Расейская імпэрыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Расейская імпэрыя
Россійская имперія

 

1721—1917
Сьцяг Расейскай імпэрыі Герб Расейскай імпэрыі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Съ нами Богъ!
Дзяржаўны гімн: «Боже, Царя храни!»
Месцазнаходжаньне Расейскай імпэрыі
Афіцыйная мова Расейская мова
Сталіца Санкт-Пецярбург (1721—1728, 1730—1917[1]), Масква (1728—1730)
Найбуйнейшы горад Санкт-Пецярбург, Масква, Кіеў, Адэса, Лодзь, Рыга, Варшава
Форма кіраваньня Абсалютная манархія
Сьпіс расейскіх імпэратараў
Плошча
 • агульная

21 799 825 (1914) км²
Насельніцтва
 • агульнае (1916)
 • шчыльнасьць

181 537 800
8,1/км²
Этнічны склад Расейцы (44,3%),
Украінцы (17,8%),
Палякі (6,3%),
Беларусы (4,7%),
Жыды (4,5%)
Валюта Расейскі рубель
Незалежнасьць 1721—1917
  1. ^ У 1914—1917 — Петраград

Расе́йская імпэ́рыя (рас. Российская империя) — афіцыйная назва Расеі ў 1721—1917 гадох. Сталіцай у 1721—1728 і 1730—1917 гадох быў Санкт-Пецярбург, у 1728—1730 гадох Масква. Трэцяя паводле плошчы імпэрыя ў сусьветнай гісторыі (пасьля Брытанскай і Мангольскай). На захадзе амывалася Балтыйскім морам, на поўначы — Паўночным Ледавітым акіянам, на ўсходзе — Ціхім акіянам, на поўдні — Чорным морам. Ачольвалася гаспадарамі Маскоўскай дзяржавы, якія абвясьцілі сябе «Імпэратарамі Ўсерасейскімі» і валодалі неабмежаванай абсалютнай уладай да 1905 году. Спыніла сваё існаваньне ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі і абвяшчэньня рэспублікі ў 1917 годзе Часовым урадам.

Расейская імпэрыя, у адрозьненьне ад іншых каляніяльных імпэрыяў таго часу, была не заморскай, а кантынэнтальнай. Геаграфічна калёніі знаходзіліся побач з мэтраполіяй, а часам мелі этнічную блізкасьць зь ёй. Гэта дазваляла ня толькі прыхоўваць каляніяльны прыгнёт, але і накідваць паняволеным народам чужую гісторыю, культуру і мову[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абвесткі ў газэце Московские ведомости(ru) за 1800 год пра продаж людзей і коней[2]

Па перамозе ў Вялікай Паўночнай вайне і складаньня Ніштацкай дамовы ў верасьні 1721 году Ўрадавыя сэнат і сынод Маскоўскай дзяржавы пастанавілі надаць гаспадару Пятру I тытул «Імпэратара Ўсерасейскага»[3]. Прусія і Галяндыя неадкладна прызналі новы тытул маскоўскага гаспадара, Швэцыя ў 1723, Асманская імпэрыя ў 1739, Вялікабрытанія і Аўстрыйская імпэрыя ў 1742, Францыя і Гішпанія ў 1745 і, нарэшце, Рэч Паспалітая ў 1764 годзе[3].

У XVIII ст. назіралася масавае перасяленьне сялянаў з падуладнай Расейскай імпэрыі гістарычнай Смаленшчыны ў Вялікае Княства Літоўскае. Так, у 1754 годзе маскоўская гаспадыня Елізавета Пятроўна запатрабавала ад Сойму Рэчы Паспалітай вярнуць у Расею адзін мільён уцекачоў[4][5]. У гэты ж час расейскія карныя войскі неаднаразова пераходзілі дзяржаўную граніцу з мэтай захопу і вывазу зьбеглага насельніцтва ў Сыбір. У 1764 годзе маскоўская гаспадыня Кацярына II дала наступнае заданьне датычна захопленага Расейскай імпэрыяй Смаленскага ваяводзтва і іншых земляў[a]:

« Гэтыя правінцыі, а таксама Смаленскую трэба найлягчэйшымі спосабамі прывесьці да таго, каб яны абмаскаліліся і перасталі б глядзець, як волкі да лесу. »

—Собственноручное наставление Екатерины ІІ князю Вяземскому при вступлении им в должность генерал-прокурора (февраль 1764 г.).

