Маладэчна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маладэчна
лац. Maładečna
Цэнтральны пляц
Цэнтральны пляц
Герб Маладэчна Сьцяг Маладэчна
Першыя згадкі: 16 сьнежня 1388
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Маладэчанскі
Плошча: 30 км²
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 95 011 чал.[1]
шчыльнасьць: 3167,03 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1773
Паштовыя індэксы: 222301, 222303, 222304, 222306, 222307, 222310
СААТА: 6238501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°18′49″ пн. ш. 26°51′6″ у. д. / 54.31361° пн. ш. 26.85167° у. д. / 54.31361; 26.85167Каардынаты: 54°18′49″ пн. ш. 26°51′6″ у. д. / 54.31361° пн. ш. 26.85167° у. д. / 54.31361; 26.85167
Маладэчна на мапе Беларусі ±
Маладэчна
Маладэчна
Маладэчна
Маладэчна
Маладэчна
Маладэчна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.molodechno.gov.by/

Маладэ́чна — места ў Беларусі, на рацэ Вушы. Адміністрацыйны цэнтар Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 95 011 чалавек[1]. Знаходзіцца за 73 км на паўночны захад ад Менску; вузел чыгунак на Менск, Полацак, Вільню, Ліду і аўтамабільных дарог на Менск, Вільню, Нарач.

Маладэчна — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Сьвятога Казімера, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім Маладэчна, відаць, паходзіць ад назвы рэчкі Маладачанкі, якая зьнікла ў выніку мэліярацыйных працаў. Таксама існуе меркаваньне, што назва места ўтварылася ад словаў маладзец (у значэньні — 'дзяцюк, ваяр у княскай дружыне'[3]), малады, малодшы або ад спалучэньня двух даўніх словаў мала і надэчыць, што азначае 'малазьмяшчальнае месца'[4].

Ад пачатку XX ст. у беларускай літаратурнай мове ўсталявалася форма Маладэчна ў адпаведнасьці з гаворкай мясцовых жыхароў[5]. У той жа час назва Маладзечна ёсьць прыкладам уплыву польскае мовы, адкуль перайшла спачатку ў расейскую, а потым і ў афіцыйны правапіс беларускае мовы[6].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Маладэчна

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Маладэчна зьмяшчаецца ў прысяжным лісьце князя ноўгарад-северскага Дзьмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу і датуецца 16 сьнежня 1388 году[7]. У 1413 годзе паселішча ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва.

У XV стагодзьдзі ля сутокаў Маладачанкі і Вушы збудавалі драўляны замак, які неднаразова цярпеў ад пажараў (1519 год — двойчы, а таксама ў 1533 годзе) і быў зруйнаваны ў XVIII ст.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Маладэчна ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 1567 годзе тут праходзілі папярэднія перамовы прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага датычна ўмоваў Люблінскай уніі[7]. У канцы ХVI стагодзьдзя Маладэчна ўваходзіла ў шэрагі 20 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі[7]. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Заслаўскіх, Мсьціслаўскіх, Сангушкаў, Агінскіх і іншых.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Маладэчна пэўны час займалі швэдзкія войскі. У 1757 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку прывілей на таргі. У 1758 годзе ўладальнік паселішча Міхал Казімер Агінскі збудаваў тут касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, пры якім з 1762 году дзеяў кляштар трынітарыяў (ліквідаваны расейскімі ўладамі ў 1831 годзе)[8].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітае (1793 год) Маладэчна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1847 году Віленскай губэрні. У вайну 1812 году 4 сьнежня каля мястэчка расейскія войскі разьбілі ар’ергард францускай арміі маршала Віктора.

