Саудаўская Арабія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Саудаўская Арабія
المملكة العربيّة السّعوديّة
Сьцяг Саудаўскай Арабіі Герб Саудаўскай Арабіі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: لا إله إلا الله محمد رسول الله
Дзяржаўны гімн: «Aash Al Maleek»
Месцазнаходжаньне Саудаўскай Арабіі
Афіцыйная мова арабская мова
Сталіца Рыяд
Найбуйнейшы горад Рыяд
Форма кіраваньня Абсалютная тэакратычная манархія
Абдула бін Абдулазіз Аль Саўд
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
14-е месца ў сьвеце
2 149 690 км²
нязначны
Насельніцтва
 • агульнае (2009)
 • шчыльнасьць
43-е месца ў сьвеце
28 686 633
12/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
45-е месца ў сьвеце
$592,886 млрд
$23 814
Валюта Саудаўскі рыял (SAF)
Часавы пас AST (UTC+3)
Незалежнасьць
— Абвешчана
8 студзеня 1926
Аўтамабільны знак SA
Дамэн верхняга ўзроўню .sa
Тэлефонны код +996

Каралеўства Сау́даўская Ара́бія (транскрыпцыя з арабскае мовы: As-Su’udijja; Al-Mamlaka al-Arabijja as-Su’udijja) — краіна, разьмешчаная ў заходняй Азіі, на Арабійскім паўвостраве. Мяжуе з Іракам, Ярданіяй, Кувэйтам, Аманам, Катарам, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Емэнам. Сталіца знаходзіцца ў Рыядзе. Саудаўская Арабія зьяўляецца адной з краін-заснавальніц Арабскай лігі. Мае выхад да Пэрсыдзкай затокі на паўночным усходзе.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьяўленьне першай дзяржавы Саўдыдаў у цэнтральнай Арабіі адносяць да 1744 году. Мясцовы правіцель Мухамад ібн Саўд, аб’яднаў свае сілы з ісламскім клерыкалам і рэфарматарам Мухамадам Абд Аль-Вахабам, і стварыў новае палітычнае аб’яднаньне. Гэты саюз, які зьявіўся ў 18 стагодзьдзі аснаваны на саўдыдзка-арабскай дынастыі існуе да нашых дзён. За 150 гадоў свайго існаваньня моц сям’і Саўда ўзвышалася і падала некалькі разоў з-за барацьбы з Эгіптам, Асманскай імпэрыяй і іншымі дзяржавамі за кантроль над паўвыспай. Дзяржаўны выгляд быў аформлены каралём Абдул Азізам Аль-Саўдам (вядомы ў сьвеце як Абдул Азіз бін Саўд).

У 1902 годзе 22-гадовы Абдул Азіз бін Саўд вярнуў Рыяд, гістарычную сталіцу дынастыі Аль-Саўд, адваяваўшы яе ў дынастыі Аль-Рашыдаў. Працягваючы заваяваньні, Абдул Азіз узяў гарады Аль-Хаса, Аль-Каціф, вобласьці Неджду і Хіджаз. 8 студзеня 1926 году Абдул бін Азіз Саўд стаў каралём Хіджаза. 29 студзеня 1927 году стаў каралём Неджда (да гэтага султанат). У адпаведнасьці з Джэдскім пагадненьнем, падпісаным 20 траўня 1927 году, Вялікабрытанія прызнала незалежнасьць каралеўства Абдул Азіза, у той час вядомага як каралеўства Хіджаза і Неджда. У 1932 годзе 3 вобласьці (Аль-Хаса, Неджд і Хіджаз) былі аб’яднаны, стварыўшы каралеўства Саудаўскую Арабію.

Вайсковыя і палітычныя посьпехі Абдул Азіза не былі замацаваны эканамічна, пакуль у сакавіку 1938 году не былі адкрыты вялізарныя радовішчы нафты. Праграмы разьвіцьця, якія былі адтэрмінаваны з-за Другой сусьветнай вайны ў 1939 годзе, пачалі зьдзяйсьняцца ў 1946, і да 1949 году пачалася поўнамаштабная здабыча нафты.

Нафта забясьпечыла Саудаўскай Арабіі эканамічная разьвіцьцё і значную вагу на міжнароднай арэне. Абдул Азіз хацеў поўнасьцю ізаляваць краіну ад сусьветнай супольнасьці. Ён адмовіўся ад уступленьня краіны ў Лігу Нацыяў у 1916 годзе. Але пазьней Абдул Азіз зьмяніў міжнародны курс краіны і ў 1945 годзе Арабія Саўдыдаў стала краінай-заснавальніцай Арабскай Лігі і далучылася да ААН.

