Кыргыстан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Кыргыстан
Кыргыз Республикасы
Кыргызская Республика
Сьцяг Кыргыстану Герб Кыргыстану
(Сьцяг) (Герб)
Дзяржаўны гімн
«Дзяржаўны гімн Кыргыстану»
Месцазнаходжаньне Кыргыстану
Афіцыйная мова кыргыская, расейская
Сталіца Бішкек
Найбуйнейшы горад Бішкек
Форма кіраваньня Рэспубліка
Алмазбэк Атамбаеў
Цемір Сарыеў
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
86-е месца ў сьвеце
198 500 км²
3,6
Насельніцтва
 • агульнае (2014)
 • шчыльнасьць
110-е месца ў сьвеце
5 776 570[1]
29/км²
СУП
 • агульны (2012)
 • на душу насельніцтва
134-е месца ў сьвеце
$18 001 млрд
$2409
Валюта Сом (KGS)
Часавы пас KGT (UTC+5 да UTC+6)
Незалежнасьць
— ад СССР

31 жніўня 1991
Аўтамабільны знак KS
Дамэн верхняга ўзроўню .kg
Тэлефонны код +996
Мапа Кыргызстану

Кыргыстан (па-кыргыску: Кыргызстан), афіцыйная назва Кыргыская Рэспубліка (па-кыргыску: Кыргыз Республикасы) — дзяржава на паўночным усходзе Сярэдняй Азіі, галоўным чынам у заходняй і цэнтральнай частцы Цянь-Шаню. Мяжуе з Казахстанам, Таджыкістанам, Узбэкістанам і Кітаем.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Кыргыстану да 1991 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Незалежны Кыргыстан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 31 жніўня 1991: падчас распаду СССР абвешчаная незалежнасьць Кыргыстану.
  • 5 траўня 1993: прынятая першая Канстытуцыя Кыргыскай Рэспублікі як незалежнай сувэрэннай дзяржавы.
  • 10 траўня 1993: у Кыргыстане ўведзеная ўласная нацыянальная валюта — сом.
  • 1999 і 2000: спробы паўстанцаў Ісламскага руху Ўзбэкістану прабіцца на тэрыторыю Кыргыстана (цяперашняя Баткенская вобласьць), так званыя Баткенскія падзеі. Аддзелы паўстанцаў зь цяжкасьцямі атрымалася разьбіць.
  • 1618 сакавіка 2002: сутыкненьні паміж насельніцтвам і праваахоўнымі органамі ў Аксыйскім раёне. Насельніцтва выступіла ў абарону асуджанага дэпутата парлямэнта Азымбэка Бекназарава, а таксама патрабавала адмовіцца ад ратыфікацыі дамовы 1999 году аб кыргыска-кітайскай дзяржаўнай мяжы. Апазыцыя арганізавала ў шэрагу раёнаў краіны і ў Бішкеку шматлікія акцыі пратэсту. У сутыкненьнях зь міліцыяй пяцёра жыхароў Аксыйскага раёну загінулі і некалькі дзясяткаў атрымалі раненьні. Крызыс у Аксы прывёў да адстаўкі прэм’ер-міністра Курманбэка Бакіева і ўраду.
  • 24 сакавіка 2005: Рэвалюцыя тульпанаў — востры крызыс улады ўзьнікае пасьля чарговых парлямэнцкіх выбараў, калі паведамленьні аб падтасоўцы вынікаў выклікаюць гнеў жыхароў адносна бедных паўднёвых абласьцей (пераважна Джалал-Абадзкай і Ошскай). Зьбіраюцца шматтысячныя мітынгі пад сьцягамі і лёзунгамі розных партыяў, уключаючы моладзевыя «Келкел» і «Бірге». Дэманстранты захопліваюць будынкі абласных адміністрацыяў, праходзяць сутычкі з АМАПам. Вынікам паўстаньня становіцца захоп дэманстрантамі ўлады ў Бішкеку і зьвяржэньне рэжыму Аскара Акаева. Да ўлады прыходзіць апазыцыя на чале з Курманбэкам Бакіевым.
  • Празь некаторы час Аскар Акаеў, што быў уцёк з краіны, у выніку перамоваў з прадстаўнікамі апазыцыі падпісвае заяву аб сваім сыходзе з прэзыдэнцкай пасады.
