Альгерд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Альгерд
лац. Algierd[1]
Альгерд (уяўны партрэт)
12-ы вялікі князь літоўскі
1345 — 1377
Папярэднік Яўнут
Наступнік Ягайла
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1296
Памёр 24 траўня 1377
Нашчадкі Ад Марыі:
Андрэй Полацкі,
Дзьмітры Бранскі,
Уладзімер Кіеўскі,
Карыгайла Чартарыйскі
Ад Ульяніі:
Ягайла,
Скіргайла,
Фёдар Альгердавіч,
Дзьмітры Карыбутавіч,
Лугвен Наўгародзкі,
Аляксандар,
Сьвідрыгайла
разам: 12 сыноў і 5 дачок
Дынастыя Гедзімінавічы
Жонка Марыя, Ульяна
Бацька Гедзімін
Маці Еўна (Вольга)

Альге́рд Гедзімі́навіч (1296 — травень 1377) — вялікі князь літоўскі (1345—1377), князь крэўскі і віцебскі; адзін з найбуйнейшых вайскаводаў Вялікага Княства Літоўскага. Пражыў больш за 80 гадоў, кіраваў дзяржавай 32 гады; бацька 12 сыноў, у тым ліку Ягайлы, Андрэя Полацкага, Сьвідрыгайлы, Скіргайлы, Уладзімера.

У часы Альгерда тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага павялічылася больш чым у 2 разы, а беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве. Гэта забясьпечыла рост іхнай эканомікі, разьвіцьцё культуры, умацаваньне беларускай мовы як афіцыйнай[3][4].

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Альгерд (імя) і Імёны ліцьвінаў

Яшчэ ў Раўданскім рукапісе, апублікаваным Тэадорам Нарбутам, імя Альгерд тлумачылася з германскіх моваў[5], а гісторык Юзэф Пузына выводзіў імя Альгерд ад паўночнагерманскага (скандынаўскага) імя Альгард[6]. Тлумачэньня імя Альгерд з германскіх моваў падае мовазнаўца Аляксандра Суперанская(ru)[7]. Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» зьвяртае ўвагу на тое, што прускі храніст Віганд Марбурскі пісаў пра герцага Альгерда з Гогенштайну, тым часам пра аднаго з каралёў Ангельшчыны Альгерда (Алегарда) VIII ст. пісаў аўтар хронікі Ўсходняй Фрызіі[8]. Гэтыя ды іншыя прыклады пацьвярджаюць, што імя Альгерд мела лучнасьць з імёнамі германскага паходжаньня[9].

Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Альгерд складаецца з фармантаў -альг-, які паходзіць ад гоцкага alhs 'бажніца', германскага helig 'сьвяты', і -герд-, які паходзіць ад гоцкага gairdan 'падпяразваць' (пераноснае 'ахоўваць'), garda 'агароджа' (пераноснае 'ахова, бясьпека')[10]. Такім парадкам, імя Альгерд азначае «сьвятая ахова» і цалкам адпавядае старажытнаму германскаму імю Algart[5].

Увогуле, германскі фармант -герд- даволі часта сустракаецца ў імёнах літоўскіх князёў і баяраў: Гердзень, Гердут, Гердзівід, Гердзівіл, Гердзімонт, Вісігерд, Гудзігерд, Даўгерд, Мантыгерд, Таўцігерд, Эйгерд ды іншыя[11].

Манэта з рускім надпісам «Князь Олгердъ», да 1377 г.[12]

Формы імя князя ў гістарычных крыніцах: Алкердъ (1330—1359 гады)[13]; Самъ Олкгердъ Божію милостью великий князь Литовьскій, Рускій, Жомоитскій и иныхъ[14] (25 жніўня 1342 году)[15]; Господарю его милости Князю Великому Олигарду (30 сьнежня 1347 году)[16]; Olgerdus (1347 і 1352 гады)[17]; а за великого князя Олькерта и за Корьята[18] (1352 год)[19]; Helgerdus supremus prinreps (1358 год)[20]; Allexandro filio Holgerti (запіс пад 1366 годам)[21]; Algherde (7 лістапада 1367 году)[22]; ὁ βασιλεὺς, ὁ Ἄλγερδος[a] (1371 год)[24][25]; Се язъ князь великии Олгердъ[14] (1372 год[26])[27]; Olgordi (29 верасьня 1377 году)[28]; Algirde, quondam rex Littovie (1377 год, 10 кастрычніка 1385 году, 11 кастрычніка 1385 году)[29]; huius pater Helgorth… Helgorth Keistuthy (запіс пад 1386 годам)[30]; Olcardus noster olim genitor (15 траўня 1390 году)[31][32]; vnser feter herczog Algart[33] (Мэмарыял Вітаўта, 1390 год); Algerde[34] або Algarde[35] (Хроніка Лівоніі Германа Вартбэрга); Algard[36] або Algart[37] (Хроніка Віганда); Olgerth[b] або Олкгирд[c] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх); Algardus (па 1409 годзе)[38]; avo videlicet Olgerdo olim magno duce Lithwanie (1440 год)[39]; Olgerdus filius Gedimini (Ян Длугаш)[40]; князь Олгердъ Гедиминовичь… къ Олгерду Гедиминовичю… Олигерду Гедиминовичю (Наўгародзкі чацьверты летапіс)[41]; къ великому князю Олгерду Гедименовичю Литовскому (Сафійскі першы летапіс)[42]; Олгордъ князь Литовьскыи… за Олгорда (Рагоскі летапісец)[43]; князь велики Литовьскій Олгердъ Гедимановичъ[14][44] (Ніканаўскі летапіс).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне і радавод[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Раўданскага рукапісу, Альгерд нарадзіўся ў 1296 г. і быў першым сынам Гедзіміна ад другой жонкі Вольгі Смаленскай. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства[45].

