Ворша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ворша
трансьліт. Orša
Колішні калегіюм езуітаў
Колішні калегіюм езуітаў
Coat of Arms of Vorsza, Belarus.svg Flag of Vorsza, Belarus.svg
Герб Воршы Сьцяг Воршы
Першыя згадкі: 1067
Магдэбурскае права: 13 сьнежня 1620
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Аршанскі
Гарадзкі савет: Аршанскі
Плошча: 36 км²
Насельніцтва (2009)
колькасьць: 122 200 чал.[1]
шчыльнасьць: 3394,44 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 216
Паштовы індэкс: 211030
Паштовыя індэксы: 211030, 211381—211394, 211396—211398
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°30′27″ пн. ш. 30°25′22″ у. д. / 54.5075° пн. ш. 30.42278° у. д. / 54.5075; 30.42278Каардынаты: 54°30′27″ пн. ш. 30°25′22″ у. д. / 54.5075° пн. ш. 30.42278° у. д. / 54.5075; 30.42278
Ворша на мапе Беларусі ±
Ворша
Ворша
Ворша
Ворша
Ворша
Ворша
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Во́рша — места ў Беларусі, у вярхоўі Дняпра пры ўтоку ў яго рэчкі Аршыца. Адміністрацыйны цэнтар Аршанскага гарсавету і раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 122,2 тыс. чал. (2009). Знаходзіцца за 93 км ад Віцебску. Вузел чыгунак (лініі на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог.

Ворша — старажытнае магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віцебшчыны). Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі магілёўскага барока комплекс Куцеінскага манастыра Яўленьня Гасподняга з царквой Прасьвятой Тройцы (1626), барокавыя езуіцкі калегіюм (1690), манастыр базылянаў (1774, патрабуе неадкладнай рэстаўрацыі), кляштары бэрнардынаў (1650-я), трынітарыяў (1717) і францішканаў (1680), барокава-клясыцыстычны касьцёл Сьвятога Язэпа (1819). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваны замак[2] (1407), езуіцкі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (1620-я) і бэрнардынскі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1636), зруйнаваныя расейскімі ўладамі ў XIX ст. Многія помнікі архітэктуры Воршы былі зьнішчаныя савецкімі ўладамі ў 19301970-я — гэта комплекс Куцеінскага манастыра Прачыстай Багародзіцы (магілёўскае барока, 1631), францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія (раньняе барока, 1680), царква Раства Багародзіцы (барока, 1691), трынітарскі касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (барока, 1735), базылянская царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы (віленскае барока, 1774), могілкавая царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (драўлянае барока, XVIII ст.).

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Ворша» ўтварыўся ад назвы ракі Ршы (сьпярша так звалі цяперашнюю Аршыцу). Тым часам гідронім можна прымеркаваць да часта ўжываных назваў Ржа, Ржанка[3]. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім мае балцкае (ад найменьня ляшчыны) або фіна-вугорскае паходжаньне (у перакладзе «вада, якая бяжыць у рэчышчы» — рака)[4].

Да нашага часу адбылася натуральная трансфармацыя назвы места: пачатковае «Рша» праз форму «Арша́» і далейшы перанос націску на першы склад аформілася ў мясцовых гаворках і беларускай мове (клясычны правапіс) з устаўным зычным «в» — «Ворша»[5].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Воршы

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усяслаў Чарадзей

Дзядзінец старажытнай Воршы (плошча 0,57 га) разьмяшчаецца ў сутоках рэчак Аршыца і Дняпро, дзе археолягі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў[6]. Як адзін з памежных фарпостаў на ўсходных рубяжах Полацкай зямлі Ворша ўзьнікла, імаверна, каля 1021 году, калі князь кіеўскі Яраслаў Мудры саступіў князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу Віцебск і Ўсьвяты[7].

Першы ўпамін пра Воршу (пад назвай Ръша) месьціцца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуецца 1067 годам: 10 ліпеня сюды прыехаў Усяслаў Чарадзей на перамовы з кіеўскімі князямі, аднак яны парушылі існыя дамоўленасьці і ўзялі полацкага князя ў палон. Згодна зь зьвесткамі археалягічных раскопак у тыя часы на месцы Воршы існавала невялікае паселішча, якое ўзьнікла на Шляху з варагаў у грэкі.

Паміж 1101 і 1116 гадамі князь менскі Глеб Усяславіч збудаваў тут фартэцыю. Адначасна мусіла вырасьці і места. З XII ст. — у складзе Смаленскага княства[8]. У XIII ст. у сваім маёнтку каля Воршы жыў князь Андрэй Кабыла, далёкім нашчадкам якога (паводле меркаваньня М. Карамзіна і У. Караткевіча) быў маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч — заснавальнік дынастыі Раманавых.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачатку княжаньня ў Віцебску Альгерда (1320) Ворша далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[9] (цэнтар намесьніцтва ў Віцебскім княстве). З ініцыятывы вялікага князя ў 1-й пал. XIV ст. вакол места паўсталі абарончыя ўмацаваньні, а ў 13981407 гадох ужо на загад Вітаўта тут узьвялі мураваны замак. Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве (15.7.1410). З дакумэнтаў XV ст. вядома, што ў месьце дзейнічала мытня.

Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 году
Мікалай Радзівіл «Чорны»

У вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (15121522) непадалёк ад Воршы 8 верасьня 1514 году адбылася адна з найбольшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Эўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэтую перамогу ў 15201530-я гады невядомы мастак напісаў першую ўва Ўсходняй Эўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музэі Польшчы). Яе копію можна пабачыць у Аршанскім дамініканскім касьцёле.

У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзяяч Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у Воршы першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкі закон кальвіністаў. У 1573 годзе ў месьце зьявіліся езуіты, якія пры дапамозе Льва Сапегі адкрылі тут свой калегіюм. Неўзабаве аршанцы стварылі праваслаўнае брацтва, зацьверджанае вялікім князем Жыгімонтам III у 1592 годзе, а ў 1649 годзе ў месьце пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.

У 1558 годзе М. Струбіч надрукаваў мапу «Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», на якой упершыню значылася Ворша. У наступным 1559 годзе места атрымала частковае самакіраваньне (абраны войт і 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасьціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У XVI ст. праз Воршу прайшоў буйны гандлёвы шлях — Вялікі галоўны гасьцінец, места стала сталіцай Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

Куцеінскі Прачысьценскі манастыр
Магдэбурскі герб Воршы

23 лістапада 1593 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дараваў Воршы грамату пра мескі орган самакіраваньня, а 13 сьнежня 1620 году места атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж»[10] (гэты герб мае афіцыйны статус і ў наш час). 3 траўня 1621 году адбылося зацьверджаньне Аршанскага мескага статуту. Атрымаўшы Магдэбурскае права, аршанцы збудавалі ратушу і гандлёвыя рады. Ратуша была зь вежай, гадзіньнікам і вялікім звонам. У ёй праходзілі паседжаньні магістрату і суду. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (16541667) маскоўскае войска зруйнавала Воршу. У 1661 годзе Вальны сойм вынес адмысловую пастанову аб наданьні палёгак месту ў зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі.

У XVIIXVIII стагодзьдзях Ворша мела аблічча манастырскага места. Амаль палову яе земляў займалі кляштары і манастыры, частка зь якіх знаходзілася па-за межамі места. 11 кляштараў і манастыроў зь велічнымі вежамі касьцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Воршы асабліва ўзьнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жыльля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага места такое архітэктурнае спалучэньне было рэдкай адметнасьцю.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам Аршанскай правінцыі (з 1802 году — павету) Магілёўскай губэрні. У 1776 годзе расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права[7]. У гэты час тут было 309 будынкаў. У 1778 зьявіўся праект пераплянаваньня Воршы, які прадугледжваў рэгуляваньне вулічнай сеткі, узбуйненьне кварталаў, стварэньне непадалёк ад цэнтру новага пляцу з гасьціным дваром і адміністрацыйнымі ўстановамі. 16 жніўня 1781 году месту даравалі новы расейскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расеі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл».

Стэндаль

У вайну 1812 году французы занялі Воршу і пры адступленьні спалілі горад. Інтэндантам Воршы ў час францускага панаваньня быў Анры Бэйль[11], пазьней ужо вядомы як францускі пісьменьнік Стэндаль. Новы плян забудовы зацьвердзілі толькі ў 1848 годзе.

28 жніўня 1863 паводле выраку ваеннага суду ў Воршы расстралялі І. Будзіловіча — кіраўніка паўстанцкага аддзелу, які дзейнічаў у Аршанскім павеце ў часе нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады зачынілі ўсе каталіцкія кляштары, а большасьць касьцёлаў перадалі Маскоўскаму патрыярхату для перабудовы пад цэрквы з мэтай маскалізацыі краю.

У другой палове XIX ст. Ворша стала буйным чыгуначным вузлом, а тутэйшая прыстань — значным транспартным пунктам на Дняпры, адкуль шгогод адпраўляліся каля 100 суднаў. З 1881 году пачаўся рэгулярны пасажырскі рух ракою да Магілёва. У гэты час у Воршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крамаў. У пачатку 1890 году ў месьце працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (ільнотрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных установаў (657 вучняў у 1894 годзе), лякарня, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. Адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869) і меская публічная бібліятэка (1899), з 1906 году — рэальная вучэльня, з 1911 году — жаночая настаўніцкая сэмінарыя. З 1915 выдавалася газэта «Оршанский вестник».

У Першую сусьветную вайну зь лютага па кастрычнік 1918 году Воршу займалі нямецкія войскі. У 19171920 гадох у месьце дзейнічалі органы і арганізацыі розных палітычных сілаў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[12], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Толькі ў 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня БССР Ворша вярнулася ў склад Беларусі, дзе атрымала статус раённага цэнтру. З 1938 году — у Віцебскай вобласьці.

