Бізантыйская імпэрыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бізантыйская імпэрыя
Βασιλεία Ῥωμαίων

395—1204
1261—1453
Сьцяг Бізантыйскай імпэрыі Герб Бізантыйскай імпэрыі
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Бізантыйскай імпэрыі

Зьмененьне межаў Бізантыйскай імпэрыі ў часе

Афіцыйная мова лаціна, сярэднегрэцкая
Сталіца Канстантынопаль
Форма кіраваньня манархія
Канфэсійны склад праваслаўе
Валюта салід, бізантыйская манэта, дукат

Бізанты́йская імпэ́рыя, Бізанты́я (па-грэцку: Βασιλεία Ρωμαίων, па-лацінску: Imperium Romanum — «Рымская імпэрыя») — дзяржава на тэрыторыі ўсходняй часткі разьдзеленай Рымскай імпэрыі (таксама Ўсходняя Рымская імпэрыя). Бізантыйская імпэрыя існавала з часу разьдзяленьня Рымскай імпэрыі ў 395 годзе да падзеньня Канстантынопалю і захопу Асманскай імпэрыяй у 1453 годзе. Тэрміны «Бізантыя», «бізантыйскі» пачалі ўжывацца ў часы гуманізму. Жыхары Бізантыйскай імпэрыі лічылі сябе рымлянамі, а сваю дзяржаву — працягам Рымскай імпэрыі, мовай адміністрацыі напачатку існаваньня дзяржавы была лаціна, а з VII стагодзьдзягрэцкая мова. Заходнія крыніцы таксама называюць Бізантыйскую імпэрыю «Раманія». Цягам большай часткі ейнай гісторыі шматлікія з заходніх сучасьнікаў называлі яе «імпэрыя грэкаў» праз панаваньне ў ёй грэцкага насельніцтва і культуры. У Старажытнай Русі яе таксама звычайна называлі «грэцкім царствам», а яе сталіцу — «Царградам».

Сталіцай Бізантыі на працягу ўсёй гісторыі быў Канстантынопаль, адзін з буйнейшых гарадоў сярэднявечнага сьвету. Найбольшыя тэрыторыі імпэрыя кантралявала пры імпэратары Юстыніяне I. Адгэтуль дзяржава паступова пачала губляць землі пад націскм барбарскіх каралеўстваў і ўсходнеэўрапейскіх плямёнаў. Пасьля арабскіх заваяваньняў імпэрыя займала толькі тэрыторыю Грэцыі і Малай Азіі. Некаторае ўзмацненьне IXXI стагодзьдзях зьмянілася сур’ёзнымі стратамі, распадам краіны пад ударам крыжакоў і згубай пад націскам туркаў-сэльджукаў і туркаў-асман.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падзел Рымскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстантын Вялікі

У 330 годзе рымскі імпэратар Канстантын Вялікі абвесьціў сваёй сталіцай горад Бізантый, пераназваўшы яго ў Канстантынопаль. Новая сталіца знаходзілася на найважным гандлёвым шляху з Чорнага мора ў Міжземнае, па якім ажыцьцяўляўся падвоз хлеба. У Рыме стала зьяўляліся ўсё новыя прэтэндэнты на трон. Перамогшы супернікаў у зьнясільваючых грамадзянскіх войнах, Канстантын жадаў стварыць сталіцу, першапачаткова і цалкам падуладную яму аднаму. Гэтай жа мэты закліканы быў паслужыць і глыбокі ідэйны пераварот: яшчэ нядаўна падвяргаючыся ў Рыме перасьледам, падчас валадараньня Канстантына хрысьціянства было абвешчана дзяржаўнай рэлігіяй. Канстантынопаль адразу стаў сталіцай хрысьціянскай імпэрыі.

Канчатковы падзел Рымскай імпэрыі на Ўсходнюю і Заходнюю адбылося ў 395 годзе пасьля сьмерці Тэадосіюса I. Галоўным адрозьненьнем Бізантыі ад Заходняй Рымскай імпэрыі была перавага на ейнай тэрыторыі грэцкай культуры. Адрозьненьні нарасталі, і на працягу двух стагодзьдзяў дзяржава канчаткова набыла сваё ​​індывідуальнае аблічча[1].

