Гарлачык белы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гарлачык белы
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелКветкавыя
КлясаДвухдольныя
АтрадГарлачыкакветныя
СямействаГарлачыкавыя
РодГарлачык
ВідГарлачык белы
Бінамінальная намэнклятура
Nymphaea alba

Гарлачык белы, вадзяніца[1] (Nymphaea alba) — водная расьліна сямейства гарлачыкавых.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шматгадовая водная бессьцябловая травяністая расьліна з тоўстым і доўгім гарызантальным карэнішчам са шматлікімі карэньчыкамі і ромбападобнымі меткамі ў месцах прымацаваньня чаранкоў адмерлага лісьця. Лісьце буйное (да 40 см дыямэтрам), плывучае, акругла-авальнае з сэрцападобнай асновай і доўгімі чаранкамі, зьверху цёмна-зялёнае, зьнізу чырванавата-фіялетавае. Кветкі буйныя (да 20 см дыямэтрам), адзіночныя, белыя, з завостранымі лісьцікамі калякветніка і серна-жоўтым плоскім рыльцам, слабадухмяныя. Аснова чашачкі закругленая (завязь да верхавінкі не звужана, уся ў тычынках). Плод — шара- або ягадападобная шматлістоўка.

Асаблівасьці біялёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цьвіце ў чэрвені-верасьні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэньне насеннае і вэгетатыўнае (карэнішчамі). Плод высьпявае пад вадой.

Пашырэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пашыраны ў Эўропе, Міжземнамор’і, Малой Азіі. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лякалітэтах і выспавых участках росту паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала, часьцей сустракаецца ў даліне Прыпяці і нізоўях яе прытокаў, у старыцах Сажа, Нарава і басэйна Нёмана; у больш паўночных раёнах трапляецца на буйных азёрах — Нарач, Чарнова ў Гарадоцкім раёне і ў інш.

Месцы росту: стаячыя і з павольнай плыньню воды старыц, заток і поймавых азёраў з глеістым грунтам на глыбіні 50-250 см. Утварае значныя, дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зарасьнікі.

Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі, як дэкаратыўная расьліна.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Академія Навук Беларускай ССР, Iнстытут мовазнау̌ства iмя Якуба Коласа Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978. — С. 18.