У 1318 годзе ажаніўся зь віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і два гады пражыў ва Ўсьвятах[46], а ў 1320 годзе па сьмерці цесьця атрымаў Віцебскае княства ў спадчыну.

Альгерд адыходзіць ад Масквы, 1370 г. Мініятура летапіснага зводу XVI ст.

У 1341 годзе вялікі князь Гедзімін падзяліў свае ўладаньні паміж сынамі. Альгерд, апроч Віцебскага княства, атрымаў славутую цьвержу Крэва і землі на рацэ Бярэзіне. У 1345 годзе ў хаўрусе з братам Кейстутам скінуў віленскага князя — свайго малодшага брата Яўнуту і стаў вялікім князем. Яўнут атрымаў Заслаўе, адкуль потым уцёк у Пскоў, аднак пазьней зноў вярнуўся ў Заслаўе.

Пашырэньне межаў Вялікага Княства Літоўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Войны з Тэўтонскім ордэнам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьпяхова змагаўся супраць агрэсіі Тэўтонскага ордэна (бітвы 1345, 1347, 1348, 1352, 1365, 1370 гадоў і інш.), у тым ліку выйграў цяжкую бітву з крыжакамі на рацэ Стрэве ў 1348 годзе. У 1341 годзе надаў дапамогу Пскоўскаму княству ў барацьбе супраць крыжакоў.

Збліжэньне ўсходнеславянскіх зямель[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вёў пасьпяховую палітыку, накіраваную на далейшае аб’яднаньне, эканамічнае і культурна-этнічнае збліжэньне ўсходнеславянскіх зямель у адзінай дзяржаве. Калі быў віцебскім князем, авалодаў Мажайскам. У 1340-я гады далучыў да Вялікага Княства Літоўскага Чарнігаўска-Северскае княства. У палітычнай залежнасьці ад Альгерда апынулася і Смаленскае княства (1350-я гады). Каля 1355 году далучыў да ўласнай дзяржавы Бранскае княства, у 1356, 1359 і 1362 гадох — гарады Ржэў, Амсьціслаў, Тарапец.

Войны з татарамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1351 году бесьперапынна вёў барацьбу з татарамі; у 1361—1362 гадох адваяваў у Залатой Арды Кіеўскае княства, усю Севершчыну і іншыя землі. У канцы 1362 году ў вялікай бітве Сініх Водах (каля ракі Бога) разграміў войскі трох татарскіх князёў — васалаў Залатой Арды і далучыў да Вялікага Княства Літоўскага Прычарнаморскія землі ва ўтоцы ракі Серата, басэйнах Днястра і Бога, паўднёвае Падняпроўе, Падольскую, Пераяслаўскую і Валынскую землі.

Удзельным князем Кіева пасадзіў свайго сына Ўладзімера, Падольле аддаў у кіраваньне новагародзкім князям Карыятавічам, войскі якіх складалі галоўную сілу ў бітве на рацэ Сініх Водах; з 1342 году ягоны сын Андрэй Полацкі стаў пскоўскім князем.

Войны з Маскоўскім княствам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьмерць Альгерда. Мініятура летапіснага зводу XVI ст.

У процівагу аб’яднаўчай палітыцы маскоўскага князя Дзьмітрыя Данскога падтрымліваў сэпаратысцкую барацьбу цьвярскіх князёў. Каб замацаваць зьвяз зь Цьвярскім княствам, па сьмерці першай жонкі пабраўся шлюбам з князёўнай Ульлянай Аляксандраўнай Цьвярской. Намер Альгерда скласьці антымаскоўскі хаўрус з ханам Джанібэкам скончыўся няўдачай.