14 красавіка 1831 году за часамі вызвольнага паўстаньня аддзел Міхала Ходзькі пры падтрымцы местачкоўцаў вызваліў Маладэчна з-пад расейскага панаваньня. Аднак ужо 22 красавіка 1831 году царскія карнікі занялі паселішча, пачалі дзеяць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. У 1864 годзе з мэтаю маскалізацыі краю ўлады адкрылі настаўніцкую сэмінарыю, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове пад наглядам Маскоўскага патрыярхату. У 1873 годзе будаваньне Лібаўска-Роменскай чыгункі спрыяла пераўтварэньню невялікага мястэчка ў чыгуначны вузел.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Маладэчна занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Маладэчна 1988—1999
Герб Маладэчна 1988—1999 гг.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Маладэчна абвяшчалася часткай Беларускае Народнае Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў, жыхары Маладэчанскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, а ў самім мястэчку дзеяў рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Маладэчна ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году яно апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала самастойнай гмінай у Вялейскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1925 годзе Маладэчна атрымала статус асобнага павету, а ў 1929 годзе — зноў статус места. У 1922—1939 гадах на тэрыторыі фальварку Гелянова (з 1929 году ў складзе места) разьмяшчаўся[10] гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.

У 1939 годзе Маладэчна ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (у 1944—1960 гадах цэнтар асобнай вобласьці). На 1940 год тут адкрылася пэдагагічная вучэльня, працавалі 2 клюбы, бібліятэка, лякарня, 2 аптэкі. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1946—1947 гадох у Маладэчне дзеяла суполка Саюзу беларускіх патрыётаў, сярод мэтаў якога была абарона нацыянальных і грамадзянскіх правоў, захаваньне і разьвіцьцё беларускай культуры і мовы, і ўрэшце — пабудова сувэрэннай, незалежнай Беларусі[11]. У 1949—1951 гадох тут дзеяла грамада Саюз супольнай справы, мэтай якой было змаганьне з бальшавікамі.

25 красавіка 1993 году за часамі дэмакратычных мескіх уладаў на чале з Генадзем Карпенкам на галоўным пляцы Маладэчна ў прысутнасьці некалькіх тысячаў месьцічаў адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі (у наш час пры падрыхтоўцы да «Дажынак» помнік перанесьлі ў мескі парк). 18 сакавіка 1997 году ў месьце адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касьцёла Сьвятога Язэпа[12].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфічнае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разьмяшчаецца на паўночным захадзе Менскай вобласьці, уваходзіць у склад Маладэчанскага раёну і знаходзіцца паблізу межаў Валожынскага, Вялейскага, Менскага і Смаргонскага раёнаў. 75% тэрыторыі знаходзіцца на Менскім ўзвышшы, рэльеф пагорысты.

Займае выгаднае геаграфічнае становішча паміж дзьвюма сталіцамі — Менскам і Вільняй. Праз Маладэчна працякае рака Вуша, басэйн ракі Вяльлі.

Адлегласьць ад Маладэчна да розных местаў (аўтамабільнымі шляхамі)[13]
Вільня ~ 145 км
Осьлё ~ 2206 км
Гданьск ~ 710 км
Талін ~ 706 км
Хэльсынкі ~ 793 км
Рыга ~ 401 км
Полацак ~ 222 км
Санкт-Пецярбург ~ 783 км
Мурманск ~ 2101 км
Горадня ~ 266 км
Варшава ~ 609 км
Бэрлін ~ 1176 км
Ружа вятроў
Ружа вятроў
Магілёў ~ 285 км
Смаленск ~ 387 км
Казань ~ 1600 км
Берасьце ~ 421 км
Кракаў ~ 838 км
Барсэлёна ~ 3008 км
Львоў ~ 683 км
Адэса ~ 1082 км
Стамбул ~ 1905 км
Менск ~ 77 км
Ерэван ~ 2650 км
Доха ~ 5221 км

