Вікіпэдыя:Прэс-рэлізы/10.000

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларуская Вікіпэдыя (клясычны правапіс) пераадолела мяжу ў 10 тысячаў артыкулаў

1 чэрвеня 2008 году Беларуская Вікіпэдыя (http://be-x-old.wikipedia.org), якая існуе з 2004 году, пераадолела мяжу ў 10 тысячаў артыкулаў. Гэтая падзея пераводзіць яе ў больш высокі ранг і ставіць на адну прыступку зь іншымі разьвітымі моўнымі разьдзеламі.

Праект «Вікіпэдыя» (http://www.wikipedia.org) існуе з 15 студзеня 2001 году як публічная ўнівэрсальная інтэрнэт-энцыкляпэдыя, у якой аўтарам артыкула можа выступіць кожны жадаючы. Заснавальнікамі праекту сталі два энтузіясты — Джымі Ўэйлз і Лары Сэнгер.

Першапачаткова кожны новы артыкул перад публікацыяй праходзіў складаную шматузроўневую працэдуру рэдагаваньня. Аднак павольны рост аб'ёму энцыкляпэдыі прымусіў стваральнікаў шукаць прасьцейшы мэтад публікацыі. У 2002 годзе за аснову была ўзятая тэхналёгія «вікі» (ад гавайскага wiki wiki — «вельмі хутка»). Тэхналёгія дазваляла адразу праз ўэб-інтэрфэйс публікаваць матэрыял, рабіць праўку існых матэрыялаў, імгненна ствараць спасылкі на іншыя артыкулы (прычым як існыя, так і плянаваныя).

Нягледзячы на сваю анархічнасьць, праект паказаў сваю здольнасьць дасягнуць пастаўленай Джымі і Лары мэты — стварыць поўную, аб'ектыўную і вольную ад абмежаваньняў на капіяваньне энцыкляпэдыю, якая даступна на розных мовах сьвету. Праект зьяўляецца некамэрцыйным і разьвіваецца на сродкі фундатараў, якія ў асноўным зьяўляюцца простымі ўдзельнікамі Вікіпэдыі. Арганізатар — амэрыканскі фонд Wikimedia Foundation Inc. (http://wikimediafoundation.org).

Аўтарскае права на матэрыялы «Вікіпэдыі» рэгулюецца ліцэнзіяй GNU FDL, якая па духу адпавядае GPL-ліцэнзіі, якая выкарыстоўваецца для праграмнага забесьпячэньня з адкрытым кодам. Ліцэнзія дазваляе вольна зьмяняць і распаўсюджваць інфармацыю і нават прадаваць яе, аднак забараняе «закрываць» правы на створаную грамадзкасьцю інфармацыю пасьля занясеньня якіх-небудзь зьменаў і дадаткаў (copyleft). Пры гэтым стваральнікі «Вікіпэдыі» настойліва заклікаюць не разьмяшчаць у ёй матэрыялаў, абароненых аўтарскім правам, бяз згоды праваўладальнікаў.

Самым вялікім з моўных разьдзелаў Вікіпэдыі зьяўляецца ангельская вэрсія (http://en.wikipedia.org). Яна ўтрымлівае каля 2,4 мiльёну артыкулаў (для параўнаньня — знакамітая «Брытанская энцыкляпэдыя» ў 15-м выданьні налічвае 120 тысячаў артыкулаў, трэцяя рэдакцыя «Вялікай савецкай энцыкляпэдыі» — каля 100 тысячаў). Другая па велічыні «Вікіпэдыя» — на нямецкай мове — больш 750 тысячаў артыкулаў. Усяго існуе больш за 250 моўных вэрсіяў «Вікіпэдыі», аднак толькі 78 зь іх пераадолелі мяжу ў 10 тысячаў артыкулаў.