Габрэйская аўтаномная вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Габрэйская аўтаномная вобласьць
рас. Еврейская автономная область

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Эканамічны раён Далёкаўсходні
Статус аўтаномная вобласьць
Уваходзіць у Далёкаўсходнюю
фэдэральную акругу
Адміністрацыйны цэнтар Бірабіджан
Улучае 5 раёнаў
Найбольшы горад Бірабіджан
Іншыя буйныя гарады Бірабіджан, Аблучча, Нікалаеўка, Ленінскае, Амурзет
Дата ўтварэньня 20 жніўня 1934 (як Біра-Біджанскі нацыянальны раён)
7 траўня 1934 (як Аўтаномная Габрэйская нацыянальная вобласьць)
Губэрнатар Аляксандар Віньнікаў
Афіцыйныя мовы расейская
Насельніцтва (2013)
172 671[1] (80-е месца)
Шчыльнасьць 4,76 чал./км²
Плошча 36 266 км² (60-е месца)
Месцазнаходжаньне Габрэйскай аўтаномнай вобласьці
Габрэйская аўтаномная вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +11
Код ISO 3166-2 RU-YEV
Код аўтам. нумароў 79
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Габрэ́йская аўтаномная вобласьць (па-расейску: Еврейская автономная область, ід. ייִדישע אווטאָנאָמע געגנט) — суб’ект Расейскае Фэдэрацыі, адзіная аўтаномная вобласьць у яе складзе[2]. Месьціцца на ўсходзе Расеі, уваходзіць у склад Далёкаўсходняй фэдэральнай акругі краіны. Адміністрацыйны цэнтар — места Бірабіджан, знаходзіцца на паўночным усходзе аўтаномнай вобласьці.

Мяжуе з двума суб’ектамі Расейскае Фэдэрацыі, серад якіх адна вобласьць (Амурская, на паўночным захадзе) і адзін край (Хабараўскі, на поўначы й захадзе). На поўдзень і паўднёвы захад праходзіць мяжа Расеі з Кітаем.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўночны бераг ракі Амур, у тым ліку й тэрыторыя сучаснай Габрэйскай аўтаномнай вобласьці, трапіла ў склад Расейскай імпэрыі паводле Айгунскае дамовы 1858 году і Пэкінскага трактату 1860 году, якія былі заключаныя з цынскім Кітаем.

У сьнежні 1858 году расейскі ўрад пачаў фармаваць казацкія атрады для абароны паўднёва-ўсходніх памежных рэгіёнаў Сыбіры і камунікацыяў на рэках Амур і Ўсуры, пачалася калянізацыя пасяленцамі з Забайкальля. З 1858 па 1882 гады на тэрыторыі будучай аўтаномнай вобласьці было заснавана 63 паселішчы. Гэтыя тэрыторыі дасьледаваў шэраг географаў, этнографаў, натуралістаў і батанікаў, што паспрыяла разьвіцьцю рэгіёну.

У 1898 годзе пачалося будаўніцтва ўчастку Чыта — Уладзівасток Транссыбірскае магістралі. Гэты ўчастак стаў праходзіць тэрыторыяй будучай аўтаномнай вобласьці, што стала штуршком для заснаваньня ў рэгіёне новых паселішчаў і прытоку новых пасяленцаў. У 1908 року зьявіліся станцыі Валачаеўка, Аблучча і Біра, праз два гады былі збудаваныя станцыі Біракан і Ландока, яшчэ праз два гады адкрытая станцыя Ціханькая.

У дарэвалюцыйныя часы большасьць мясцовага насельніцтва была фэрмэрамі, аднак існавала здабыча лесу, золата, чыгуначныя майстэрні. Падчас грамадзянскай вайны ў Расеі гэтая прамысловасьць была разбураная і была адноўленая толькі ў 1926—1927 гадох.

