Балтыйскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
балтыйская група
Народнасьць латышы, летувісы, некаторыя іншыя сумежныя народы,
гістарычна — шэраг плямёнаў Усх. Эўропы
Арэал Усходняя Эўропа (пераважна краіны Балтыі)
Лінгвістычная клясыфікацыя індаэўрапейская сям'я
Склад
заходняя, усходняя галіны
Колькасьць носьбітаў больш за 4,5 млн чал.
ISO 639-5: bat

Балты́йскія мовы — група моваў у складзе індаэўрапейскай сям’і моваў, гістарычна ўжываных на тэрыторыі ад вусьця ракі Вісла на захадзе, па межы Эстоніі на поўначы. Адасобілася ў часе разгалінаваньня на балтыйскую і славянскую моўныя групы, зь якой часам аб’ядноўваецца ў вышэйшы таксон — балта-славянскую групу моваў у складзе індаэўрапейскае моўнае сям’і.

На сёньняшні час налічваецца ўсяго дзьве жывыя балтыйскія мовы — летувіская й латыская, часам з складу апошняй у якасьці асобнай мовы вылучаюць латгальскі дыялект. Усе балтыйскія мовы, у тым ліку й мёртвыя, паходзяць ад прабалтыйскае мовы — мовы, якая ўтварылася ў выніку распаду праіндаэўрапейскае мовы і пазьней распалася на асобныя роднасныя балтыйскія мовы. Прабалтыйская мова не зьяўляецца пісьмова засьведчанай, таму зьяўляецца рэканструяванай мовай.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва балты (ням. Balten) і балтыйская мова (ням. Baltische Sprache) як навуковыя тэрміны прапанаваў у 1845 годзе пруска-нямецкі мовазнаўца Георг Нэсэльман (1811—1881), прафэсар унівэрсытэту ў Кёнігсбэргу.

У беларускай і шэрагу іншых моваў уведзены Нэсэльманам тэрмін цалкам супаў з назвай каралеўскай дынастыі германамоўных вэстготаўБалтамі.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучаснай балтыстыцы ў асноўным прыняты наступны варыянт клясыфікацыі балтыйскіх моваў:

  • Заходнебалтыйская падгрупа †
  • Усходнебалтыйская падгрупа

Практычна ўсе заходнебалтыйскія мовы зьяўляюцца на сёньняшні час вымерлымі, вымерлыя мовы сустракаюцца таксама сярод моваў усходнебалтыйскай падгрупы. Заходнебалтыйскія мовы, такія як яцьвяская й галіндзкая, могуць разглядацца як дыялекты прускае мовы. Расейскі дасьледчык У. Тапароў. які цягам доўгага часу займаўся дасьледаваньнямі балтыйскіх моваў, акрэсьлівае заходнебалтыйскія мовы пад тэрмінам «зьнешнія», проціпастаўленыя «ўнутраным», то бок усходнебалтыйскім. У сваю чаргу, унутры сучасных балтыйскіх моваў, летувіскай і латыскай, існуюць крос-моўныя (перакрыжаваныя) сувязі між асобнымі дыялектамі (напрыклад ніжнелетувіскі — ніжнелатыскі й верхнелетувіскі — верхнелатыскі).

Унутры індаэўрапейскай сям’і балтыйская група збліжаецца з усходнімі галінамі гэтай сям’і (індаіранскія, славянскія), належачы да ізаглёсы сатэм, пры гэтым з усіх індаэўрапейскіх сатэмных моваў у балтыйскіх мовах сатэмізацыя адбылася менш за ўсё. Асабліва блізкія славянскай групе ўнутры індаэўрапейскай сям’і. Асаблівая блізкасьць дзьвюх групаў тлумачыцца рознымі гіпотэзамі, сярод якіх асноўнымі зьяўляюцца наяўнасьць у мінулым агульнай балта-славянскай мовы (якая вылучылася з праіндаэўрапейскай); прыналежнасьць да адной групы індаэўрапейскіх дыялектаў, што перажыла рад агульных працэсаў і мела геаграфічную блізкасьць; позьняе збліжэньне балтаў і славянаў або паходжаньне славянскіх моваў як адгалінаваньня балтыйскіх; пры гэтым найбольш папулярнай зьяўляецца гіпотэза пра агульную колішнюю балта-славянскую мову. Назіраюцца таксама сувязі балтыйскіх моваў зь іншымі індаэўрапейскімі мовамі, тракійскай ды ілірыйскімі[1].

