Мядзел

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мядзел
трансьліт. Miadziel
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай
Coat of Arms of Miadzieł, Belarus.svg Flag of Miadzieł and Miadzieł district, Belarus.svg
Герб Мядзелу Сьцяг Мядзелу
Першыя згадкі: 1324
Магдэбурскае права: 6 кастрычніка 1762
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Мядзельскі
Плошча: 8,48 км² [1]
Насельніцтва (2015)
колькасьць: 6924 чал.[2]
шчыльнасьць: 816,51 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1797
Паштовы індэкс: 222380
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°52′32″ пн. ш. 26°56′19″ у. д. / 54.87556° пн. ш. 26.93861° у. д. / 54.87556; 26.93861Каардынаты: 54°52′32″ пн. ш. 26°56′19″ у. д. / 54.87556° пн. ш. 26.93861° у. д. / 54.87556; 26.93861
Мядзел на мапе Беларусі ±
Мядзел
Мядзел
Мядзел
Мядзел
Мядзел
Мядзел
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мя́дзел — горад у Беларусі, паміж азёрамі Мястра і Баторына. Адміністрацыйны цэнтар Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 6924 чалавекі[2] (2015). Знаходзіцца за 160 км на паўночны захад ад Менску, за 35 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін (лінія Маладэчна — Полацак); на аўтамабільнай дарозе Менск — Нарач.

Мядзел — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Назва

Дасьледнікі (найперш Міхась Чарняўскі) на аснове археалягічных раскопак мяркуюць, што першапачаткова паселішча месьцілася на адным з астравоў возера Мядзел. Відаць, ад яго назвы і ўтварыўся тапонім. Тым часам гідронім, імаверна, мае балцкае паходжаньне (ад асновы medis — дрэва[3]) і ў перакладзе азначае «лясны, драўляны».

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Медело, Меднол, Медюль, Мядзела, Мядзіла.

Гісторыя

Археалягічныя дасьледаваньні выявілі, што першапачаткова ў XXI стагодзьдзях умацаванае драўлянае паселішча знаходзілася на найбуйнейшым востраве возера Мядзел — Замак. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў зь нявысьветленых да канца акалічнасьцяў Мядзел перанесьлі на паўночна-ўсходні бераг возера Мястра (за 10 км ад былога месцазнаходжаньня). Імаверна, прычынай гэтаму стаўся мор. Насельнікі, што здолелі выжыць падчас эпідэміі, заснавалі новае паселішча са старой назвай ужо на беразе возера Мястра.

Вялікакняскі пэрыяд

У пісьмовых крыніцах Мядзел упершыню згадваецца пад 1324 годам у лацінамоўным лісьце вялікага князя Гедыміна рыскаму біскупу, у якім ён скардзіцца на агрэсіўныя дзеяньні рыцараў-крыжакоў:

« Мы паведамляем Вам, … што мір… зараз безь якой-небудзь віны нашай па-варожаму парушаны крыжакамі — братамі Тэўтонскага ордэну, якія прычынілі вялікую шкоду землям, якімі мы валодалі. Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Медзела, каб ня быў ён так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі з сабой. »
Даўні герб мястэчка

«Лівонская хроніка» Герамана Вартбэрга паведамляе пра працяг крыжацкай агрэсіі ў 1378 годзе:

«У 1378 годзе брат Вільгельм, магістар лівонскі, паслаў ляндмаршала, брата Робіна супраць рутэнаў (г. зн. праваслаўных) у вобласьці замка Мэ(н)дэлена, якія былі вернымі язычнікам і падтрымлівалі іх. Ён напаў у нядзелю пасьля Епіфанія (10 студзеня), і спусташаў старану два дні, вынішчаючы людзей, спальваючы жытло, забіваючы скаціну; а забралі з сабой 300 рутэнаў абедзьвюх плоцяў і 400 коней».

У 1410 годзе адбыўся разгром крыжакаў пад Грунвальдам. Аднак падчас працэсу 1412—1413 гг. польска-ліцьвінскі бок абвінаваціў крыжакаў, што пасьля заключэньня міру (1411 г.), яны «fraudulenter et dolose teras et provincias dicti domini ducis Vitholdi subintrantes, districus videlicet Medeli, Swyre et Brachslaw et Poloczsko invaserunt et depopulaverunt». Прыблізны пераклад гучыць наступным чынам: «вераломствам і падманам землі і правінцыі да ўдзелу вялікага князя прыналежачых, паветы Мядзел, у Сьвір, Браслаў і Полацак уварваліся і спустошылі». Агульныя страты склалі 2000 коп грошаў прускіх.

Да пачатку XX стагодзьдзя мястэчка Мядзел падзялялася на Стары (паўночная частка) і Новы (паўднёвая частка) Мядзел. Стары Мядзел вядомы з 1454 году (з нагоды будовы ў ім касьцёла[4]), а Новы Мядзел — з 1463 году[5].

21 лютага 1457 году полацкі намесьнік Андрэй Саковіч(be) выдаў даравальную грамату для заснаванага ім парафіяльнага касьцёла ў Мядзеле. Моўны выраз з граматы «дзесяціна ўлову рыбы зь дзяльніцы нашай» тлумачыцца тым, што дзесяціна ішла ня толькі з улову двара Андрэя Саковіча, але і з улову пана Скяміны (магчыма, назва ракі Скема паходзіць ад яго імя). У грамаце Андрэя Саковіча ўзгадваецца маёнтак званы Родам (Радкі).

У 1484 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімер пацьвердзіў права ўласнасьці на Мядзел троцкаму ваяводу Багдану Саковічу. Яго адзіная дачка Альжбэта выйшла замуж за князя Мікалая Мікалаевіча Радзівіла (1470—1521).