Позьнеантычны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрэска з выявай Юстыніяна I ў Равэнне
Мапа Бізантыі каля 550 году

Бізантыйскае грамадзтва ў IVVI стагодзьдзях дэманстравала значна большую стабільнасьць антычных формаў жыцьця, чым насельніцтва заходняй часткі імпэрыі, якая перажывала ўнутраны крызіс і адначасова мусіла супрацьстаяць нападам барбараў. Бізантыя здолела свой крызіс пераадолець. У гэтага было некалькі прычынаў, то бок тутэйшыя правінцыі былі больш шчыльна населеныя, і іхная эканоміка не трымалася толькі на працы рабоў. Дзяржава яшчэ з часоў Канстантына I Вялікага намагалася прывязаць жыхароў да зямлі, каб забясьпечыць апрацоўку надзелаў, ад якіх у казну паступалі падаткі, а ў войска правізія. Акрамя гэтага, захаваўся шматлікі слой вольных земляробаў з дробнай зямельнай маёмасьцю. Таму тут зьмяншэньне колькасьці ваеннапалонных не спрычынілі такі глыбокі эканамічны заняпад, як на захадзе. У Бізантыі была гусьцейшая сетка гарадзкіх пасяленьняў, ад дробных мястэчкаў аграрнага характару да значных рамесьніцкіх цэнтраў, якія забясьпечвалі ўсю імпэрыю, важных портаў ці скрыжаваньняў наземных гандлёвых шляхоў, стотысячных гарадоў, якім быў, напрыклад, Канстантынопаль, Антыёхія ці Александрыя ў Эгіпце. У Бізантыі захавалася інтэнсіўнае рамесьніцтва і гандаль, разьвівалася палітычнае жыцьцё і культура. Гэта, натуральна, вяло да паглыбленьня адрозьненьняў паміж захадам і ўсходам.

У пэрыяд вялікага перасяленьня народаў Бізантыйская імпэрыя была вымушана абараняцца ад барбарскіх плямёнаў, сярод якіх былі готы, гуны, пазьней авары і славяне ці булгары. Дзякуючы ваеннай, а часта і культурнай перавазе і дыпляматычнай хітрасьці бізантыйскія ўлады здолелі захаваць імпэрыю. У VI стагодзьдзі за імпэратарам Юстыніянам I, які быў найвыбітнейшым бізантыйскім уладаром позьнеантычнага пэрыяду, Бізантыя нават захапіла тэрыторыі, якія раней належалі да Заходняй Рымскай імпэрыі, як то Італія, паўночная Афрыка, паўднёвая Гішпанія. У гэты час з волі імпэратара адбылася кадыфікацыя рымскага права. Гэта быў важны юрыдычны крок, які ўзаконіў сучасныя нормы жыцьця ў Бізантыйскай імпэрыі. Сярод іх было выключнае становішча старой рабаўласьніцкай арыстакратыі, артадаксальнае хрысьціянства як дзяржаўная рэлігія, злучэньне сьвецкай і царкоўнай найвышэйшай улады.

Апошнім імпэратарам гэтака пэрыяду быў Маўрыцыюс, які здолеў спыніць пэрсыдзкую афэнзыву, але ня здолеў перашкодзіць славянскай экспансіі на Балканах. Пасьля ягонага зьняцьця і забойства ў 602 годзе Бізантыя апынулася ў цяжкім становішчы.

Час вялікіх зьменаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыі Бізантыі ў 650 годзе
Русіны пад сьценамі Канстантынопалю ў 860 годзе

Падзеі памежжа VI і VII стагодзьдзяў выразна прадэманстравалі, што намаганьні Юстыніяна аднавіць імпэрыю ня спраўдзяцца. Жыцьцё ў Бізантыі было пад сталай пагрозай славянскай міграцыі, працяглых войнаў з пэрсамі, якія хутка замяніла рэзкая арабская экспансія. Каб пераадолець гэты крызіс, Бізантыя мусіла перажыць значныя зьмены, пераўтварыцца з позьнеантычнай дзяржавы і грамадзтва ў дзяржаву і грамадзтва сярэднявечнае.

