Гусьлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Лірападобныя гусьлі Наўгародзкага тыпу

Гусьлі (кантэле, канклес, коклес, канэль) — шматструнны народны музычны інструмэнт, шырока ўжываны па ўсім балцкім рэгіёне: скандынаўскія краіны, краіны Прыбалтыкі, паўночна-заходняя Расея, паўночная Польшча і г. д. з 11 стагодзьдзя па сярэдзіну 20 стагодзьдзя. На гусьлях калісьці даўно гралі таксама і продкі сучасных беларусаў, збольшага на поўначы, у рэгіёнах, якія прымыкаюць да Латгаліі.[1]

Паходжаньне гусьляў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ёсьць тры асноўныя вэрсіі паходжаньня гусьляў:

  • гусьлі былі мадэрнізацыяй музычнага луку;
  • гусьлі пайшлі ад лір (лер), кшталту грэцкіх;
  • гусьлі ўскосна пайшлі ад старажытна-кітайскага інструмэнту гуцынь.

Першыя простыя зьвесткі пра гусьлі (ня ўзгадкі назвы, а зьвесткі дакладна пра гусьлі, якія мы разглядаем) датуюцца 11 стагодзьдзем. Гэта найранейшая археалягічная знаходка — гусьлі «Славіша» (Ноўгарад).

Аднак, як музычны інструмэнт, гусьлі былі распаўсюджаны на тэрыторыях Беларусі, Расеі, Украіны, Летувы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Фінляндыі і некаторых іншых эўрапейскіх краінаў.

Гусьлі на Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Словам «гусьлі» ў мінулыя часы ў рознай мясцовасьці называліся розныя інструмэнты, але цяпер у беларускай мове гэтая назва замацавалася за шматструнным шчыпковым інструмэнтам.

На Беларусі першыя ўскосныя зьвесткі пра гусьлі датуюцца 12 стагодзьдзем (працы Кірылы Тураўскага).

Пры дасьледаваньні беларускай этнаграфіі напрыканцы 19 стагодзьдзя этнографы крануліся толькі прывіда традыцыі, які зьнік у стагодзьдзях. Тым ня менш, у Расейскім этнаграфічным музэі Пецярбургу існуе як мінімум два інструмэнты, што пазначаныя як беларускія і беларуска-латыскія гусьлі (апошнія інструмэнты пачатку 20 ст. зь Віцебскай губэрні) з калекцыяў беларускага фальклярыста Еўдакіма Раманава і пецярбургскага навукоўца Мікалая Прывалава (у беларускіх музэях падобных экспанатаў па-просту няма).[1]

Гусьлярская традыцыя праіснавала ў Беларусі да пачатку 20 стагодзьдзя.

Агульная канструкцыя гусьляў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канструкцыйная прыкмета[2]:

  • веер струнаў
  • струнатрымальнік
  • калковы шэраг
  • рэзанатар, разьмешчаны пад струнамі на ўсю даўжыню струны.

У канструкцыі кожнага асобнага экзэмпляру магчымыя асаблівасьці, выключэньні, але пералічаныя чатыры часткі звычайна прысутнічаюць.

Прынцыповыя адрозьненьні лірападобных гусьляў ад смычковых лірападобных інструмэнтаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Форма струнатрымальніка: ашэстак струнатрымальніка замацаваны ў вуціцах. Гэта пераходная форма паміж архаічнай, якая сустракаецца на лірападобных смычковых і шчыпковых (ашэстак струнатрымальніка трымаецца на скураных рамянях, замацаваных на корпусе), і больш позьняй формай струнатрымальніка, унікальнай гусельнай, якая не сустракаецца на іншых музычных інструмэнтах (драўляны клямар з ашэсткам струнатрымальніка).

Калковы шэраг: разьмешчаны пад пэўным скосам (кутом) да струнатрымальніка, паступова кароцячы струны ад басоў да вярхоў (у адрозьненьне ад лірападобных інструмэнтаў, дзе даўжыня ўсіх струнаў адносна роўная). Калковы шэраг не ва ўсіх інструмэнтах разьмешчаны па прамой лініі, часта выгнуты дугой. Вельмі дужа нагадвае калковы шэраг шлемападобных гусьляў (ужо распаўсюджаных у 11—13 стст.).

Веер струнаў: тыповы гусельны, то бок струны ідуць не паралельна, а адлегласьць паміж струнамі бліжэй да калкоў павялічваецца.

