Дзесяцідзённая вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Дзесяцідзённая вайна
Дата: 27 чэрвеня6 ліпеня 1991
Месца: Славенія
Прычына: абвяшчэньне Славеніяй незалежнасьці
Вынік: незалежнасьць Славеніі
Супернікі
Сьцяг Славеніі Славенія Сьцяг Югаславіі Югаславія
Камандуючыя
Мілян Кучан
Янэз Янша
Велька Каджыевіч
Колькасьць
16 000 жаўнераў
10 000 паліцыянтаў
35 200 жаўнераў
Страты
19 забітыя
182 параненыя
44 забітыя
146 параненыя
каля 5000 паланёныя

Дзесяцідзё́нная вайна́ (па-славенску: Desetdnevna vojna), часам называная Славенскай вызваленчай вайной (славен. Slovenska osamosvojitvena vojna) — узброены канфлікт паміж Славеніяй і Югаславіяй пасьля абвяшчэньня першай незалежнасьці. Цягнуўся ад 27 чэрвеня да 7 ліпеня 1991 року, стаўшыся такім чынам адной з найкарацейшых войнаў у гісторыі кантынэнту. Страты абодвух бакоў у суме не перавысілі 63 чалавек. Значна больш югаслаўскіх жаўнераў трапілі ў палон, чаму ў немалой ролі паспрыялі дзеяньні цывільнага насельніцтва Славеніі, якое ўсемагчымымі спосабамі абцяжарвала перамяшчэньні фэдэральных войскаў.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славенія была найбольш разьвітай у эканамічных адносінах рэспублікай у складзе СФРЮ і самай заходняй тэрыторыяй краіны. У этнічным пляне славенцы складалі 90% насельніцтва, сэрбы — 2,2%.

Першыя сыгналы пачаліся ўжо ў 1990 року, калі сьпярша ў Славеніі з афіцыйнае назвы было выдаленае слова «сацыялістычная», пасьля мясцовым органам былі перападпарадкаваныя вайсковыя часткі, якія знаходзіліся на ейнай тэрыторыі. 2 ліпеня мясцовая Скупшчына прыняла Дэклярацыю незалежнасьці. У кастрычніку мясцовы парлямэнт абвясьціў, што на тэрыторыі Славеніі ня маюць юрыдычнай моцы 27 саюзных законаў, і што адгэтуль ніводны закон ня мусіць быць прыняты без ухваленьня парлямэнтам.

На рэфэрэндуме 23 сьнежня 1990 року 95% славенцаў выказаліся за аддзяленьне ад Югаславіі, падтрымаўшы канцэпцыю канфэдэрацыі, пад якой разумелася правядзеньне супольнае абароннай і зьнешняй палітыкі, а таксама мытная унія.

Гэта сталася рухавіком дэмакратычных зьмяненьняў. 8 красавіка 1990 року ў Славеніі адбыліся першыя ў яе гісторыі парлямэнцкія выбары, на якіх перамагла кааліцыя правых і цэнтрысцкіх сілаў. Незалежніцкія настроі ўзмацняліся падобнай сытуацыяй у суседняй Харватыі.

У красавіку стала зразумела, што прапанова Славеніі па пераўтварэньні СФРЮ ў канфэдэрацыю ня будзе падтрыманая. 9 траўня славенскі парлямэнт абвясьціў, што згодна з вынікамі рэфэрэндуму незалежнасьць дзяржавы будзе абвешчаная не пазьней за 26 чэрвеня.

Падрыхтоўка да ваенных дзеяньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для ўлад у Бялградзе і кіраўніцтва Югаслаўскай народнай арміі (ЮНА) гэта было трывожным сыгналам, бо выхад Славеніі мог падштурхнуць да падобных крокаў і іншыя югаслаўскія рэспублікі.

Адразу ж пасьля славенскіх выбараў ЮНА абвясьціла пра ўвядзеньне ва ўсёй краіне новае абароннае дактрыны, паводле якое ўзброеныя тэрытарыяльныя сілы асобных рэспублік павінны былі быць замененыя цэнтралізаванай сыстэмай абароны. У адпаведнасьці з гэтай дактрынай распачалося раззбраеньне атрадаў Славенскай рэспубліканскай тэрытарыяльнай абароны. У пачатку траўня 1991 ЮНА, у склад кіраўніцтва якой у той час уваходзілі два сэрбы, восем харватаў, два славенцы, два македонцы і мусульманін, абвясьцілі павышаную гатоўнасьць баявых атрадаў у Славеніі, Харватыі і Босьніі.

