Палянізацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Паляніза́цыя (апалячваньне; па-польску: polonizacja) — запазычаньне або насаджэньне польскай культуры, асабліва, польскай мовы ў землях зь няпольскім насельніцтвам, кантраляваных Польшчай або падвержаных польскаму культурнаму ўплыву.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэч Паспалітая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1569 годзе была заключаная унія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай у Любліне (напярэдадні ўкраінскія землі Вялікага княства Літоўскага былі далучаныя да Польшчы). Паводле акту Люблінскай уніі Літвой і Польшчай правіў сумесна абіраны кароль, а дзяржаўныя справы вырашаліся ў агульным Сойме. Аднак прававыя сыстэмы, войска і ўрады заставаліся асобнымі.

У XVI—XVIII стагодзьдзях у Вялікім Княстве Літоўскім панавала шляхецкая дэмакратыя, адбывалася палянізацыя літоўскай шляхты і яе збліжэньне з польскай. Вялікае Княства Літоўскае губляла свой нацыянальны характар, у ім разьвівалася польская культура.

Шэраг местаў зазнаў зьмену назоваў на польскі ўзор. Менск стаўся Мінскам сугучна польскаму Мінску Мазавецкаму. Дзеля адрозьненьня пачалі ўжываць назоў Мінск Літоўскі. Наваградак пад уплывам польскага кораня «груд» перарабілі на Навагрудак[1].

Польская Рэспубліка (1918—1939)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заходняя Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Рыскае мірнае дамовы між Польшчай і Савецкай Расеяю заходняя частка Беларусі адыйшла Польшчы.[2]

У адпаведнасьці з савецка-польскай мірнай дамоваю, а таксама з пагадненьнямі паміж Польшчай і краінамі Захаду ў 1919 г., Польшча абавязалася даць магчымасьць нацыянальнага разьвіцьця для беларусаў і іншых нацыянальных меншасьцяў на сваёй тэрыторыі. На самой справе, гэтыя абавязальніцтвы Польшчай былі парушаныя.[3][4]

Сьледуючы пануючым настроям у польскім грамадзтве,[5] улады распачалі жорсткую палітыку палянізацыі і асыміляцыі беларускага насельніцтва.[6] У беларускіх крыніцах прыводзіцца цытата высокапастаўленага польскага чыноўніка Леапольда Скульскага, прыхільніка палітыкі асыміляцыі, які ў сваім выступе з Сэйме ў канцы 30-х гг. прамаўляў: "Запэўніваю вас, паны дэпутаты, што праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са сьвечкай ня знойдзеце [ў Заходняй Беларусі] ні аднаго беларуса"[7][8][9].

Радыкальная палянізацыйная палітыка фармавалася пад уплывам нацыяналістычнага руху «Нацыянальная дэмакратыя» на чале з Раманам Дмоўскім. Дмоўскі адмаўляў беларусам і іншым народам рэгіёну ў праве на вольнае нацыянальнае разьвіцьцё і называў іх «горшым гатункам палякаў».[10]

Уладыслаў Студніцкі, уплывовы польскі чыноўнік у адміністрацыі "Ўсходніх крэсаў", адкрыта заяўляў, што гэты рэгіён патрэбны Польшчы для мэтаў калянізацыі.[11]

Масавы характар насіла дыскрымінацыя беларускай мовы.[12] Было забароненае яе выкарыстаньне ў органах дзяржаўнай улады.[13]

Паводле гісторыка Пэра Андэрса Рудлінга, беларуская мова была выціснутая з школьнай адукацыі ў Заходняй Беларусі.[4]

Да 1921 г. у Беларусі існавала 514 беларускіх школаў.[14] У 1928 г. іх заставалася толькі 69, што складала толькі 3% ад усіх існуючых навучальных установаў у Заходняй Беларусі на той момант.[15]

Усе яны былі зачыненыя да 1939 г.[3][14] Польскія чыноўнікі адкрыта супрацьстаялі альбо сабатажавалі адкрыцьцё беларускіх школаў, насаджалі польскамоўную адукацыю ў Заходняй Беларусі.[16] Даходзіла да таго, што ўлады часта разглядалі любую беларускую грамадзкую актыўнасьць і любыя патрабаваньні навучаньня на беларускай мове ў якасьці выніку камуністычнай змовы.[17]

Праваслаўныя таксама сутыкаліся з дыскрымінацыяй у міжваеннай Польшчы.[13] Мэтаю палітыкі польскіх уладаў была асыміляцыя праваслаўных беларусаў.[18] Улады насаджалі польскую мову ў жыцьці праваслаўнай царквы,[18] ініцыявалі стварэньне Польскіх праваслаўных таварыстваў у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі (Слонім, Беласток, Ваўкавыск, Наваградак).[18]

