Магдэбурскае права

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Места Час набыцьця
М. п.
Вільня 1387
Берасьце 1390
Горадня 1391 [1]
Коўна 1408
Трокі 1409
Слуцак 1441
Высокае 1494
Бельск 1495
Полацак 1498
Дарагічын 1498
Менск 1499
Браслаў 1500
Ваўкавыск 1503
Камянец 1503
Наваградак 1511
Рэчыца 2.10.1511
Мілейчыцы 1516
Нараў 1529
Слонім 1531[2]
Моталь 1555
Барысаў 1563
Мерач 1569
Радашковічы 1569
Пешчатка 1569
Дзісна 1569
Сураж 1576
Магілёў 1577
Мазыр 1577
Вула 1577
Пінск 1581
Дынабург 1582
Азярышча 1583
Нясьвіж 1586
Кобрынь 1589
Гарадзец 1589
Пружаны 1589[2]
Ліда 1590
Любча 1590
Віцебск 1597
Ворша 1620
Чавусы 1634
Амсьціслаў 1636
Ражана 1637
Чэрыкаў 1641
Дзівін 1642
Друя 1643
Лагішын 1643
Мальча 1645
Капыль 1652[3]

Магдэбу́рскае пра́ва (ням. Magdeburger Recht), а таксама Майдэбо́рскае пра́ва — адна з найбольш вядомых сыстэмаў мескага (гарадзкога) права. Склалася ў XIII ст. у нямецкім месьце Магдэбург як фэўдальнае мескае права, паводле якога эканамічная дзейнасьць, маёмасныя правы, грамадзка-палітычнае жыцьцё і сацыяльны стан месьцічаў рэгуляваліся ўласнай сыстэмай юрыдычных нормаў, што адпавядала ролі местаў як цэнтраў вытворчасьці і грашова-таварнага абмену.

Агульная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магдэбурскае права склалася з розных крыніцаў: прывілеяў, выдадзеных архіяпіскапам Віхманам мескаму патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастановаў суду шэфэнаў Магдэбургу і іншых. Яно тлумачыла розныя віды праўных дачыненьняў: дзейнасьць мескай улады, суду, ягоную кампэтэнцыю і парадак судаводзтва, пытаньні зямельнай уласнасьці «ў межах места», парушэньні ўладаньня, захопу нерухомасьці, усталёўвала пакараньні за розныя віды злачынстваў.

Жыхары местаў, якія атрымалі Магдэбурскае права, вызваляліся ад фэўдальных павіннасьцяў, ад суду і ўлады ваяводаў, старостаў і іншых дзяржаўных службоўцаў. У прыватнаўладальніцкіх местах Магдэбурскае права не вызваляла месьцічаў ад залежнасьці і ўлады фэўдалаў, аднак залежнасьць ня мела рысаў прыгоньніцтва. На аснове Магдэбурскага права ў месьце ствараўся выбарны орган самакіраваньня — магістрат. З уводзінамі Магдэбурскага права скасоўвалася дзеяньне мясцовага права, аднак дазвалялася ўжываньне мясцовых звычаяў, калі нормы, неабходныя для разьвязваньня спрэчкі, не прадугледжваліся Магдэбурскім правам.

Магдэбурскае права не распаўсюджвалася на габрэйскае насельніцтва, якое не лічылася часткай спрадвечнага насельніцтва ўсходнеэўрапейскіх местаў. Вынятак склала толькі літоўскае места Трокі, дзе габрэі ў 1444 годзе атрымалі Магдэбурскае права ў якасьці самастойнай групы месьцічаў.

