Міжземнамор’е

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Від на горад Антыбес (Францыя). Горы, мора, а таксама культурная спадчына Міжземнамор’я прывабліваюць турыстаў у рэгіён.

Міжземнамо́р’е — міжкантынэнтальны рэгіён, у склад якога ўваходзяць Міжземнае мора, яго астравы і ўзьбярэжныя рэгіёны Паўднёвай Эўропы, Пярэдняй Азіі і Паўночнай Афрыкі. Геаграфічнай своеасаблівасьцю Міжземнамор’я зьяўляецца тое, што яго тэрыторыя ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі ляжыць на трох кантынэнтах. Краіны, тэрыторыя якіх зьяўляецца часткай рэгіёну, называюць краінамі Міжземнамор’я. Тэрыторыі большай часткі краінаў Міжземнамор’я, такіх як Францыя, Турцыя або краінаў Паўночнай Афрыкі, толькі часткова ўваходзяць у склад рэгіёну. Паводле культурных і кліматычных асаблівасьцей да Міжземнамор’я таксама далучаюць і Партугалію, нягледзячы на тое што краіна ня мае выхаду да Міжземнага мора.

Абмежаваньне Міжземнамор’я ажыцьцяўляецца пераважна паводле кліматалягічных і культурных крытэраў, але таксама на фізыка-геаграфічнай і палітычнай выснове, што часткова ўзаемаабумоўлена. Агульнапрынятым крытэрам у вызначэньні межаў міжземнаморскага рэгіёну зьяўляюцца натуральная і патэнцыяльныя тэрыторыі пашырэньня аліўкавага дрэва, так званая мяжа аліўкавага дрэва. Паводле апошняй характэрыстыкі, межы Міжземнамор’я вызначаюцца межамі пашырэньня міжземнаморскага клімата. Аднак з той нагоды, што, па-першае, аліўкавае дрэва не заўсёды распаўсюджана на тэрыторыях з тыповым міжземнаморскім кліматам (напрыклад, у гарыстых мясьцінах), па-другое, таму, што некаторыя ўзьбярэжныя рэгіёны Міжземнамор’я знаходзяцца ў іншых кліматычных зонах, паняцьцем Міжземнамор’е звычайна акрэсьліваюць некалькі больш значны геаграфічны рэгіён. Акрамя гэтага, згодна агульнапрынятаму меркаваньню, некаторыя рэгіёны зь яскрава вызначаным міжземнаморскім кліматам, але значнай геаграфічнай адлегласьцю да Міжземнага мора, да Міжземнамор’я не адносяць. У лік апошніх уваходзяць, напрыклад, узьбярэжныя рэгіёны Чорнага мора і высакагорныя раёны горнага масіва Заграс у Іране.

Агульная плошча Міжземнамор’я складае каля 3,85 млн км², зь якіх каля 1,35 млн км² прыходзяцца на сушу, астатнюю плошчу ў 2,5 млн км² пакрывае Міжземнае мора. Самы паўночны пункт ляжыць ля падножжа Альпаў у Вэнэцыі, самы крайні пункт на захадзе — Каба да Рока непадалёку ад Лісабону. На ўсходзе і поўдні межы рэгіёну праходзяць па ўскрайку (пераходных зонах) Сырыйскай пустыні ці Сахары, пры гэтым межы на поўдні дастаткова адвольныя, таму што зоны пустыннага клімату ў некаторых мясьцінах падступаюць да самага ўзьбярэжжа (напрыклад, каля Порт-Саіду на поўначы Сынайскага паўвострава).

Тэрыторыя Міжземнамор’я ляжыць на трох кантынэнтах: у Эўропе, Афрыцы і Азіі. У склад эўрапейскай часткі ўваходзяць (цалкам або часткова) Партугалія, Гішпанія, Францыя, Італія, Славенія, Харватыя, Босьнія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Альбанія, Грэцыя і эўрапейская частка Турцыі, а таксама карлікавыя краіны Андора, Манака, Сан-Марына, Ватыкан і Мальта. Азіяцкая частка ляжыць на тэрыторыі азіяцкай часткі Турцыі, Сырыі, Лібіі, Ізраіля, Палестынскага аўтаномнага раёна і Ярданіі, а таксама выспы Кіпр.