Рака

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Рака

Рака́ — прыродны паверхневы рух вады, які адбываецца ва ўтвораным эрозіяй рэчышчы, часамі заліваючы рачную даліну.

Рака можа быць пастаянная і перасыхаючая. Пачатак ракі можа мець выгляд крыніцы, выцякаць з возера ці балота, але часта здараецца, што рака бярэ пачатак пры ўпаданьні адной ў адну некалькіх крыніцаў. Падчас цячэньня дадаецца вада з атмасфэрных ападкаў і падземных крыніцаў. Рэкі ўпадаюць у іншыя рэкі, азёры ці моры. Рэкі, якія ўпадаюць у іншыя рэкі, называюцца прытокамі. Галоўная рака разам з прытокамі ўтварае рачную сыстэму.

Цячэньне ракі дзеліцца на тры часткі: верхняе (пачатковае ці горнае), сярэдняе і ніжняе (якое выдзяляецца наймацнейшай эрозыяй). Вусьце ракі можа мець трохкутную форму (дэльту).

Вывучэньнем рэк займаецца разьдзел гідралёгііпатамалёгія.

Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэльта Амазонкі, від з космасу

У кожнай рацэ вылучаюць месца яе пачатку — выток і месца (участак) упадзеньня ў моравозера або сутоку зь іншай ракой — вусьце.

Рэкі, якія непасрэдна ўпадаюць у акіяны, моры, азёры, або якія губляюцца ў пясках і балотах, называюцца галоўнымі. Рэкі, якія ўпадаюць у галоўныя рэкі, называюцца прытокамі.

Галоўная рака з усімі ейнымі прытокамі ўтварае рачную сыстэму, якая характарызуецца гушчынёй рачной сеткі.

Паверхня сушы, зь якой рачная сыстэма зьбірае ваду, называецца вадазборам альбо вадазборнай плошчай. Вадазборная плошча разам зь верхнімі пластамі зямной кары, якая ўключае ў сябе гэтую рачную сыстэму, а аддзеленая ад іншых рачных сыстэмаў водападзеламі, называецца рачным басэйнам.

Звычайна рэкі цякуць у выцягнутых паніжаных формах рэльефу — далінах, найбольш паніжаная частка якіх называецца рэчышчам, частка дна даліны, якая заліваецца высокай рачной плыньню, — поймай або пойменнай тэрасай.

Раўнінная рака Дунай. Мост аб’ядноўвае Вугоршчыну і Славаччыну.

У рэчышчах чаргуюцца больш глыбокія месцы — плёсы і мелкаводныя ўчасткі — перакаты. Лінія найбольшых глыбіняў рэчышча называецца тальвэгам, блізка да якой звычайна праходзіць судовы ход, фарватэр. Лінія найбольшых хуткасьцяў плыні называецца стрыжнем.

Мяжой вадатоку ракі называецца бераг, у залежнасьці ад разьмяшчэньня па плыні адносна сярэдняй лініі рэчышча вадатоку адрозьніваюць правы і левы берагі вадатоку.

Розьніца вышыняў паміж вытокам і вусьцем ракі называецца падзеньнем ракі. Суадносіны падзеньня ракі або яе асобных участкаў да іх даўжыні называецца ўхілам ракі (участка) і выражаецца ў адсотках (%) або ў праміле (‰).

У залежнасьці ад рэльефу мясцовасьці, у межах якой цякуць рэкі, яны падзяляюцца на горныя і раўнінныя. На шматлікіх рэках чаргуюцца ўчасткі горнага і раўніннага характару. Горныя рэкі, як правіла, адрозьніваюцца большымі ўхіламі, бурнай плыньню, цякуць у вузкіх далінах; звычайна маюць месца працэсы размыву. Для раўнінных рэк, як правіла, характэрная наяўнасьць зьвілінаў рэчышча або мэандараў, якія ўтвараюцца ў выніку рэчышчавых працэсаў. На раўнінных рэках чаргуюцца ўчасткі размыву рэчышча і акумуляцыі на ім наносаў, у выніку чаго ўтвараюцца асяродкі і перакаты, а ў вусьцях — дэльты. Часам адгалінаваныя ад ракі рукавы зьліваюцца зь іншай ракой.