14 ліпеня 1941 году, у часы Другой Сусьветнай вайны, савецкая армія пасьпяхова застасавала каля Воршы новую зброю — устаноўку залпавых стрэлаў «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюшаў» капітан І. Флёраў. 16 ліпеня 1941 году Воршу занялі нямецкія войскі. У часы акупацыі існавала група партызанаў-падпольнікаў на чале з Канстанцінам Заслонавым, якая дзейнічала ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 году. Пасьля сакавіка таго ж году К. Заслонаў мусіў схавацца ў лесе ад перасьледу нямецкай акупацыйнай улады, аднак ён не спыніў сваю дзейнасьць; партызан загінуў 14 лістапада 1942 году. 27 чэрвеня 1944 году Воршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту.

У 19301970-я гады савецкія ўлады зьнішчылі царкву Покрыва Багародзіцы і манастыр базылянаў, царкву Раства Багародзіцы, францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія, Куцеінскі манастыр Прачыстай Багародзіцы, іншыя сакральныя збудаваньні, амаль цалкам зруйнавалі гістарычную забудову XVIIXX стагодзьдзяў. На месцы старажытнага места паўстала пустэча.

11 сакавіка 1971 году выканкам гарадзкога Савету дэпутатаў сваёй пастановай зацьвердзіў новы савецкі герб Воршы, аўтарамі якога былі Гаранскі і Янкоўскі. У чэрвені 1984 году за мужнасьць і стойкасьць, выяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Воршу ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Ордэн Айчыннай вайны I ступені
Ордэн Айчыннай вайны I ступені
Савецкі герб (1971)

19 верасьня 2008 году ў Воршы прайшоў штогадовы фэстываль «Дажынкі». У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства горад значна ўпарадкавалі. Агулам было пабудавана альбо рэканструявана больш за 500 аб’ектаў. Была праведзеная рэканструкцыя гарадзкой гасьцініцы, мосту праз Аршыцу, чыгуначнага ды аўтавакзалаў. Пабудаваны гарадзкі стадыён і лазьня. Уздоўж берагу Дняпра цяпер працуе дзіцячы парк з атракцыёнамі і невялікім паўкругам. Упарадкаваны жытловы фонд цэнтру гораду, плошчы Леніна (цэнтральная плошча) і гарадзкога парку, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы сьвята. Частка старых дамоў была разбураная, каб пашырыць цэнтральныя вуліцы. На падрыхтоўцы Воршы да сьвята працавала больш за 800 прадпрыемстваў з усёй краіны[13].

Працы на аршанскіх помніках гісторыі і архітэктуры пачаліся яшчэ ў 2007 годзе: праведзены рамонт даху ў езуіцкім калегіюме (помнік гісторыі XVII ст.), рэканструявана 30-мэтровая вежа гэтага комплексу, на якой устаноўлены купал і гадзіньнік. Па заканчэньні працаў тут адкрыўся гістарычны музэй і бібліятэка.

Пры рэканструкцыі комплексу Аршанскага езуіцкага калегіюму будаўнікі неаднаразова знаходзілі чалавечыя косьці і кумпалы. За часамі СССР у гэтых будынках месьцілася вязьніца. Мяркуецца, што знойдзеныя парэшткі належаць ахвярам камуністычнага рэжыму[14].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Nuvola apps kweather.svg Кліматычныя зьвесткі для Воршы Weather-rain-thunderstorm.svg
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C −4 −3 2 11 18 21 23 22 16 9 2 −2
Сярэдні мінімум t, °C −10 −10 −6 2 7 10 12 11 7 2 −3 −7
Норма ападкаў, мм 35 30 34 45 60 74 96 79 61 53 47 41 655
Крыніца: Клімат Воршы Праверана 4 сакавіка 2011 г.; Клімат Воршы(рас.) Праверана 4 сакавіка 2011 г.

Ворша знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласьці прыкладна за 180 км ад Менску на ўсход і за 120 км ад Смаленску на захад. Геамарфалягічныя ўмовы тэрыторыі места характаразуюцца яго разьмяшчэньнем у межах Аршанскага ўзвышша Аршанска-Магілёўскай раўніны, і адначасна, даліны ракі Дняпро і яго прытокаў Аршыцы і Адрова. Гэтыя чыньнікі абумовілі ўзгорысты рэльеф зь вялікімі перападамі вышыняў, якія дасягаюць у заходняй частцы места 12—13 м, ува ўсходняй — 20 м. Сярэдняя вышыня над ўзроўнем мора складае каля 180 мэтраў.