Беларускія каталіцкія сьвятары, як а. Вінцэнт Гадлеўскі,[18] якія прасоўвалі беларускую мову ў Касьцёле і займаліся падтрыманьнем беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, таксама былі пад моцным ціскам уладаў і кіраўніцтва Касьцёлу.[18] Польская каталіцкая герархія выдавала дакумэнты, якія забаранялі сьвятарам выкарыстоўваць беларускую мову ў касьцёлах і нядзельных школках у Заходняй Беларусі. У 1921 г. у Варшаве была выдадзеная брашура, у якой беларускія сьвятары крытыкаваліся за выкарыстаньне беларускае мовы: «Яны хочуць перайсьці з багатай польскай мовы да мову, якую сам народ называе простай і ўбогай».[19]

Супраціў палянізацыі ў Заходняй Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грамадзкасьць міжваеннай Заходняй Беларусі чыніла супраціў палянізацыі і масаваму закрыцьцю беларускіх школаў. Асноўнаю арганізацыяй, якая займалася разьвіцьцём беларускамоўнай асьветы ў Заходняй Беларусі ў 1921—1937 гадах, было Таварыства беларускай школы на чале з Браніславам Тарашкевічам і іншымі дзеячамі.

У параўнаньні з украінцамі, беларусы праяўлялі меншую палітычную актыўнасьць у міжваеннай Польшчы. Тым ня меней, палітыка польскіх уладаў пастаянна выклікала пратэсты і нават збройны супраціў[13]

Найбольшая беларуская палітычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, патрабавала спыненьня палянізацыі і прадстаўленьне аўтаноміі Заходняй Беларусі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Антон Трафімовіч. Акцябрскі, Дзяржынск… Навошта пераймяноўвалі беларускія гарады // Газэта «Аргумэнты і факты ў Беларусі», 27 сьнежня 2012 г. Праверана 13 лютага 2012 г.
  2. ^ Копія польскага тэксту дамовы, зробленая 18 скавіка 1921
  3. ^ а б Матэрыялы для падрыхтоýкі да абавязковага экзамену за курс сярэняй школы: Стан культуры у Заходняй Беларусі у 1920-я-1930-я гг: характэрныя рысы і асаблівасці
  4. ^ а б Per Anders Rudling (2014). The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906–1931. University of Pittsburgh Press. p. 183.
  5. ^ Mironowicz, Eugeniusz (2007). Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana. ISBN 978-83-89190-87-1, с. 34
  6. ^ Barbara Toporska (1962). "Polityka polska wobec Białorusinów"
  7. ^ Сачанка, Барыс (1991). Беларуская эміграцыя (PDF) Менск: Вось што, напрыклад, заяўляў з трыбуны сейма польскі міністр асветы Скульскі: «Запэўніваю вас, паны дэпутаты, што праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са свечкай не знойдзеце ні аднаго беларуса»
  8. ^ Вераніка Канюта. Класікі гавораць..., Звязда, 21.02.2014
  9. ^ Аўтапартрэт на фоне класіка, Наша Ніва, 19.08.2012
  10. ^ Mironowicz, Eugeniusz (2007). Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana. ISBN 978-83-89190-87-1, сс. 4, 5
  11. ^ Mironowicz, Eugeniusz (2007). Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana. ISBN 978-83-89190-87-1, с. 12
  12. ^ Молодечно в периоды польских оккупаций
  13. ^ а б в Учебные материалы » Лекции » История Беларуси » ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПАД УЛАДАЙ ПОЛЬШЧЫ (1921—1939 гг.)
  14. ^ а б проф. В. Козляков. В борьбе за единство белорусского народа - к 75-летию воссоединения Западной Беларуси с БССР: "В отношении белорусов и национальных меньшинств польское правительство при помощи государственного аппарата, учебных заведений, печати, католической церкви проводило политику насильственной полонизации. Белорусы были лишены возможности обучаться на родном языке. Из 514 белорусских школ, действовавших в Западной Беларуси до 1921 г., к 1939-ому не осталось ни одной."
  15. ^ Mironowicz, Eugeniusz (2007). Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana. ISBN 978-83-89190-87-1, с. 72
  16. ^ Mironowicz, Eugeniusz (2007). Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana. ISBN 978-83-89190-87-1, сс. 41, 53, 54
  17. ^ Mironowicz, Eugeniusz (2007). Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana. ISBN 978-83-89190-87-1, с. 93
  18. ^ а б в г д А. Гелогаев. 8 мифов о "воссоединении" Западной и Восточной Беларуси
  19. ^ Mironowicz, Eugeniusz (2007). Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana. ISBN 978-83-89190-87-1, с. 45

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]