Пандэмія (настольная гульня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі


Пандэмія
Pandemic
Дата выпуску 2008; 16 гадоў таму (2008)
Распрацоўнік(і) Мэт Лікак
Аздабляльнік(і) Джошуа Кэпэл, Рэджыс Мулюн, Крыс Квільямз
Выдавец
Жанр(ы)
Колькасьць гульцоў
  • 2–4
  • (5 з пашырэньнем На краі)
  • (1—6 з пашырэньнем У лябараторыі)
Дыяпазон узростаў ад 8 год
Час устаноўкі 10 хв.
Працягласьць гульні 45 хв.
Уплыў выпадковасьці сярэдняя
Неабходныя ўменьні
Сайт zmangames.com/en/… (анг.)

„Пандэмі́я“ (па-ангельску: Pandemic) — каапэратыўная настольная гульня, створаная Мэтам Лікакам і выдадзеная ў ЗША ў 2008 року[1]. Сюжэт „Пандэміі“ заснаваны на зьяўленьні на Зямлі чатырох захворваньняў, якія пагражаюць асобным рэгіёнам. Гульня разьлічаная на двух-чатырох гульцоў, якія выконваюць адныя з сямі магчымых роляў: дыспэтчэра, мэдыка, навукоўца, дасьледчыка, апэрацыйнага экспэрта, аварыйнага плянавальніка і адмыслоўца ў карантыне. Супольнымі намаганьнямі ўсе гульцы спрабуюць знайсьці лекі супраць чатырох хваробаў да таго, як захворваньні перарастуць у пандэмію.

„Пандэмія“ лічыцца адной з найпасьпяховейшых каапэратыўных гульняў, якая змагла спалучыць у сабе глыбокую стратэгію, уласьцівую раньнім каапэратыўным гульням кшталту „Жаху Аркгему“, з магчымасьцю гульні большай колькасьцю гульцоў у абмежаваны час[2].

Пазьней Мэт Лікак у супрацоўніцтве з Томасам Леманам распрацаваў тры пашырэньні, якія дадаюць новыя ролі і спэцыяльныя падзеі, дазваляюць удзельнічаць упяцёх ці гуляць камандамі: „Пандэмія: На краі“, „Пандэмія: У лябараторыі“ і „Пандэмія: Надзвычайны стан“. Выйшлі і разнастайныя староньнія гульні, найбольшага посьпеху зь якіх дабілася „Спадчына Пандэміі: 1-ы сэзон“[3][4].

Гульнявы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выгляд раскладзенай гульні

Мэтай „Пандэміі“ для гульцоў, якія атрымліваюць выпадковыя ролі, ёсьць супрацоўніцтва дзеля спыненьня распаўсюду чатырох захворваньняў[5] і вылечваньня ад іх да пачатку пандэміі[6].

Гульня адбываецца на дошцы з выявай мапы сьвету і 48 злучаных местаў. На ёй разьмяшчаюцца дзьве тальлі картак (карткі гульцоў і карткі інфэкцый), кубікі чатырох колераў (якія абазначаюць чатыры захворваньні), шэсьць дасьледніцкіх станцый, фішкі гульцоў. У картках гульцоў знаходзяцца карткі з назвамі 48 местаў (тых жа, што падпісаныя на дошцы); карткі падзеяў, якія можна выкарыстоўваць у любы час дзеля патрэбнага эфэкту; карткі эпідэмій. У картках інфэкцый знаходзяцца таксама карткі з надпісамі ўсіх местаў дошкі і колерамі захворваньняў, якія ў іх зьяўляюцца.

У пачатку гульні карткі інфэкцый заражаюць выпадкова выбраныя 9 местаў. Усе гульцы пачынаюць разам у Атланце, дзе знаходзіцца Цэнтар па кантролі захворваньняў(en), атрымліваюць выпадковым чынам ролі і карткі гульцоў у залежнасьці ад колькасьці ўдзельнікаў.

За свой ход гулец можа выканаць да 4 дзеяньняў, выбіраючы з 8 магчымых (4 спосабы перамяшчэньняў, будаўніцтва досьледнай станцыі, вынаходніцтва лекаў, лячэньне хваробы, абмен ведамі). Выканаўшы дзеяньні, гулец выцягвае дзьве карткі з тальлі гульцоў. На руках ня можа знаходзіцца больш за сем картак; ад лішніх неабходна адразу пазбавіцца[6]. Калі гулец выцягнуў картку эпідэміі, ён перамяшчае пазнаку ўзроўню інфэкцый на адзін пункт, выцягвае ніжнюю картку з тальлі інфэкцый і ставіць у гэтае места тры кубікі хваробы; картка заражанага места перамешваецца зь іншымі адкінутымі карткамі інфэкцый і вяртаецца ўверх тальлі інфэкцый. Пасьля выцягваньня дзьвюх картак гульцоў адкрываюцца карткі інфэкцый (іхняя колькасьць пачынаецца з дзьвюх і ўзрастае зь перамяшчэньнем пазнакі ўзроўню інфэкцый), якія заражаюць напісаныя на іх месты адным кубікам пэўнага колеру. Калі места ўжо мае тры кубікі, у ім здараецца ўспышка захворваньня: кожнае суседняе места атрымлівае па адным кубіку таго ж колеру. Калі і суседнія месты маюць максымальны ўзровень заражэньня (тры кубікі), адбываецца ланцуговая рэакцыя, і заражэньне распаўсюджваецца ўжо на злучаныя зь імі месты. Пасьля сканчэньня заражэньня ход пераходзіць па гадзіньнікавай стрэлцы.

