Галарктыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гала́рктыка, альбо галаркты́чная во́бласьць (ад па-старажытнагрэцку: ὅλος — увесь, цэлы і ἄρκτος — поўнач) — біягеаграфічны рэгіён, які вылучаецца ў флярыстычным і фаўністычным раянаваньнях. Ахоплівае большую частку Паўночнага паўшар’я і зьяўляецца найбуйнейшым з усіх біягеаграфічных рэгіёнаў. Паўднёвая мяжа Галарктыкі праходзіць па поўначы Мэксыкі, уключае выспы Каба-Вэрдэ, праходзіць далей па паўночным боку Сахары, Арабійскаму паўвостраву, Гімалаям, поўдні Кітая, уключае Тайвань і Японію.

У флярыстычным раянаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Флярыстычныя царствы

У флярыстычным раянаваньні Галарктыка мае статут царства, якое дзеліцца на некалькі падцарстваў. Існуюць розныя вэрсіі яго дзяленьня.

Характэрнымі прадстаўнікамі расьліннага сьвету Галарктыкі зьяўляюцца роды сямействаў Хваёвыя (Pinaceae), Бярозавыя (Betulaceae), Букавыя (Fagaceae), Вярбовыя (Salicaceae), а таксама Казяльцовыя (Ranunculaceae) і Ружовыя (Rosaceae). Пераважна ў Галарктыцы сустракаюцца Капусныя (Brassicaceae), Гвазьдзіковыя (Caryophyllaceae), Сітнікавыя (Juncaceae) і Асаковыя (Cyperaceae).

Зьледзяненьні плейстацэну прывялі да зьбядненьня флёры Эўропы. Вялікая частка флёры, якая сустракалася тут у пліяцэне, вымерла. Некаторыя сямействы, такія як Магноліевыя (Magnoliaceae), Гамамелісавыя (Hamamelidaceae) і Стыраксавыя (Styracaceae) засталіся толькі ў Паўночнай Амэрыцы і ў Азіі.

У фаўністычным раянаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У фаўністычным раянаваньні Галарктыка падзяляецца на два рэгіёны: Неарктыку і Палеарктыку. Выразнай мяжы на поўдні не існуе, але маецца пераходная зона да іншых біягеаграфічных рэгіёнаў. На амэрыканскім кантынэнце да яе адносіцца Цэнтральная Амэрыка, на афрыканскім — Сахара. У заходняй Азіі пераходнай зонай зьяўляецца Арабійскі паўвостраў, ня лічачы яго паўднёвай часткі.

Характэрнымі сысунамі Галарктыкі зьяўляюцца ласі (Alcinae), алені (Cervinae), рысі (Lynx), козы (Caprinae), бабровыя (Castoridae), краты (Talpidae), землярыйкавыя (Soricidae), тушканчыкавыя (Zapodinae) і палёўкавыя (Arvicolinae). Тыповымі сямействамі птушак зьяўляюцца цецеруковыя (Tetraoninae), чысьцікавыя (Alcidae) і амялушкі (Bombycillidae). Сярод казурак у Галарктыцы сустракаюцца сямействы матылёў тоўстагалоўкі, блакітніцы, соўкі, хахлаткі, німфаліды, бялянкі, аксамітніцы і бражнікі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]