Корпус і рэзанатар: корпус дзяўбаны, зачынены з боку струнаў рэзанатарнай дошкай, але рэзанатар не даходзіць да калковага шэрагу. Між корпусам і калковым шэрагам знаходзіцца вобласьць гульнёвага вакна. Яна дасягае ў некаторых асобніках 1/3 даўжыні струны. Гэтая канструкцыйная асаблівасьць уласьцівая лірам, але ня гусьлям. Аднак, у адрозьненьне ад многіх лірападобных інструмэнтаў, вірбельбанк (пляцоўка для ўкручваньня калкоў) і апоры вірбельбанка (бакі гульнёвага вакна) зьяўляюцца часткай корпуса (зробленыя з корпусам з аднога кавалка дрэва).

Тыпы гусьляў і іх апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11-струнныя крылападобныя гусьлі (майстар Алесь Чумакоў)
Лірападобныя гусьлі (майстар Алесь Чумакоў)
9-ці струнныя кантэле (майстар Алесь Чумакоў)
13-ці струнныя кантэле (майстар Алесь Чумакоў)
  • 5-струнныя кантэле

Гэты тып гусьляў вядомы ва ўсіх прыбалтыйскіх краінах і Фінляндыі, як адна з самых раньніх формаў дзяўбаных гусьляў. Верагодна, што такія гусьлі існавалі на Беларусі, але зьвестак пра гэта ня знойдзена. Першыя археалягічныя знаходкі гусьляў такога тыпу датуюцца 16 стагодзьдзем (Фінляндыя). Але з упэўненасьцю казаць, што гусьлі такога тыпу маладзей за крылападобныя або шлемападобныя — нельга.

На такіх гусьлях магло быць ад 5-і да 9-і струнаў. Калі больш за 9 струнаў — атрымліваем прынцыпова іншы гук, іншую традыцыю музыцыяваньня й іншую тэхналёгію вырабу, хай зьнешняе падабенства з інструмэнтам застаецца. Матэрыял корпуса — бяроза, матэрыял дэкі (галасной дошкі) — елка.

  • 6-струнныя кантэле
  • 13-струнныя кантэле
  • 8-струнныя кантэле

Інструмэнт зроблены з улікам асаблівасьцяў формы, тэмбру і манеры граньня на гусьлях-кантэле, якія сустракаліся ў Віцебскай вобласьці па 19 - пач. 20 стагодзьдзя. Ніжняя мяжа гэтага пэрыяду невядомая, хаця спасылаючыся на меркаваньне Н. І. Прывалава, гэтую мяжу тэарэтычна можна паставіць ледзь не на пэрыяд перасяленьня славянаў (67 стст.). Не даказана, што кантэле былі распаўсюджаныя на тэрыторыі Беларусі, але перанясеньне асаблівасьцяў крылападобных гусьляў на кантэле можна лічыць добрым экспэрымэнтам. Цалкам жыцьцяздольным. У дачыненьні да гэных гусьляў можна ўжыць эпітэт «звончатыя», таму што гусьлі настроеныя высока (c#2 - d3) і напруга мэталічных струнаў гэтых гусьляў параўнальна вялікая. Строй: c#2, e2, f#2, g#2, a2, h2, c#3, d3.

  • 7-струнныя лірападобныя гусьлі (гусьлі з гульнёвым вакном)

Ёсьць падставы лічыць, што гусьлі такога тыпу былі вядомымі на «шляху з варагаў у грэкі» на працягу 9—14 стагодзьдзяў. Пакуль прамыя зьвесткі аб іх існаваньні знойдзены толькі ў Ноўгарадзе (Расея), Гданьску і Аполі (Польшча). Мяркуецца, што гэты інструмэнт ня мог абмінуць такія культурныя цэнтры, як Кіеў і Полацак. Гэты сьпіс мястэчак можна пашыраць далей. Калі ёсьць зьвесткі пра існаваньне гусьляў на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў 12 ст. (Н. Прывалаў), то верагодна, што гэта маглі быць гусьлі ці шлемападобныя, ці лірападобныя (з гульнёвым вакном).