Да сьмерці Абдул Азіза ў 1953 годзе, ён зрабіў крокі для таго, каб яго старэйшы сын Саўд стаў каралём, але будучы кароль быў абавязаны дзяліць уладу з малодшым братам Фэйсалам.

Саўд атрымаў трон у 1953 годзе, але да пачатку 1960-х гадоў, каралеўства мела вялікія эканамічныя праблемы як вынік няўмелага кіраваньня новага караля і неўрэгуліраванасьці зносін з прэзыдэнтам Эгіпта Насэрам. Кароль Саўд быў зьмешчаны на карысьць Фэйсала ў 1964 годзе.

Сямейныя інтрыгі прывялі да забойства Фэйсала яго пляменьнікам, прынцам Фэйсалам бін Мусаідам у 1975 годзе. Потым дзяржавай кіраваў кароль Халід (да 1982 году), кароль Фахд. Пасьля сьмерці Фахда ў 2005 годзе, трон заняў яго брат Абдула.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўны лад Саудаўскай Арабіі вызначаецца Базавым ўрадавым дакумэнтам, які быў прыняты ў 1992 годзе. Згодна зь ім Саудаўская Арабія зьяўляецца абсалютнай манархіяй, якая кіруецца сынамі і ўнукамі першага караля Абдэля Азіза. Каран абвешчаны канстытуцыяй Саудаўскай Арабіі. Закон заснаваны на ісламскім праве.

Кіраўніком дзяржавы зьяўляецца кароль. У цяперашні час Саудаўскай Арабіяй кіруе сын заснавальніка краіны кароль Абдала ібн Абдэль Азіз ас-Сауд. Тэарэтычна ўлада караля абмежавана толькі нормамі шарыяту. Важнейшыя дзяржаўныя ўказы падпісваюцца пасьля кансультацыяў з улемай (групоўка рэлігійных лідэраў дзяржавы) і іншымі важнымі чальцамі саудаўскага грамадзтва. Каралю падпарадкаваны ўсе галіны ўлады. Кронпрынц абіраецца Камітэтам прынцаў.

Выканаўчая ўлада ў выглядзе Савету міністраў складаецца з прэм’ер-міністра, першага прэм’ер-міністра і дваццаці міністраў. Усе міністэрскія пасады разьмеркаваны паміж сваякамі караля і прызначаюцца ім самім.

Заканадаўчая ўлада прадстаўлена ў выглядзе нейкага падабенства да парлямэнта — Кансультатыўнай асамблеі (Мэджліс аш-Шура). Усе 150 чальцоў (выключна мужчынаў) Кансультатыўнай асамблеі прызначаюцца каралём на чатырохгадовы тэрмін. Палітычныя партыі знаходзяцца пад забаронай, некаторыя дзейнічаюць у падпольлі.

Судовая ўлада ўяўляе сабой сыстэму рэлігійных судоў, дзе судзьдзі прызначаюцца каралём па прадстаўленьні Вярхоўнага судовага савета. Вярхоўны судовы савет у сваю чаргу складаецца з 12 чалавек, якія таксама прызначаюцца каралём. Законам гарантуецца незалежнасьць суда. Кароль жа выступае ў ролі вышэйшай судовай інстанцыі з правам на амністыю.

Мясцовыя выбары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Органы мясцовай улады да 2005 году ў краіне не абіраліся, а прызначаліся. У 2005 годзе ўлады прынялі рашэньне правесьці першыя больш чым за 30 гадоў муніцыпальныя выбары. Ад удзелу ў галасаваньні былі адхілены жанчыны і вайскоўцы. Да таго ж абіраўся ня ўвесь склад мясцовых саветаў, а толькі ягоная палова. Іншая палова па-ранейшаму прызначаецца ўрадам. 10 лютага 2005 году ў Рыядзе адбыўся першы этап муніцыпальных выбараў. Да ўдзелу ў іх былі дапушчаныя толькі мужчыны ўва ўзросьце ад 21 году і старэй. Другі этап прайшоў 3 сакавіка ў пяці рэгіёнах на ўсходзе і паўднёвым захадзе краіны, трэці — 21 красавіка ў сямі рэгіёнах на поўначы і захадзе краіны. У першым туры ўсе сем месцаў у савеце Рыяду атрымалі кандыдаты, якія зьяўляліся альбо імамам мясцовых мячэтаў, альбо настаўнікамі традыцыйных ісламскіх школаў, альбо супрацоўнікамі ісламскіх дабрачынных арганізацыяў. Такі ж расклад сілаў паўтарыўся і ў іншых рэгіёнах.