Па паверхні зямнога шару рэкі разьмеркаваныя вельмі нераўнамерна. На кожным мацерыку можны вылучыць галоўныя водападзелы — межы абласьцей стоку, які трапляе ў розныя акіяны. Галоўны водападзел Зямлі падзяляе паверхню мацерыкоў на 2 асноўныя басэйны: атлянтыка-антарктычны (сток з плошчы якога паступае ў Атлянтычны і Паўночны Ледавіты акіяны) і ціхаакіянскі (сток у Ціхі і Індыйскі акіяны). Аб’ем стоку з плошчы першага з гэтых басэйнаў значна большы, чым з плошчы другога.

Гушчыня рачной сеткі і кірунак цячэньня залежаць ад комплексу сучасных прыродных умоваў, але часта ў той ці іншай ступені захоўваюць абрысы папярэдніх геалягічных эпохаў. Найбольшай гушчыні рачная сетка дасягае ў экватарыяльным поясе, дзе цякуць буйнейшыя рэкі сьвету — Амазонка, Конга; у трапічных і ўмераных паясах гушчыня таксама бывае высокай, асабліва ў горных раёнах (Альпы, Каўказ, Скалістыя горы і інш.). У пустэльных абласьцях распаўсюджаныя рэкі, якія цякуць эпізадычна, пераўтвараючыся зрэдчасу пры раставаньні сьнегу і інтэнсіўных залевах ў магутныя патокі (рэкі раўніннага Казахстану, уэды, Сахары, Аўстраліі, крыкі ды інш.).

Найдаўжэйшыя рэкі сьвету
Назва Даўжыня (км) Плошча басэйну (тыс. км²) Сярэдні расход вады ў вусьці (тыс. м³/с) Найвялікшы расход вады ў вусьці (тыс. м³/с) Цьвёрды сьцёк (млн т/год)
1. АмазонкаУкаялі) 7100 5965 220,00 360,00 498,00
2. Ніл 6671 2870 2,30 6,40 110,50
3. Янцзы 6300 1818 34,00 90,20 500,00
4. МісысыпіМісуры 5969 3229 19,00 59,00 500,00
5. Хуанхэ 5464 752 1,50 22,00 380,00
6. ОбІртышом) 5410 2990 12,70 43,00 15,00
7. Парана (ад вытокаў Паранаібы) 4380 2970 15,00 65,00 129,00
8. Мэконг 4500 810 12,00 30,00 169,60
9. Амур (ад вытокаў Аргуні) 4440 1855 10,90 40,00 24,90
10. Лена 4400 2490 17,00 200,00 15,40
11. Конга (зь Люалябай) 4320 3691 40,00 75,00 64,70
12. Макэнзі (ад вытокаў Піс-Рывэр) 4240 1760 14,00   15,00
13. Нігер 4160 2092 12,00 35,00 67,00
14. Енісей (ад вытокаў Малога Енісею) 4102 2580 19,80 154,00 13,20
15. Волга 3530 1360 7,70 52,00 25,80
16. Інд 3180 960 3,80 30,00 435,40
17. Юкон 3180 900 6,30   88,00
18. Дунай 2850 817 6,40 20,00 67,50
19. Арынока 2730 994 29,00 55,00 86,50
20. ГангБрахмапутрай) 2700 2055 38,00   2177,20
21. Замбэзі 2660 1330 16,00   100,00
22. Мурэй 2574 1072 0,50   31,90

Рэкі Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рэкі Беларусі

У Беларусі налічваецца каля 20 800 рэк. Большасьць рэк невялікія, 42 ракі маюць даўжыню ад 100 да 500 кілямэтраў. Найдаўжэйшай ракой, якая працякае па тэрыторыі Беларусі, зьяўляецца Дняпро.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Ракасховішча мультымэдыйных матэрыялаў