  • У выніку праведзеных улетку 2005 датэрміновых выбараў прэзыдэнтам абраны адзін з кіраўнікоў апазыцыі — Курманбэк Бакіеў. Прэм'ер-міністрам становіцца Фэлікс Кулаў. Гэта, аднак, не прыводзіць да нармалізацыі жыцьця ў краіне, а сярод дзеячаў былой апазыцыі працягваецца дужаньне за ўладу.
  • У лютым 2006 старшыня кыргыскага парлямэнта Амурбэк Тэкебаеў, які ўвайшоў у канфлікт з прэзыдэнтам краіны Курманбэкам Бакіевым, падае ў адстаўку. 2 сакавіка 2006 новым старшынём парлямэнта абраны Марат Султанаў, які пры Аскары Акаеве займаў пасады кіраўніка Нацыянальнага банка і міністра фінансаў.
  • 29 красавіка новая апазыцыя праводзіць мітынг з патрабаваньнямі выкананьня абяцаньняў, дадзеных тандэмам Бакіева-Кулава падчас прэзыдэнцкіх выбараў. У прыватнасьці — аб правядзеньні канстытуцыйнай рэформы. Таксама патрабавалі недапушчэньня крымінальных элемэнтаў ва ўладу. Бакіеў з Кулавым вышлі да мітынгоўцаў і паабяцалі выканаць патрабаваньні.
  • Працэс рэфармаваньня зацягнуўся. Прэзыдэнт Бакіеў першапачаткова стварыў Канстытуцыйную Нараду. Аднак неўзабаве і нечакана для многіх Бакіеў пашырае склад Канстытуцыйнай Нарады, бюрократызуючы працэс падрыхтоўкі новай канстытуцыі. Распрацаваны пашыраным складам Канстытуцыйнай нарады (парадку 300 чалавек) праект не здымаў пытаньні апазыцыі, і нават сам прэзыдэнт Бакіеў спрабаваў працягнуць працу па яго абмеркаваньні і дапрацоўцы. Працэсу дапрацоўкі не было відаць канца, што ўзмацняла напружанасьць сярод апазыцыі і былых паплечнікаў Бакіева і Кулава пэрыяду рэвалюцыі 2005 году.
  • 2 лістапада 2006: апазыцыя пачала бестэрміновы мітынг супраць зацягваньня канстытуцыйнай рэформы. Мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Бакіева і прэм'ер-міністра Кулава.
  • 6 лістапада і 7 лістапада 2006: кульмінацыя крызысу ў парлямэнце. Апоўдні 7 лістапада абвешчана аб прыняцьці канстытуцыі. Паводле яе выбарныя органы — прэзыдэнт і парлямэнт — захоўваюць свае паўнамоцтвы да 2010 году. Урад будзе новым, а прэзыдэнт ня будзе прымаць удзелу ў яго фармаваньні.
  • 19 сьнежня 2006: Урад Рэспублікі сыйшоў у адстаўку. Меркавалася, што адстаўка Ўраду і чаканы пасьля таго роспуск парлямэнта павінны былі дазволіць паўнавартасна ўступіць у сілу Асноўнаму закону, па якім фармаваць Урад павінна партыя, якая выйграла на выбарах.
  • 30 сьнежня 2006: пад пагрозай роспуску парлямэнта прэзыдэнтам Бакіевым, а таксама з удзелам прапрэзыдэнцкіх дэпутатаў парлямэнт прымае новую (другую за два месяцы) рэдакцыю Канстытуцыі, якая ўступіла ў сілу з моманту апублікаваньня 16 студзеня 2007 г. У ёй прэзыдэнт вярнуў страчаныя ў папярэдняй канстытуцыі пазыцыі, узмацніўшы сваю ўладу.
  • Студзень 2006: палітычны тандэм прэзыдэнта Бакіева і прэм'ер-міністра Кулава разваліўся. Кулаў двойчы ня змог набраць галасоў дэпутатаў для зацьвярджэньня яго прэм'ер-міністрам. Прэзыдэнт Бакіеў ня стаў у трэці раз прапаноўваць яго кандыдатуру.
  • 30 студзеня 2007: парлямэнт зацьвердзіў на пасадзе прэм'ер-міністра ўрада краіны Азыма Ісабэкава, які выконваў абавязкі міністра сельскай гаспадаркі.
  • 14 верасьня 2007: рашэньнем Канстытуцыйнага Суду Кыргыскай Рэспублікі скасаваная рэдакцыя Канстытуцыі, што дзейнічала з 16 студзеня 2007 г. У сілу ізноў уступіў варыянт Канстытуцыі ад 18 лютага 2003 г.
  • 24 сьнежня 2007: парлямэнт зацьвердзіў прэм'ер-міністрам Ігара Чудзінава.

