Кры́мскія го́ры (па-крымскататарску: Qırım dağları; па-ўкраінску: Кримські гори) — горная сыстэма на поўдні Крымскага паўвострава (дэ юрэ Украіна, дэ факта Расея). Працягваецца на 180 км з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, ад мысу Фіялэнту ля Севастопалю да мысу Ільлі каля Феадосіі. Шырыня горнае паласы да 60 км. У рэльефе выразна выдзяляюцца тры амаль паралельныя пасмы з крутымі паўднёвымі ды палогімі паўночнымі схіламі: Галоўнае, Унутранае ды Зьнешняе. Пераважаюць вышыні 700—1200 м, максымальная — 1545 м (г. Раман-Кош). Адна з найвышэйшых вяршыняў Крымскіх гораў — Ай-Пэтры. У Крымскіх горах пачынаецца рака Салгыр.