Славяне і арабы рабілі Бізантыі шмат праблемаў сваімі набегамі. На працягу VII стагодзьдзя былі практычна страчаныя балканскія і ўсходнія правінцыі (Мэсапатамія, Эгіпет, Сырыя і іншыя), імпэрыя была пазбаўленая эканамічнага патэнцыялу ўсходу ўключна з бальшынёй разьвітых гарадоў (Атыёхія, Александрыя і іншыя). Гэтыя геаграфічна-палітычныя і дэмаграфічныя зьмены і патрэба ў актыўнай абароне тэрыторыі дзяржавы ўсё ж дапамаглі распачаць вайсковыя рэформы і рэформы адміністрацыйнай сыстэмы, якія вялі да зьмены сацыяльнай структуры бізантыйскага грамадзтва і эканомікі. У той жа час страта правінцыяў, насельніцтва якіх збольшага не было грэцкага паходжаньня і адрозьнівалася мовай (размаўлялі ў асноўным па-арамэйску, па-армянску ці па-копцку), веравызнаньнем і культурай, паспрыяла ўзмацненьню адзінства імпэрыі, як ў культурным, гэтак і ў рэлігійным сэнсе. Арабская і славянская экспансіі былі адным з важных фактараў, якія ўплывалі на пераўтварэньне Ўсходняй Рымскай імпэрыі ў сярэднявечную грэцкую дзяржаву.

Страціўшы вялікія тэрыторыі на карысьць арабаў і славянаў, у VIII стагодзьдзі Бізантыя разьмяшчалася ў значна меншых абсягах, чым у позьнеантычны пэрыяд. Зь іншага боку, імпэратары здолелі спыніць глыбокі палітычны крызіс, які пагражаў краіне ў мінулым стагодзьдзі, і ўзмацніць цэнтральную ўладу. Крызіс быў пераадолены, але ў хуткім часе ён перасунуўся ў сфэру набажэнцкай ідэалёгіі і царкоўнай палітыкі. У 726 годзе імпэратар Леў ІІІ забараніў пакланяцца абразам і загадаў прыбраць іх зь бізантыйскіх храмаў. Дасюль гісторыкі дыскутуюць пра тое, што было прычынай гэтага рашэньня. Загад свайго бацькі пашырыў Канстантын V Капранім, які склікаў у 757 годзе ў Канстантынопалі царкоўны сабор, удзельнікі якога абвясьцілі абразаборніцтва афіцыйным вучэньнем хрысьціянскай царквы. Пасьля гэтага імпэратар пачаў перасьледаваць іканафілаў.

У 787 годзе імпэратрыца-рэгентка Ірына Атэнская склікала Ўсяленскі сабор у Нікеі, на якім было адноўлена шанаваньне абразоў. У 815 годзе Леў V Армянін зноў абвясьціў абразаборніцтва. Бой за шанаваньне абразоў паўплываў на бізантыйскае грамадзтва мацней, чым ранейшыя хрысталягічныя спрэчкі, і паўплываў на падзеі ў імпэрыі наступных 120 гадоў. Вострае сутыкненьне поглядаў падзяліла насельніцтва Бізантыі на два лягеры, паспрыялі паглыбленьню розьніцы паміж заходняй (эўрапейскай) і ўсходняй (азіяцкай) часткамі імпэрыі і прывялі да пагібельнага адасабленьня грэцкага артадаксальнага сьвету і заходняга хрысьціянства. Наступствам гэтага была зьмена арыентацыі папы на Імпэрыю Франкаў, а таксама рэстаўрацыя заходняй імпэрыі.