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

 Кліматычныя зьвесткі для Маладэчна 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн
Сярэдняя t, °C −5,5 −4 0,5 6,5 12 15 16 16 10,5 5,5 0,5 −3
Норма ападкаў, мм 50 40 55 50 65 95 100 70 75 60 60 65
Крыніца: Клімат Маладэчна (рас.) Метеоновости Праверана 14 чэрвеня 2014 г.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • ХVI стагодзьдзе: каля 1600 году — 3 тыс. чал.[7]
  • ХIХ стагодзьдзе: 1850 год — 1330 чал.; 1885 год — 1332 чал. (629 муж. і 703 жан.)[14]; 1897 год — 2393 чал.[15].
  • ХХ стагодзьдзе: 1921 год — 1997 чал.; 1939 год — 6,6 тыс. чал.[16]; 1959 год — 26,3 тыс.чал.[16]; 1970 год — 50 тыс. чал.[16]; 1972 год — 56,1 тыс. чал.[17]; 1973 год — 58 тыс. чал.[16]; 1991 год — 93,5 тыс. чал.; 1997 год — 98,2 тыс. чал.[18]; 1998 год — 98 тыс. чал.[19]
  • ХХI стагодзьдзе: 2004 год — 98 384 чал.; 2006 год — 98 514 чал.; 1 студзеня 2007 году — 104 021 чал.; 1 кастрычніка 2007 году — 101,3 тыс. чал.; 2008 год — 98 415 чал.; 1 студзеня 2009 году — 97,6 тыс. чал.; 2009 год — 94 282 чал.[20] (перапіс); 2015 год — 94 686 чал.[21]; 2016 год — 94 922 чал.[22]; 2017 год — 95 233 чал.[23]; 2018 год — 95 011 чал.[1]; 2020 год — 91 719 чал.; 2023 год — 89 268 чал.[24]

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Маладэчне дзеюць цэрквы Покрыва Багародзіцы, Прачыстай Багародзіцы або Сьвята-Ўсьпенская, Раства Хрыстова, Усіх Сьвятых (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату) і Хрыста Чалавекалюбцы (Беларуская грэцка-каталіцкая царква), касьцёлы Сьвятога Язэпа парфіі Сьвятога Язэпа й Касьцёл Сьвятога Айца Піо парафіі Сьвятога Казімера[25].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўны політэхнічны каледж

У Маладэчне працуюць 15 школаў, зь іх адна беларускамоўная (Маладэчанская беларуская гімназія на базе сярэдняй школы № 10, але яе беларускамоўныя клясы згортваюцца з кожным годам), мастацкая школа; 6 навучальных установаў тыпу вучэльні, у іх ліку мэдычная і музычная; політэхнічны каледж, гандлёва-эканамічны каледж, 4 публічныя бібліятэкі.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац культуры

Маладэчна лічыцца рэп ці гіп-гоп местам, тут таксама існуюць і альтэрнатыўныя гурты (Usplёsk, Буркіна Фасо, ХЗКН, Stickoxydal, Botanic Project ды іншыя). Раз на два гады, з 1993 году, у Маладэчне праходзіць фэстываль беларускай песьні і паэзіі «Маладзечна». Значнае месца ў культурным жыцьці места займае абласны драматычны тэатар, а таксама абласны тэатар лялек «Батлейка».

Выпускаецца гістарычна-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі альманах «Куфэрак Віленшчыны».

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друк:

Мясцовыя тэлебачаньне і радыё:

Грамадзкія аб’яднаньні, палітычныя партыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўніцтва партыі БНФ, аддзяленьне праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт, скаўцкая дружына «Маладэчына» (кіраўнік Валеры Трацяк).

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сетка вуліцаў прастакутная. Чыгункі падзяляюць места на чатыры плянавальныя раёны: заходні (раён канцэнтрацыі большасьці прамысловых прадпрыемстваў); паўночны (зона індывідуальнай жылой забудовы); усходні (прамысловы раён; старая частка места з пляцам Старое Места, дзе захаваліся Пакроўская царква, сынагога і частка гістарычнай забудовы); паўднёвы (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадзкі цэнтар). На вуліцы Замкавай часткова захаваўся помнік архітэктуры XVIII ст. — кляштар трынітарыяў. Забудова цэнтральнай часткі места 2—9-павярховая.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маладэчна — адзінае места ў Беларусі, дзе ў наш час большасьць афіцыйных урбанонімаў зьяўляюцца альбо гістарычнымі, альбо маюць беспасярэдні зьвязак з тутэйшай гісторыяй і культурай. Выпраўленьне перайменаваных і нададзеных савецкімі ўладамі назваў, зьвязаных з палітыкай маскалізацыі Беларусі, адбылося за часамі дэмакратычных мескіх уладаў на чале з Генадзем Карпенкам.

