Песьня пра Ралянда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Песьня пра Ралянда
La Chanson de Roland
Жанр: паэма
Аўтар: мерк. Турольд[d]
Мова арыгіналу: старафранцуская
Год напісаньня: сярэдзіна XII стагодзьдзя
Публікацыя: XI стагодзьдзе
Вікікрыніцы зьмяшчаюць гэтага твору

Пе́сьня пра Раля́нда — адзін з найбольш вядомых твораў клясычнага францускага гераічнага эпасу эпохі Сярэднявечча. Напісана невядомым аўтарам ці некалькімі аўтарамі на старафранцускай мове і мае ў розных рукапісах ад 4000 да 6000 вершаў. Фармавалася на працягу IX-XI стагодзьдзяў у рэчышчы вуснай паэтычнай традыцыі. Галоўным героем «Песьні пра Ралянда» быў пляменьнік караля Карла Вялікага граф Ралянд, які мужна змагаўся з арабамі на поўначы Гішпаніі. Адзін з асноўных матываў паэмы — васальная вернасьць Ралянда свайму каралю і адначасова адданасць сваёй Радзіме — «мілай Францыі», «салодкай Францыі».

Жанр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жэста (фр. geste, chanson de geste) — гэта даслоўна «песьня пра гераічныя ўчынкі», а больш звыклы тэрмін — эпічная паэма. «Песьня пра Ралянда» слушна лічыцца найвыдатным творам францускага нацыянальнага гераічнага эпасу. Эпас гэты фармаваўся ў канцы ІХ — Х стагодзьдзяўю. Тады ў Францыі кароль паступова губляў уладу, а фэадалы рабіліся ўсё больш уплывовымі, што вяло да так званай фэадальнай раздробленасьці. Гэтыя працэсы абумовілі глыбокую грамадзкую й палітычную праблематыку твораў гераічнага эпасу, якія сталі сапраўднай паэтычнай гісторыяй Францыі.

Яны дайшлі да нас у запісах XII—XIV стагодзьдзях і зьяўляюцца перапрацоўкай больш старажытных эпічных песень і маюць форму паэм (іх захавалася блізу 100) памерам ад 1000 да 20 000 радкоў. Строфы (іншыя назвы: тырады, лесы) маюць розную даўжыню й ўтрымліваюць ад 5 да 40 дзесяціскладовых, з цэзурай пасьля 4-га ці 6-га складу, вершаў, зьвязаных асанансам, якія ў пазьнейшых рэдакцыях звычайна заменены дакладнымі рыфмамі.

Паэмы гэтыя прызначаліся для сьпяваньня, прычым, як і ў славянскіх былінах, адна й тая ж мелодыя была скразной для ўсёй паэмы, праходзячы праз кожны радок. Выканаўцамі, а нярэдка й аўтарамі былі жанглёры, якія разносілі песьні па ўсёй Францыі. Зьвярнуўшы на сябе ўвагу прысутных і сабраўшы вакол сябе кола слухачоў, жанглёр гучным воклічам заклікаў іх змоўкнуць і пачынаў сьпяваць рэчытатывам, падыгрываючы сабе на маленькай арфе ці, часьцей, на віёле. Калі ён не пасьпяваў да ночы закончыць свой аповед, то прыпыняў сьпеў і адкладваў да наступнага дня. Часам, калі паэма была асабліва вялікай, яе магло хапіць на цэлы тыдзень.

Тры тэмы складаюць асноўны зьмест францускага эпасу: 1) абарона радзімы ад зьнешніх ворагаў — маўраў (альбо сарацын), нарманаў, саксаў і г. д., 2) верная служба каралю, ахова яго правоў і выкараненьне здраднікаў; 3) крывавыя фэадальныя звады. Такі падбор тэм адпавядае тагачаснай палітычнай сьвядомасьці народных мас, якія інстынктыўна мкнуліся да нацыянальнага адзінства, бачачы ў фэадалах галоўнае зло, шкоднае для радзімы, а таксама ўтапічна марылі знайсьці ў караля ахову ад фэадальнага самадурства й жорсткасьці.