Узмацненьне раньнесярэднявечнай Бізантыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У IX стагодзьдзі былі скончаныя вялікія дагматычныя спрэчкі аб шанаваньні абразоў, наступствам якіх быў працяглы духоўны і грамадзкі крызіс. Вяртаньне да шанаваньня абразоў у 843 годзе ня толькі паставіла канчатковую кропку ў абразаборніцкім руху, але і азначыла пераадоленьне экстрэмісцкіх праяваў абодвух кірункаў. Гэтаму дапамагла ўсеагульная стома і новыя праблемы ў зьнешняй палітыцы. У той жа час былі створаныя перадумовы для ўзмацненьня сярэднявечнай Бізантыйскай імпэрыі.

У гэты пэрыяд адбываюцца новыя зьмены ў структуры бізантыйскага грамадзтва. Утвараюцца вялікія прыватныя надзелы. Зямлю на гэтых тэрыторыях апрацоўвалі розныя катэгорыі земляробчага насельніцтва, наёмныя працаўнікі. Да канца XI стагодзьдзя ў бізантыйскім земляробстве сустракаецца рабства. Але паступова даволі вялікім грамадзкім слоем сталі paroikoi — залежныя сяляне, падданыя. Пароікас быў асабіста вольны і тэарэтычна мог пакінуць маёнтак. Але калі ён жыў на зямлі больш за 30 гадоў, гаспадар ня мог яго выгнаць. Шматлікі слой залежнага сялянства паступова стаўся падставовым складнікам земляробчага насельніцтва, у той час калі вольныя сяляне перасталі ў Бізантыі займаць важную пазыцыю і пакрысе зьнікалі. Сфармаваўся фэадалізм са спэцыфічнымі рысамі, якімі адрозьніваўся ад заходнеэўрапейскага фэадалізму. Напрыклад, тут не разьвілася асабістая залежнасьць падданых — прыгоньніцтва, а таксама клясычныя ленавыя адносіны.

Фэадалы пачалі ўмешвацца ў адміністрацыю і атрымліваць высокія вайсковыя званьні. Намагаючыся забясьпечыць сабе палітычную ўладу, фэадальным магнатам у гэтым супрацьдзейнічала адміністрацыйная арыстакратыя, якая да гэтага часу прадстаўляла адну з найбольш уплывовых групаў.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адна са старажытных бізантыйскіх манэтаў

Бізантыйская эканоміка была адной з самых перадавых у Эўропе і Міжземнамор’і на працягу многіх стагодзьдзяў. Эўропа, у прыватнасьці, была не ў стане адпавядаць бізантыйскай эканамічнай моцы да позьняга сярэднявечча. Канстантынопаль быў гандлёвым цэнтрам, які ў розныя часы гандляваў амаль ва ўсёй Эўразіі і Паўночнай Афрыцы, у прыватнасьці, горад зьяўляўся канчатковай кропкай знакамітага Шаўковага шляху. Да першай паловы VI стагодзьдзя ў рэзкім кантрасьце з заняпадам на Захадзе, бізантыйская эканоміка квітнела і ўмацоўвалася[2]. Аднак чума Юстыніяна і арабскія заваёвы, істотна паслабілі імпэрыю і спрыялі пэрыяду заняпаду і застою. Ісаўраўскія рэформы і, у прыватнасьці, засяленьне Канстантына V, грамадзкія працы і падатковыя меры, паклалі пачатак адраджэньню імпэрыі, што працягвалася да 1204 году, нягледзячы на тэрытарыяльныя скарачэньні[3]. З X стагодзьдзя да канца XII стагодзьдзя Бізантыйская імпэрыя жыла ў раскошы, і нават вандроўцы, якія прыязжалі ў Канстантынопаль, былі ўражаныя багацьцем сталіцы. Чацьвёрты крыжовы паход прывёў да парушэньня бізантыйскай вытворчасьці і камэрцыйнага панаваньня Бізантыі ўва ўсходняй частцы Міжземнага мора, што сталася эканамічнай катастрофай для імпэрыі. Палаёлягі спрабавалі ажывіць эканоміку, але да канца часоў імпэрыі дзяржава ня здолела атрымаць поўны кантроль над зьнешняй і ўнутранай эканамічнай сілы. Паступова, яна таксама страціла свой уплыў на ўмовы гандлю і цэнавыя мэханізмы, а таксама кантроль над адтокам каштоўных мэталаў. На думку некаторых навукоўцаў, імпэрыя ў апошнія гады нават на біла ўласных манэтаў[4].

