Нацыянальная дзяржава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нацыянальная дзяржава — гэта дзяржава, утвораная пэўнай нацыяй, якая жыве ў межах сваёй этнічнай тэрыторыі, у выніку рэалізацыі ёю асноўнага права на палітычнае самавызначэньне, якая забясьпечвае належныя ўмовы дзеля захаваньня і разьвіцьця здабыткаў гэтай нацыі і для ўзаемаўзбагачэньне і разьвіцьця ўсіх нацыяў, этнасаў, якія пражываюць у гэтай дзяржаве[1].

Нацыя ёсьць найвышэйшай каштоўнасьцю, галоўнай крыніцай улады і вызначае сацыяльна-палітычную сыстэму такой дзяржавы. Ідэалам нацыянальнай дзяржавы ёсьць монаэтнічная дзяржава, дзе пераважная большасьць грамадзянаў належыць да аднаго карэннага этнасу і выкарыстоўвае адзіную знакавую сыстэму, зразумелую ўсім выхадцам з гэтай нацыі: мову, культуру, звычаі, стэрэатыпы, сыстэму каштоўнасьцей ды іншае.

Згодна з дакумэнтамі ААН і ЮНЭСКА нацыянальная дзяржава — гэта такая дзяржава, у якой тытульны народ складае 67% насельніцтва[2].

Канцэпцыя нацыянальнай дзяржавы мае цесныя повязі з разьвіцьцём нацыяналізму ў Эўропе XVII—XVIII стагодзьдзяў, каляніялізмам і нацыянальна-вызвольнымі рухамі XIX — першай паловы XX стагодзьдзяў. У XX стагодзьдзі нацыянальныя дзяржавы сталі асноўнымі формамі дзяржаўнай арганізацыі сьвету; яны замянілі дынастычныя і клясавыя дзяржавы Сярэднявечча.

Нацыянальным дзяржавам часта супрацьстаяць наднацыянальныя ўтварэньні імпэрскага-інтэгральнага тыпу, такія як імпэрыі мінулага — СССР і г. д. У канцы XX стагодзьдзя прадказваўся заняпад нацыянальных дзяржаваў, аднак распад СССР паказаў супрацьлеглае. У большасьці міжнародных арганізацыяў менавіта нацыянальная дзяржава выступае асноўнай палітычнай адзінкай ва ўсіх міжнародных працэсах.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мала енциклопедія етнодержавознавства / Інститут держави і права ім. В.М. Корецького НАН України, Упоряд. Ю. І. Римаренко та ін. — Київ: Генеза, : Довіра, 1996. — С. 539.
  2. ^ Якубова Л. Д. Національні меншини України // Енциклопедія державного управління: у 8 т. — Т. 3: Історія державного управління / Нац. акад. держ. упр. при Президентові України; наук.-ред. колегія : Ю. В. Ковбасюк (голова), А. М. Михненко (співголова), М. М. Білинська (співголова) та ін. — К.: НАДУ, 2011. — С. 499.