Гульня сканчаецца: а) перамогай, калі гульцы адкрылі лекі ад ўсіх чатырох захворваньняў; б) або паразай, калі здарыліся 8 успышак захворваньняў, ці скончыліся кубікі пэўнага колеру, ці скончыліся карткі ў тальлі гульцоў.

У дасягненьні перамогі ў гульні дапамагаюць спэцыяльныя здольнасьці роляў, якія дазваляюць ім абыходзіць пэўныя правілы. У першай вэрсіі гульні існавалі 5 роляў; у другім выданьні іх стала 7, дадатковыя ролі ўведзеныя ў пашырэньнях да „Пандэміі“. Прыкладам, Мэдык можа лячыць усе кубіку аднаго колеру ў месьце адным дзеяньнем або, пасьля таго, як былі выяўленыя лекі, можа лячыць кубікі гэтай хваробы ў месьце нават без асобнага дзеяньня. Навукоўцу для вынаходніцтва лекаў ад хваробы дастаткова чатырох картак аднаго колеру замест 5. Дапамагаюць гульцам і карткі падзеяў, якія дзейнічаюць аднаразова ў любы момант гульні і могуць, напрыклад, зьняць некалькі кубікаў захворваньняў ці пабудаваць досьледную станцыю.

Дзеля перамогі ў „Пандэміі“ гульцы мусяць узгадняць свае супольныя дзеяньні, асабліва ў зьбіраньні і абмене патрэбнымі карткамі, а таксама ў перамяшчэньнях па мапе з мэтай перадухіленьня ўспышак захворваньняў.

Пашырэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

„На краі“[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першае афіцыйнае дапаўненьне выйшла ў 2009 і прадставіла новыя ролі, варыянт гульні для пяці гульцоў, новыя карткі спэцыяльных падзеяў і новыя заданьні для гульцоў.

Роля Апэрацыйнага экспэрта ў дапаўненьні перагледжаная, а новая роля — Біятэрарыст — змагаецца супраць астатняй каманды.

Зьявілася пятае захворваньне — Мутацыя, якую трэба ці вылечыць, ці вынішчыць з мапы сьвету. Дадаўся таксама вірулентны штам, які робіць адну з хваробаў асабліва сьмяротнай. Новыя карткі эпідэміяў маюць гнюсьнейшыя эфэкты, якія эпідэмія аказвае на гульню.

„У лябараторыі“[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другое дапаўненьне выйшла ўлетку 2013 року[7] з новай гульнявой дошкай. На ёй гульцы атрымалі магчымасьць дасьледаваць лекі ў лябараторыі. Мэта такая ж, як у арыгінальнай гульні — знайсьці лекі супраць хваробаў — аднак гэтым разам з дасьледніцкім ухілам. У пашырэньні таксама зьявіліся новыя пэрсанажы і спэцыяльныя падзеі, а таксама магчымасьць гуляць сам-адзін[8] і камандамі[9], якія спаборнічаюць між сабой[10]. Каб згуляць у „У лябараторыі“, неабходна мець як „Пандэмію“, так і „На краі“[11].

„Надзвычайны стан“[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэцяе пашырэньне выйшла ў сакавіку 2015, дадало новыя ролі, падзеі і тры новыя задачы: Закуток, дзе жывёлы разносяць хваробу на людзей; Аварыйныя выпадкі, у якіх на гульню адмоўна ўплываюць непрадказальныя падзеі; і Супэрбактэрыя — паўстала пятае невылечнае захворваньне[12][13]. Пашырэньне сумяшчальнае з двума папярэднімі, але для гульні яны неабавязковыя.

Перавыданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2013 року зьявілася другое выданьне „Пандэміі“, перамаляванае і з двума новымі пэрсанажамі: аварыйнага плянавальніка і адмыслоўца ў карантыне[7]. На некаторых мапах зьявілася памылка: адсутнічала сувязь між Лагасам і Сан Паўлу[14].

У 2013 року выйшла другое выданьне пашырэньня „На краі[7].

У ліпені 2018 року з нагоды дзесяцігодзьдзя гульні выйшла юбілейнае выданьне. У яго ўвайшлі мініятурныя фігуркі з выявамі роляў, абноўленыя карткі роляў, большая дошка і драўляныя кубікі захворваньняў. Уся гульня была ўпакаваная ў мэталёвы кантэйнэр, падобны да мэдычнай аптэчкі пачатку XX стагодзьдзя[15].

Староньнія гульні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

„Z-Man Games“ выдала шэраг асобных гульняў сэрыі „Пандэмія“, якія не залежаць ад наяўнасьці арыгінальнай гульні і несумяшчальныя зь іншымі гульнямі сэрыі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]