Учыніў тры выправы на Маскву (1368, 1370, 1372). Аўтар «Хронікі Быхаўца» з захапленьнем адзначыў уменьне Альгерда паставіць свайго супраціўніка ў безвыходнае становішча і такім чынам прадыктаваць яму сваю волю. У патрэбны момант вялікі князь дзейнічаў рашуча і вынаходліва. Вось як летапісец апісвае завязку выправы Альгерда на Маскву. Маскоўскі князь Дзьмітры Іванавіч «без каждое прычыны, опустошивши докончания и приязнь и прыслал до великого князя Ольгерда посла своей со отповедию, а прыслал к нему огонь и саблю» і перадаў, што будзе ў Літве ўлетку. У адказ Альгерд перадаў маскоўскаму князю: «Я, дасть Бог, в него буду на Велик день, а поцалую его красным яйцом через шчыт сулицою». І сапраўды, раніцай на Вялікдзень ён нечакана зьявіўся на Паклоннай гары пад Масквой. Захоплены зьнянацку маскоўскі князь мусіў прасіць літасьці і міру. Альгерд пашкадаваў маскоўскага валадара, а сваю перамогу засьведчыў тым, што пастукаў залатой дзідай у крамлёўскія муры: «Хоць я з табой і замірыўся, але хачу сабе яшчэ тую славу ўчыніць, што вялікі князь Альгерд дзіду сваю пад Масквой прыхінуў»[47].

Спрабаваў падпарадкаваць Вялікаму Княства Літоўскаму Пскоў і Ноўгарад (у 1342 годзе пскавічы прынялі на княжаньне ягонага сына Андрэя — вядомага ў гісторыі як Андрэй Полацкі), вёў барацьбу з Польшчай за Валынь і Падляшша (1349—1351, 1366). Такім чынам, Альгерду давялося ваяваць на поўдні — з татарамі, на захадзе — з Польшчай, на ўсходзе — з Масквой, на паўночным захадзе — з крыжакамі, на паўночным усходзе — з Ноўгарадам, Псковам і Цьвер’ю. Гэта патрабавала тытанічнага напружаньня і ўменьня. Галоўнае было апярэдзіць супраціўніка, перамагчы яго малой сілай.

Вынікі кіраваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі князь Альгерд. Беларуская марка, 1942 г.

За час княжаньня Альгерда тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага павялічылася ўдвая і яно стала найбольшай і наймагутнейшай дзяржавай сярэднявечнае Эўропы. Альгерд быў ня толькі выдатным вайскаводам, але і мудрым дзяржаўным дзеячом, меў вылучныя дыпляматычныя здольнасьці, набыў славу выдатнага будаўніка дзяржавы, які дбаў ня толькі пра яе моц, але і пра росквіт. У летапісе Паўночна-Ўсходняй Русі так характарызавалі высокія маральныя якасьці і здаровы лад жыцьця Альгерда: «… Ён, ня піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў многія землі, у тайне рыхтаваў свае паходы, ваюючы ня столькі колькасьцю, колькі ўменьнем»[48][d].

Мова і культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Ліцьвіны і Русіны
Прарысоўка пячаці Альгерда з рускім надпісам

За валадараньнем Альгерда беларуская мова шырока выкарыстоўвалася ў справаваньні і пры велікакняскім двары. Яна пасьпяхова абслугоўвала ўсе сфэры грамадзкага жыцьця і ўсе клясы. Па-беларуску пісаліся шматлікія акты, граматы, статуты ды іншыя. Яна пранікла і ў царкоўна-рэлігійную сфэру. На беларускую мову перакладаліся аповесьці рэлігійнага зьместу, ствараліся жывоты і г. зв. «Хаджэньні» ў Палестыну і Канстантынопаль. Найбольш значным жанрам беларускай літаратуры заставаліся летапісы і хронікі, якія былі люстэркам грамадзка-палітычнага жыцьця тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага.

Захавалася прарысоўка вялікакняскай пячаці Альгерда (каля 1366 году), якая мае выявы стралы і рускі надпіс[49]:

ПЕЧАТЬ КН(ЯЗ)Я ВЕ(ЛИКОГ)О + ОЛГЕР(ДА)

Умову Альгерда і смаленскага князя Сьвятаслава Іванавіча з маскоўскім князем Дзьмітрыем Іванавічам (1371 год[50]) змацавалі падобнай вялікакняскай пячацьцю з выявай стралы, і імаверна, такой жа легендай (пашкоджана; у легендзе захаваліся літары Л И (імаверна, «ВЕЛИКОГО») І О)[51]. Апроч таго, захавалася апісаньне вялікакняскае пячаці, прывешанай да ўмовы Альгерда і Кейстута з польскім каралём Казімерам у 1366 годзе. На той пячаці была выява Пагоні і вакол яе рускі надпіс[52]. Імаверна, што тая пячаць выглядала падобна да пячаці сына Альгерда — Сямёна Лугвена.