Магдэбурскае права перанялі многія месты Ўсходняй Нямеччыны, Усходняй Прусіі, Сылезіі, Чэхіі, Вугоршчыны, Польшчы.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 XIV ст. Магдэбурскае права пашырылася на месты Вялікага Княства Літоўскага. Згодна з адпаведным прывілеем ствараліся органы самакіраваньня, незалежныя ад ваяводаў і старостаў. Мескае кіраваньне ўзначальваў войт, прызначаны вялікім князем. Разам зь ім дзейнічала меская рада, што складалася з 12—20 месьцічаў-радцаў. Дзейнасьць рады ў фінансавай сфэры кантралявалася выбарным органам з 12 месьцічаў — мужоў паспалітых, або прысяглых. Існаваў уласны судовы орган па крымінальных справах — лава, куды ўваходзілі лаўнікі пад старшынствам войта. Штодзённымі справамі займаліся бурмістры, якія па сканчэньні паўнамоцтваў рабілі справаздачу перад радай, а пазьней — на агульным сходзе месьцічаў. Бурмістарскі суд, куды ўваходзілі бурмістры з радцамі, разьвязваў цывільныя справы. Меская рада і лава разам складалі магістрат. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з Магдэбурскім выкарыстоўваліся нормы агульнадзяржаўнага права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыдычнай практыкі.

Атрыманьне местам Магдэбурскага права вылучала яго зь мясцовай фэўдальна-адміністрацыйнай сыстэмы, падпарадкоўваючы вялікаму князю. Статус ягоных жыхароў істотна падвышаўся: яны рабіліся вольнымі, набывалі права на зямельную ўласнасьць, вызваляліся амаль ад усіх фэўдальных павіннасьцяў — нарыхтоўкі сена, выдзяленьня фурманак і інш., якія несьлі дагэтуль разам зь сялянамі воласьці, ад суду і ўлады дзяржаўных службовых асобаў. Дазвалялася будаваць у месьце ратушу, мець крамы, мануфактуры, загадваць вагамі і мерамі, будаваць млыны, лазьні і г. д. Прадугледжваліся і пэўныя гандлёвыя палёгкі. Так, мяшчане Вільні, Полацку і некаторых іншых местаў з Магдэбурскім правам вызваляліся ад мыта на тэрыторыі ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Месты з Магдэбурскім правам — Менск, Полацак, Магілёў адрозна ад звычайных местаў мелі права двойчы на рок праводзіць міжнародныя кірмашы, прычым госьці-купцы з усяе Эўропы мусілі прадаваць тавар толькі гуртам, ад чаго места мела значную выгаду.

Магдэбурскае права мелі каля 60 местаў і мястэчак на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У ліку першых Магдэбурскае права ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Берасьце (1390), Горадня (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Трокі (1409), Слуцак (1441), Высокае (1494), Полацак (1498), Менск (1499), Браслаў (1500), Наваградак (1511), Моталь (1555), Барысаў (1563) і іншыя.

Граматы на Магдэбурскае права дзяржаўным местам выдавалі вялікія князі, прыватнаўладальніцкім местам — уладальнікі местаў або на іх хадайніцтва вялікія князі. Гаспадар і ўрад Вялікага Княства Літоўскага ўсяляк заахвочвалі месты да самакіравання, бо мелі беспасярэднюю зацікаўленасьць ва ўмацаваньні іх эканамічнага становішча: чым багацейшым было места, тым больш падаткаў яно ўносіла ў дзяржаўны скарб. Апрача таго, жыхары местаў з магдэбургіяй наўзамен дараваных палітычных і грамадзянскіх свабодаў ускладалі на сябе дадатковыя абавязкі, у прыватнасьці рамонт і аднаўленьне за свой кошт абарончых ўмацаваньняў.

На Беларусі Магдэбурскае права было скасаванае паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губэрні ў лістападзе 1775, у Менскай — у траўні 1795, у заходняй Беларусі — у сьнежні 1795.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Г. Сагановіч. Магдэбурскае права ў гарадах Беларусі (XV-XVII ст.) // Матэрыялы па гісторыі Беларусі. — Мінск: 1997. — 500 ас.
  2. ^ а б Аляксандр Доўнар. Магдэбургскае права // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 242.
  3. ^ Магдэбурскае права таксама мелі (дакладны час наданьня прывілеяў невядомы): Бабруйск, Быхаў, Давыд-Гарадок, Зэльва, Клецак, Копысь, Крычаў, Крэва, Мядзел, Тураў і іншыя

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Магдэбурскае правасховішча мультымэдыйных матэрыялаў