Улады Славеніі ў адказ загадалі пачаць падрыхтоўку да сутычак зь югаслаўскімі сіламі. 28 верасьня 1990 была прынятая папраўка да славенскай канстытуцыі, якая ў выпадку выбуху вайны перадавала камандаваньне тэрытарыяльнымі ўзброенымі сіламі ў рукі ўраду Рэспублікі Славенія, узначальванага прэзыдэнтам Мілянам Кучанам. 18 сакавіка 1991 прэзыдыюм дадаткова сфармаваў штаб для каардынацыі спэцыяльных апэрацыяй, забясьпечваючы эфэктыўнае супрацоўніцтва між пастаянна ўзброенымі атрадамі паліцыі і Тэрытарыяльнай абаронай. На яго чале стаў міністар абароны Янэз Янша.

23 траўня 1991 адбылося сутыкненьне між жаўнерамі ЮНА і дабраахвотнікамі з Тэрытарыяльнай абароны на тэрыторыі навучальнага цэнтру ў Марыборы. Там зафіксаваная першая гібель — жаўнер Ёзэф Шымчык загінуў пад коламі бронетранспартэру. Інцыдэнт выклікаў напружанасьць у адносінах паміж Славеніяй і фэдэральным урадам у Бялградзе.

25 чэрвеня Нацыянальны сход абвясьціў дэклярацыю незалежнасьці Славеніі ад Югаславіі, што фактычна азначала яе выход са складу фэдэрацыі. Мясцовыя вайсковыя часткі атрымалі загад рыхтавацца да захопу казармаў Югаслаўскай народнай арміі, на славенскай-харвацкай мяжы быў уведзены памежны кантроль. У той самы дзень незалежнасьць абвясьціла Харватыя.

Рэагуючы на падзеі, старшыня ўраду СФРЮ Антэ Маркавіч даў загад кіраўніцтву ЮНА ўзяць пад кантроль сытуацыю ў Любляне. Харватыя паабяцала Маркавічу, што ня будзе перашкаджаць інтэрвэнцыі ў Славенію.

Хада вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа ваенных дзеяньняў

Югаславія абвясьціла славенскую і харвацкую дэклярацыі незалежнасьці незаконнымі. Уночы з 26 на 27 чэрвеня сілы ЮНА ўвайшлі ў краіну. Матарызаваная супрацьпаветраная батарэя ЮНА перайшла славенскую граніцу ў мясцовасьці Мэтлік, а танкавыя калёны рушылі ў бок аэрапорту Брнік, які знаходзіўся пад кантролем сэрбаў, і Любляны. Іхняй першай мэтай было блякаваньне славенска-італьянскага памежнага пераходу з мэтай ізаляцыі рэспублікі ад зьнешняга сьвету. Аднак апэрацыя правалілася, у асноўным дзякуючы супраціву цывільнага насельніцтва, якое выстаўляла на дарогах барыкады з аўтамабіляў, што зрабіла немагчымым пранікненьне фэдэральных сілаў углыб Славеніі.

Жаўнеры, разьмешчаныя ў Тржыне, былі атакаваныя Славенскай тэрытарыяльнай абаронай. Страціўшы сродкі сувязі, яны здаліся славенцам празь некалькі дзясяткаў хвілінаў бітвы. У мясцовасьці Верхпольле(sr) югаслаўскія жаўнеры сутыкнуліся з арганізаваным супрацівам.

Не чакаўшы якога-кольвек супраціву, югаслаўскія войскі апынуліся ў замяшальніцтве. Танкавыя падразьдзяленьні адарваліся ад пяхоты, што зрабіла немагчымым каардынацыю дзеяньняў зьмяшаных частак. Існавалі таксама перабоі з пастаўкамі. Расьсеяныя ў гарнізонах па ўсёй Славеніі фэдэральныя войскі ў дадатак былі падпарадкаваныя вайсковаму кіраўніцтву, якое знаходзілася ў аддаленым Заграбе.