Арэал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя тэрыторыі распаўсюджанасьці балтыйскіх моваў ахопліваюць у асноўным Латвію й большую частку Летувы, уздоўж якіх у Польшчы й Беларусі цягнуцца асобныя дробныя арэалы (летувіская мова). Латыская мова распаўсюджаная амаль паўсюдна ў Латвіі (з улікам латгальскага дыялекту), латгальскі дыялект пашыраны на ўсходзе краіны, пры гэтым ягоны арэал звужаецца з поўдня на поўнач. Летувіская мова ўжываецца ў большай частцы Летувы (з улікам жамойцкага дыялекту), абмяжоўваючыся на ўсходзе краіны ля Беларусі (Віленскі край), дзе маюць выкарыстаньне беларуская ды польская мовы; разам з гэтым, зь беларускага боку мяжы ёсьць шэраг астраўных арэалаў мовы, падобным чынам летувіская мова пашыраная й у Польшчы[2].

Да пачатку ІІ тыс. н. э. гэты арэал уключаў таксама старажытныя балтыйскія мовы (гл. вышэй) і займаў абшары да правых прытокаў верхняй Волгі, верхняга й сярэдняга Паочча ўключна з сучаснай Масквой і рэк Сейм і Прыпяць на поўдні. Гэты арэал тлумачыць моўныя кантакты старажытных балтаў зь фіна-вуграмі, германцамі, іранцамі, тракійцамі ды ілірыйцамі[1]. Пазьней, у пэрыяд прыкладна да XVIII ст. балтыйскі моўны арэал скарачаўся за кошт славянскай калянізацыі і асыміляцыі (Польшча, Беларусь), ваеннай экспансіі (Прусія) або шляхам паглынаньня адных балтыйскіх моваў іншымі (падобным чынам зьніклі курская, сэлонская, зэмгальская мовы ў Летуве ды Латвіі). Рэшткі некаторых асыміляваных балтыйскіх моваў дагэтуль адсочваюцца ў лексыцы польскай, беларускай і летувіскай мовах.

Прыкладна да ХХ ст. на тэрыторыі сучаснага Зьдзецельскага раёну Беларусі была распаўсюджаная рэліктавая астраўная гаворка летувіскае мовы, вядомая ў літаратуры як зецельская, і якая спалучае ўсходне- й заходнебалтыйскія рысы[3].

Лінгвістычная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адносна іншых індаэўрапейскіх моваў балтыйскія мовы праўляюць высокую ступень архаічнасьці[4].

Фанэтыка, фаналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фаналягічная структура балтыйскіх моваў адзначаецца шэрагам агульных рысаў, рэалізаваных прыкладна на аднолькавым інвэнтары фанэмаў. Уласьцівыя супрацьпастаўленьні палятальных і непалятальных, простых зычных і афрыкатаў, напружаных і ненапружаных галосных. Некаторыя фанэмы ([f, x], у летувіскай таксама [c, d͡z] і [d͡ʒ] у латыскай) сустракаюцца толькі ў запазычаньнях зь іншых моваў. У пачатку словаў дапускаецца сьцячэньне ня больш як з трох зычных; склад можа быць адкрытым і закрытым, а ягоны вакалічны цэнтар можа ўтвараць манафтонг і дыфтонг. Націск у летувіскай мове — вольны, можа падаць на любы склад, у латыскай — заўсёды на першы склад (за выняткам запазычваньняў і ўласных назваў). Ёсьць тон, які мае сэнсаадрозную ролю (латыск. plãns «гліняная падлога», plâns «тонкі»; лет. áušti «астываць», aũšti «сьвітаць»), такую ж ролю мае даўжыня галоснага (лет. butas «кватэра», būtas «былы»)[1].

Марфалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імя ў балтыйскіх мовах вызначаецца катэгорыямі роду (мужчынскі, жаночы, сьляды ніякага), ліку (адзіночны, множны, сьляды парнага), склону (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны, у асобных летувіскіх дыялектах — фіна-вугорскія сьляды). Прыметнік (часам і іншыя часьціны мовы) можа быць поўным і няпоўным, мае тры ступені параўнаньня.

Балтыйскі дзеяслоў адзначаецца катэгорыямі часу (мінулы, цяперашні, будучы), асобы (першая, другая, трэцяя), ладу (у латыскай — уплыў фіна-вугорскіх) і стану[1].

Сынтаксіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ядро сказу ў балтыйскіх мовах утварае канструкцыя тыпу «назоўнік у назоўным склоне + дзеяслоў у асабістай форме». Кожная з частак, назоўнік або дзеяслоў, могуць ускладняцца: напрыклад, да назоўніку могуць далучацца прыметнік, іншы займеньнік, прыназоўнік і займеньнік, да дзеяслову — прыслоўе, да асабістага дзеяслову — іншы асабісты дзеяслоў і да т.п. Вялікую ролю ў падобных сынтаксічных пераўтварэньнях адыгрывае родны склон, які можа прымаць на сябе амаль усе зносіны, апрача тых, што ўласьцівыя назоўнаму склону[1].

Лексыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лексычны фонд жывых балтыйскіх моваў, а таксама захаваных да цяперашняга часу асобных помнікаў мёртвых моваў пераважна мае спрадвечнае індаэўрапейскае паходжаньне. Такім чынам, балтыйскім мовам характэрнае амаль поўнае адзінства ў лексыцы, што асабліва падкрэсьліваецца адзінствам у галінах словаўтваральных элемэнтаў, службовых словаў, займенных элемэнтаў і ў галоўных сэмантычных галінах: лічэбнікі, тэрміны роднасьці, часткі цела, назвы расьлінаў і жывёлаў, элемэнтаў пэйзажу, нябесных целаў, элемэнтарных дзеяньняў і г.д. Лексычныя адрозьненьні ў асноўным датычаць асобных выключэньняў.

У лексычных адносінах балтыйскія мовы з усіх індаэўрапейскіх набліжаюцца да славянскіх моваў, што тлумачыцца архаічнасьцю і агульным паходжаньнем абедзьвюх групаў; гэтай блізкасьці таксама паспрыялі славянскія запазычваньні ў сацыяльна-эканамічнай, рэлігійнай, бытавой і прафэсійнай лексыцы балтыйскіх моваў. У анамастычнай лексыцы адзначаныя ізаглёсы (формы, па якіх бачнае асаблівае збліжэньне будзь-якіх рысаў) з вымерлай тракійскай мовай, якая належала да індаэўрапейскіх[4].

Ва ўзбагачэньні лексычнага фонду таксама ўдзельнічалі германскія і, у асобных дыялектах латыскай мовы, фіна-вугорскія мовы. Інтэрнацыяналізмы ў балтыйскія мовы пранікалі дзякуючы пасярэдніцтву гістарычна больш уплывовых моваў (расейская, польская, нямецкая) або з мовы-арыгіналу[1]. Балтыйскія мовы аказалі лексычны ўплыў на іншыя суседнія мовы. Лексэмы балтыйскага паходжаньня назіраюцца ў мардоўскіх мовах, якія ў мінулым межавалі з крайнімі ўсходнімі межамі балтыйскага арэалу (гл. вышэй), а таксама ў беларускай мове. Сярод беларускіх словаў балтыйскага паходжаньня можна вылучыць дзякла (< лет. doklas) і пуня (< латыск. pūne). Заходнебалтыйскія элемэнты, між іншым, назіраюцца ў тэксьце Іпацьеўскага летапісу[3].

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што балтыйскія народы ня мелі ўласнай пісьмовасьці, атрымаўшы яе ў выніку кантактаў зь іншымі этнасамі.

