Апалён (касьмічная праграма)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Удзельнік каманды Апалён-11 Баз Олдрын — другі чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Ліпень 1969.

Прагра́ма «Апалё́н» (па-ангельску: Apollo program) — трэцяя праграма пілятаваных касьмічных палётаў, ініцыяваная NASA. За часамі Эйзэнгаўэра, калі зьявіліся першыя ідэі што да праграмы, «Апалён» меркаваўся праграмай палётаў трохмясцовых караблёў, якая прыйшла б на замену аднамясцовым караблям праграмы «Мэркурый». Наступны ж прэзыдэнт, Джон Фіцджэралд Кенэдзі, у сваім звароце да Кангрэсу ЗША 25 траўня 1961 году вывеў запуск «Апалёну» для «пасадкі чалавека на Месяц і вяртаньня на Землю ў бясьпецы» да канца 1960-х гадоў у шэраг нацыянальных мэтаў. У 1962 годзе на замену «Мэркурыю» прыйшоў Праект «Джыміні», які працягнуўся да 1966 году. Першы пілятаваны палёт на «Апалёне» адбыўся ў 1968 годзе, а кульмінацыяй праекту сталася першая высадка чалавека на Месяц.

Мэта, пастаўленая Кенэдзі — ступіць на Месяц — была дасягнутая місіяй Апалён-11, у часе якой астранаўты Ніл Армстранг і Баз Олдрын на Месяцовым модулі 20 траўня 1969 году прызямліліся на Месяц (Майкл Колінз заставаўся на месяцовай арбіце ў камандным модулі; усе тры астранаўты пасьпяхова вярнуліся на Зямлю 24 ліпеня. Пасьля Апалёну-11 яшчэ ў ходзе 5 місіяў 10 чалавек пабывалі на Месяцы.

Праграма «Апалён» вялася з 1961 па 1972 год, на дапамогу якой у 1962—1966 гадох вялася адначасова праграма двухмясцовых караблёў «Джыміні». У ходзе запускаў «Джыміні» былі выпрацаваныя некаторыя тэхнікі й мэтады палётаў у космас, неабходныя для пасьпяховага выкананьня місіяў «Апалёну». У якасьці ракеты-носьбіта для праграмы было абранае сямейства ракетаў «Сатурн».

Нягледзячы на няўдачу на самым пачатку, пажар у кабіне пілётаў Апалёну-1 у час перадпалётных выпрабаваньняў, які ўнёс жыцьці ўсіх трох астранаўтаў, праграма выканала пастаўленыя задачы. У ходзе праграмы былі ажыцьцяўленыя 6 высадак людзей на Месяц. Сёмы візыт на Месяц у ходзе місіі Апалён-13 быў сарваны з-за выбуху рэзэрвуару з тленам на шляху да Месяца, які разладзіў рухавік каманднага модулю й сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня. Толькі дзякуючы рэсурсу Месяцовага модулю камандзе ўдалося выжыць і вярнуцца на Зямлю.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]