Пачатак габрэйскага засваеньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 сакавіка 1928 року савецкім урадам была прынятая пастанова «Аб замацаваньні за Камітэтам па зямельным уладкаваньні габрэйскіх працоўных вольнае тэрыторыі каля ракі Амур для ўладкаваньня габрэйскіх працоўных», што азначала магчымасьць стварэньня габрэйскай нацыянальнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў гэтым рэгіёне. У будучыні статус адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі нават плянавалася падвысіць да рэспублікі (АССР), аднак гэты плян так і ня быў рэалізаваны[3].

20 жніўня 1930 году Цэнтральны Выканаўчы Камітэт РСФСР прыняў пастанову, згодна зь якой на тэрыторыі будучай аўтаномнай вобласьці быў утвораны Біра-Біджанскі нацыянальны раён у складзе тагачаснага Далёкаўсходняга краю. Некаторыя арганізацыі, напрыклад, габрэйскія камуністычная аб’яднаньні, сталі заахвочваць эміграцыю ў гэты раён[4].

7 траўня 1934 году Прэзыдыюм ЦВК пастанавіў падвысіць статус нацыянальнага раёну да аўтаномнае вобласьці, праз што Біра-Біджанскі нацыянальны раён стаў Габрэйскай аўтаномнай вобласьцю ў складзе РСФСР. Аднак праз чатыры гады, з утварэньнем Хабараўскага краю, аўтаномная вобласьць увайшла у яго склад.

Савецкае кіраўніцтва прадугледжвала стварэньне г.зв. «савецкага Сіёну», у якім разьвівалася б пралетарска арыентаваная, ідышамоўная габрэйская культура. Погляды Сталіна на нацыянальныя пытаньні разглядалі этнас як нацыю толькі ў выпадку, калі гэты этнас меў вызначаную тэрыторыю. Габрэйскія камуністычныя актывісты сьцьвярджалі, што спосабам вырашэньня гэтага пытаньня было стварэньне габрэйскай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Іншым фактарам было жаданьне ідэалягічнае супрацьвагі сіянісцкаму руху, які імкнуўся да стварэньня габрэйскае дзяржавы на Блізкім Усходзе, а таксама адсутнасьць у гэтым рэгіёне дастатковае колькасьці сталага насельніцтва, што было б непажаданым у памежным рэгіёне.

У 1930-х гадох была распрацаваная масавая кампанія па заахвочваньні перасяленьня габрэяў у гэты рэгіён. Сярод гэтае кампаніі адзначаліся ідышамоўныя раманы, якія з добрага ракурсу апісвалі сацыялістычны лад жыцьця на новых тэрыторыях. Выкарыстоўваліся асаблівыя мэтады агітацыі: так, спэцыяльныя самалёты раскідвалі ўлёткі над габрэйскімі кварталамі ў Беларусі, быў зьняты фільм пра габрэйскую сям’ю, якая ўцякла ў СССР з ЗША з прычыны Вялікае дэпрэсіі.

Габрэйскія пасяленцы спрыялі разьвіцьцю габрэйскае культуры ў аўтаномнай вобласьці. Была створаная ідышамоўная газэта Бірабіджанэр Штэрн (па-беларуску: «Бірабіджанская зорка»), ствараліся тэатральныя трупы, вуліцы атрымоўвалі назвы ў гонар габрэйскіх пісьменьнікаў.

Пэрыяд перад Другой сусьветнай вайной[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1937 годзе габрэйскае насельніцтва дасягнула піку серад насельніцтва ўсёй аўтаномнай вобласьці, склаўшы 20 тыс. чал., пасьля чаго, аднак, яно пачало бесьперапынна скарачацца. У сярэдзіне 30-х гадоў пачаліся рэпрэсіі габрэйскіх культурных дзеячоў, сталі зачыняцца школы на ідыш. Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны кампанія па заахвочваньні перасяленьня габрэяў на ўсход прыпынілася, па заканчэньні вайны яна была адноўленая.