Першымі ўзорамі пісьменнасьці на балтыйскіх мовах лічацца літургічныя тэксты, якія складаліся нямецкімі місіянэрамі на землях хрысьціянскіх ордэнаў у Балтыцы. Так, на латыскую й прускую мову нямецкімі місіянэрамі перакладаліся малітоўныя тэксты, складаліся слоўнікі гэтых моваў (напрыклад, вядома пра існаваньне двух слоўнікаў прускае мовы для двух асобных дыялектаў). Дзякуючы нямецкім запісам вядомыя й іншыя балтыйскія мовы (у тым ліку мёртвыя: напрыклад, сэлонская, зэмгальская, яцьвяская), але гэтыя пісьмовыя фіксацыі абмежаваныя толькі асобнымі словамі й кароткімі фразамі (вядомы пералік прымавак па-яцьвяску).

Гаворкі, што леглі ў аснову летувіскае мовы, знаходзіліся на тэрыторыях, што трапілі ў склад ВКЛ. На працягу амаль усяго існаваньня дзяржавы масавых публікацыяў на мове не вялося, летувіскія творы выдаваліся пераважна ў суседняй Прусіі. Найвядомым прыкладам ужываньня летувіскай мовы на тэрыторыях ВКЛ зьяўляецца летувіскі пераклад Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 году.

З другой паловы XVII ст. большая частка латгальскіх зямель трапляе ў склад Рэчы Паспалітай, што абумоўлівае адрыў ад літаратурнага разьвіцьця ў астатняй Латвіі й уплыў каталіцкай традыцыі на літаратурнае разьвіцьцё ў Латгаліі. Гэта прывяло да адрозьненьняў у шрыфце (у Латгаліі не выкарыстоўваўся нямецкі гатычны стыль) і артаграфіі (польскі ўплыў). Празь некаторы час землі, на якіх захоўвалася неасыміляванае балтыйскае насельніцтва, трапляюць у склад Расеі.

Найбольш значнай падзеяй у гісторыі пісьмовасьці балтыйскіх моваў гэтага пэрыяду можна лічыць забарону на кнігадрукаваньне лацінскім альфабэтам пасьля Студзеньскага паўстаньня. Царскі ўрад пачаў пераводзіць латгальскую й летувіскую пісьмовасьць на кірылічны альфабэт (што рабілася з мэтаю далейшай русіфікацыі), але ў адказ разгарнуўся рух г.зв. кніганошаў — кнігі лацініцай сталі нелегальна пастаўляцца з замежжа. Лацінскі альфабэт латгальскай і летувіскай моваў дагэтуль мелі сьляды польскага ўплыву (як сьледзтва палянізацыі ў былой Рэчы Паспалітай, дзе пражывалі носьбіты гэтых моваў), латыскі — нямецкага (вынік, адпаведна, нямецкага ўплыву, які захоўваўся і пры расейскай Латвіі празь нямецкіх абшарнікаў).

З другой паловы ХІХ ст. латыскі, латгальскі й летувіскі альфабэты паступова пазбаўляюцца польскага й нямецкага ўплыву ды пачынаюць працэсы ўнармаваньня. У прыватнасьці, у тры альфабэты пранікаюць літары з дыякрытычнымі знакамі. Працэс нармалізацыі трох альфабэтаў сканчваецца прыкладна ў сярэдзіне ХХ ст., калі з латыскага альфабэту зьнікаюць літары ō, ŗ і дыграф ch. Цяперашнія латыскі й летувіскі альфабэты адрозьніваюцца шырынёю ўжываньня дыякрытычных знакаў (якіх значна больш у латыскім), латгальскі й латыскі альфабэты амаль ідэнтычныя. Ва ўсіх трох альфабэтах адсутнічаюць літары q, w, x, якія сустракаюцца толькі пры перадачы ўласных назваў. Пры засваеньні інтэрнацыяналізмаў з гэтымі літарамі яны звычайна замяняюцца на kv, v/u, ks адпаведна.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Топоров В. Н. Балтийские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: 1990.
  2. ^ Судник Т. М. Диалекты славянско-литовского пограничья. Очерки фонологических систем. — М.: Наука, 1975.
  3. ^ а б Кибинь А. С. К происхождению зетельского говора // Э.А. Вольтер и балтистика как комплексная дисциплина. — СпБ: 2006.
  4. ^ а б Откупщиков Ю. В. Балтийские языки и индоевропейские рконструкции. — Балто-славянские исследования. Вып. XVII. — М.: 2006. — С. 110-115.