Найбольш высокая частка Воршы — раён вуліцы Дамініканскай, дзе абсалютная адзнака вышыні складае 192,14 м. Больш роўная паверхня — гэта раён паміж чыгуначнымі станцыямі Ворша-Ўсходняя і Ворша-Заходняя. Агульны ўхіл тэрыторыі места ідзе ў бок рэчышчаў Дняпра, Аршыцы і Адрова, агульная даўжыня якіх у межах Воршы перавышае 6 км. Добра выражаны рэльеф практычна поўнасьцю забясьпечвае паверхневы сьцёк з тэрыторыі места. У даліне Дняпра знаходзіцца Аршанская мінэральная крыніца.

У ваколіцах Воршы растуць хваёвыя, яловыя, мяшаныя і дробналісьцевыя лясы.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьвесткі пра дэмаграфію Воршы
Год Колькасьць
XVII ст. 5000[15]
1772 793[7]
1776 1700[7]
1881 5025[7]
1896 8338
1897 13 161
1904 14 764
1912 21 583[16]
1923 18 000[17]
1939 37 000
Год Колькасьць
1959 64 400
1964 79 000
1970 100 600
1979 111 000[18]
1979 112 397
1989 123 000
1995 125 000
2000 123 900[19]
2006 125 530
2009 122 200

Дэмаграфія Воршы значна залежала ад гістарычных абставінаў. Спрыяльнае геаграфічнае становішча заўсёды ўплывала на павелічэньне колькасьці жыхароў. Найбольшы рост насельніцтва ў месьце прыпадае на пэрыяды мірнага жыцьця. У сваю чаргу, войны значна памяншалі колькасьць жыхароў.

У сяр. XVII ст. у Воршы жыло каля 5 тыс. чалавек[9]. Аднак у вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць месьцічаў паменшалася ў больш чым 5 разоў. У 1772 годзе ў Воршы жыло толькі 793 чалавекі.

У мірны пэрыяд па вайне 1812 году колькасьць месьцічаў значна павялічылася. У 1880 годзе насельніцва Воршы складала 5025 чал. (2606 муж. і 2419 жан.), у тым ліку 1321 праваслаўных, 220 каталікоў, 2484 юдэі[20]; у месьце жыло 82 сям’і купцоў 1 і 2 гільдыі, 229 асобаў з пасьведчаньнямі на дробны гандаль, 113 — на рамяство.

На 1 студзеня 1896 у Воршы жыло 8338 чалавек (4015 муж. і 4313 жан.), зь іх паводле веры: праваслаўных 4175, раскольнікаў 62, каталікоў 664, пратэстантаў 125, юдэяў 3231, іншых 71; паводле стану: мяшчанаў 6453, купцоў і ганаровых грамадзянаў 268, вайсковага стану 419, шляхты 245, духоўнага званьня 161, сялянаў 722, іншых 60[21].

Па заканчэньні Другой Сусьветнай вайны ў Воршы засталося каля 3000 жыхароў.

На 1 студзеня 2009 году ў Воршы налічвалася 139 тысячаў жыхароў[22] 51 нацыянальнасьці[23].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кветкі ў Воршы

З 1573 году ў Воршы знаходзіліся езуіты, якія на той час шырока займаліся асьветай. У заснаваным імі калегіюме (1616) навучаньне праводзілася на эўрапейскім ўзроўні. Ад 1740 году калегіюм меў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філязофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, лёгіку. Пры калегіюме працавала музычная вучэльня і школьны тэатар. Аршанскі калегіюм езуітаў дзейнічаў да 1820 году.

У 1880 годзе ў Воршы працавала 5 навучальных установаў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў), у ліку якіх гарадзкая рэальная вучэльня, духоўная вучэльня, жаночая гімназія, жаночая настаўніцкая сэмінарыя. Апроч таго, у месьце дзейнічалі 3 бібліятэкі, 2 кнігарні і друкарня.

У наш час у Воршы функцыянуюць 22 агульнаадукацыйныя сярэднія школы, 2 спэцыяльныя школы, гімназія, агульнаадукацыйны ліцэй (у горадзе Барань), 2 вячэрнія школы, навучальна-прамысловы камбінат (НПК), 44 дзіцячыя дашкольныя установы. Сярэдняю адукацыю ў горадзе атрымліваюць каля 18 тысячаў вучняў.

Езуіцкі калегіюм, адноўлены да Дажынак

У Воршы існуюць пэдагагічны і мэханіка-эканамічны каледжы, мэдычная вучэльня, тэхнікум чыгуначнага транспарту, а таксама 5 ПТВ. Працуюць 3 школы мастацтваў, 5 спартовых школ, 10 бібліятэк.

Аршанскі пэдагагічны каледж — адна з найстарэйшых навучальных пэдагагічных установаў Беларусі. Ягоная гісторыя пачалася 11 ліпеня 1911 году, калі была ўтвораная жаночая настаўніцкая сэмінарыя. У розныя часы яна звалася пэдагагічным тэхнікумам, вучэльняй, каледжам. На сёньняшні час установа мае назву «Аршанскі каледж УА „ВДУ імя П. М. Машэрава“» і зьяўляецца філіяй ВДУ імя П. Машэрава. У каледжы навучаецца 420 чалавек на 4 аддзяленьнях.