Князь М. М. Радзівіл быў адзін з самых уплывовых людзей свайго часу і займаў важныя дзяржаўныя пасады — падчашы (1493), маршалак земскі (1505), ваявода Троцкі (1505—1510), Пан Рады Вялікага княства. 20 чэрвеня 1510 кароль Жыгімонт выдаў «Привелей пану Миколаю Миколаевичу Радивиловича на воеводство Виленское и концълерство Великого князства Литовского до живота его милости». М. М. Радзівілу належылі буйныя зямельныя уладаньні. Выкарыстаўшы сутоку падчас мяцяжу Міхала Глінскага, ён прыхапіў да свайго Ганядзкага замку значную частку памежных тыкоцынскіх зямель Альбрэхта Гаштольда. Пасьля шлюбу з Альжбэтай Саковіч яго зямельныя ўладанні павялічыліся за кошт мядзельскай латыфундыі. У 1516 годзе князь Ян Янавіч Сьвірскі з жонкай Ганнай «взяли за сына» Мікалая Радзівіла і падаравалі яму сваю частку маёнтка Мядзел, што была далучана да папярэдняй. 25 лютага 1518 году на Вэнскім кангрэсе М. Радзівіл атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Максыміліяна I тытул «князя на Гонядзі і Мядзелах (Medelach)». У канцы свайго жыцьця распачаў міжусобную вайну з троцкім ваяводай А.Гаштольдам, падчас якой яго ганядскі намеснік Ванеўскі Кунца спаліў замак у Тыкоцыне. Пасьля ўзаемных «кгвалтов и наездов», справай іх хатняй вайны заняўся асабіста кароль. Спачатку ён праз сваіх камісараў спрабаваў замірыць двух магнатаў, а пазьней стаў на старане Гаштольда.

Пасьля сьмерці М. Радзівіла маёнткам працяглы час распараджалася яго ўдава. У 1522 годзе кароль разглядаў прэтэнзіі віленскага ваяводы А. Гаштольда да Альжбэты Радзівіл і яе сыноў. 17 лістапада 1523 году, паводле просьбы Яна Радзівіла, каралём быў падпісаны «Лист гсдръский, воеводиной Виленской пани Миколаевой Радивиловой даный, беручы ее зо всими сынми и дочками ее млсти и имени их в опеку и оборону гсдрскую». Гэты ліст спатрэбіўся сям’і Радзівілаў з-за працягу канфлікту з Гаштольдам. 15 ліпеня 1525 году Альжбэта Радзівіл разам з сынамі скардзілася каралю на «кривды великия» падданым у «именю их Ганезю» з боку ваяводы віленскага, канцлера, старасты бельскага і мазырскага Альбрэхта Гаштольда. Кароль адклаў разгляд справы да свайго прыезду ў Вялікае княства. Пра складанае становішча сям’і Радзівілаў сьведчыць таксама скарга Альжбэты на сваіх суседзяў: «[1525] Жаловала воеводиная Виленьская пани Алжбета о томъ, што жъ ей кривды и втиски, и шкоды велики се поделали в землях и в кгвалтехъ, и в наездкахъ, и в боехъ, и грабежохъ от князя Михайла Мсиславского и от маршалъковой пани Миколаевой Заберезинской, а от пановъ Зеновевичовъ, и от пана Яна Скинъдера, а от пана Яна Юндиловича, и от невестки ихъ пани Матеевой, и от ыншихъ обаполъных суседов». Кароль таксама адклаў вырашэньне справы да свайго прыезду у Вялікае княства. Між тым, А Гаштольд пачаў ужо падбірацца да мядзельскіх уладаньняў Радзівілаў. 11 красавіка 1527 году А. М. Сьвірскі і яго жонка Сафія прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» віленскаму ваяводу Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам».

Уяўленьне пра памеры ўладаньняў Радзівілаў дае попіс войска ВКЛ 1528 году (уладальнік мусіў выстаўляць аднаго ўзброенага вершніка з кожнай восьмай службы, якая адпавядала на той час двум дымам-дварам, попісы ўказвалі на колькасьць выстаўленых родам вершнікаў). «Пани Миколаевая воеводиная виленьская пани Алжбета маеть /л. 6/ ставити двесте шестдесят коней». А вось яе сыны выстаўлялі агулам 179 вершнікаў: «Князь Миколай, бискуп холмский, з ыменей своих светских маеть ставити ку службе земской семдесят деветь коней. Пан Ян Миколаевич, подчашый господарьский, маеть ставити со всих именей своих шестдесят одного коня. Пан Станислав Миколаевич, державъца пенянский, маеть ставити трыдцать девять коней».

Пасьля сьмерці ў 1529 годзе Мікалая, біскупа Жамойцкага, уладаньні сям’і Радзівілаў пачалі імкліва скарачацца. Паводле тэстамэнту бiскупа Мiкалая мястэчка Кнышын з навакольнымi вёскамi пераходзiлi ў каралеўскую ўласнасць. Аднак Станiслаў Радзiвiл не прызнаў тэстамэнту свайго брата i ўзброеным шляхам захапiў Кнышын. У сувязi з гэтым, 21 лютага 1530 году кароль звярнуўся да ўсiх зямян Бельскага павету з лiстом, каб тыя ўзбройвалiся i разам з "дворенином гсдрским ехали для взятя до рук гсдрскихъ именя Кнышина". 23 лютага 1530 года кароль напiсаў лiст да намеснiка i служкаў пана Станiслава Радзiвiла, у якiм пагражаў тых казнiць у Бельску. 24 лютага 1530 кароль звярнуўся са сваiм лiстом да самаго пана Станiслава Радзiвiла, ваяводзiча Вiленскага, паводле якога адбiраў у яго дзяржаўныя двары Ушполь i Пеняны, а часовым упраўляючым прызначаў дзяка Марка Васiльева.

Каралеўская "мярзячка" да сям'i Радзiвiлаў выразна праявiлася ў 1541 годзе. У "Метрыцы ВКЛ (1522-1552). Кнiга запiсаў 28" (Мн., 2000) змешчана "Посланье Богдана Левковича для созыва некоторых особ", прычым яно закранала i "пани воеводиную виленскую панию Миколаевую". Пасланне тычылася пытання "о зобраньи земль, людей и пущи Марковской". Ва ўльтыматыўнай форме сказана было наступнае: "Абы стали и листы, и твердости на тамошние именья свои у повете Марковском перед господаремъ его милостью положили".