У красавіку 2010 году ў Кыргыстане адбылася рэвалюцыя. 6 красавіка пачаліся масавыя мітынгі ў Таласе, на наступны дзень пачаліся дэманстрацыі ў Бішкеку. Было ўведзенае надзвычайнае становішча. Апазыцыйныя лідэры былі арыштаваныя, але дэманстранты занялі штаб-кватэру КДБ Кыргыстану і тэлебачаньне. Паводле афіцыйных зьвестак, у выніку сутыкненьняў з праваахоўнымі органамі 75 чалавек загінулі і 458 трапілі ў шпіталь.[3] Часовы ўрад узначаліла міністарка замежных справаў Роза Атунбаева, хоць Курманбэк Бакіеў і не адмаўляўся ад пасады прэзыдэнта. Нарэшце 15 красавіка ён разам з жонкай і дзецьмі зьехаў з краіны ў Казахстан. Была прынятая новая канстытуцыя. Новыя выбары ў Вярхоўную Раду адбыліся ў лістападзе 2011 году. У сьнежні 2011 году прайшлі выбары прэзыдэнта Кыргыстану, на якіх перамог Алмазбэк Атамбаеў.

Дзяржаўны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўны лад Кыргыскай Рэспублікі вызначаецца Канстытуцыяй, якая была прынятая 5 траўня 1993 году. Ачольнік дзяржавы — прэзыдэнт, абіраецца ўсенародным галасаваньнем тэрмінам на 5 гадоў. Чарговыя выбары — у 2010. Аднапалатны парлямэнтЖагорку Кенэш, складаецца з 90 дэпутатаў, абіраных тэрмінам на пяць гадоў па партыйных сьпісах. Ачольнік ураду — прэм’ер-міністар, прызначаецца прэзыдэнтам па прадстаўленьні парлямэнта (дэпутатаў ад палітычнай партыі, што атрымала больш 50 адсоткаў мандатаў).

Геаграфічныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пік Горкага на Цянь-Шані
Горы Алатоа
Ля возера Сонг-Кель

Больш 3/4 тэрыторыі Кыргыстана займаюць горы вышынёй да 7439 м (пік Перамогі — найвышэйшая кропка краіны).

Тэрыторыя Кыргыстана разьмешчаная ў межах дзьвюх горных сыстэмаў. Паўночна-ўсходняя яе частка (большая) ляжыць у межах Цянь-Шаня, паўднёва-заходняя — Паміра-Алая. Межы Кыргыстану праходзяць на вялікім працягу па грэбнях найвышэйшых хрыбтоў і толькі на поўначы і паўднёвым захадзе — па падножжах гораў і перадгорных раўнінах (Чуйская даліна, ускраіны Фэрганскай даліны).

Уся тэрыторыя рэспублікі ляжыць вышэй 500 м над узроўнем мора; больш паловы яе разьмяшчаецца на вышынях ад 1000 да 3000 м і прыкладна траціна — на вышынях ад 3000 да 4000 м. Горныя хрыбты займаюць каля чвэрці тэрыторыі і разьлягаюцца раўналежнымі ланцугамі ў асноўным у шыротным кірунку. На ўсходзе галоўныя хрыбты Цянь-Шаня зьбліжаюцца ў раёне Мэрыдыянальнага хрыбта, увараючы магутны горны вузел. Тут (на мяжы з Кітаем) уздымаецца пік Перамогі (7439 м).

Найважнейшыя араграфічныя элемэнты:

  • масыў Акшыйрак,
  • хрыбет Кокшалтоа (вышэйшая кропка — пік Данкова, 5982 м),
  • хрыбет Церскей-Алатоа,
  • хрыбет Кунгей-Алатоа,
  • Кыргыскі хрыбет,
  • Фэрганскі хрыбет.

На крайнім паўночным усходзе знаходзіцца адна з асноўных славутасьцяў Кыргыстану — горнае возера Ісык-Куль, на беразе якога разьмешчаныя шматлікія дамы адпачынку і турыстычныя базы. Возера знаходзіцца ў Ісык-Кульскай катлавіне, паміж хрыбтамі Церскей-Алатоа (з поўдня) і Кунгей-Алатоа (з поўначы).