Аршанскі дзяржаўны мэханіка-эканамічны каледж заснаваны ў 1954 годзе. У ім навучаецца больш за 1500 чалавек на 6 аддзяленьнях (1 завочнае).

Аршанскі дзяржаўны тэхнікум чыгуначнага транспарту заснаваны ў 1929 годзе. Тут адкрытыя дзённае і завочнае аддзяленьні.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Воршы дзейнічаюць 3 паліклінікі для дарослых, 2 паліклінікі для дзяцей, 2 гарадзкія шпіталі, 1 радзільны дом, 2 жаночыя кансультацыі, 2 стаматалягічныя паліклінікі.

У канцы XX ст. у Воршы раптоўна ўзрасла колькасьць анкалягічных захворваньняў. Афіцыйныя мэдычныя ўлады ніяк не камэнтуюць гэты факт і нават замоўчваюць яго. Між тым толькі ў 2004 годзе было зафіксавана 500 новых хворых на рак (у 1987 годзе такіх было менш за 100). Адна з вэрсіяў — уплыў на здароўе жыхароў Воршы радыёвыпраменьваньня ад РЛС ракетнай вайсковай часткі, якая знаходзілася амаль на мяжы гораду ў беспасярэдняй блізкасьці ад мікрараёнаў 1 і 2[24].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Брама ў цэнтры места

На працягу гісторыі Ворша зьяўлялася значным культурным цэнтрам рэгіёну.

У XVI ст. тут пачалі сваю дзейнасьць шэраг манаскіх супольнасьцяў. У месьце паўсталі будынкі езуіцкіх касьцёла (1604) і калегіюму (1609), касьцёлаў і кляштараў бэрнардынаў (1636), дамініканаў (1649), францішканаў (1680), базылянаў (1758, 1774), трынітарыяў (1714), Куцеінскага Ўсьпенскага манастыра (1631), царквы Сьвятога Ільлі (1505), касьцёлы Сьвятога Антонія (1680) і іншыя. У наш час больш за 25 збудаваньняў Воршы зьяўляюцца помнікамі гісторыі і архітэктуры.

У XVII ст. Ворша стала адным з мастацкіх цэнтраў Беларусі; тут працавалі вядомыя разьбяры, цесьляры, ювэліры, бройнікі і мастакі. З 1630 па 1655 гады пры Куцеінскім манастыры дзейнічала друкарня беларускага асьветніка Сьпірыдона Собаля, у якой выйшла больш за 20 кніжак на кірыліцы. Наклад некаторых выданьняў дасягаў 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь». У 1812 годзе быў знойдзены ўнікальны помнік пісьменнасьці Беларусі — «Аршанскае Дабравесьце», якое датуецца XIIXIII стагодзьдзямі.

У наш час у Воршы дзейнічае 10 бібліятэк: цэнтральная гарадзкая імя Пушкіна (заснаваная ў 1899 годзе), 3 дзіцячыя і 6 філіяў. У горадзе ўтвораныя 2 паркі адпачынку, працуюць 6 палацаў і дамоў культуры, кінатэатар («Перамога»).

Ворша — радзіма беларускага рок-гурта «Пані Хіда», некалькіх калектываў мастацкай самадзейнасьці і творчасьці.

Штогод у Воршы праходзяць літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя знакамітаму аршанцу Ўладзімеру Караткевічу. У горадзе ёсьць музэй пісьменьніка.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Краявід места

Для заняткаў спортам у Воршы існуе гарадзкі стадыён, 4 стадыёны, шмат спартовых заляў, 5 басэйнаў. У 5 ДЮСШ займаецца спортам больш за паўтары тысячы юнакоў і дзяўчат.

Ворша мае свае спартовыя каманды:

  • Валейбольны клюб «Узьлёт» (1 ліга, мужчыны),
  • Футбольны клюб «Ворша» (2 ліга, мужчыны).
  • Гандбольны клюб «Ворша» (вышэйшая ліга, жанчыны) цяпер не існуе.

З Воршы паходзяць срэбны (1994) і бронзавы (1988) прызэр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі (канькабежны спорт), 3-разовая чэмпіёнка сьвету Людміла Бядрыцкая (барацьба самба), чэмпіён сьвету Ігар Сумнікаў (роварны спорт).

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сродкі масавай інфармацыі прадстаўленыя газэтамі, радыё і гарадзкім тэлеканалам.

