Дзеі Сьвятых Апосталаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кніга Новага Запавету

Дзеі Сьвятых Апосталаў


Гістарычныя кнігі
Дыдактычныя кнігі
Прароцкія кнігі

Дзе́і Сьвяты́х Апо́сталаў — адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў сьпіс кнігаў Новага Запавету. Разьмяшчаецца пасьля Эвангельля паводле Яна. Згодна заходняй традыцыі пасьля кнігі стаіць Пасланьне да рымлянаў, паводле ўсходняй традыцыі пасьля кнігі ідзе Пасланьне Якава.

Аўтарства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга напісана тым жа чалавекам, што й трэцяе Эвангельле. Аб гэтым сьведчыць пралёг, зь якога можна даведацца, што гэта другая кніга, якая была напісана да невядомага хрысьціяніна Тэафіла. Такім чынам, аўтарам Дзеяў Сьвятых Апосталаў зьяўляецца Лука, адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў апостала Паўла, які заставаўся з Паўлам нават тады, калі апошні знаходзіўся ў Рымскай турме. Лука быў сьведкам многіх падзеяў, пра якія ён пазьней напісаў у Дзеях. Магчыма, што Лука вёў дзёньнік, куды падрабязна апісваў усе падставы й падзеі. У тэксьце шмат урыўкаў, у якіх аўтар апавядае ад першай асобы множнага ліку (Дз. 16:10—17, 20:5—15, 21:1—18, 27:1—28:16).

Месца й час напісаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У творы апавядаецца пра амаль трыццацігадовы пэрыяд пасьля ўзьнікненьня Царквы да часу, калі Павал знаходзіўся пад дамашнім арыштам. У кнізе нічога не паведамляецца пра сьмерць Паўла, аднак лічыцца, што кніга была напісана пасьля сьмерці апостала, нават пасьля ганеньняў Нэрона. Прыкладнай датай напісаньня Дзеяў лічыцца 80—90-я гады. Ёсьць меркаваньні, што Лука хацеў напісаць трылёгію; у трэцяй частцы кнігі расказаць пра пакутніцкую сьмерць апосталаў Пятра й Паўла. Аднак іншыя дасьледчыкі лічаць, што Лука, працуючы над Дзеямі, ставіў іншую мэту: паказаць што Уратаваньне, дадзенае Богам праз Хрыста, празь дзейнасьць царквы стала магчычым усім народам, пачынаючы ад Ерусаліма й да вялізнай сталіцы Рымскай імпэрыі. Пры гэтым распаўсюджаньне веры вялося не шляхам зброі, але толькі на падставе адной веры.

Месца напісаньня невядома. Кніга магла быць напісана ў Грэцыі, Сырыі ці ў іншым якім месцы імпэрыі.

Асаблівасьці кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Служэньне апосталаў. Расейская ікона Фёдара Зубава, 1660

Унікальнасьць кнігі ў тым, што яна адзіная ў Новым Запавеце гістарычная кніга. У ёй апавядаецца пра станаўленьне й разьвіцьцё першай Царквы. Дзякуючы ёй можна даведацца пра зьмест пропаведзі, аб саміх прапаведніках, аб кіраўніках Царквы. У ёй паведамляецца пра тое, як жылі першыя хрысьціянскія суполкі, зь якімі праблемамі й зь якім супрацівам сутыкнуліся першыя вернікі. Аднак гэта ня проста гістарычнае апавяданьне, гэта творчасьць багаслова.

На думку Лукі пэрыяд існаваньня чалавецтва дзеліцца на некалькі пэрыядаў. У першым пэрыядзе было панаваньне Закона, гэты пэрыяд скончыўся з служэньнем Яна Хрысьціцеля. Другім пэрыядам ёсьць дзейнасьць Ісуса, а трэці — дзейнасьць Царквы. Таму Лука задумаў адзін твор, у першай частцы якога апавядалася пра дзейнасьць Ісуса, а ў другой як гэта дзейнасьць была падоўжана Царквой пад кіраўніцтвам Сьвятога Духа. Дзякуючы Сьвятому Духу, Які сышоў на вучняў падчас Пяцідзясятніцы, вучні здолелі працягнуць справу Хрыста. Такім чынам, кніга Дзеяў Сьвятых Апосталаў, гэта перш за ўсё гісторыя таго, як Бог дзейнічае ў сьвеце.

Пазьней гэтак атрымалася, што два творы Лукі апынуліся разарванымі, але й у гэтым можна пабачыць свае плюсы. Тое, што кніга Дзеяў Апосталаў апынулася паміж Эвангельлямі й пасланьнямі апосталаў, нават адлюстроўвае першапачатковую задуму аўтара, паводле якой кніга Дзеяў павінна стаць аповядам пра служэньне царквы сьвету пасьля ўзьнясеньня Хрыста.