Адной з эканамічных асноваў Бізантыі быў гандаль, чаму спрыяў марскі характар імпэрыі. Тэкстыльныя вырабы быў самым важным прадметам экспарту, то бок бізантыйскі шоўк, імпартаваў Эгіпет, а такама ён зьяўвіўся ў Баўгарыі і на Захадзе[5]. Дзяржава жорстка кантралявала як унутраны, гэтак і міжнародны гандаль, і доўгі час захоўвала на ягоную манаполію. Біцьцё манэтаў, падтрымліваючы трывалую і гнуткую грашовую сыстэму, было адаптавана да патрэбаў гандлю. Урад ажыцьцяўляў фармальны кантроль над працэнтнымі стаўкамі, а таксама ўсталёўваў правілы дзейнасьці цэхаў і карпарацыяў, у якіх ён праяўляў асаблівую цікавасьць. Імпэратар і ягоныя чыноўнікі ўмешваліся ў пэрыяд крызісу ў цэнаўтварэньне, у мэтах зьніжэньня коштаў на збожжавыя. Нарэшце, урад часьцяком перанакіроўваў лішкі з падаткаў у пераразьмеркаваньне ў выглядзе заработку для дзяржаўных служачых, або ў выглядзе інвэстыцыяў у грамадзкія працы.

Войска[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падзел Бізантыі на тэмы ў 950 годзе

Нягледзячы на тое, што Бізантыйская імпэрыя ўспадкавала будову свайго войска ад Рымскай імпэрыі, ейная структура набліжалася да фалянговай сыстэмы элінскіх дзяржаваў. Да канца існаваньня Бізантыі яна стала ў асноўным наёмнай і адрозьнівалася даволі нізкай баяздольнасьць.

Затое ў дэталях была распрацавана сыстэма воінскага кіраваньня і забесьпячэньня, былі зроблены працы па стратэгіі і тактыцы, шырока прымяняліся разнастайныя тэхнічныя сродкі, у прыватнасьці для апавяшчэньня аб нападзе ворагаў была пабудавана сыстэма маякоў. У адрозьненьне ад старой рымскай арміі моцна павялічылася значэньне флёту, якому вынаходзтва «грэцкага агню» дапамагло заваяваць панаваньне ў моры. У Сасанідаў была пераймавана цалкам браняваная коньніца — катафрактарыі. У той жа час зьніклі тэхнічна складаныя кідальныя прылады, як то балісты і катапульты, якія былі выцесьненыя больш простымі каменямётамі.

Пераход да тэмнай сыстэмы набору войска забясьпечыў краіне 150 гадоў пасьпяховых войнаў, але фінансавае зьнясіленьне сялянства і ягоны пераход у залежнасьць ад фэадалаў прывялі да паступовага зьніжэньня баяздольнасьці. Сыстэма камплектаваньня была зьмененая на тыпова фэадальную, калі шляхта была абавязаная пастаўляць воінскія кантынгенты за права валоданьня зямлёй. У далейшым армія і флёт прыйшлі ўва ўсе большы заняпад, а ў самым канцы існаваньня імпэрыі ўяўлялі сабой чыста наёмныя фараваньні. У 1453 годзе Канстантынопаль з насельніцтвам у 60 тысячаў жыхароў здолеў выставіць толькі 5 тысячаў чалавек, а таксама 2,5 тысячы наймітаў. З X стагодзьдзя канстантынопальскія імпэратары наймалі русінаў і воінаў з суседніх варварскіх плямёнаў. З XI стагодзьдзя этнічна зьмешаныя варагі гулялі значную ролю ў цяжкай пяхоце, а лёгкая коньніца камплектавалася зь цюрскіх качэўнікаў.