Закон і парадак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крымінальнае права заснавана на шарыяце. Законам забаронены вусныя альбо пісьмовыя абмеркаваньні існуючага палітычнага ладу. У краіне строга забаронены ўжываньне і абарот алькаголю і наркотыкаў. За крадзеж належыць адсячэньне ручыцы. Пазашлюбныя плоцевыя адносіны караюцца пугамі. За забойства і некаторыя іншыя злачынствы належыць сьмяротнае пакараньне. Аднак варта адзначыць, што прымяненьне ўсіх мераў пакараньня магчыма толькі пры захаваньні многіх умоваў. У прыватнасьці, злодзей можа быць пакараны, толькі калі ёсьць, як мінімум, два сьведкі, якія сваімі вачыма бачылі злачынства, і ў іхняй сумленнасьці няма сумневаў. Таксама калі будзе ўстаноўлена, што злодзей зьдзейсьніў крадзеж у выпадку крайняй неабходнасьці (голад і г. д.), то гэта будзе лічыцца апраўданьнем учынку. У цэлым дзейнічае прэзумпцыя невінаватасьці, гэта значыць, што пакуль дакладна ня будзе даказана віна, чалавек ня лічыцца злачынцам.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфічная мапа Саудаўскай Арабіі

Каралеўства займае 80 адсоткаў Арабійскай паўвыспы. Большасьць межаў са Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Аманам і Емэнам дакладна ня вызначаны, такім чынам дакладная плошча краіны невядомая. Па ацэнках ураду краіны яна складае 2 217 949 км². Іншыя адзнакі вагаюцца паміж 1 960 582 км² да 2 240 000 км². Звычайна краіну лічаць 14-й па велічыні ў сьвеце.

Геаграфія каралеўства вельмі рознабаковая. Ад заходняга ўзьбярэжнага рэгіёну (Ціхамах), вышыня зьмяняецца ад марскога ўзьбярэжжа да доўгага горнага ланцуга (Джабал аль-Хіджаз), які пераходзіць у плато. Паўднёва-ўсходняя вобласьць Асір таксама мае горы, якія дасягаюць вышыні 3000 мэтраў і таксама вядома сваім наілепшым кліматам ва ўсёй краіне, які спрыяе разьвіцьцю курортнага бізнэсу ў гэтым рэгіёне. Усход — гэта перш за ўсё скалістая ці пяшчаная нізіна, якая спускаецца да ўзьбярэжжа Пэрсыдзкай затокі. Паўднёвая частка краіны «Пустая чвэрць» утрымлівае ня маючую расьліннага і жывёльнага жыцьця пустэльню аль-Кхалі.

Асноўная частка паверхні краіны — гэта пустэльні і паўпустэльні з традыцыйным бедуінскім насельніцтвам. Расьліннасьць акрэсьлена невялікімі кавалкамі травы і пустэльнымі кустамі. Толькі меней за 2% плошчы падыходзяць для сельскай гаспадаркі. Насельніцтва маюць у асноўным толькі ўсходняе і заходняе ўзьбярэжжа і аазісы (Хуфуфа і Бурайдах). Некаторыя вобласьці каралеўства ўвогуле ня маюць насельніцтва. Саудаўская Арабія ня мае ніводнай ракі (за выключэньнем некалькіх сэзонных), але лінія ўзьбярэжжа налічвае 2640 кілямэтраў, а з боку Чырвонага мора маюццца сусьветнавядомыя каралавыя рыфы.

Жывёльны сьвет прадстаўлены: казярогамі, ваўкамі, бабуінамі і гіенамі, якія жывуць у гарах. Невялікія калёніі птушак жывуць у аазісах. Узьбярэжная вобласьць Чырвонага мора зь яго каралавымі рыфамі мае багатую марскую фаўну.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Надзвычайна высокая тэмпэратура і адсутнасьць ападкаў характэрны для большай часткі краіны. Гэта адзіная краіна, дзе летнія тэмпэратуры вышэй за 50 °C звычайная справа, адначасова зімовая сьцюжа можа сустрэцца ў гарах. Сярэдняя зімовая тэмпэратура мае дыяпазон ад 8 °C да 29 °C. Сярэдняя летняя тэмпэратура ліпеня ад 27 °C да 43 °C. Начная тэмпэратура ў пустэльнях можа быць нізкай нават летам, з-за таго што пясок хутка аддае цяпло пасьля заходу сонца. Сярэднегадовы ўзровень ападкаў 100 мм назіраецца на большай тэрыторыі краіны, але існуе мажлівасьць нечаканых паводак. У Рыядзе ўсе 100 мм ападкаў выпадае паміж студзенем і траўнем, у Джадахе (54 мм) паміж лістападам і студзенем. Расьліннасьць існуе ў асноўным у паўночна-ўсходніх гарах і нізінах.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўную крыніцу прыбытка краіны складае здабыча нафты. Атрыманыя сродкі ўкладаюцца ў разьвіцьцё прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, разьвіцьцё гарадоў і інфраструктуры.

Прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Саудаўская Арабія мае вялікія радовішчы нафты на ўзьбярэжжы і шэльфе (яны складаюць ад ¼ да 1/3 сусьветных запасаў). Распрацоўку радовішчаў вядуць (пад наглядам дзяржаўнага прадпрыемства «Petromin») нафтавыя фірмы, самая вялікая зь іх — Saudi Aramco. Саудаўская Арабія займае трэцяе месца ў сьвеце па здабычы нафты (252 млн тон, 1999 год); акрамя таго вядзецца здабыча іншых карысных выкапняў: прыроднага газа, камэннай солі і золата. Маюцца нераспрацаваныя радовішчы мэталічных руд (жалеза і медзі), фасфатаў і ўрана. Моцнае разьвіцьцё атрымала нафтахімічная прамысловасьць. Пераапрацоўка нафты адбываецца на прадпрыемствах у Рас Танура і Аль Дзубаіл на ўзьбярэжжы Пэрсыдзкай затокі і ў Джанбу аль Бахр на ўзьбярэжжы Чырвонага мора (нафта дастаўляецца трубаправодам з Пэрсыдзкай затокі). Пераапрацоўваецца каля 40 млн тон нафты штогод. Саудаўская Арабія спэцыялізуецца таксама на вытворчасьці бэнзіна вышэйшай якасьці і лётнага паліва. Да 1975 году вялікія сродкі выдаваліся на здабычу жалеза і алюмінія (шахты ў Аль Дзубаіл, Джудзе, Янбу аль Бахры), машынабудаўніцтва, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў (асабліва цэмэнта — каля 10 млн тон штогод), угнаеньняў (камбінат у Ад-Дамаме), прадпрыемстваў для апрасьненьня марской вады (апрасьняльнае прадпрыемства ў Ад-Дамаме самае вялікае ў сьвеце). Асноўная колькасьць прамысловых прадпрыемстваў краіны знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці.

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сельская гаспадарка мае вялікія датацыі і інвэстыцыі з боку дзяржавы з мэтай забесьпячэньня прадуктовай бясьпекі. Сельскагаспадарчыя землі займаюць 0,6% паверхні краіны. Для арашэньня выкарыстоўваецца ня толькі падземная вада, але і апрасьнёная марская вада. Сучасныя мэтады сельскай гаспадаркі (вялікія аўтаматызаваныя жывёлагадоўчыя фэрмы, аўтаматычныя сыстэмы арашэньня) забясьпечваюць краіну пшаніцай, малаком, мясам кур, гароднінай. У паўпустэльных пашах (39% паверхні краіны) пасьвяцца авечкі, козы, вярблюды, у сучасных фэрмах каровы. У Чырвоным моры вядзецца лоўля рыбы, здабыча жэмчугу і каралаў. Рыбная лоўля ў Пэрсыдзкай затоцы спынілася пасьля забруджваньня вады падчас амэрыканска-ірацкай вайны 1991 году.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва Саудаўскай Арабіі на ліпень 2006 году адзначаюць прыблізна 21 020 000 чалавек, уключаючы 5 576 076 іншаземцаў. Да 1960-х гадоў большасьць насельніцтва было качавым ці паўкачавым; але цяпер гэтая адзнака не перавышае ўзровень 5%. Каэфіцыент нараджальнасьці — 29,56 нараджэньняў на 1000 чалавек. Паказчык сьмяротнасьці — 2,62 сьмяротных выпадкаў на 1000 чалавек. Некаторыя гарады і аазісы маюць шчыльнасьць насельніцтва болей за 1000 чалавек на км².

