Друцак (горад)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Друцкае гарадзішча

Дру́цак — колішняе места на тэрыторыі Беларусі, на рацэ Друці. Знаходзіўся каля вёскі Друцку.

Друцак — места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца ўдзельнага княства і рэзыдэнцыя князёў Друцкіх, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрагмэнт мапы 1554 году, на якім Друцак значыцца як Druzek
Фрагмэнт мапы 1565 году, на якім Друцак значыцца як Druzek

Тапонім Друцак утварыўся ад назвы ракі Друці. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютек, Друтеск, Друческ.

Фрагмэнт мапы 1579 году, на якім Друцак значыцца як Druszek

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Друцак, што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма Друцак як нарматыўная пачала ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы — Друцк (рас. Друцк).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзядзінец і вакольны горад старажытнага Друцку існавалі на высокім правым беразе Друці, а асноўная частка паселішча — пасад, на левым[a]. Паводле сьведчаньня Друцкага Эвангельля, у 1001 годзе тут збудавалі адну зь першых на беларускіх землях хрысьціянскіх цэркваў. Першы ўпамін пра Друцак у летапісе датуецца 1092 годам, тым часам у Павучаньні Манамаха заснаваньне гораду адносіцца да 1078 году. У гэты час Друцак быў у валоданьні князёў друцкіх, таму быў уцягнуты ў іх змаганьне з князямі менскімі за полацкі сталец. Аднак, за час войнаў XI ст. горад ані разу ня быў узяты[1].

У 1101 годзе Друцак стаў сталіцай удзельнага княства, якім валодалі нашчадкі полацкага князя Ўсяслава Брачыславіча. За часамі вайны ў 1116 годзе горад зруйнавалі войскі рускіх князёў. У 1158 годзе мясцовыя жыхары выступілі супраць князя Глеба Расьціславіча і пасадзілі князем Рагвалода Барысавіча. З 1180 году Друцак быў уцягнуты ў змаганьне смаленскіх князёў з чарнігаўскімі. Найбольшага росквіту горад дасягнуў у 1230-1240-я гады.

У XIII ст. Друцак далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. З XIV ст. тут існаваў замак[2]. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Друцак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. І места, і замак неаднаразова разбураліся і аднаўляліся. Места падзялялася на «дольніцы», якія знаходзіліся ў валоданьні розных галінаў роду Друцкіх, а таксама розных спадкаемцаў іх згаслых галінаў або асобаў, якія іншым шляхам набылі часткі колішняга Друцкага княства.

Час і прычыны канца існаваньня Друцку невядомыя[3]. Магчыма, каля канца XV ст. — пачатку XVI ст. места спалілі і зруйнавалі, па чым яго не аднавілі[3]. Існуе і прывязка часу зьнішчэньня Друцку да сярэдзіны XVII ст.[b]. Паскорыць заняпад места мог новы просты гандлёвы шлях зь Вільні ў Маскву праз Талачын[4].

Друцак часоў XVI ст. апісваўся ў апавяданьнях канца XVII ст. як такі, што меў 7 міляў акружыны і славіўся дзьвюма сотнямі выдатных храмаў, але ў час жорсткай вайны быў дашчэнту спустошаны, і лёс яго параўноўваўся зь лёсам Троі[c].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пацьвярджаецца раскопкамі Л. Аляксеева ў 1956 годзе
  2. ^ На думку Міхася Ткачова
  3. ^ Паводле пераказу сакратара пасольства Сьвятой Рымскай імпэрыі Ягана Георга Корба ў яго «Дзёньніку падарожжа ў Масковію».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мяснікоў А. Горад на вольнай Друці… // Звязда. 27 чэрвеня 2001 г.
  2. ^ Аляксееў Л. Друцк // БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 222.
  3. ^ а б Аляксееў Л. В. Друцк // Беларуская савецкая энцыкляпэдыя. У 12 т.Т.4. Графік — Зуйка / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971.
  4. ^ Аляксееў Л. Друцк // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 293.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]