Пасьля таго, як эпоха паходаў вікінгаў падышла да канца ў пачатку XI стагодзьдзя, найміты з Скандынавіі, а таксама з заваяваных вікінгамі Нармандыі і Ангельшчыны, накіраваліся ў Бізантыю праз Міжземнае мора. Будучы нарвэскі кароль Гаральд Суровы некалькі гадоў ваяваў у вараскай гвардыі па ўсім Міжземнамор’і. Вараская гвардыя адважна абараняла Канстантынопаль ад крыжакоў ў 1204 годзе і была разгромленая пры ўзяцьці гораду.

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цар Давыд у адзеньні бізантыйскага імпэратара

Бізантыя часта атаясамляецца з абсалютызмам, праваслаўнай духоўнасьцю, арыенталізмам і экзотыкай, у той час як тэрмін бізантызм выкарыстоўваецца ў якасьці прыгаворкі пра заняпад, складаную бюракратыю і рэпрэсіі. У краінах Цэнтральнай і Паўднёва-ўсходняй Эўропы, якія выйшлі з Усходняга блёка ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў, ацэнка Бізантыйскай цывілізацыі і ейнай спадчынай была моцна адмоўнай з-за іхнай сувязі зь меркаваным усходнім аўтарытарызмам і аўтакратыяй. Для ўсходняй і заходняй Эўропы Бізантыйская імпэрыя часьцяком успрымаецца як комплекс рэлігійных, палітычных і філязофскіх ідэяў, якія супярэчаць тым, што паўсталі на Захадзе. Нават у XIX стагодзьдзі ў Грэцкім каралеўстве, акцэнт быў зроблены ў асноўным на клясычным мінулым, у той час як бізантыйская традыцыя была зьвязана з адмоўнымі канатацыямі[6].

Гэты традыцыйны падыход да Бізантыі часткова або цалкам аспрэчвае і перагляд сучасных дасьледаваньняў, якія засяродзжваюцца на станоўчых аспэктах бізантыйскай культуры і спадчыны. Так некаторыя навукоўцы лічаць бясспрэчным бізантыйскі ўклад у фармаваньне сярэднявечнай Эўропе і прызнаюць важную ролю Бізантыі ў фармаваньні і пашырэньні праваслаўя, якое ў сваю чаргу, займае цэнтральнае месца ў гісторыі і грамадзтве такіх краінаў, як то Грэцыя, Баўгарыя, Расея, Сэрбія і іншых[7]. Бізантыйцы таксама захавалі і скапіявалі клясычныя рукапісы, і яны, такім чынам, разглядаюцца як носьбіты клясычных ведаў, як і зрабілі важны ўнёсак у сучасную эўрапейскую цывілізацыю, і зьяўляліся папярэднікамі гуманізму эпохі Адраджэньня і разьвіцьця славянскай праваслаўнай культуры[7].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Wells, Herbert George (1922). «A Short History of the World». New York: Macmillan. Chapter 33. ISBN 0-06-492674-5.
  2. ^ Laiou, Angeliki E.; Morisson, Cécile (2007). «The Byzantine Economy». New York: Cambridge University Press. pp. 1, 23–38. ISBN 0-521-84978-0.
  3. ^ Magdalino, Paul (2002). «Medieval Constantinople: Built Environment and Urban Development». p. 532. Washington, DC: Dumbarton Oaks.
  4. ^ Matschke, Klaus-Peter (2002). «Commerce, Trade, Markets, and Money: Thirteenth-Fifteenth Centuries». pp. 805–806. Washington, DC: Dumbarton Oaks.
  5. ^ Laiou, Angeliki E. (2002). «Exchange and Trade, Seventh-Twelfth Centuries». p. 723. Washington, DC: Dumbarton Oaks.
  6. ^ Angelov, Dimiter G. (February 2001). «The Making of Byzantinism». pp. 1–10.
  7. ^ а б Cameron, Averil (2009) (in Greek [translated from the original by Giorgos Tzimas]). «The Byzantines». Athens: Psychogios Publications. ISBN 978-960-453-529-3.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]