Паміж першым (1772 год) і другім (1793 год) падзеламі Рэчы Паспалітай з анэксаваных Расейскай імпэрыяй тэрыторыяў Полацкага, Віцебскага і Амсьціслаўскага ваяводзтваў у Вялікае Княства Літоўскае перайшло больш за 30 тысячаў сялянаў. У сваіх нотах расейскі ўрад называў гэтыя масавыя ўцёкі «неразумнай эміграцыяй» і ацэньваў агульную колькасьць перасяленцаў у 300 тысячаў чалавек[6].

Масавыя катаваньні прыгонных[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікую вядомасьць набыў выпадак расейскай абшарніцы часоў маскоўскай гаспадыні Кацярыны II Дар'і Салтыковай (Салтычыхі, у дзявоцтве Івановай)(ru), якая па-садыску катавала, калечыла і забівала прыгонных (агулам за 7 гадоў забіла 139 чалавек, у тым ліку дзяцей[7]) у сваіх маёнтках, разьмешчаных у межах сучаснай Масквы. Як зазначае, расейскі гісторык Аляксандар Каменскі(ru), менавіта за часамі Кацярыны II прыгон дасягнуў найвышэйшай ступені свайго разьвіцьця: абшарнікі атрымалі права высылаць сваіх сялянаў на катаргу (1765 год), прыгонным забаранялася падаваць скаргі на абшарнікаў ва «ўласныя рукі», гэта значыць беспасярэдне «імпэратрыцы» (1767 год) ды іншае. І хоць расейскія ўлады часам ладзілі паказальныя працэсы над абшарнікамі (як у «справе Салтычыхі»), улада расейскіх абшарнікаў над прыгоннымі была бязьмежнай[8].

Расейскі гісторык, доктар гістарычных навук, Морган Рахматулін зьвяртае ўвагу на тое, што падобныя катаваньні прыгонных былі звычайнай справай у тагачаснай Расейскай імпэрыі[9]:

У абшарніцкіх маёнтках пакараць прыгоннага розгамі, батагамі, бізунамі, пасадзіць у ланцугах і калодках на хлеб і ваду было справай штодзённай. Да такіх пакараньняў звярталіся і вайскавод Аляксандар Сувораў, і навуковец-аграном Андрэй Болатаў, і паэт Гаўрыіл Дзяржавін, і пісьменьнік і гісторык Міхаіл Шчарбатаў, і многія іншыя адукаваныя людзі эпохі, якія такім парадкам фактычна станавіліся ў адзін шэраг з Салтычыхай. І гэта было нормай.

Русіфікацыя Вялікага Княства Літоўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Русіфікацыя Беларусі

Палітыка ўладаў Расейскай імпэрыі на анэксаваных землях Вялікага Княства Літоўскага мела выразны каляніяльны характар[10][11]. 28 траўня 1772 году адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай маскоўская гаспадыня Кацярына II падпісала Наказ, згодна зь якім ўсе губэрнатары на чале губэрняў, утвораных на анэксаваных землях, абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на расейскай мове замест ранейшай польскай (мова афіцыйных дакумэнтаў Рэчы Паспалітай з 1696 году). Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі, толькі калі гэта не датычыла сфэры ўлады. 8 траўня 1773 году Кацярына II падпісала чарговы Наказ «Аб заснаваньні ў Беларускіх губэрнях губэрнскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстаньне ў справаводзтве выняткова расейскай мовы[12]. Тым часам прызначаны кіраваць новаўтворанай Менскай япархіяй Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі Віктар Садкоўскі ў час свайго выступу ў Слуцку пагражаў мясцовым праваслаўным сьвятарам за выкарыстаньне беларускай мовы замест расейскай[13]:

« Я вас выкараню, вынішчу, каб і мовы не было вашай праклятай літоўскай і вас саміх. Я вас у высылкі павысылаю або ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардону панаваджу. »
Касьцёл Сьвятога Крыжа ў Бярозе Картускай да (налева) і па (направа) руйнаваньні расейскімі ўладамі

Кацярына II імкнулася да аб’яднаньня анэксаваных земляў зь іншымі часткамі імпэрыі, але рабіла гэта асьцярожна і паступова. Па здушэньні паўстаньня 1794 году гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываньнем карных захадаў[14]. Сярод іншага пачалося масавае звальненьне ўраднікаў мясцовага паходжаньня зь дзяржаўных установаў з заменай іх выхадцамі з Расеі[15].

Маскоўскія гаспадары Павал I і Аляксандар I не прымалі значных захадаў супраць пашырэньня польскай мовы, таму гэты ўплыў на беларускіх землях па ягоным вынішчэньні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў расейскі. Па прыходзе да ўлады ў сьнежні 1825 году Мікалая I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I скіроўвалася на вяртаньне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў[14]. 16 верасьня 1831 году ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», задачай якога было «зраўняць Заходні край ува ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губэрнямі»[14]. Міністар унутраных справаў Расейскай імпэрыі Пётар Валуеў падрыхтаваў для Камітэту адмысловы «Нарыс пра сродкі абмаскаленьня Заходняга краю» (рас. «Очерк о средствах обрусения Западного края»[16]).

Згодна з указамі ад 29 лістапада 1830 і 18 лютага 1831 году ў Віцебскай і Магілёўскай губэрнях спынялася дзеяньне Статуту Вялікага Княства Літоўскага. На падставе ўказаў ад 30 кастрычніка 1831 і 11 студзеня 1832 году ўсім дзяржаўным установам і пасадам на анэксаваных тэрыторыях надаваліся расейскія назвы[17]. 25 чэрвеня 1840 году Мікалай I выдаў указ, згодна зь якім усе справы як ува ўрадавай, так і ў судовай частцы, не вылучаючы справаў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і найменьня яны не былі, трэба было пісаць толькі на расейскай мове. У афіцыйнай дакумэнтацыі колішняе Вялікае Княства Літоўскае атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасна поўнасьцю скасоўвалася дзеяньне Літоўскага Статуту[15].

Расстрэл ксяндза Зямацкага расейскімі карнікамі на загад Мураўёва, 5.06.1863 г.

Апроч таго, Мікалай I зацьвердзіў пастанову аб перасяленьні ў Беларусь «выхадцаў з унутраных губэрніяў, якія прынясуць з сабой у гэты край, чужы Расеі, нашу мову, звычаі, прыхільнасьць расейцаў да стальцу»[4].

За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленьні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губэрняў зь іншымі тэрыторыямі Расейскай імпэрыі ўсё яшчэ працягвалася[14].

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў працэс маскалізацыі ўзначаліў генэрал-губэрнатар М. Мураўёў, названы сучасьнікамі Вешальнікам і Людаедам[18]. Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга краю» надаваў маскалізацыі адукацыі, шырока вядомым ёсьць ягоны дэвіз[19]:

«

Што не дарабіў расейскі штык — даробіць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейская царква

»
Характэрная мураўёўка з купаламі-цыбулінамі, шатрамі, какошнікамі і інш.

Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансэрватыўнага кірунку ў «западно-руссизме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выданьня «Вестник Юго-Западной и Западной России» пад новай назвай «Вестник Западной России». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзеньне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс ня меў папулярнасьці, і ў 1871 годзе яго закрылі[20].