  • «Аршанская газета». Грамадзка-палітычнае выданьне. Заснаваная ў 1917 годзе. Заснавальнік і выдавец — аршанскія гарадзкія ўлады (Аршанскі гарадзкі савет дэпутатаў, Аршанскі раённы савет дэпутатаў, Аршанскі гарадзкі выканаўчы камітэт, Аршанскі раённы выканаўчы камітэт). Выдаецца ў аб’ёме 20 палос 3 разы на тыдзень, зь якіх 12 палос — у суботу. Наклад — у аўторак і чацьвер — 5447, у суботу — 6951 экзэмпляр. Рэгіён распаўсюджваньня — Ворша і Аршанскі раён.
  • «Трыбуна тэкстыльшчыка». Заснаваная ў 1934 годзе. Заснавальнік — адміністрацыя РУП ВГП «Аршанскі ільнокамбінат». Выдаецца 1 раз на месяц. Наклад — 2000 экзэмпляраў. Распаўсюджваецца задарма.
  • «Телеком-экспрес». Заснаваная 23 траўня 1994 году. Заснавальнік і выдавец — ТАА «Тэлеком-Гарант». Выдаецца ў аб’ёме 24 паласы штотыднёва ў чацьвер. Наклад газэты — 17 000 — 19 000 экзэмпляраў. Рэгіён распаўсюджваньня — Ворша, Аршанскі раён, Дуброўна, Дубровенскі раён, Талачын, Талачынскі раён.
  • «Аршанскае радыё». Працуе 5 разоў на тыдзень (акрамя серады і нядзелі).
  • Тэлекампанія «Скіф». Штодзённая трансьляцыя ідзе з 1992 году.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Васкрасенская вуліца Васкрасенская вуліца
Дамініканская вуліца Дамініканская вуліца
Замкавая вуліца Замкавая вуліца
Камсамольская вуліца (з 1925) Магілёўская вуліца
Карла Маркса вуліца Зялёная вуліца
Леніна вуліца (з 1925) Бабінавіцкая вуліца[25] Пецярбурская вуліца
Петраградзкая вуліца
Міра вуліца Красная вуліца[26]
Пралетарская вуліца (з 1925) Шляхецкая вуліца[27]
Першая Слабадзкая вуліца[28]
Савецкая вуліца Магілёўская вуліца (частка)
Вакзальная вуліца (частка)
Францішка Скарыны вуліца Ільлінская вуліца
Чарняхоўскага вуліца (з 1945) Вясёлая вуліца
Энгельса вуліца Гараднянская вуліца
 ? Дубровенская вуліца
 ? Рынак пляц
 ? Смаленская вуліца

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бровар
Цаглянае рамяство

Гістарычна эканоміка Воршы залежала ад палітычных абставінаў. Неаднаразова горад руйнавалася і адраджалася зноў, чаму спрыяла яго добрае разьмяшчэньне на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў і выгаднае месца на ўзьбярэжжы Дняпра.

Ворша разьвівалася як гандлёвы і рамесны цэнтар, гэтаму спрыяла атрыманае ў 1620 годзе Магдэбурскае права. У француска-расейскую вайну ў 1812 годзе праз Дняпро збудавалі 2 масты.

З новай гісторыі вядома, што ў Воршы ў канцы XIX стагодзьдзя існавала 15 прамысловых прадпрыемстваў. Тут апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі мэханічныя і жалезаліцейныя майстэрні. У горадзе вялася здабыча вапняку. Ворша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеньнікі». На рацэ Дняпро працавала прыстань, якая мела вялікае значэньне ў жыцьці гораду. Праз прыстань праходзілі грузавыя і пасажырскія параходы (штогод каля 100 суднаў). Існавалі рэгулярныя кірункі руху да Магілёва.

Прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Прамысловыя прадпрыемствы Воршы

Ворша — буйны прамысловы цэнтар Беларусі. У горадзе працуе 25 прадпрыемстваў машынабудаўніцтва, мэталаапрацоўкі, лёгкай прамысловасьці, будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствы мясной, малочнай і харчовай галінаў вытворчасьці.

Найбольшае прадпрыемства гораду — РУП ВГП «Аршанскі льнокамбінат» (заснаваны ў 1930 годзе). Ягоная доля ў гарадзкой вытворчасьці складае прыкладна 50%. Камбінат зьяўляецца адзіным у Беларусі і найбуйнейшым у краінах СНД прадпрыемствам па вытворчасьці ільняных тканінаў і вырабаў зь іх.

Найстарэйшым прадпрыемствам Воршы зьяўляецца РУПП «Станкабудаўнічы завод „Чырвоны барацьбіт“», заснаваны ў 1900 годзе.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгуначная станцыя Ворша ў пач. XX ст. (налева) і ў наш час (па перабудове савецкімі ўладамі, направа)

Ворша — буйны транспартны і найперш чыгуначны вузел Беларусі.

Аршанскі чыгуначны вакзал знаходзіцца на ўскраіне гораду. З Воршы адыходзяць цягнікі ў 6 кірунках, асноўныя зь якіх: Масква — Бэрлін, Санкт-Пецярбург — Кіеў. Першая чыгунка Смаленск — Берасьце прайшла праз Воршу ў 1871 годзе. У 1902 годзе была пабудаваная чыгунка Новасакольнікі — Жлобін, у 1923 годзе адкрылася лінія Ворша — Крычаў, а ў 1927 годзе — Ворша — Лепель. Праз Аршанскі чыгуначны вузел праходзяць 85 пасажырскіх прамых цягнікоў і адыходзяць 66 мясцовых.