Незадоўга перад сваёй сьмерцю Ян Радзівіл наведаў Мядзел. У «Мэтрыцы Вялікага княства (1528—1547)». 6-я кніга судных спраў (Вільнюс, 1997) захаваўся ліст старасты жамойцкага, падчашага гаспадарскага і дзяржаўцы васілішкаўскага Яна Мікалая Радзівіла ад 16 мая 1542 г. У дадзеным лісьце пад назвай «Записан(ь)е прав подданых волости Жораньское на земли и повинности их» маецца наступны выраз: «Тыми часы, будучы намъ у ее м(и)л(о)сти паней матъки нашое, у Мяделе, жаловали намъ подданые г(о)с(по)д(а)рьскии земли Жомоитское, волости н(а)шое Жоранъское…»

А ўжо 30 чэрвеня 1542 году ў каралеўскім лісьце вялася гаворка пра нябожчыкаў А. М. Гаштольда і Я. М. Радзівіла: «…по зыштью з сего света тых панов воевод и иншихъ преложоныхъ а высокихъ рад его кр. млсти, которые въ тые часы, з воли Божее, змерли один по другому, — то ест — пан Олбрахтъ Мартинович Кгаштолтъ, воевода Виленский, канцлер Великого князьства, … староста Жомоитский, подчаший грский, державца Василишский, пан Ян Миколаевич Радивилъ». Новым віленскім ваяводай быў прызначаны Ян Юрэвіч Глябовіч, а жамойцкім старастай Мацей Вайцехавіч Яновіч.

На старонцы 1000 кнiгi "Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния/ сост. член-сотрудник Императорского Русского Географического Общества Генерального Штаба подполковник П.Бобровский" (Спб, 1863) пра гэтую галiну роду Радзiвiлаў адзначалася наступнае:

Пазьней, Альжбэта Радзівілаўна і яе муж троцкі ваявода князь Януш Гальшанскі надалі за службу Багдану Капашчэўскаму маёнтак Чучаліцы каля Мядзелу ў Ашмянскім павеце. Аднак Багдан прадаў гэты маёнтак у 1562 годзе.

Ф. Пакроўскі ў кнізе «Археологическая карта Виленской губернии» (Вільня, 1893) упершыню распавёў пра радзiвiлаўскi замак на возеры Мядзел: «По свидетельству фундушевой записи 1543 г. и народному преданию, на расстоянии одной версты от Сосновской церкви, на о-ве оз. Мядельского, существовал когда-то замок князей Радзивиллов, от которого никаких следов теперь не осталось».

Жыхар Мядзела Адольф Іванавіч Клечка данёс да нашых дзён наступную легенду: «Бацька расказваў, што ў старажытныя часы на востраве, абнесеным крэпасьцю, жыла каралева, мела пры сабе армію. У час вайны са швэдамі яе палац і ахова былі зьнішчаны. Разбураны і мост, які быў пракладзены да вострава з боку вёскі Скары. Мой бацька памятае тыя моцныя палі, забітыя ў неглыбокае дно. У час лоўлі рыбы за палі часта чапляліся сеткі. А месца гэтае і да цяперашняга часу носіць назву Маставіца». Яго бацька Ян Пятровіч Клечка валодаў пры Польшчы паловай вострава Замак.

Згодна са зьвесткамі радзівілаўскага інвэнтару 1584 г. на востраве возера Мядзел знаходзілася адзіная ў «волости Мядельского двора» руская царква, г. зн. праваслаўная. Воласьць складалася з наступных сёл: «Охабни», «Кропивна», «Кузьмийское», «Старомейское». Маёнтку належыла возера Мядзел, палова возера Мястра і частка возера Нарач.

Доўгі час Стары Мядзел зьяўляўся ўласнасьцю магнатаў і абшарнікаў (Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабкоўскіх, Кошчыцаў, Дварэцкіх, Козел-Паклеўскіх).

Жыхароў Новага Мядзелу, вялікакняскага (іншым разам «кароннага») мястэчка (часам званага і горадам), ужо ў сяр. 16 ст. называлі «мяшчанамі гаспадарскімі», г.зн. «вялікакняскімі або дзяржаўнымі».

Зь імем каралевы Боны Сфорцы (1494—1557), жонкі Жыгімонта I, зьвязана шмат мясцовых паданьняў. Паводле аднаго зь іх, каралева была чараўніцай, а цудадзейную сілу ёй даваў залаты бог з дыямэнтавымі вачыма. Гэты бог заховаўся ў каралеўскім замку, а вядомы быў яшчэ з паганскіх часоў. Сьцьвярджаюць, што Бона ажыўляла нябожчыкаў, вылечвала розныя хваробы, заваражыла Мядзел ад зьмеяў. Паданьне пра зьмеяў зьвязана найбольш верагодна з тым, што ў гербе Боны была іх выява.

Шэраг агульнадзяржаўных рэформаў падчас праўленьня Жыгімонта Аўгуста, сынам Боны Сфорцы, закраналі непасрэдным чынам і жыхароў Мядзелу. 1 красавіка 1557 г. была прынята Ўстава на валокі. Артыкул 28 гэтай Уставы прадугледжваў наступнае: «Осмого дня месяца апреля почнуться личбы з замков и дворов повету Виленского, з Браславля, з Опсы и з неводницств тамошних, з Дисен, з Довкгялишок з неводницством, з Ляхович, з Аины, с Красного Села, з Маркова, з Мядела, з Лебедева, з Дунилович, з Ушполь, с Пенян, з Абялы, з Утяны, з Оникшт, з Вилкомиря, з Воложина, з Болник; а докончаються того же месяца 21 дня». Валочная памера ўпарадкавала сыстэму падаткаабкладаньня амаль ва ўсім Вялікім Княстве. У падатковым лісьце ад 21 верасьня 1561 г. пад назвай «До кухни короля его милости кури и гуси мають быти посланы з дворов ег(о) королевское милости на певъные часы» было запісана: «В Маркове, в Мяделе и въ Куренъцы волокъ 510. Гусей 510 о[т]тол не слати. Куръ 1020 слати».

