Чэрыкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чэрыкаў
лац. Čerykaŭ
Царква ў старой камяніцы
Царква ў старой камяніцы
Герб Чэрыкава Сьцяг Чэрыкава
Першыя згадкі: 1578
Магдэбурскае права: 1641
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Чэрыкаўскі
Плошча: 10,7 км²
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 8144 чал.[1]
шчыльнасьць: 761,12 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2243
Паштовы індэкс: 213533
СААТА: 7256501000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°34′0″ пн. ш. 31°22′0″ у. д. / 53.56667° пн. ш. 31.36667° у. д. / 53.56667; 31.36667Каардынаты: 53°34′0″ пн. ш. 31°22′0″ у. д. / 53.56667° пн. ш. 31.36667° у. д. / 53.56667; 31.36667
Чэрыкаў на мапе Беларусі ±
Чэрыкаў
Чэрыкаў
Чэрыкаў
Чэрыкаў
Чэрыкаў
Чэрыкаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://cherikov.mogilev-region.by

Чэ́рыкаў — места ў Беларусі, на правым беразе Сажа. Адміністрацыйны цэнтар Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8144 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 77 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва, за 32 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў; на скрыжаваньні аўтамабільных шляхоў Магілёў — Касьцюковічы, Бабруйск — Крычаў.

Чэрыкаў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Чэрыкаў. Паводле першага зь іх, ён утварыўся ад словаў «чартала», «чарціць» і мае зьвязкі з прымітыўнымі працамі земляробства — «аратым»[2]. Другая вэрсія зьвязвае назву места з старажытнымі плямёнамі, якія абралі правы бераг ракі Сож для стаянак сваіх лодак — «чырыкаў».

Таксама існуе народнае паданьне, паводле якога на месцы сучаснага Чэрыкава рэзалі авечак каб аплаціць даніну татарам. Надалей адбылася наступная трансфармацыя назвы паселішча: «чырык авечак» — Чырыкавец — Чэрыкаў[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Чэрыкава

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Чэрыкаў датуецца 1460 годам[3]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увайшоў у склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1578 годзе мястэчка стала цэнтрам староства Магілёўскай эканоміі.

У пачатку XVII стагодзьдзя Чэрыкаў атрымаў статус места[4]. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права[4] і герб: «у блакітным полі срэбны мур з трыма вежамі, у цэнтральнай — брама з збройным рыцарам зь дзідай у руцэ»[5].

У кастрычніку 1648 году казакі на чале з Крывашапкай занялі Чэрыкаў, адкуль рабілі набегі на шляхецкія маёнткі Амсьціслаўскага ваяводзтва. Неўзабаве казакоў разьбіў аддзел полацкай шляхты на чале з князем Лукомскім. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) места спустошылі маскоўскія захопнікі[4]. У 1678 годзе Чэрыкаў стаў цэнтрам воласьці (павету) Амсьціслаўскага ваяводзтва[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб, 1843 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чэрыкаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1773 годзе Чэрыкаў зноў атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету Амсьціслаўскай правінцыі (у 1796—1802 гадох — Беларускай, пазьней — Магілёўскай губэрні). У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі яму новы герб. На 1787 год у месьце было 300 дамоў, дзейнічалі 2 царквы, працавала школа. У 1789 годзе адкрылася 2-клясная вучэльня. У канцы XVIII стагодзьдзя праз Чэрыкаў прайшоў тракт Магілёў — Чавусы — Крычаў — Амсьціслаў, у ХІХ стагодзьдзі — Маскоўска-Варшаўская шаша. У гэты час на Сажы існавалі тры прыстані; праводзіліся конныя кірмашы, працаваў цукровы завод. На 1811 год у месьце было 364 двары, на 1839 год працавалі 2 плісавыя, 1 палатняная, 1 гарбарная, 1 паташная і 2 медзеплавільныя мануфактуры. У пачатку 1840-х гадоў — 380 драўляных і 2 мураваныя будынкі, працавалі 39 крамаў, на 1848 год — 407 дымоў.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) Я. Жукоўскі сфармаваў у Чэрыкаве паўстанцкі аддзел, які пазьней злучыўся з Горацкім аддзелам Л. Зьвяждоўскага. На 1865 год у месьце было 15 мураваных (астрог, 2 адміністрацыйныя будынкі, паштовая станцыя, застаўны шашэйны дом, 9 крамаў і 2 жылыя дамы) і 566 драўляных будынкаў (царква, касьцёл, 4 малітоўныя школы, 54 крамы, мескі млын, 505 жылых дамоў). Плян складаўся з 4 пляцаў, 12 вуліцаў, 13 завулкаў, частка зь якіх была брукаванай. На 1880 год у Чэрыкаве было 564 будынкі. У 1904 годзе ў месьце працавалі 23 дробныя прадпрыемствы, 162 рамесьнікі, лякарня на 20 ложкаў. У 1913 годзе працавалі вінны завод, лесапільна-мукамольны завод, млыны.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чэрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Беліцкай воласьці Чэрыкаўскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[6]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Чэрыкаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чэрыкаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Калінінскай, у 1927—1930 гадох Магілёўскай акругі, з 1938 году — у Магілёўскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 1 кастрычніка 1943 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1959—1962 і 1965—1966 гадох Чэрыкаў уваходзіў у склад Крычаўскага раёну, у 1962—1965 гадох — у склад Краснапольскага раёну. У 2002 годзе афіцыйна зацьвердзілі гістарычны мескі герб[7].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVII стагодзьдзе: 1649 год — 2 тыс. чал.[4]
  • XVIII стагодзьдзе: 1777 год — 906 чал.[8]; 1787 год — больш за 3 тыс. чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1811 год — 355 муж.[9]; 1861 год — 3877 чал.; 1880 год — 3853 чал.[10]; 1897 год — 5,2 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1910 год — 6198 чал.[11]; 1939 год — 6,4 тыс. чал.; 1959 год — 4,9 тыс. чал.; 1965 год — 5 тыс. чал.[12]; 1970 год — 5,4 тыс. чал.; 1991 год — 8,3 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 8,6 тыс. чал.[13]; 2006 год — 8,5 тыс. чал.; 2008 год — 8,5 тыс. чал.; 2015 год — 8184 чал.[14]; 2016 год — 8149 чал.[15]; 2017 год — 8165 чал.[16]; 2018 год — 8144 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Чэрыкаве працуюць 2 сярэднія, пачатковая, спартовая школы, школа мастацтваў.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, гістарычна-краязнаўчы музэй, бібліятэкі.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучасным пляне места галоўныя вуліцы зьяўляюцца працягам аўтамагістраляў. У цэнтры ўтварылася 3—5-павярховая забудова. У цэлым жа пераважаюць будынкі сядзібнага тыпу. Вядзецца будова 5-павярховых дамоў.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Болдзіна вуліца Красная вуліца
Магілёўская вуліца
Камсамольская вуліца

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў, лесанарыхтоўчай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Чэрыкаўскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Працуе база юных турыстаў. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[17].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геалягічнае агаленьне «Чэрыкаў» — помнік прыроды дзяржаўнага значэньня.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 401.
  3. ^ а б История, Чериковский районный исполнительный комитет
  4. ^ а б в г д ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 748.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 252.
  6. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  7. ^ Геральдика, Чериковский районный исполнительный комитет
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 334.
  9. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 335.
  10. ^ Chmara A. Czeryków // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 850.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 337.
  12. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 339.
  13. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 335.
  14. ^ Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  15. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]