Менскае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Менскае княства — удзельнае княства Полацкай зямлі, у басэйнах рэчак Сьвіслач, Друць, Бярэзіна. Існавала ў канцы XI[1] — пачатку XIV стагодзьдзяў. Сталіца — Менск.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гістарычных крыніцах Менскае княства ўпершыню згадваецца пад 1104 годам[1]. Першы князь менскі Глеб, сын Усяслава Полацкага, імкнуўся пашырыць межы дзяржавы за кошт суседніх зямель. У пачатку XII ст. у склад Менскага княства ўваходзілі Ворша і Копысь. Існуе меркаваньне, што менавіта Глеб збудаваў у гэтых местах умацаваньні[2]. Апроч таго, у залежнасьці ад Менску знаходзіўся Друцак.

Манэта НББ «Глеб Менскі»

Паміж сынамі Ўсяслава пачалася міжусобная барацьба, у якую ўмешваліся кіеўскія князі. У 1105[2] (паводле Іпацьеўскага летапісу — у 1104) на Менск напала аб’яднанае войска паўднёварускіх князёў, аднак паход ня меў посьпеху. У 1116 Глеб Усяславіч захапіў частку зямлі дрыгавічоў, спаліў іх горад Слуцак і ўзяў людзей у палон. Гэтыя дзеяньні выклікалі незадаволеньне князя кіеўскага Ўладзімера Манамаха. На Менскае і Друцкае княства рушыла шматлікага войска, хаўрусьнікамі Кіева выступілі князі пераяслаўскі і смаленскі. Па двухмесячнай аблозе Менску Глеб Усяславіч скіраваў паслоў да Манамаха, які згадзіўся на перамовы. Князь менскі выйшаў з гораду са сваімі дзецьмі і дружыньнікамі да Манамаха і паабяцаў ва ўсім яго слухацца. Князь кіеўскі зрабіў Глебу настаўленьні, як ён мае сябе паводзіць і пакінуў яму Менск. Аднак ужо ў 1117 князь менскі пачаў заваёўваць смаленскія і іншыя землі. Уладзімера паслаў на Менск войска на чале са сваім сынам Мсьціславам. Глеб трапіў у палон і памёр у Кіеве ў 1119. З гэтага часу і 1132 Менскае княства знаходзілася пад уладай Кіева.

У 1146 у Менску пачаў княжыць сын Глеба, Расьціслаў Глебавіч. Расьціславу і яго наступнікам давялося весьці барацьбу супраць князёў друцкіх і віцебскіх. Па тым, як у 1164 Валадар Глебавіч разьбіў з дапамогай літвы князя полацкага Рагвалода Барысавіча, ён ўмацаваў незалежнасьць Менскага княства ад Полацку. У 1249 войскі княства непадалёк ад Менску разам зь літвой здолелі разьбіць татара-мангольскіх захопнікаў.

Пад 1326[1] у складзе пасольства вялікага князя Гедыміна ў Ноўгарад згадваецца князь менскі Васіль. Гэта сьведчыць пра тое, што Менскае княства ўваходзіла ў палітычную сыстэту Вялікага Княства Літоўскага[1]. У далейшым у Менску сядзелі намесьнікі вялікіх князёў.

Князі менскія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Менскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 289.
  2. ^ а б Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 37.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]