25 чэрвеня 1565 году Жыгімонт Аўгуст павінны быў прыехаць у Маладзечна. Каралеўскі пастой у гэты дзень забясьпечваўся за кошт дзяржаўных зямель Маркава і Мядзелу. Адказнай асобай прызначаўся Іван Федаровіч.

Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гг. былі акрэсьлены межы новых паветаў, а таксама вызначаны мястэчкі для правядзеньня павятовых судоў: «Граница повету Ошъменьского. Отъ устья реки Жеймены, где у Велью впадываеть, рекою Жейменою уверхъ ажъ до озера Жеймена, отъ озера Жеймены у-въ озеро Шорковъ, а з Шоръковы въ озеро Дрынкгме, оттолъ въ озеро Дисны, а з озера рекою Дисною ажъ до устья реки Березвеча, у-верхъ рекою Березъвичомъ ажъ до озера Березвеча, оттоль у Великое озеро, а оттоль у Глубокое, оттоль речкою Кривою у-въ озеро Кривое, а озеромъ Кривымъ у Ластовицу реку, Ластовицею што напростей у болото Березово, отколь Березыня встала, оттоль до мосту великого на Березини, где граница пришла Меньская. Книги перъвшые у-въ Ошмене, другіе въ Мяделе, третіе у Швинътянехъ, естли бы потреба; суды того повету напервей мають починати въ Ошъмене, а по томъ въ Мяделе, а на конецъ у Швинътанехъ».

Неаднаразова жыхары Новага Мядзелу атрымлівалі прывілеі ад уладароў Рэчы Паспалітай на правядзеньне кірмашоў. Таксама мястэчка набыло разнастайныя падатковыя палёгкі. Паводле сьцьверджаньня Аляксея Сапунова, беларускага гісторыка XIX стагодзьдзя, жыхары Новага Мядзелу нават атрымалі ад Жыгімонта Старога з просьбы яго жонкі Боны Сфорца Магдэбурскае права. Такім чынам мяшчане Новага Мядзелу самі абіралі войта. Аднак дагэтуль ня знойдзена дакумэнтальных пацьверджаньняў таго, што паселішча мела Магдэбурскае права. Новым Мядзелам, як каралеўскім уладаньнем, кіравалі старосты, адмыслова прызначаныя вялікім князем.

На разьвіцьцё мястэчка нэгатыўным чынам уплывалі войны з Маскоўскай дзяржавай. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (15001503) захопнікі разбурылі і разрабавалі паселішча, спалілі касьцёл.[4] У 1564 падчас Лівонскай вайны Мядзельскі, Барысаўскі і Дзісенскі замкі былі вызначаны ў якасьці зборных пунктаў аўса і жыта «для выживенья войска Польского». Прычым з Маркава і Мядзелу «казано живность до замку Борисовского слати».

Рэч Паспалітая

Замак на востраве воз. Мястра

15 чэрвеня 1573 году ў лісьце Івана Жахлівага да польскіх вяльможаў узгадваецца між іншымі «Миколай Нарушевич, подскарбий земский В. Кн. Лит., державца Марковский, Ушпольский, Пенянский и Мядельский».

10 сакавіка 1588 г. пажыцьцёвае права на «дзяржаву» Мядзела атрымаў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Больш за трэць стагодзьдзя Сапега вызначаў сваёй дзейнасьцю палітыку краіны. Вялікая заслуга Сапегі ў тым, што ён прымаў самы чынны ўдзел у падрыхтоўцы і выданьні дасканалага зводу фэўдальнага права пад назвай «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.». Сапега напісаў да яго дзьве прамовы, адна зь якіх — выступленьне на Варшаўскім сойме — яркі ўзор беларускага сьвецкага красамоўства XVI ст. Статут дзейнічаў на землях Беларусі 250 гадоў.

Сярэдзіна XVII стагодзьдзя ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Крывавы патоп». Падчас трынаццацігадовай вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) адбылася 8 лютага 1659 году бітва пад Мядзелам. Маскоўскае войска на чале з гетманам Іванам Хаванскім разграміла войска ВКЛ генэрала Мікалая Юдыцкага і палкоўніка Ўладзіслава Валовіча. Прымаў удзел у Мядзельскай бітве і шляхціц ВКЛ Аляксандар Дыянісі Скорабагаты альбо Войшка-Скорабагаты (06.09.1639 — 20.08.1699). Пакінуў пасьля сябе дзёньнік, які ў 2000 годзе быў выдадзены ў Варшаве на польскай мове. У «Актах, относящихся к истории Западной России, собранных и изданных Археографической комиссией.» -Т.5. 1633—1699. — (Санкт-Петербург, 1853) прыводзіцца ўрывак чалабітнай віленскіх і ашмянскіх шляхціцаў цару Аляксею Міхайлавічу: «…так же панья Франтишкова Загорского Селистровская под час Мядельской войны в дому ж з сыном взята, и ныне зостаеть под Псковом у боярина у Кокошкина». Найбольш верагодна, што з гэтымі падзеямі суадносіцца схованка скарбу, пра які пісаў Ф. Пакроўскі: «В 1891 году одним крестьянином м. Мядель найдены были на своем огороде довольно массивное серебреное кольцо с короной, такая же пряжка, ложка в форме церковной лжицы, цепочка, рюмка с задвижкой со стороны (?) и 20 преимущественно польско-литовских монет XVI—XVIІ ст.». Паводле рашэньня сойму шляхты Полацкага ваяводзтва 1661 году: «Сеймик на время войны — в Мядзеле; здесь же будут производиться выборы в земские учреждения».