28 чэрвеня падразьдзяленьні Тэрытарыяльнай абароны рушылі ў бок заблякаваных сэрбамі памежных пераходаў, эвакуюючы цывільнае насельніцтва з ахопленых сутычкамі тэрыторыяў. Таго самага дню фэдэральны бок абвясьціў замірэньне, заклікаючы славенцаў да перамоваў. Уночы з 28 на 29 чэрвеня прадстаўнікі абодвух бакоў сустрэліся ў Заграбе пад эгідай прадстаўнікоў ЭЭС (Італіі, Люксэмбурга і Галяндыі), каб абмеркаваць умовы міру. Аднак гэтыя меры так і не былі скарыстаныя, вайна працягнулася далей. Уладзы ў Бялградзе таксама паставілі Славеніі ўльтыматум — жаўнеры Тэрытарыяльнай абароны Славеніі мелі скласьці зброю і абвясьціць капітуляцыю да 30 чэрвеня. Па сканчэньні тэрміну капітуляцыі, у нядзелю 30 чэрвеня югаслаўскія самалёты перасеклі паветраную прастору Славеніі з намерам правесьці бамбаваньне яе тэрыторыі, аднак завярнуліся пасьля нечаканае зьмены загаду. Днём пазьней ЮНА ў чарговы раз абвясьціла пра спыненьне баявых дзеяньняў.

1 ліпеня разыгралася найважнейшая фаза вайны — аддзелы славенскай Тэрытарыяльнай абароны і паліцыі перайшлі ў наступ на танкавыя карпусы ЮНА пры падтрымцы мясцовага насельніцтва. Бітвы адбыліся м. інш. у кракаўскім лесе, на пагранічным пераходзе Горня Радгона і ў штабе арміі фэдэральнай у Любляне. Славенцы ўнерухомілі большасьць югаслаўскіх танкаў і бронетранспартэраў. Сэрбскія жаўнеры былі затрыманыя ўжо на пагранічных пераходах і вымушаныя былі капітуляваць. Назаўтра зь Бялграду ў Славенію рушыў элітарны танкавы корпус. Аднак і ён быў неўзабаве заатакаваны, спынены і змушаны капітуляваць. Кіраўніцтва ЮНА ў Загрэбе згадзілася на замірэньне, апошняе ў гэтай вайне.

Сканчэньне баёў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 ліпеня сытуацыя ў краіне цалкам кантралявалася славенцамі. Рэшткі ЮНА былі вымушаныя сыходзіць праз усходнюю граніцу, у бок Харватыі. Праз тры дні, у нядзелю 7 ліпеня 1991, адбылося спатканьне кіраўнікоў Славеніі, Харватыі, Югаславіі і прадстаўнікоў ЭЭС на высьпе Брыёні. У выніку дамоўленасьцяў была падпісаная так званая Брыёнская дэклярацыя, якая фактычна скончыла вайну. Паводле яе ўмоваў Славенія і Харватыя пагадзіліся на трохмесячнае прыпыненьне ўводу ў дзеяньне сваіх дэклярацый незалежнасьці, а фэдэральныя войскі — на спыненьне ваенных дзеяньняў на іхняй тэрыторыі і вывад у глыб Югаславіі.

Вайна ў Славеніі была найкарацейшым і найменш кровапралітным з сутыкненьняў падчас войнаў у Югаславіі. Абумоўліваецца гэта тым, што Славенія займала этнічны маналітны абшар, які, у адрозьненьне ад Харватыі ці Босьніі, насяляла ў асноўным карэнная нацыя. Сэрбская меншасьць (акрамя разьмешчаных на тэрыторыі рэспублікі жаўнераў) займала нязначны адсотак насельніцтва. Падчас сутыкненьняў загінулі 44 югаслаўскія жаўнеры і 19 славенскіх паліцыянтаў і дабраахвотнікаў Тэрытарыяльнай абароны. Акрамя таго, славенскі бок захапіў шмат танкаў і бронемашын, зь якіх быў нават складзены асобны бранявы корпус. Безумоўная перамога славенцаў дала ім міжнароднае прызнаньне. Першай дзяржавай, якая прызнала незалежнасьць новай краіны, стала Нямеччына. Рэшта дзяржаваў-чальцоў ЭЭС неўзабаве пайшла па іхніх сьлядох.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Дзесяцідзённая вайнасховішча мультымэдыйных матэрыялаў