Як і іншыя вялікія князі літоўскія (Гедзімін, Ягайла, Вітаўт) падаваў тытулятуру з словамі «Божаю міласьцю» («Божью милостью Великий Князь Литовский», 1347 год)[53].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Тытуляваньне польскага караля Казімера: ὁ κράλης τῆς Λαχίας, ὁ Καζίμοιρος[23]
  2. ^ Паводле Origo regis Jagyelo et Wytholdi ducum Lithuanie
  3. ^ Паводле Віленскага сьпісу
  4. ^ Апошнія словы гэтага выказваньня і ўзяў сабе на ўзбраеньне расейскі вайскавод Сувораў
  5. ^ У кнізе аналягічным партрэтам ілюструюцца яшчэ некалькі гістарычных асобаў

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  2. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #12230201X // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  3. ^ Грыцкевіч А. Альгерд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 223.
  4. ^ Ермаловіч М. Альгерд // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 105.
  5. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
  6. ^ Чаропка В. Паходжанне і радавод вялікіх князёў літоўскіх // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2001. С. 42—53.
  7. ^ Суперанская А. В. Словарь русских личных имён: Сравнение. Происхождение. Написание. — М.: Айрис-пресс, 2005. С. 168.
  8. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
  9. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47, 136.
  10. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 16—17.
  11. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 16—26.
  12. ^ Саввов Р. Новая классификация древнейших монет Великого княжества Литовского // Pieniądz a propaganda : wspólne dziedzictwo Europy : studia i materiały : Białoruś, Bułgaria, Czechy, Litwa, Łotwa, Mołdawia, Polska, Rosja, Rumunia, Słowacja, Ukraina / pod redakcją naukową Krzysztofa Filipowa. — Augustów; Warszawa: Polskie Towarzystwo Numizmatyczne. Zarząd Główny, 2015. S. 123.
  13. ^ Смоленские грамоты XIII — XIV вв. — М., 1963. С. 69—71.
  14. ^ а б в Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 125.
  15. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 24.
  16. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 25—26.
  17. ^ Лаврецкий Г. А. Граффити храма в Сынковичах. Проблема датировки // Архитектура: сборник научных трудов. Вып. 11, 2018. С. 13.
  18. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 162.
  19. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 30.
  20. ^ Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire within East-Central Europe, 1295—1345. — Cambridge, 1994. P. 61.
  21. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 717.
  22. ^ Договор между Тевтонским орденом в Ливонии и ВКЛ о пограничном режиме на реке Двине (1367), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  23. ^ Svarevičiūtė K. Lietuvos didžiojo kunigaikščio Algirdo graikiškas laiškas Bizantijos epistolografijos kontekste // Literatūra. T. 53 (3), 2011. P. 96.
  24. ^ Patrologiae cursus completus, seu bibliotheca universalis, integra, uniformis, commoda, oeconomica omnium s.s patrum, doctorum scriptorumque ecclesiasticorum sive latinorum, sive graecorum qui ab aevo apostolico ad aetatem Innocentii III (ann.1216) pro occidentalibus, et ad Photii tempora (ann. 863) pro orientalibus. T. CLII, 1866.P. 1451.
  25. ^ Mitteilungen der Litauischen literarischen Gesellschaft. Heft 29. — Heidelberd, 1907. S. 358.
  26. ^ Перемирие между Великим княжеством Литовским и Великим княжеством Московским (1372), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  27. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 46.
  28. ^ Послание короля Польши и Венгрии Людовика о положении в Подольской земле (1377), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  29. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 74, 77, 79.
  30. ^ Monumenta Poloniae historica. Pomniki dziejowe Polski / A. Bielowski. T. 2. — Lwów, 1872. S. 862.
  31. ^ Пожалование села Понары Виленскому кафедральному костелу (1390), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  32. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 31.
  33. ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 263—264.
  34. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 93, 103.
  35. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 76, 103, 113, 115
  36. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 508, 519, 520, 522, 527, 533, 578, 587.
  37. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 522, 549, 567, 577, 583, 592, 604.
  38. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 997.
  39. ^ Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам: Ч. 1. — Вильно, 1843. С. 6.
  40. ^ Joannis Długossii seu longini canonici Cracoviensis Historiae Polonicae libri XII. T. 3. L. 9, 10. — Cracoviae, 1876. P. 472.
  41. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 53, 56, 187.
  42. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 223.
  43. ^ ПСРЛ. Т. 15. — М., 2000. С. 59.
  44. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 221.
  45. ^ Грыцкевіч А. Альгерд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 222.
  46. ^ Чаропка В. Хто такі Альгерд? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 13.
  47. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 48.
  48. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 46.
  49. ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709—710.
  50. ^ Арыгінальны тэкст умовы
  51. ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich. // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709.
  52. ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709.
  53. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 78.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]