Летам 1708 году са Сьвянцянаў праз Кабыльнік і Мядзел рухаўся ў кірунку Даўгінава 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Адама Людвіга Левэнгаўпта(ru), куды прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня.

У 1736 годзе Стары Мадзел атрымаў статус мястэчка. У 1754 годзе ўладар паселішча А. Кошчыц збудаваў мураваны касьцёл і кляштар кармэлітаў.

6 кастрычніка 1762 году жыхары Старога Мядзела атрымалі Магдэбурскае права ад караля Аўгуста ІІІ і дазвол на 4 кірмашы штогод: «адзін у дзень стрэчання Гасподняга, 2 лютага; другі ў дзень святога Ёсіфа, 19 сакавіка; трэці ў дзень святога Апостала Якава, 23 ліпеня; чацвёрты ў дзень Зачацця святою Ганнаю Прачыстай Дзевы Марыі, 8 снежня, паводле рымскага календара».

У 1793 годзе, пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Стары Мядзел увайшоў у склад Расеі (Завілейскі павет з цэнтрам у Паставах).

У складзе Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мядзел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1842 году — Віленскай губэрні. Магдэбурскае права Старога Мядзела было скасавана.

У 1794 годзе мясцовае насельнiцтва выступiла ў падтрымку паўстання пад кiраўнiцтвам Тадэвуша Касцюшкi.

Станам на 1860 год у Старым Мядзеле было 25, у Новым — 86 двароў. На 1885 год у Старым Мядзеле існавалі царква, габрэйскі малітоўны дом, бровар і карчма, у Новым — 95 двароў, касьцёл, капліца, царква, сынагога, багадзельня, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фэльчарскі пункт. У пачатку XX стагодзьдзя мястэчкі злучыліся.

Пад уладай Польшчы

1 чэрвеня 1920 году мястэчка Мядзел атакаваў 6 полк стральцоў Войска Польскага(pl).

У выніку наступу Чырвонай арміі пад кіраўніцтвам М. Тухачэўскага, тэрыторыя рэгіёну апынулася пад савецкай уладай («першыя саветы»). 12 ліпеня 1920 году паміж Савецкай Расеяй і Летувой была заключана мірная дамова. Паводле мірнай дамовы мяжа праходзіла «па рацэ Нарач і каля вёскі Чарэмшчыца ў адлегласьці каля вярсты ад яе зварочвае да поўначы і праходзіць па ўсходнім ўскрайку возера Бляда; у адлегласьці каля адной вярсты ад яго праходзіць да поўначы праз возера Мястра і па выхадзе з гэтага возера па сухадоле паміж вёскай Мікольцы з заходняга боку і вёскай Мінчакі з усходняга боку; далей па поўначы і па заходнім ускрайку вёскі Валочак прыблізна ў адной вярсьце ад яе; адтуль да поўначы праз возера Мядзел да заходняга ўскрайку вёскі Перагародзьдзе прыблізна за адну вярсту ад яе; адтуль у кірунку да вытоку ракі Мядзёлка і па гэтай рацэ да ўпадзеньня яе ў Дзісну…» і падзяляла сучасную тэрыторыю Мядзельскага раёну на дзьве часткі па лініі былога расейска-нямецкага фронту часоў Першай сусьветнай вайны.

7 лістапада 1920 году Мядзельская гміна была ўключана польскімі ўладамі ў склад Дунілавіцкага павету. Кіраўніцтва ажыцьцяўлялася Ўправай прыфрантавых і этапавых тэрыторыяў (Zarząd Terenów Przyfrontowych i Etapowych). 19 лютага 1921 г. тэрыторыя Дунілавіцкага павету далучана да Наваградзкага ваяводзтва. Станам на 1921 год у мястэчку было 170 двароў, 2 касьцёлы, царква, мячэць, сынагога, гарбарня, аптэка, млын.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Мядзел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. 19 красавіка 1922 г. павет прылучаны да польскай Віленскай зямлі, пераўтворанай 20 студзеня 1926 г. у Віленскае ваяводзтва. 1 студзеня 1926 г. назва Дунілавіцкага павету была заменена на Пастаўскі павет Віленскага ваяводзтва. 1 красавіка 1927 г. да Мядзельскай гміны была далучана частка гміны Кабыльнік; частка абшару Мядзельскай гміны была прылучана да гмінаў Жосна і Манькавічы (паводле загаду міністра ўнутраных спраў Славоя Складкоўскага ад 11 лютага 1927 г.).

У 1939 годзе ў Новым Мядзеле было 147 дамоў на 8 вуліцах. Тут знаходзіліся 32 крамы і пажарная. Крамы былі мануфактурныя і харчовыя, гатовага адзеньня і абутку, гаспадарчага інвэнтару і жалезных вырабаў, скур, 3 мясныя і каўбасныя, 2 хлебапякарні, рэстаран, піўная са сталовай і чайная. Таксама былі дзьве пякарні, аптэка, гасьцінны двор. У Новым Мядзеле месьціліся 7-гадовая школа, амбулаторыя, гміна зь бібліятэкай і кіназалай, царква, сынагога, касьцёл, лазьня, млын, бойня, гарбарні, 2 кузьні, воўначасалка, пастарунак і іншыя ўстановы. Насельніцтва налічвала 655 чалавек — беларусы, палякі, яўрэі і 1 сям’я татар. У «Нарачанскай зары» за 27 лістапада 2004 году (№186—188) быў надрукаваны плян Новага Мядзела за 1939 год, складзены Ўладзімерам Бенядзіктавічам Дыманам.

У 1939 годзе ў Старым Мядзеле быў 21 аднапавярховы драўляны дом з насельніцтвам 132 чалавекі, у тым ліку беларусаў 10 сямей, яўррэяў −7 і татар — 4. Тут знаходзілася татарская мячэць, карчма, 3 крамы, панскі палац, старажатны парк зь ліпаў і ясеняў.

Другая сусьветная вайна

У 1939 годзе Мядзел увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году зрабіўся цэнтрам раёну Маладэчанскае вобласьці. Статус паселішча панізілі да вёскі. Напярэдадні нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз, у Мядзеле ладзіліся савецкімі ўладамі абаронныя мерапрыемствы.