  • 9-струнныя лірападобныя гусьлі (гусьлі з гульнёвым вакном)
  • 10-струнныя крылападобныя гусьлі

Такія гусьлі вядомыя з 14 стагодзьдзя (Наўгародскія раскопкі) па сёньняшні дзень захаваліся ў народнай традыцыі ў Латгаліі (Латвія), і Расеі (Наўгародская й Пскоўская вобласці). Былі распаўсюджаныя ў Беларусі (Віцебская вобласць), але ў першай полове 20 стагодзьдзя традыцыя прыпынілася.

  • 7-струнныя крылападобныя гусьлі
  • 3-струнны гудок

Смычковы музычны інструмэнт, 13—14 стагодзьдзя, Пскоў, Ноўгарад. Лічыцца што гэты раньнеславянскі музычны інструмэнт агульны для ўсіх усходніх славянаў. Першыя ўспаміны: 5—6 стагодзьдзе. Адна мэлядычная струна, дзьве бурдонныя.

Выраб гусьляў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раней гусьлі стваралі з розных парод дрэваў: ясеня, ліпы або дуба. Аднак для вырабу музычнага інструмэнта высокай якасьці лепш падыходзіць елка. Тэхналёгія вырабу звычайная.[3]

Са словаў Алеся Чумакова: «Дрэва павінна высахнуць добра, дошка магла проста на вуліцы ляжаць»[3].

Манера граньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віктар Міхайлавіч Васьняцоў. «Гусьляры», 1899 г.

Зь цягам часу выпрацавалася гусельная манера граньня — гусьлі на каленах, прытулены да жывата, а не на каленах пакладзеныя, як паказана на малюнку «Гусьляры» Віктара Міхайлавіча Васьняцова.

Існуе 2 манеры граньня на крылападобных гусьлях:[2]

  • левая рука глушыць струны, яе пальцы прасунуты між струнамі і нават кранаюцца корпуса гусьляў, правая рука бразгае па струнах (моцная доля граецца зьверху наніз, ад вярхоў)
  • левая рука глушыць струны, яе пальцы пастаўлены на струны, прычым у кожным акордзе кожны палец левай рукі можа вышчыпнуць сваю струну, правая рука вышчыпвае або бразгае па струнах (моцная доля граецца зьнізу ўгору, ад басоў)

Таксама існуе 2 манеры граньня на лірападобных гусьлях:[2]

  • гусьлі трымаюць вэртыкальна, правая рука вышчыпвае або бразгае, левая рука праз вакно глушыць струны, якія не ўваходзяць у акорд і зашчыпвае гэтыя ж струны па неабходнасьці
  • гусьлі ставяць на калены тыльным бокам да жывата, правая рука вышчыпвае або бразгае, левая рука зьверху глушыць струны не ўваходныя ў акорд і зашчыпвае гэтыя ж струны па неабходнасьці, вакно не выкарыстоўваецца (на манер граньня на крылападобных гусьлях)

Існуе разнавіднасьць тэхнікі, калі мезеным пальцам левай рукі дадаткова вядуць рытмічную бурдонную партыю на басовай струне.

Адраджэньне й сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1998 — год адраджэньня гусьлярства ў Беларусі. Пачатак аднаўленьня традыцыі напрыканцы 20 стагодзьдзя паклаў майстра з-пад Маладэчна Максім Такушэвіч. Потым традыцыя працягваецца й замацоўваецца Зьмітром Сасноўскім (лідэр музычнага гурта «Стары Ольса»).

Зьміцер прыехаў да латыскага майстра, вядомага вытворцы інструмэнтаў Донатса Вуцінса ў Латвію на стажыроўку. Як сапраўдны майстар, Донатс сьпярша дапускаў беларускага стажора адно працаваць у гародчыку й глядзець гаспадарку, і толькі празь некаторы час Зьміцер быў дапушчаны да сьвятае сьвятых — музычнай майстэрні. Гэтак на Беларусь трапіла страчаная тэхналёгія й была адноўленая музычная традыцыя.[1]

Зараз ідзе новы віток адраджэньня гусельнай традыцыі. На беларускіх гусьлях граюць, іх майструюць, вывучаюць гісторыю і аднаўляюць рэпэртуар.

З пачатку 21 стагодзьдзя гусельная традыцыя ўваходзіць у новы этап адраджэньня — намаганьнямі майстра-музыкі Алеся Чумакова адноўлены выраб гусьляў розных тыпаў.

Беларускія музычныя гурты, што выкарыстоўваюць гусьлі:

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гусьлісховішча мультымэдыйных матэрыялаў