Шэсьць апосталаў у царкве Елінгу, Данія

Мэтай Лукі ёсьць паказаць, што хрысьціянства па задуме Бога павінна стаць рэлігіяй усяго сьвету. Тым ня менш, хоць кніга названа Дзеямі Апосталаў, а ў некаторых рукапісах — Дзеямі ўсіх апосталаў, насамрэч кніга апавядае практычна пра дзейнасьць толькі двух зь іх. Спачатку гэта Пётар, а пасьля Павал. Пётр — прызнаны лідэр царквы, яго імя заўсёды стаіць у цэнтры сьпісаў пералічэньняў апосталаў у Эвангельлях. Пётар аддана выконвае дадзены самім Ісусам загад: ён прапаведвае, вылечвае й нават уваскрашае, ён сьмела стаіць перад судом вышэйшага габрэйскага Савета, ён безь хістаньняў сьведчыць Радасную вестку былому паганцу Карніліюсу, а потым не зважаючы на рэлігійныя прадузятасьці былых юдэяў, крэсьціць апошняга. Пасьля турэмнага зьвяволеньня й цудоўнага вызваленьня Анёлам Пётар відаць вымушаны пакінуць Ерусалім.

У другой частцы Дзеяў, то бок пачынаючы з 13 разьдзела, апавядаецца амаль цалкам пра дзейнасьць Паўла. Сам ягоны прыход у хрысьціянства зьявіўся цудам: некалі заўзяты праціўнік «назарэйскай гарэзіі» і актыўны ганіцель маладой царквы, Павал пасьля сустрэчы з паўстаўшым з памерлых Ісусам Хрыстом на шляху ў Дамаск стаў адданым і пладатворным служкам Эвангельля. Павал атрымаў даручэньне самога Пана несьці Радасную вестку паганцам, і ён пачынае свае місіянэрскія вандроўкі. Разам са сваімі спутнікамі ён абыходзіць усю Малую Азію, потым даходзіць да Эўропы, засноўваючы цэрквы ў Македоніі й Грэцыі. Да 20 разьдзелу голас хрысьціянскіх прапаведнікаў гучаў па ўсяму Міжземнамор’ю, распаўсюджваючыся ўсё надалей углыб Рымскай імпэрыі. Падчас паломніцтва ў Ерусалім Павал быў арыштаваны й пасьля некалькіх гадоў няволі ў Кесарыі яго адпраўляюць у Рым на суд імпэратара. Але знаходзячыся ў Рыме ў чаканьні суда пад хатнім арыштам Павал таксама прапаведвае пра ўкрыжаванага й паўстаўшага з памерлых Ісуса Хрыста. Гэтак у твары Паўла Эвангельле дасягае сталіцы цывілізацыі — Рыму.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга падзелена на 28 разьдзелаў. Яна пачынаецца, гэтак жа як і Эвангельле паводле Лукі, кароткім пралёгам да невядомага верніка Тэафіла. Пасьля структурна кнігу можна падзяліць два дзьве часткі. У першай частцы (разьдзелы 1—12) апавядаецца пра дзейнасьць Пятра, другая (разьдзелы 13—28) прысьвечана пераважна дзейнасьці Паўла. Лука расказвае пра тое, як хрысьціянства пасьлядоўна пашыралася ад Ерусаліма па Юдэі й Галілеі, а потым і Самарыі. У сьлед за гэтым Радасная вестка пашыраецца й за межы Палестыны. Своеасаблівым цэнтрам хрысьціянства становіцца Антыёхія Сырыйская, дзе паводле сьведчаньня Лукі новая рэлігія й атрымала цяперашняе імя — хрысьціянства. Ад гэтуль місіянэры накіроўваюцца ў тры місіянэрскія вандроўкі: спачатку ў Малую Азію, потым у Эўропу. Новымі хрысьціянскімі цэнтрамі становяцца Карынт і Эфэс. Чацьвёртай місіянэрскай вандроўкай, якую Павал ажыцьцяўляе ў няволі, стаў шлях у Рым. Эвангельле дасягае апагея свайга распаўсюджваньня.

Кароткі плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Пралёг (1:1—5)
  • Пачатак дзейнасьці Царквы (1:6—2:47)
  • Супрацьдзеяньне габрэйскіх уладаў новай Царкве (3:1—5:42)
  • Дзейнасьць сямі дыяканаў (6:1—8:25)
  • Зварот Саўла (Паўла) (9:1—31)
  • Пачатак пропаведзі сярод паганцаў (9:32—12:25)
  • Першая місіянэрская вандроўка Паўла (13:1—15:35)
  • Другая місіянэрская вандроўка Паўла (15:36—18:23)
  • Трэцяя місіянэрская вандроўка Паўла (18:24—20:38)
  • Арышт Паўла, турэмнае зьняволеньне й шлях у Рым (21:1—28:31)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]