У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Мядзел знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, дзе месьціўся ў складзе гебіткамісарыяту Вялейка, па заканчэньні акупацыі перададзеная ў склад Вялейскае вобласьці.

17 лістапада 1959 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу[6], праз год перайшоўшы ў склад Менскае вобласьці. 20 сьнежня 1998 году Мядзел зноў атрымаў статус гораду.

Насельніцтва

  • XIX стагодзьдзе: 1860 — 613 чал. у Новым Мядзеле, 227 чал. у Старым Мядзеле[5]; 1866 — 654 чал. у Новым Мядзеле, у тым ліку 344 каталікі, 52 праваслаўныя, 258 юдэяў; 349 чал. у Старым Мядзеле, у тым ліку 58 каталікоў, 29 праваслаўных, 201 юдэй, 61 магамэтанін[7]; 1885 — 713 чал. у Новым Мядзеле, 245 чал. у Старым Мядзеле[5]
  • XX стагодзьдзе: 1904 — 1235 чал. у Новым Мядзеле, 229 чал. у Старым Мядзеле[5]; 1921 — 825 чал.[8]; 1998 — 8,3 тыс. чал.[5]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 — 7,2 тыс. чал.; 2009 — 7065 чал.[9] (перапіс); 2015 — 6924 чал.[2]

Адукацыя

У Мядзеле працуюць гімназія, 2 сярэднія і музычная школы, 2 дашкольныя ўстановы, дзіцячы інтэрнат.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, дом дзіцячай творчасьці, клюб, 3 бібліятэкі.

Яшчэ ў 30-я гады XX стагодзьдзя ў Старым і Новым Мядзелі знаходзіліся два касьцёлы, царква, сынагога і мячэт. На сёньняшні дзень захаваўся толькі адзін касьцёл — Маці Божай Шкаплернай, збудаваны ў 1754 годзе. Пры касьцёле ёсьць катэхізіс. Касьцёл Сьвятога Станіслава быў спалены ў 1942 годзе.

У 2006 годзе ў Мядзелі была пабудаваная Траецкая царква. Дзейнічае праваслаўная нядзельная школа.

Спорт

Працуе дзіцяча-юнацкая спартовая школа, дзе дзеці і юнакі праходзяць навучаньне плаваньню на байдарках і каноэ, а таксама лыжным гонкам.

На тэрыторыі Мядзела знаходзіцца гарадзкі стадыён.

Забудова

Грамадзка-адміністрацыйны і культурны цэнтар Мядзела — пл. Волі фармуецца на перакрыжаваньні вуліцаў 17 Верасьня і Крупскай. Галоўная кампазыцыйная вось — вул. 17 Верасьня перасякае места з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, забудаваная 2—5-павярховымі дамамі. Жылая зона пераважна на ўзьбярэжжы воз. Мястра, падзяляецца на паўночна-заходні, паўднёва-ўсходні і ўсходні плянавальныя раёны.

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Транспарт

Гарадзкі грамадзкі транспарт складаецца з двух аўтобусных маршрутаў. Абодва яны злучаюць рознымі шляхамі плошчу Шаранговіча і Мядзельскую цэнтральную раённую больніцу. У сьвяты і нядзелі дзейнічае толькі адзін машрут.

Міжгародні транспарт — аўтобусны, маршрутнае таксі.

Турыстычная інфармацыя

Мядзел зьяўляецца адміністрацыйным цэнтрам Нарачанскага курортнага рэгіёну. У месьце 2 гасьцініцы, філія дзіцячай турбазы[10].

Выдатныя мясьціны

Мядзельскі жаночы кляштар

У 1834 годзе ўніяцкі базылянскі жаночы кляштар быў пераведзены зь Менску ў Мядзел, дзе месьціўся на тэрыторыі ля мясцовага касьцёла. Настаяцельніцай была Параскева Ляўшэцкая. Манашак налічвалася восем, захаваліся іх прозьвішчы: Л. Цярпецкая, М. Сабачэўская, М. Зянкевіч, Ф. Ашменцава, М. Ласкатоўская, Е. Рачкевіч, Д. Ляўшэцкая, А. Лясьнеўская.

У 1837 годзе Мядзел наведаў літоўскі ўніяцкі епіскап Ёсіф Сямашка. У 1839 годзе ўніяцкая царква была далучана да праваслаўнай. Гісторыя закрыцьця Мядзельскага жаночага манастыра была зьмешчана Сямашкам на старонках «Літоўскіх епархіяльных ведамасьцяў»:

«Неабходна ведаць, што жаночы базылянскі кляштар існаваў у Менску толькі да 1834 году, ня меўшы нават асобнай царквы. Будынкі гэтага кляштара сталі патрэбнымі для памяшканьня шпіталю, і як бы ўзамен іх аддадзены былы кармэліцкі кляштар каменны, з цудоўнай жа царквою, у мястэчку Мядзел, у 150 вярстах ад Менску. Менскія манашкі зь іх настаяцельніцай Праскоўяй Ляўшэцкай, у тым жа 1834 годзе, пераведзены былі ў Мядзельскі кляштар. З таго часу ніводная з гэтых манахіняў ня толькі не была пераведзенай куды-небудзь зь Мядзелу, але нават нікуды часова не патурбавана. Уціску ім, хоць нязначнага, зроблена не было; наадварот, калі пасьля ўзьяднаньня ўніятаў, настаяцельніца і некалькі манашак не пажадалі далучыцца, па той асаблівай пашане, што яны, падобна большай частцы ўніяцкага манаства, паступілі туды з рымска-каталіцкага спавяданьня, то яны без усялякіх цяжкасьцяў адпушчаны мною, не бязь ведаму начальства, да іх родзічаў, дзе пастаянна знаходзіліся і знаходзяцца».