Па распадзе СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1991 годзе Габрэйская аўтаномная вобласьць была выведзеная са складу Хабараўскага краю і стала суб’ектам Расейскае Фэдэрацыі, аднак на гэты момант большасьць габрэяў зьехала з аўтаномнай вобласьці, а астатняе габрэйскае насельніцтва складала толькі менш за 2% ад насельніцтва аўтаномнай вобласьці. Тым ня менш, ідыш зноў атрымаў магчымасьць выкладацца ў школах, пачалося адкрыцьцё ідышамоўных радыёстанцыяў, Бірабіджанэр Штэрн працягваў публікаваць разьдзел на ідыш. У 2003 годзе быў выпушчаны фільм пра гісторыю ўзьнікненьня Габрэйскай аўтаномнай вобласьці і пачатку ў ёй габрэйскага пасяленьня[5].

Існуюць прапановы аб’яднаньня аўтаномнай вобласьці з Хабараўскім краем[6][7] або з Амурскай вобласьцю[7]. Першы праект падтрымоўвае паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў Далёкаўсходняй фэдэральнай акрузе Віктар Ішаеў[7], аднак падобныя прапановы выклікаюць нязгоду серад жыхароў аўтаномнай вобласьці і сяброў габрэйскае супольнасьці Расеі, тым ня менш, падобныя праекты пакуль лічацца заўчаснымі. Супраць мажлівых праектаў аб’яднаньня выступаюць кіраўнікі раёнаў аўтаномнае вобласьці[8].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле зьвестак Расстату на 2013 год, насельніцтва аўтаномнай вобласьці склала 172 671 чал.[1] У тым ліку, шчыльнасьць насельніцтва склала 4,76 чал./км², дзеля мескага насельніцтва — 67,87%.

Нацыянальны склад на 2010 год разьмяркоўваецца наступным чынам: расейцы — 92,7%; украінцы — 2,8%; габрэі — 1,0%[9].

У аўтаномнай вобласьці зарэгістраваныя праваслаўныя арганізацыі, а таксама 34 рэлігійныя юдэйскія арганізацыі. Існуюць баптысцкія й мусульманскія супольнасьці. У дзень сьвяткаваньня 70-годзьдзя аўтаномнай вобласьці адкрытая Галоўная сынагога.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Габрэйскай аўтаномнай вобласьці

У склад Габрэйскай аўтаномнай вобласьці ўваходзяць 5 раёнаў:

  1. Аблучанскі;
  2. Сьмідовіцкі;
  3. Бірабіджанскі;
  4. Ленінскі;
  5. Акцябарскі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б https://web.archive.org/web/20181225132215/http://www.gks.ru/free_doc/new_site/population/demo/PrPopul.xls%0A
  2. ^ Зьвесткі паводле Канстытуцыі Расейскае Фэдэрацыі (артыкул 5, пункт 1)
  3. ^ А. И. Солженицын. Двести лет вместе.
  4. ^ Michael Walsh. George Koval: Atomic Spy Unmasked. — Smithsonian.
  5. ^ L'Chayim, Comrade Stalin! (анг.) Internet Movie Database. IMDB.com, Inc. 2011 Праверана 26 сьнежня 2013 г.
  6. ^ «Парад объединений» (рас.) Полит-НН.Ру Праверана 26 сьнежня 2013 г.
  7. ^ а б в Виктор Ишаев предлагает объединить Камчатку с Корякией и Приморьем, Якутию с Магаданской областью и Чукоткой, Хабаровский край с Амурской областью, ЕАО и Сахалином (рас.) PrimamMedia.ru Праверана 26 сьнежня 2013 г.
  8. ^ Руководители районов области не видят смысла в объединении ЕАО и Хабаровского края (рас.) EAOmedia.ru Праверана 26 сьнежня 2013 г.
  9. ^ https://web.archive.org/web/20120601173256/http://www.gks.ru/free_doc/new_site/population/demo/per-itog/tab7.xls

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]