Зьвяртаючыся да шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага Мураўёў казаў[4]:

«

Забудзьцеся пра наіўныя летуценьні і мары, панове, і помніце, што калі вы ня станеце тут сваімі думкамі і пачуцьцямі расейцамі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край

»
Расейскі помнік г.зв. «Айчыннай вайне» ў Полацку з двухгаловымі арламі, купалам-цыбулінай і расейскім крыжам

Істотнымі фактарамі маскалізацыі ў «Паўночна-заходнім краі» былі падвышаныя (параўнальна з мэтраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расеі, а таксама расейскае войска, шматлікія гарнізоны якога бесьперапынна разьмяшчаліся ў беларускіх местах і мястэчках[21].

Асаблівасьцю русіфікацыйных захадаў уладаў Расейскай імпэрыі ў Беларусі была агрэсіўная прапаганда сярод беларусаў фактычна акупацыйнай расейскай мовы і культуры (мовы і культуры Маскоўскай дзяржавы) як «сваіх уласных», якімі тыя нібыта карысталіся раней[22]. Як адзначае беларускі гісторык Уладзімер Арлоў, па анэксіі земляў Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады спрыялі пашырэньню назвы беларусы, бо гэтая назва больш адпавядала імпэрскім інтарэсам і дазваляла трактаваць гістарычных ліцьвінаў як разнавіднасьць расейцаў («вялікарусаў»). Разам з тым, гэтая назва замацавалася за ўсім насельніцтвам толькі на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў[23].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 7: Бумаги Императрицы Екатерины II, хранящияся в Государственном Архиве Министерства Иностранных Дел. Ч.1 / Собраны и изданы, с Высочайшаго соизволения, по предначертанию Его Императорскаго Величества Государя Наследника Цесаревича, академиком Пекарским. — СПб.: Тип. Имп. Акад. наук, 1871. С. 348.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 320.
  2. ^ Мировая история. История России. XVIII—XIX вв. Книга 1. — Москва, 2014. С. 269.
  3. ^ а б Шубинский С. Н. Исторические очерки и рассказы. — 6-е изд. — СПб., 1911. С. 44—51.
  4. ^ а б в Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  5. ^ Арлоў У. Калі пасяліліся на беларусі расейцы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 49.
  6. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 308.
  7. ^ Рудаков В. Салтыкова, Дарья Николаевна // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб.: 1900 Т. XXVIIIa. — С. 149.
  8. ^ Каменский А. Б. Екатерина II // Большая российская энциклопедия. Т. 9. — М., 2007. С. 630—633.
  9. ^ Рахматуллин М. А. Глава 40. Итоги царствования Екатерины II. // История России: В 2 т. Т. 1: С древнейших времён до конца XVIII в. / А. Н. Сахаров, Л. Е. Морозова, М. А. Рахматуллин и др.; под. ред. А. Н. Сахарова. — М.: АСТ, Ермак, Астрель, 2005. С. 914—928.
  10. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 330.
  11. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 39.
  12. ^ Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. — Менск, 1940.
  13. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 5.
  14. ^ а б в г Швед В. Эвалюцыя расейскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) // Гістарычны Альманах. Том 7, 2002.
  15. ^ а б Крыжаноўскі М. Жывая крыніца ты, родная мова // Народная Воля. № 65—66, 1 траўня 2008 г.
  16. ^ Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIХ века). — СПб: Алетейя, 2000.
  17. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 228.
  18. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 257.
  19. ^ У менскім праваслаўным храме маліліся за Мураўёва-вешальніка — упершыню за сто гадоў, Радыё Свабода, 23 лістапада 2016 г.
  20. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 133.
  21. ^ Арлоў У. Калі пасяліліся на беларусі расейцы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 49.
  22. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 21—22.
  23. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 161.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]