Заходняя частка Кыргыстана разьмешчаная ў межах Заходняга Цянь-Шаня. Яго найважнейшыя араграфічныя элемэнты:

  • Талаская даліна,
  • хрыбет Таласкі Алатоа,
  • Чаткальскі хрыбет.

На паўднёвым захадзе ў межы Кыргыстана ўваходзяць паўночная, усходняя і паўднёвая ўскраіны Фэрганскай катлавіны зь перадгор'ямі. Самая Фэрганская даліна збольшага належыць Узбэкістану.

На поўдні да Кыргыстану належаць паўночны схіл Туркестанскага хрыбта, Алайскі хрыбет, Алайская даліна і паўночны схіл Заалайскага хрыбта (пік Леніна, 7134 м), што ўтвараюць паўночную ўскраіну Паміра.

Геаграфічна Кыргыстан выразна падзелены на дзьве часткі — поўдзень і поўнач. Адасобленыя, падзеленыя непераадольнымі горнымі хрыбтамі, гэтыя рэгіёны традыцыйна процістаяць адзін аднаму. Паўночныя і паўднёвыя рэгіёны злучаныя толькі высакагорнай аўтамагістральлю БішкекОш.

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

     Паўночны Кыргыстан

     Паўднёвы Кыргыстан

  1. Бішкек
  2. Баткенская вобласьць
  3. Чуйская вобласьць
  4. Джалал-Абадзкая вобласьць
  5. Нарынская вобласьць
  6. Ошская вобласьць
  7. Талаская вобласьць
  8. Ісык-Кульская вобласьць
  9. Ош

Палітычныя партыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рынак «Дардой» на паўночнай ускраіне Бішкеку — адзін з важных цэнтраў эканамічнай актыўнасьці рэгіёну

У 2004 сукупны ВУП дасягнуў толькі $2,4 млрд, гэта значыць $430 на душу насельніцтва. Кыргыстан — другая пасьля Таджыкістану па беднасьці краіна ў рэгіёне. Больш паловы насельніцтва занята сельскай гаспадаркай і жывёлагадоўляй.

На пачатак лютага 2005 кыргыская вонкавая дзяржаўная запазычанасьць дасягнула $1,92 млрд. За 1990—1996 гады кыргыская эканоміка паменшылася амаль удвая, у асноўным з-за спыненьня прамысловых прадпрыемстваў на поўначы краіны. Прамысловасьць забясьпечвае толькі чвэрць кыргыскага ВУП. На думку назіральнікаў, прамысловасьць у аграрным Кыргыстане была створаная ў савецкі час штучна і ўжо наўрад ці можа быць адноўленая. Прыкладна 40 % прамысловай вытворчасьці дае здабыча золата — адзіная галіна прамысловасьці рэспублікі, якая актыўна разьвіваецца (у 2003 годзе Кыргыстан здабыў 22,5 т золата, заняўшы трэцяе месца ў СНД пасьля Расеі і Узбэкістану).

У Кыргыстане, па розных ацэнках, прыватызавана больш за 70 % дзяржпрадпрыемстваў. Большасьць буйных прадпрыемстваў кантралявалася сваякамі першага прэзыдэнта Акаева.

Кантрольныя пакеты голдынгаў энэргетычнага сэктара Кыргыстану — ААТ «Электрычныя станцыі» і АООТ «Кыргызнефтегаз» — знаходзяцца ў дзяржуласнасьці.

Расейскі кантроль кыргыскай эканомікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расея займае 5-е месца па аб’ёме інвэстыцыяў у эканоміку Кыргыстана — пасьля ЗША, Канады, Турэччыны і Казахстану. Самыя буйныя праекты ў Кыргыстане вядуць РАТ «ЕЭС» (пастаўкі электраэнэргіі, будаўніцтва, рэканструкцыя і мадэрнізацыя цепла- і гідраэлектрастанцыяў) і «Газпром» (у выплату даўгоў Кыргыстану перад Расеяй яму быў перададзены ў кіраваньне дзяржаўны пакет буйнейшай нафтагазавай кампаніі краіны «Кыргызнефтегаз», якая здабыла ў 2004 68,6 тысячы тон нафты і 28,3 млн кубамэтраў газа.

Расея атрымала ў выплату даўгоў Кыргыстані ў сваё кіраваньне пакеты акцыяў некалькіх абаронных прадпрыемстваў — абароннай карпарацыі «Дастан» і АТ «Айнур».