Вернутыя гістарычныя назвы — нематэрыяльныя культурныя каштоўнасьці: вуліцы Віленская, Гарадоцкая, Замкавая, Лебедзеўская[26], Новы Сьвет.

Аб’екты, пераназваныя на падставе мясцовай тапанімікі: Вялікі Гасьцінец, пляц Старое Места, вуліцы Бухаўшчына, Вялікасельская, Заслаўская, Лібава-Роменская, Маладэчанская, Местачковая, Нагорная, Полацкая, Рымарская, Сьвятаянская, Сэмінарская, Ушацкая, Цівідаўская.

Аб’екты, пераназваныя ў гонар выдатных дзеячоў лякальнай і агульнабеларускай гісторыі: вуліцы Канстантына Астроскага, Канстанцыі Буйло, Ігната Буйніцкага, Уладзіслава Галубка, Язэпа Драздовіча, Міхася Забэйды-Суніцкага, Язэпа Лёсіка, Францішка Скарыны, Якуба Ясінскага.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі Гасьцінец — галоўная вуліца места

Маладэчна — чыгуначны вузел на Менск, Вільню, Ліду і Полацак. Места мае зручную транспартную сетку. Яна ўлучае:

  • аўтобусны парк (рух аўтобусаў ажыцьцяўляецца на 23 маршрутах);
  • службы таксі;
  • маршрутныя таксі (рух ажыцьцяўляецца на найбольш загружаных аўтобусных маршрутах).

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Брадвэй» — пешаходная частка вуліцы Прытыцкага, папулярнае сярод моладзі месца сустрэчаў

Маладэчна ўваходзіць у турыстычны маршрут «У краі Нарачанскім»[27].

Гатэль «Маладэчна» знаходзіцца побач з цэнтральнай плошчай, за 10 хвілінаў хады ад чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў. У месьце працуе краязнаўчы музэй.

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Арка Трыюмфальная (1929)
  • Капліца рымска-каталіцкая, пазьней Аляксандра Неўскага (1776)
  • Касьцёл Сьвятога Язэпа (1930-я)
  • Палац Агінскіх (XVІІI ст.)
  • Царква (XVI ст.)
  • Царква Сьвятых Космы і Даміяна (XVІІI ст.)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 127.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 240.
  4. ^ Краязнаўчы маршрут. Ільянскія далягляды-2, Ільянская сярэдняя школа імя А. Грымаця(недаступная спасылка)
  5. ^ Мухін В. Спрадвечныя назовы(недаступная спасылка) // Студэнцкая думка. № ?
  6. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя пра польска-беларускія моўныя ўзаемаўплывы ў XV—XІX ст., Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 10 студзеня 2008 г.
  7. ^ а б в г Каханоўскі Г. Маладзечна // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 263.
  8. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 215.
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ Садоўскі У. Гарнізон у Гелянове: горад у горадзе // Рэгіянальная газета. 2 кастрычніка 2010 г.
  11. ^ Ялугін Э. Што такое СБП? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 71.
  12. ^ 10-годдзе кансэкрацыі касцёла св. Юзафа ў Маладзечне, Catholic.by, 20 сакавіка 2007 г.
  13. ^ Адлегласьці ад Маладэчна да розных местаў транспартнымі шляхамі (укр.) Автоперевезення. DELLA. Праверана 3 жніўня 2014 г.
  14. ^ Krzywicki J. Mołodeczno // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 647.
  15. ^ История, Молодеченский районный исполнительный комитет
  16. ^ а б в г Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  17. ^ Каханоўскі Г. Маладзечна // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 53.
  18. ^ Каханоўскі Г. Маладзечна // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 52.
  19. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 554.
  20. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  24. ^ https://www.belstat.gov.by/upload/iblock/a5d/ldk4wixkq91lgnvvgplqizlt02u8d43a.pdf
  25. ^ Парафія св. Казіміра, касцёл св. Піо ў Маладзечне
  26. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
  27. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  28. ^ Каталіцкія святыні / А. Яроменка. Ч. 1. — Менск, 2003. С. 117.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]