Аўтамагістраль Берасьце — Масква (М1, E30) пад Воршай

У склад Аршанскай філіі Беларускай чыгункі ўваходзяць лякаматыўнае й вагоннае дэпо. Аршанская чыгунка мае рэйказварачны цягнік і рамонтны цягнік дзеля ліквідацыі вынікаў аварыяў на чыгунцы.

Ворша знаходзіцца на перакрыжаваньні аўтамабільных шляхоў на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель. Аўтавакзал месьціцца ў цэнтры гораду. Таксама працуюць 2 аўтакасы. З Воршы адыходзяць прыгарадныя й міжгароднія аўтобусныя маршруты ў кірунках на Горкі, Магілёў, Дуброўна, Віцебск, Менск.

Грамадзкі транспарт уключае 16 гарадзкіх аўтобусных маршрутаў. Значную частку пасажыраў абслугоўваюць мікрааўтобусы ў якасьці маршрутных таксі. Доля маршрутных таксі ў пасажырскіх перавозках Воршы складае 40%.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ворша — цэнтар турызму нацыянальнага значэньня, уваходзіць у турыстычны маршрут «Абаронцы і вызваліцелі Віцебскага краю»[29].

Спыніцца можна ў гасьцініцы «Ворша», санаторыі-прафілякторыі Аршанскага льнокамбінату, турыстычна-аздараўленчым прыватным УП «Ворша».

У месьце дзейнічаюць Аршанскі мэмарыяльны музэй К. Заслонава, Аршанскі музэй гісторыі і культуры места, Аршанскі музэй У. Караткевіча, Аршанскі этнаграфічны музэй «Млын», Аршанскі музэй драўлянай скульптуры разьбяра С. Шаўрова, меская выстаўная заля.

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Раства Багародзіцы з барокавымі купаламі-банькамі і 4-канцовымі крыжамі (налева) і яна ж, «адноўленая» ў наш час Маскоўскім патрыярхатам з купаламі-цыбулінамі і 8-канцовымі крыжамі (направа)

На тэрыторыі Воршы знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня — агаленьне горных пародаў «Ворша».

  • Бровар (1883)
  • Гістарычная забудова (XVIII — пач. ХХ стагодзьдзяў; фрагмэнты)
  • Замчышча (XII—XVII стагодзьдзі)
  • Калегіюм езуітаў (XVII ст.)
  • Капліца могілкавая (пач. ХХ ст.)
  • Касьцёл Сьвятога Язэпа (1808)
  • Кляштар бэрнардынаў (1650-я)
  • Кляштар трынітарыяў (XVIII ст.)
  • Кляштар францішканаў (XVII ст.)
  • Манастыр базылянаў (1774, патрабуе неадкладнай рэстаўрацыі)
  • Млын (1902)
  • Могілкі юдэйскія
Зруйнаваны будынак XVIII ст. пад адрасам вул. Менская, 19
  • Царква Раства Багародзіцы (1691, адноўленая ў 2009)
  • Царква Прасьвятой Тройцы і Куцеінскі манастыр Яўленьня Гасподняга (XVII ст.)
  • Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1883)

Апроч таго, статус гістарычна-культурных каштоўнасьцяў маюць мост праз замкавы роў (1902), культурны пласт уздоўж вуліцы Менскай, культурны пласт пасаду Зааршынны (у бок заводу «Чырвоны барацьбіт»), падмурак царквы Покрыва Прасьвятой Багародзіцы пры базылянскім манастыры[30].

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьнішчаная афіцына езуіцкага калегіюму (XVII—XVIII стст.)
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (трынітарыяў, XVII ст.)
  • Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (езуітаў, XVII ст.)
  • Касьцёл Сьвятога Антонія (францішканаў, 1680)
  • Кляштар бэнэдыктынак (XVII ст.)
  • Кляштар бэрнардынаў (XVII ст.)
  • Кляштар дамініканаў (XVIII ст.)
Аздоба будынка XIX ст., у якім месьціўся Дом рамёстваў
  • Кляштар марыявітак (XVIII ст.)
  • Кляштар місіянэраў (XVII—XVIII стагодзьдзі)
  • Манастыр Куцеінскі Прачыстай Багародзіцы (1631)
  • Сынагога
  • Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы (1774; Кіеўская, галіцкая і ўсяе Русі мітраполія)
  • Царква Сьвятога Міхала Арханёла
  • Царква Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла

Пры рэканструкцыі Воршы напярэдадні фэсту «Дажынкі» (20042008) мескія ўлады, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, зьнішчылі шэраг будынкаў — помнікаў гісторыі і архітэктуры. Сярод іх дом №19 па вуліцы Менскай (уваходзіў у Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, помнік грамадзянскай архітэктуры апошняй чвэрці XVIII ст.)[31], драўляны будынак XIX ст. (колішні Дом рамёстваў)[32], афіцына езуіцкага кляштару — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, прывакзальны гатэль канца ХІХ ст., чыгуначная школа 1905 году пабудовы, частка жылога корпусу Куцеінскага манастыра (XVII—XVIII стагодзьдзі)[33].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжнароднае супрацоўніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя асобы, якія нарадзіліся ў Воршы:

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Стытыстычны весьнк Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь «Колькасьць насельніцтва РБ на 1 студзеня 2009 году»(рас.)
  2. ^ Купава М. Рамантычная загадка беларускай культуры // «Наша Вера» № 1(7), 1999.
  3. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 273.
  4. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага раёна. У 2 кн. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.].
  5. ^ Іскрык В., Саўка З. (16.01.2011) Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў. Белсат ТВПраверана 9 чэрвеня 2011 г.
  6. ^ Шынкевіч А. Орша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 357.
  7. ^ а б в г д Шынкевіч А. Орша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 358.
  8. ^ Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusian Nation and State / Біч М., Гарэцкі Р., Конан У. і інш.; Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“». — Менск: З. Колас, 2005. С. 354.
  9. ^ а б Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 379.
  10. ^ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. С. 210.
  11. ^ Корбут В. «Галоўная краса горада — манастыры», або Па слядах Стэндаля і Напалеона // «Народная газета», 13 траўня 2009.
  12. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  13. ^ На «Дожинки-2008» в Орше потратят 400 миллиардов // БелТА, 14 лютага 2008.(рас.)
  14. ^ Граблевский О. (24.07.2008) И дожинки, и докопки(рас.). Bulletinonline.orgПраверана 24 жніўня 2013 г.
  15. ^ Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. С. 86.
  16. ^ Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. — 256 с. : ил. — ISBN 985-01-0353-1. С. 201.
  17. ^ Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
  18. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  19. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000. С. 450.
  20. ^ Krzywicki J. Orsza // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 598.
  21. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  22. ^ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
  23. ^ Орша(рас.). Витебский облисполкомПраверана 3 лістапада 2010 г.
  24. ^ «В Орше тысячи людей умирают от рака» // «БДГ. Деловая газета», 20 студзеня 2006.
  25. ^ Русецкі Ю. А. Мастацкая культура Аршанскай зямлі ў канцы X — XIX стагоддзі. — Менск: БелЭн, 2002. С. 125.
  26. ^ Шинкевич А.Н. Очерки о земле Оршанской. — Барань, 2013. С. 65.
  27. ^ Агеева Е. Откуда берутся названия улиц? // «Аршанская газета», 25 красавіка 2010
  28. ^ Шинкевич А.Н. Очерки о земле Оршанской. — Барань, 2013. С. 67.
  29. ^ Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
  30. ^ Дадатак 1 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 жніўня 2009 г. № 1088. [1]
  31. ^ У Воршы руйнуюць гістарычны будынак // «Радыё Свабода», 21 сакавіка 2008.
  32. ^ Помнік архітэктуры — ахвяра «Дажынак» // «Радыё Свабода», 1 жніўня 2008.
  33. ^ Аршыца Ю. Орша: чыноўнікі супраць гістарычнай спадчыны // «Народныя навіны Віцебска», 28 сьнежня 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аршанскі краязнаўчы зборнік / уклад. В. Лютынскі. — Ворша, 1997. — № 2. — 48 с.
  • Асіноўскі С. Орша: залатыя стрэлы на блакітным полі / С. М. Асіноўскі. — Менск, 1997. — 428 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага раёна. У 2 кн. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. Кн. 1-я. — Мн., 1999.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага раёна. У 2 кн. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. Кн. 2-я. — Мн., 2000.
  • Русецкі Ю. А. Мастацкая культура Аршанскай зямлі ў канцы X — XIX стагоддзі. — Менск: БелЭн, 2002.
  • Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. — 256 с. : ил. — ISBN 985-01-0353-1.
  • Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
  • Шынкевіч А. Аршанская даўніна / А. М. Шынкевіч. — Менск, 1992. — 141 с.
  • Шынкевіч А. Аршаншчына: спадчына мінулага / А. Шынкевіч. — Ворша, 1997. — 68 с.
  • Шынкевіч А. Падарожжа па Дняпры. Аршанскі гарадскі фонд аховы помнікаў гісторыі і культуры. — Ворша, 1994. — 40 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Яршоў І. Вежы над Дняпром / І.А. Яршоў. — Ворша, 1996. — 255 с.
  • Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.
  • Левко О. Средневековая Орша и ее округа: историко-археологический очерк / О. Левко. — Орша, 1993. — 52 с.
  • Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.— 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
  • Шинкевич А.Н. Очерки о земле Оршанской Природа, история, народные предания, старина. — Барань, 2013. – 844 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Воршасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Інфармацыйныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Установы адукацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]