Расея і Кыргыстан сумесна кіруюць Кара-Балцінскім горнарудным камбінатам, які займаецца здабычай і перапрацоўкай ураназьмяшчальных рудаў, малібдэна, торыя, срэбра і золата. Камбінат вырабляе ў год 2000 тон урана.

Расейскія кампаніі спрабуюць набыць дзяржаўны пакет Кадамжайскага сурмянага камбіната — найбуйнейшага вытворцы мэталічнай сурмы ў СНД і асноўнага яе пастаўшчыка ў Расею.

Сацыяльна-эканамічнае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле афіцыйных зьвестак, за рысай беднасьці жывуць 44,4 % насельніцтва краіны.

Беспрацоўе, паводле афіцыйных зьвестак, — 73,4 тысячы чалавек (3,5 % эканамічна актыўнага насельніцтва)[4], у рэальнасьці — ня меней за 200 тысяч.

У сакавіку 2006 году сярэдні заробак складаў 3057 сомаў або 80 даляраў ЗША[4].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфічная крывая Кыргыстану

Насельніцтва Кыргыстану — 5,05 млн чалавек (дадзеныя бягучай статыстыкі за 2006 год). Гэта значна больш, чым пражывала ў краіне ў 1959 (2,065 млн), 1970 (2,935 млн), 1979 (3,523 млн), 1989 (4,258) і 1999 (4,823) гадах. Да 1960-х гадоў насельніцтва рэспублікі хутка расло за кошт міграцыйнага і натуральнага прыросту, які быў асабліва значным у сельскіх кыргызаў, узбэкаў і іншых сярэднеазіяцкіх народаў. Асноўнай крыніцай росту насельніцтва краіны пасьля 1970-х гадоў стаў натуральны прырост, які паступова скарачаўся.

Ядро насельніцтва рэспублікі — 58,6 % (1995) — складаюць кыргызы. Кыргызы пражываюць на ўсёй тэрыторыі краіны і пераважаюць у большасьці сельскіх раёнаў. Расейцы складаюць 17,1 % насельніцтва, большасьць зь іх пражываюць у гарадох. Узбэкі сканцэнтраваныя ў асноўным у Ошскай вобласці. Зь іншых значных этнічных групаў варта згадаць дунган, украінцаў, немцаў, татараў, габрэяў, казахаў, уйгур і таджыкаў.

Кыргызы спачатку інтэнсіўна вярталіся ў краіну з суседніх Таджыкістану і КНР у першыя гады незалежнасьці, але пасьля 2000 году інтэнсыўна выяжджаюць за яе межы, у асноўным па эканамічных прычынах, у РФ і Казахстан.

Вялікая частка насельніцтва засяроджаная ў далінах — Чуйскай на мяжы з Казахстанам і Фэрганскай на мяжы з Узбэкістанам, — далінах рэкаў Нарын і Талас, а таксама ў Ісык-Кульскай катлавіне.

Дзяржаўныя сьвяты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дата Назва Назва па-кыргыску Зацемка
1 студзеня Новы Год Жаңы жыл ~
23 лютага Дзень узброеных сіл Jookerler kunu ~
8 сакавіка Міжнародны жаночы дзень Аялдар күнү ~
21 сакавіка Навруз Нооруз Нооруз майрамы
24 сакавіка Дзень народнай рэвалюцыі Элдик революция күнү ~
1 траўня Сьвята вясны і працы Ішчілер күнү; ~
5 траўня Дзень Канстытуцыі Конституция күнү; ~
9 траўня Дзень Перамогі Жеңиш күнү ~
31 жніўня Дзень Незалежнасьці Эгемендүлүүк күнү ~
~ Сьвята ахвяраваньня Курман айт Дата сьвята вызначаецца па месяцовым каляндары
~ Сьвята разгавеньня Орозо айт Дата сьвята вызначаецца па месяцовым каляндары

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Национальный состав населения Киргизии 2014
  2. ^ King, David C (2005-09). Kyrgyzstan. Marshall Cavendish. p. 144. ISBN 0-7614-2013-4.
  3. ^ Maxim Tkachenko (9 красавіка 2010)."Kyrgyz president says he won't resign". CNN. Праверана 29 красавіка 2013.(анг.)
  4. ^ а б В Киргизии средняя зарплата составляет 80 долларов

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Кыргыстансховішча мультымэдыйных матэрыялаў