенскі, Чаўнскі, Чукоцкі).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]