На месцы былога базылянскага новаўтвораны праваслаўны манастыр праіснаваў зусім мала часу. Вядома, што з 1840 па 1841 год «исправлял должность Духовника б. Мядзіольского Девичьяго монастыря и управлял оным монастырем» ераманах Палады (сапр. Ласецкі)». Затым ён быў пераведзены ў Віленскі Сьвята-Троіцкі манастыр.

Пра апошнія дні Мядзельскага жаночага манастыра можна даведацца з паведамленьня «Літоўскіх епархіяльных ведамасьцяў» ад 30 лістапада 1864 году: «Яшчэ ў 1842 годзе ў Бозе спачываючы Гасудар Імпэратар Мікалай Паўлавіч Высачэйшы дазволіў зацвердзіць штат Літоўскай праваслаўнай епархіі. Па гэтаюм штаце Мядзельскі жаночы першаклясны праваслаўны манастыр, Віленскай губэрні, Дзісенскага павету, меркавалася перавесьці ў Вільню, у будынак зачыненага памісіянэрскага манастыра. У далейшым будынак гэты атрымаў іншае прызначэньне, Мядзельскі манастыр зачынены, і штатная сума яго перададзена на ўтрыманьне ў Вільні вучылішча для дзяўчын духоўнага чыну».

Страчаная спадчына

  • Замак (XV ст.)
  • Касьцёл Сьв. Станіслава (1454)
  • Мячэт (1840) — пра колішні выгляд мячэці можна даведацца з наступных выданьняў: Стары здамак. Мячэць Старым Мядзеле// Нарачанская зара. — №164-166. — 13 сьнежня 2003 г.; Беларуская мінуўшчына. — №4.- 1996. — С.35-36).
  • Сядзіба Дварэцкіх-Багдановічаў (XVIII ст.)
  • Царква (1800, драўляная; зьнішчаная ў 1914 годзе)[11][12]

Вядомыя асобы

  • Цыпрыян Павал Бжастоўскі (1612, Міхалішкі — 1688, Вільня). Дзяржаўны дзеяч, дыплямат. Нарадзіўся ў сям’і палкоўніка войска Вялікага княства Літоўскага. Адукацыю атрымаў у Віленскай акадэміі. Служыў пры двары канцлера Вялікага княства Літоўскага Альбрэхта Радзівіла, з 1645 сакратар каралеўскага двара. З 1648 віленскі стольнік, як дэпутат ад Упіцкага павету ўдзельнічаў у падпісаньні эклекцыі (абранні) караля Яна Казіміра. з 1650 пісар дэкрэтны і рэфэрэндарый літоўскі. У 1657—1672 гг. — вялікі пісар літоўскі, у 1680—1684 гг. — кашталян троцкі. Быў прызначаны каралём Янам Казімірам для агляду цела Св. Казіміра. З 1684 ваявода троцкі, староста мядзельскі, ашмянскі, быстрыцкі. У 1658, 1661-64 у складзе дыпляматычных місіяў (у 1667 як камісар Рэчы Паспалітай) удзельнічаў у перамовах з Расейскай дзяржавай, якія скончыліся Андрусаўскім перамір’ем 1667. Быў прыхільнікам кандыдатуры расейскага цара на польскі трон. У 1670 годзе за панесеныя страты ўлады выдалі яму 15000 польскіх злотых. У 1671—1672 і 1679 выяжджаў у Маскву, каб заключыць хаўрус супраць Турцыі, удзельнічаў у падпісаньні «вечнага міру» 1686. Ад маскоўскага цара атрымаў багата аздоблены абраз прасьвятой Багародзіцы, які потым падараваў менскім езуітам (яго сын Антон быў рэктарам Менскай езуіцкай калегіі). У 1674 годзе электар Яна III Сабескага з ашмянскага павету, хаця першапачаткова выступаў за кандыдатуру царэвіча Фёдара Аляксеевіча. Памёр у Варшаве, быў пахаваны ў Вільні ў касьцёле Св. Яна. Пры жыцьці вёў дзёньнікі пасольстваў, зьбіраў пісьмы, рэляцыі і інш. дакумэнтальныя крыніцы. Пасьля яго засталося 13 тамоў дакумэнтальнага матэрыялу, якія адышлі каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Лёс збору невядомы.
  • Раткевіч Амурат Аляксандравіч (нар. 17.12.1910 у Старым Мядзеле Пастаўскага павету, шорнік (вырабляў седлы). У 1931 служыў у 33-м пяхотным палку. Падчас верасьнёўскай кампаніі з 1 па 18.09.1939 у складзе 207-га рэзэрвововага пяхотнага палка. Трапіў у савецкі палон. 25.8.1941 уступіў у Польскае войска, пазьней у СССР трапіў у лягеры военнапалонных у Вязьніках (Уладзімерская вобласьць). Накіраваны ў 14-ы пяхотны полк 5 пяхотнай дывізіі Арміі генэрала Андэрса. На Італьянскім фронце 13.2.1944-2.5.1945 у складзе 7 палку супрацьпаветранай абароны 2 Польскага корпусу. У Польскіх Узброеных Сілах да 25.3.1947. Адасланы да фільтрацыйнага лягеру ў Сэйфгарт (графства Стафардшыр) у Вялікабрытаніі. Адзначаны ўзнагародамі: Крыж Монтэ Касына, Мэдаль Вайны. Брытанскія ўзнагароды: Зорка вайны 1935-45, Зорка Італіі.
  • Аліцыя Банюшка (нар. 16.10.1937 у Мядзеле) — акторка. У 1956 скончыла Дзяржаўную школу балета ў Гданьску. Шматгадовая прымабалерына Дзяржаўнай Опэры Балтыйскай і пэдагог балету. Здымалася ў фільмах у ролях танцоркі і балерыны: «Pamiętnik Pani Hanki» (1963), «Popioły» (1965), «Tandem» (1966). Яе танцы ўвайшлі ў дакумэнтальны фільм «Eseje» (1962) і кароткамэтражную стужку «Monochromy» (1965).
  • Зьвяруга Яраслаў Генрыхавіч (нар. 04.09.1928 г.п. Мядзел), беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук (1972). Скончыў БДУ (1953). З 1966 у Інстытуце гісторыі АН Беларусі. Дасьледваў старажытныя гарады Ваўкавыск, Гродна, Зьдзітаў (Бярозаўскі р-н), Ліду, Слонім, Турыйск (Шчучынскі р-н), гарадзішчы і паселішчы Гальшаны, Гарані, Гарадок, Засьвір, Мікольцы, Сьвір, Хведзевічы, курганныя могільнікі Вайшкуны, Засьвір, Калпакі, Камена, Кастыні, Косаўшчына. Пры раскопках Ваўкавыска (1965-71) дасьледваў абарончыя збудаваньні, наземныя і паўзямлянкавыя жытлы 11-13 ст., рэшткі храма 12 ст., даказаў існаваньне гораду на 250 гадоў раней за яго першае ўпамінанье ў пісьмовых крыніцах. На раскопках у Слоніме і Гродне выявіў жылыя і гаспадарчыя пабудовы гараджан. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (Ч.2, 1972).Творы: Археологические работы в Слониме// Беларускія старажытнасьці. — Мн., 1972; Древний Волковыск X—XIV вв. — Мн., 1975; Славяно-балтские связи в раннем средневековье (по материалам Белоруссии)// Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. — Вильнюс, 1985; Памятники Верхнего Понеманья// Белоруская археология. — Мн., 1987; Верхнее Понеманье в IX—XIIІвв. — Мн., 1989.

