Кобза (гурт)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кобза
Інфармацыя
Гадыз 1971
АдкульУССР УССР
Украіна Украіна
Моваукраінская
Жанр(ы)рок-музыка, фолк-рок

«Ко́бза»украінскі вакальна-інструмэнтальны ансамбль, які першым з савецкіх ВІА пабываў з камэрцыйнымі гастролямі на амэрыканскім кантынэнце.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вакальна-інструмэнтальны ансамбль „Кобза“ распачаў прафэсійную кар’еру ў 1971 року ў складзе «Укрконцерту» (бел. Укрканцэрт). Пасьля ўдзелу калектыву ў запісе кружэлкі сьпявачкі Валянціны Купрыной уласны матэрыял гурту прыцягнуў увагу кіеўскай студыі саюзнай фірмы грамзапісу „Мэлёдыя“. Было прынятае рашэньне пра запіс сольнай кружэлкі ансамблю, дзеля чаго быў адмыслова запрошаны вакаліст Валер Вецер, колішні саліст самадзейнага ансамблю «Березень». Аснову плыткі склалі абробкі ўкраінскіх народных сьпеваў і кампазыцыі кіраўніка ансамблю Аляксандра Зуева. Замест звычайных гітараў ансамбль выкарыстаў і традыцыйныя народныя інструмэнты — бандуры ў іхнім электронным варыянце, які гучаў падобна да электрагітараў.

У 1973 року «Кобза» падзяліла трэцяе ляўрэацкае месца з ансамблем «Масквічы» на Ўсесаюзным конкурсе вакальна-інструмэнтальных ансамбляў у Менску. Першае заваявалі «Песьняры», другое не дасталася нікому. Адгэтуль «Кобза» стала адным з найбольш канцэртуючых гуртоў Савецкага Саюзу.

У 1974 року Аляксандар Зуеў пакінуў ансамбль і неўзабаве ўзначаліў ВІА Чаркаскай філярмоніі «Калина».

У 1978 року выйшаў другі дыск «Кобзи»[1], праграму якога склалі абробкі ўкраінскіх народных песьняў і песьні ўкраінскіх кампазытараў.

Тады калектыў ладзіў ад 200 да 300 канцэртаў ва ўсіх куточках СССР, гастраляваў таксама за мяжой: Чахаславаччына (1977, 1979, 1983), Італія (1977), Манголія (1979), Куба (1980), Фінляндыя (1981), Нямеччына (1981, 1984), Канада (1982), Емэн (1983), Польшча (1985), Японія (1985).

У 1980 ансамблю была прысуджана Рэспубліканская камсамольская прэмія імя Міколы Астроўскага.

У 1982 ВІА «Кобза» падрыхтаваў канцэртную праграму «Київські фрески» да 1500-рочча Кіева з выкананьнем арыгінальнай музыкі і паезіі з удзелам балету і выкарыстаньнем спэцыяльных сцэнічных строяў.

У 1982 пад час гастроляў у Канадзе была выдадзеная вінілавая кружэлка-гігант «Кобза»[2].

У 1982 мастацкі кіраўнік ВІА «Кобза» Яўген Каваленка адным зь першых украінскіх эстрадных артыстаў быў ушанаваны званьнем «Заслужанага артыста УССР».

Пасьля выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ВІА „Кобза“ і квартэт „Явар“ былі аднымі зь першых артыстаў Укрканцэрту, якія ладзілі выступы ў Чарнобыльскай зоне. „Кобза“ скончыла свае паездкі ў „зону“ ў 1992 року, калі мэдыкі забаранілі гэта ім з прычыны стану здароўя. Тыя артысты ВІА атрымалі пасьведчаньні ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і дзяржаўныя ўзнагароды.

У 1997 року мастацкі кіраўнік ВІА „Кобза“ Яўген Каваленка ўшанаваны званьнем „Народнага артыста Ўкраіны“. У 1998 року артысты-салісты ВІА Пятро Каваленка і Мікола Праўдзівы атрымалі званьні Заслужаных артыстаў Украіны. У 2002 року гэтае званьне нададзенае артысту Ўладзімеру Салдаценку.

Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ляўрэат міжнароднага фэстывалю «Юрмала-85» (Латвія, 1985)
  • Ляўрэат міжнароднага фэстывалю «Паланга-85» (Летува, 1985)
  • Ляўрэат фэстывалю «Вагні магістралі» (Хабараўск, Расея, 1988)
  • Ляўрэат міжнароднага фэстывалю «Midtfynns Festival» (Одэнсэ, Данія, 1989)
  • Ляўрэат міжнароднага фэстывалю «Art Parade» — (Осака, Японія, 2002)
  • Ляўрэат фэстывалю «Шлягер року» (Кіеў, Украіна, 2002—2006)
  • Ляўрэат фэстывалю «Наша пісня» (Кіеў, Украіна, 2003—2005)
  • Ляўрэат тэлевізыйнага фэстывалю «Прэм’ера песьні» (Буча, Украіна, 2010)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Диск-гігант «КОБЗА». Вокально-інструментальний ансамбль. («Мелодия») 33С60-10941-42 — 1977 р.
  2. ^ Диск-гігант «КОБЗА» — 1982 р. — Канада, Торонто, YFP 101

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Кобза» // Українська музична енциклопедія. Т. 2: [Е — К] / Гол. редкол. Г. Скрипник. — Київ : Видавництво Інституту мистецтвознавства, фольклористики та етнології НАН України, 2008. — С. 442-443.
  • Рудаков Микола. Чарівний голос „Кобзи“ // Урядовий кур’єр: газета. 1998, 6 серпня. С. 16

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]