Алімэнты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Алімэнты (лац. alimentum — «утрыманьне») — грашовая выплата на ўтрыманьне непрацаздольных і непаўналетніх родзічаў і сваякоў. Віды: 1) між мужам і жонкай; 2) між бацькамі і дзецьмі; 3) між айчымам, мачыхай і пасынкамі, падчарыцамі; 4) між братамі і сёстрамі; 5) між дзедам, бабай і ўнукамі. Абавязак паўналетніх працаздольных дзяцей утрымліваць аўдавелага непрацаздольнага бацьку (маці) грунтуецца на папярэднім утрыманьні бацькамі дзяцей у непаўналетнім узросьце[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле артыкула 29 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (КаШС) ад 9 ліпеня 1999 году, калі жонка «валодае неабходнымі для гэтага сродкамі», «непрацаздольны сужэнец, які мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе», мае «права патрабаваць выплаты алімэнтаў у судовым парадку». З такой самай агаворкай пра «неабходныя сродкі» ў мужа, такое права мае «таксама жонка ў пэрыяд цяжарнасьці і на працягу 3 гадоў пасьля нараджэньня дзіцяці». Паводле артыкула 32 КаШС Беларусі, «суд можа, прымаючы да ўвагі непрацягласьць (менш за 10 гадоў) тэрміну знаходжаньня сужэнцаў у шлюбе або нявартыя паводзіны» (здраду) сужэнкі (-ца) вызваліць сужэнца (-ку) ад абавязку па яе (яго) ўтрыманьні[2]. Паводле арт. 92 КаШС, з працаздольных бацькоў на непаўналетніх дзяцей спаганяўся штомесячны пражытковы мінімум(en), які разьлічваўся ў сярэднім на душу насельніцтва (1 лютага — 30 красавіка 2016 году: 1591,3 тыс. рублёў[3]; $74,8[4]). Калі дзяцей менш за трое, з працаздольных бацькоў на непаўналетніх дзяцей спаганялася: 3/4 пражытковага мінімума — на 2 дзяцей, палова пражытковага мінімума — на адно дзіця. Пагатоў штомесячнае ўтрыманьне дзяцей абмяжоўвалася паловай дахода бацькоў за месяц. Пры наяўнасьці менш за трох дзяцей выплата абмяжоўвалася: 33% дахода за месяц — на 2 дзяцей, 1/4 дахода за месяц — на адно дзіця[1].

На лістапад 2012 году ў Беларусі налічвалася звыш 400 тыс. (4,2% насельніцтва Беларусі) утрымальнікаў непаўналетніх дзяцей, якія выплочвалі алімэнты на больш як 23% з амаль 1,8 млн дзяцей Беларусі адпаведна. Кожны 6-ы выканаўчы дакумэнт у судах і на месцы працы даўжнікоў тычыўся спагнаньня алімэнтаў на непаўналетніх дзяцей. Частай падставай для вызваленьня ад спагнаньня зьяўляўся аналіз ДНК сьліны і крыві ў дзіцяці і мужа, які выяўляў наражэньне дзіцяці байструком (па-за шлюбам не ад мужа)[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Алімэнты // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 46. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
  2. ^ Глава 5. Правы і абавязкі сужэнцаў (артыкулы 20-33) // Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, 19 лістапада 2008 г. Праверана 3 сакавіка 2016 г.
  3. ^ Алена Прус. Бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі з лютага павышаецца да Br1 млн 591 тыс. 310 // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 студзеня 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2016 г.
  4. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 03.03.2016 (21 275 руб за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 3 сакавіка 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2016 г.
  5. ^ Сьвятлана Яскевіч. Алімэнты на апэрацыю // Зьвязда : газэта. — 3 лістапада 2012. — № 214 (27329). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]