Крыніцы

  1. ^ «Об установлении границ города Мяделя и сельсоветов Мядельского района Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 30 декабря 2013 г. № 257(рас.)
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 249.
  4. ^ а б Вольга Князева. Мядзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 331.
  5. ^ а б в г д Вольга Князева. Мядзел // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 245.
  6. ^ Указ Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 1959 году
  7. ^ Miadzioł // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 283.
  8. ^ Вольга Князева. Мядзел // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 246.
  9. ^ Перепись населения — 2009. Минская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  10. ^ Мядель // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
  11. ^ o. Jan Fibek OFMCap
  12. ^ Здымак царквы

Літаратура

  • Памяць: Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Мядзельскага раёну. Менск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1998. ISBN 985-11-0107-9
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы / Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Археаграфічная камісія; пад рэд. Яўгена Анішчанкі. — Мінск: Пейто, 2002.
  • Miadzioł // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 283.
  • Boniecki A.  Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. — Warszawa, 1883.
  • Wolff Józef. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895 (reprint Warszawa, 1994).
  • Дзяржархіў Мінскай вобласці. — Мядзельская акупацыйная раённая ўправа, ф. 4220, 30 адз. зах., 1941—1944.
  • Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Мядзельскі падпольны райкам, ф.3732, 2 адз. зах., 1943—1944; Мядзельскі падпольны райкам ЛКСМБ, ф.3762, 6 адз. зах., 1943—1944.
  • Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Мядзельскае староства, ф. 1928, воп. 1, спр. 1, арк. 168—170.
  • Литовская Метрика (1528—1547). 6-я книга судных дел. Вильнюс, 1997. — док. №405.
  • Литовская Метрика (1553—1567). Книга публичных дел 7. — Вильнюс, 1996. — С.70.
  • Литовская Метрика. Отделы первый-второй. — Ч.3.: Книги Публичных Дел. — Т.1. — Юрьев, 1914. — С.759-764, 768, 883.
  • Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej = Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis. — T. 1. (1387—1507). Wydali Jan Fijałek i Władysław Semkowicz. — Kraków, 1948.
  • Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej.- Warszawa, 1923.
  • Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. — Мн., 2014. — С.283.
  • Гіль М., Драўніцкі Я. Былыя паркі і сядзібы Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: «Сумежжа», 2008. — С.38-40.
  • Высоцкі А. Мястэчкі пры Польшчы//Нарачанская зара.- №186-188.- 27 лістапада 2004 г.
  • Высоцкі А. Замак на возеры Мястра//Нарачанская зара.- №20-22.- 12 лютага 2005 г.
  • Клямяціч А. З гісторыі Мядзела//Нарачанская зара.- №186-188.- 27 лістапада 2004 г.
  • Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
  • Праўрацкі В. Набліжалі дзень вызвалення// Нарачанская зара. — №52. — 8 ліпеня 2000
  • Праўрацкі В. Мядзельскі жаночы кляштар// Нарачанская зара. — №38-40. — 13 сакавіка 2004 г.
  • Праўрацкі В. Напярэдадні вайны// Нарачанская зара. — №90-92. — 12 чэрвеня 2004 г.
  • Праўрацкі В. Паўночная вайна і Мядзельшчына// Нарачанская зара. — №89-91. — 10 чэрвеня 2006 г.
  • Праўрацкі В. Паны і магнаты азёрнага краю// Нарачанская зара. —№20-22. - 12 лютага 2005 г.
  • Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. — Мн., 1978.
  • Чарняўскі М. Як пошуг маланкі: Расціслаў Лапіцкі. — Мн, 2006. — 71с
  • Энцыклапедыя Вялікага княства Літоўскага. — Т.2. — Мн, 2006. -С.582.
  • Адамушко В. И., Иванова Н. В. «Помилуйте…» Документы по репрессиям 1939—1941 гг. в Вилейской области. — Молодечно, 1992.
  • Люди Нарочанского края. Воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны. — Мн., 1975.
  • Голубович Е., Голубович В. Славянские поселения правобережной Десны в Вилейском округе БССР// Краткие сообщения Института истории материальной культуры АН СССР. — М., Л, 1945. — Вып. 11.
  • Ткачев М. А. Работы экспедиции Гродненского университета// Археологические открытия 1981. — М., 1983.
  • Czesław Sawicz. Wileńszczyzna. Kresy Rzeczpospolitej. - Halinów, 2006. - 446 s.

Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Мядзелсховішча мультымэдыйных матэрыялаў