Прыкладна 90% насельніцтва зьяўляюцца этнічнымі арабамі. Акрамя таго ёсьць некаторая колькасьць эмігрантаў з Азіі і Афрыкі: індусаў — 1,4 млн, банглядэшцаў — 1 млн, філіпінцаў — 950 000. Таксама існуе вялікая колькасьць арабаў — грамадзян суседніх краін.

У каралеўстве ёсьць каля 100 000 грамадзян заходніх краін, большасьць якіх жыве кампактнымі групамі. Урад каралеўства патрабуе ад іншаземцаў пераход у іслам. Большасьць насельніцтва прытрымліваецца строгай інтэрпрэтацыі іслама вядомага як «вахабізм». Шыіцкае насельніцтва ацэньваецца прыкладна ў 15% (у асноўным ва ўсходніх абласьцях краіны).

Дазволены часовы ўезд людзей належачых да рэлігійных меншасьцей з забаронай правядзеньняў іх імшаў. Па некаторых адзнаках ад 500 000 да 1 млн чалавек прытрымліваецца каталіцкай веры.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас утварэньня каралеўства ў 1932 годзе, ня ўсё насельніцтва мела доступ да адукацыі, але і тыя хто мелі магчымасьць вучыцца былі абмежаваны невялікімі курсамі ў рэлігійных школах пры мячэцях. Гэтыя школы выкладалі ісламскія законы і асновы пісьменнасьці. У канцы стагодзьдзя, Арабія Саўдыдаў ужо мела агульнанацыянальную сыстэму адукацыі, якая забясьпечвала свабоднае выкладаньне ад дашкольнага ўзроста да ўнівэрсытэту ўсім грамадзянам.

Сучасная саудаўская адукацыйная сыстэма забясьпечвае якасныя веды ў розных галінах ведаў. Яна забясьпечвае патрабаваньні эканомікі ў высокаадукацыйных кадрах у поўнай ступені.

Разьвіцьцё адукацыйнай сыстэмы пачалося ў 1930-х гг. Да 1945 году, заснавальнік дзяржавы кароль Абдулазіз Абдэльрахман Аль-Саўд, увёў абавязковую праграму пачатковых школ каралеўства. Праз 6 гадоў, у 1951 годзе, краіна мела 226 школ з 29 887 вучнямі. У 1954 годзе, міністэрства асьветы ўзначаліў прынц Фахда Абдулазіз. Першы ўнівэрсытэт, цяпер вядомы як Каралеўскі Саудаўскі ўнівэрсытэт, быў заснаваны ў Рыядзе ў 1957 годзе.

Сучасная сыстэма адукацыі ўтрымлівае восем унівэрсытэтаў, 24 000 школаў, некалькі коледжаў і іншых адукацыйных установаў. Свабодны доступ кожнага грамадзяніна да адукацыі прапануе шырокія веды ў розных галінах навукі. У наш час каля 25% дзяржаўнага бюджэта выдаецца на адукацыю. Існуюць праграмы замежнай адукацыі студэнтаў (у асноўным у Злучаных Штатах, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Японіі, Малайзіі і г. д.). У апошнія гады тысячы студэнтаў праходзяць праграмы вышэйшай адукацыі.

Дасьледаваньне ісламу зьяўляецца ядром адукацыйнай сыстэмы краіны. Ісламскі аспэкт нацыянальнай адукацыі быў дасьледаваны Домам Свабоды. Дасьледаваньне высьветліла, што ў працэсе адукацыі дзецям прапануюць асудзіць іншыя рэлігіі і галіны іслама. Вучэбны рэлігійны плян заняткаў выкладаецца ва ўсіх мэдрэсэ сьвета.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная і адзіная рэлігія Саудаўскай Арабіі — іслам. Большасьць насельніцтва вызнае салафію. 10% шыітаў краіны сканцэнтравана ўва ўсходніх правінцыях краіны. Улады Саудаўскай Арабіі дазваляюць людзям іншага веравызнаньня ўязджаць у краіну, але адпраўленьне культу ім забаронена. Для прыежджых у Саудаўскую Арабію замежнікаў-немусульманаў існуе забарона на наведваньне сьвяшчэнных гарадоў Мэкі і Мэдыны. Для вызначэньня рэлігійнай прыналежнасьці ў саудаўскай візе зьмяшчаецца графа аб веравызнаньні замежніка, што дазваляе рэлігійнай паліцыі разгортваць замежных грамадзянаў-немусульман ад пад'ездаў у сьвятыя горады.

