Касьмічнае сьмецьце

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Разьмеркаваньне сьмецьця ў калязямной прасторы

Пад касьмічным сьмецьцем (КС) маюцца на ўвазе ўсе штучныя аб’екты і іх фрагмэнты ў космасе, якія ўжо не функцыянуюць і ніколі больш ня змогуць служыць ніякім карысным мэтам, але зьяўляюцца небясьпечным фактарам узьдзеяньня на тыя касьмічныя апараты (КА), што яшчэ функцыянуюць, асабліва пілятуемыя. У некаторых выпадках, буйныя або тыя аб’екты касьмічнага сьмецьця, што зьмяшчаюць на борце небясьпечныя (ядзерныя, таксычныя і да т. п.) матэрыялы, могуць уяўляць прамую небясьпеку і для Зямлі — пры іх некантралюемым сходзе з арбіты, няпоўным згараньні пры праходжаньні шчыльных пластоў атмасфэры Зямлі і выпадзеньні абломкаў на населеныя пункты, прамысловыя аб’екты, транспартныя камунікацыі і да т. п.

Праблема засьмечваньня калязямной касьмічнай прасторы «касьмічным сьмецьцем» як чыста тэарэтычная ўзьнікла па сутнасьці адразу пасьля першых запускаў штучных спадарожнікаў Зямлі ў канцы пяцідзясятых гадоў. Афіцыйны статус на міжнародным узроўні яна атрымала пасьля дакладу Генэральнага сакратара ААН пад назвай «Узьдзеяньне касьмічнай дзейнасьці на навакольнае асяродзьдзе» 10 сьнежня 1993 г., дзе асабліва адзначалася, што праблема мае міжнародны, глабальны характар: няма засьмечваньня нацыянальнай калязямной касьмічнай прасторы, ёсьць засьмечваньне касьмічнай прасторы Зямлі, якое аднолькава нэгатыўна ўплывае на ўсе краіны.

Неабходнасьць мер па памяншэньні інтэнсыўнасьці тэхнагеннага засьмечваньня космасу становіцца зразумелай пры разглядзе магчымых сцэнарыяў асваеньня космасу ў будучыні. Існуюць ацэнкі, так званы «каскадны эфэкт», які ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве можа ўзьнікнуць ад узаемнага сутыкненьня аб’ектаў і часьціц «касьмічнага сьмецьця». Пры экстрапаляцыі існых умоў засьмечваньня нізкіх калязямных арбіт (НКА), нават з улікам мер па зьніжэньні ў будучыні колькасьці арбітальных выбухаў (42 % усяго касьмічнага сьмецьця) і іншых мерапрыемстваў па памяншэньні тэхнагеннага засьмечваньня, гэты эфэкт можа ў доўгатэрміновай пэрспэктыве прывесьці да катастрафічнага росту колькасьці аб’ектаў арбітальнага сьмецьця на НКА і, як сьледзтва, да практычнай немагчымасьці далейшага асваеньня космасу. Мяркуецца, што «пасьля 2055 года працэс самаразмнажэньня рэшткаў касьмічнай дзейнасьці чалавецтва стане сур'ёзнай праблемай»[1]

Характарыстыкі касьмічнага сьмецьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наш час у раёне нізкіх калязямных арбіт (НКА) аж да вышынь каля 2000 км знаходзіцца, па розных ацэнках, парадку 220 тыс. (300 тыс. паводле даных Упраўленьня ААН па пытаньнях касьмічнай прасторы, кастрычнік 2009[2]) тэхнагенных аб’ектаў агульнай масай да 5000 тон. На падставе статыстычных ацэнак робяцца высновы, што агульная колькасьць аб’ектаў падобнага роду (папярочнікам больш за 1 см) дастаткова нявызначана і можа дасягаць 60 000 х 100 000. Зь іх толькі парадку 10 % (каля 8600 аб’ектаў) выяўляюцца, адсочваюцца і каталягізуюцца наземнымі радыёлякацыйнымі і аптычнымі сродкамі і толькі каля 6 % гэтых аб’ектаў — дзеючыя. Каля 22 % аб’ектаў спынілі функцыянаваньне, 17 % уяўляюць сабой адпрацаваныя верхнія ступені і разгонныя блёкі ракет-носьбітаў, і каля 55 % — адходы, тэхналягічныя элемэнты зьвязаныя з запускам, і абломкі выбухаў і фрагмэнтацыі.

Большасьць гэтых аб’ектаў знаходзіцца на арбітах з высокім схіленьнем, плоскасьці якіх перасякаюцца, таму сярэдняя адносная хуткасьць іх узаемнага пралёту складае каля 10 км/с. З прычыны велізарнага запасу кінэтычнай энэргіі сутыкненьне любога з гэтых аб’ектаў зь дзеючым касьмічным лятальным апаратам можа пашкодзіць яго ці нават вывесьці з ладу. Прыкладам можа паслужыць першы выпадак сутыкненьня штучных спадарожнікаў: Космас-2251 і Iridium 33, які адбыўся 10 лютага 2009 году. У выніку абодва спадарожнікі цалкам разбурыліся, утварыўшы больш за 600 абломкаў.

Найбольш засьмечаны тыя вобласьці арбіт вакол Зямлі, якія часьцей за ўсё выкарыстоўваюцца для працы касьмічных апаратаў. Гэты НКА, геастацыянарная арбіта (ГСА) і сонечна-сынхронныя арбіты (ССА).

Унёсак у стварэньне касьмічнага сьмецьця паводле краінаў: Кітай — 40 %; ЗША — 27,5 %; Расея — 25,5 %; астатнія краіны — 7 %.[3]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьмічнае сьмецьцесховішча мультымэдыйных матэрыялаў