У краіне дзейнічае рэлігійная паліцыя. Жыўнеры Шарыяцкай гвардыі стала патрулююць вуліцы і грамадзкія ўстановы з мэтай спыненьня спробаў парушэньня канонаў ісламу. У выпадку выяўленьня парушэньня вінаваты нясе адпаведнае пакараньне, ад штрафу да адсячэньня галавы.

Па выніках дасьледаваньня міжнароднай дабрачыннай хрысьціянскай арганізацыі «Open Doors» за 2010 год, Саудаўская Арабія займае 3 месца ў сьпісе краінаў, дзе часьцей за ўсё ўціскаюць правы хрысьціянаў.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Культура Саудаўскай Арабіі трывала зьвязана зь ісламам. Штодня пяць разоў у дзень муэдзін заклікае прававерных мусульманаў да малітвы (намазу). Служэньне іншай рэлігіі, распаўсюджваньне іншай рэлігійнай літаратуры, будаўніцтва цэркваў, будысцкіх храмаў, сынагогаў забаронена.

Іслам забараняе ўжываньне сьвініны і алькаголю. Да традыцыйнай ежы ставяцца кураняты-грыль, фэлафэль, шаурма, люля-кебаб, куса махшы (фаршаваныя шынкі), а таксама прэсны хлеб — хубз. Практычна ва ўсе стравы багата дадаюць розныя спэцыі і вострыя прыправы. Сярод упадабаных напояў арабаў — кава і гарбата. Іхняе расьпіцьцё часьцяком носіць цырыманіяльны характар. Арабы п'юць чорную гарбату з даданьнем розных траваў. Арабская кава жа славіцца сваёй традыцыйнай крэпасьцю. Яе п'юць маленькімі кубкамі, часьцяком з даданьнем кардамона. Арабы вельмі часта п'юць каву.

У адзежы жыхары Саудаўскай Арабіі прытрымліваюцца нацыянальных традыцыяў і канонаў іслама, пазьбягаючы залішняй шчырасьці. Мужчыны носяць доўгія кашулі з воўны або бавоўны (дышдаша). Традыцыйны галаўны ўбор — гутра. У халодны час над дышдашу апранаюць бішт — накідку зь вярблюджай воўны, часьцей за ўсё ў цёмных танох. Жаночая традыцыйнае адзеньне багата ўпрыгожана племяннымі знакамі, манэтамі, пацеркамі, ніткамі. Пакідаючы хату, саудаўская жанчына абавязана прыкрыць цела абаей, а галаву — хіджабам. Замежным жанчынам таксама неабходна насіць абаю, а пад ёй — штаны ці доўгую сукенку.

Грамадзкія тэатры і кінатэатры забаронены, бо яны супярэчаць прынцыпам ісламу. Тым ня менш, у супольнасьцях, дзе пражываюць пераважна працоўныя з заходніх краінаў (напрыклад, Дахран), падобныя ўстановы маюцца. Хатняе ж відэа вельмі папулярна. Фільмы заходняй вытворчасьці практычна не падвяргаюцца цэнзуры.

Выхадныя дні ў краіне — чацьвер і пятніца.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Занятак спортам карыстаецца папулярнасьцю сярод маладых людзей. Жанчыны рэдка займаюцца спортам; калі займаюцца — то ў закрытых памяшканьнях, дзе мужчын практычна няма. Самая папулярная гульня — футбол, нягледзячы на тое, што нацыянальная зборная каралеўства прымае ўдзел і ў чэмпіянатах па валейболе, баскетболе, а таксама ў летніх Алімпійскіх гульнях. Зборная Саудаўскай Арабіі па футболе лічыцца адной з наймацнейшых камандаў у Азіі. Тройчы Саудаўская Арабія станавілася ўладальнікам Кубка Азіі — у 1984, 1988 і 1996 гадох.

Надзвычайнай папулярнасьцю сярод моладзі карыстаецца дрыфтынг (ад па-ангельску: to drift — дрэйфаваць, сьлізгаць), тэхніка кіраваньня аўтамабілю ў кіраванай намеці. Такія спаборніцтвы забаронены законам. Часьцяком на іх не абыходзіцца без ахвяраў, але яны нязьменна зьбіраюць натоўпу аўтааматараў, гледачоў і разявак. У траўні 2007 году ўрад краіны абвясьціў, што зухаватасьць, якое прывядзе ў выпадку ДТЗ да сьмерці чалавека, будзе разглядацца як наўмыснае забойства і будзе карацца адпаведным чынам — адсячэньнем галавы.

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Саудаўская Арабіясховішча мультымэдыйных матэрыялаў