Аўтарства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Песьня пра Ралянда» дайшла да нас у некалькіх сьпісах, сярод якіх найбольш старажытным і па-мастацку дасканалым лічыцца Оксфардзкі сьпіс, які названы так па месцы, дзе ён быў знойдзены (бібліятэка Оксфардзкага ўнівэрсытэту). Ён датуецца прыблізна 1065 годам.

Пытаньне пра паходжаньне паэмы й пра ейнага аўтара яшчэ ў нашыя дні выклікае спрэчкі сярод дасьледчыкаў. Сучасныя прадстаўнікі індывідуалістычнай тэорыі, як і Бэдзье, адносяць узьнікненьне «Песьні пра Ралянда» да канца ХІ — пачатку ХІІ ст., а яе аўтарства прыпісваюць нейкаму Турольду, які ўпамінаецца ў тэксьце паэмы. Тэорыя неатрадыцыяналізму, якую падзяляла большасьць савецкіх навукоўцаў, грунтуецца на тым, што францускі гераічны эпас зарадзіўся адначасова з гістарычнымі падзеямі, якія ў ім апяваюцца, г.зн. у VIII—IX стагодзьдзях, і доўгі час існаваў у вуснай традыцыі ў форме кароткіх лірыка-эпічных песень.

Кароткі зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьмерць Ралянда. Ілюстрацыя Жана Фуке

Ужо сем год змагаецца Карл Вялікі супраць «няверных». Ён захапіў мноства гішпанскіх гарадоў, і толькі Сарагоса пакуль не падпарадкавалася яму. Умацаваўшыся ў ёй, сарацынскі кароль Марсілій вырашае падманам выціснуць франкаў з Гішпаніі. Ён накіроўвае да Карла паслоў з каштоўнымі падарункамі й абяцаньнем прыняць хрысьціянскую веру, калі той спыніць аблогу й вернецца ў Францыю. Паслухаўшы параду барона Ралянда, свайго любімага пляменьніка, Карл пасылае да Марсілія свайго васала Ганелона (ён жа зьяўляецца айчымам Ралянда!). Вымушаны згадзіцца на такую небясьпечную місію, ганарлівы й самаўлюбёны Ганелон прыхаваў крыўду на пасынка. Ён заключае з Марсіліем здрадніцкую дамову й, вярнуўшыся, пераконвае Карла паверыць сарацынскаму каралю й адвесьці франкаў на радзіму. У адпаведнасьці з плянам Ганелона ў Рансэвальскай цясьніне ў Пірэнэях 20-тысячны ар’ергард францускага войска быў заатакаваны 400-тысячным войскам Марсілія. У жорсткай бітве з маўрамі загінулі Ралянд і яго сябры, ні на крок не адступіўшы ад Рансеваля. Перад сьмерцю Ралянд трубіць у свой рог Аліфант — і Карл вяртаецца й у новай бітве супраць усяго мусульманскага сьвету атрымлівае канчатковую перамогу. Паэма завяршаецца сцэнай суда й сьмяротнага пакараньня Ганелона й яго сваякоў. У гэтым суровым, грунтоўным аповедзе (4002 радкі) каханьню дасталася зусім няшмат — акурат столькі, колькі трэба, каб сказаць, што ў Ралянда была нявеста Альда, якая, пачуўшы пра яго сьмерць, упала й памерла (можа ня столькі ад смутку, як ад радасьці, бо, пэўне ж, Ралянд далікатнасьцю не вылучаўся).

Аналіз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Такім чынам, у зьмесьце «Песьні пра Ралянда» як бы пераплятаюцца дзьве асноўныя тэмы: тэма подзьвіга дзеля радзімы й тэма асуджэньня фэадальнай анархіі, якая спрычынілася да гібелі найлепшых францускіх ваяроў. Найбольш поўна гэтыя тэмы раскрываюцца ў супрацьпастаўленьні галоўных пэрсанажаў «Песьні» — Ралянда, народнага героя, які аддаў жыцьцё за «мілую Францыю» і Ганелона, у якім увасабляюцца фэадальны эгаізм і анархія.

Граф Ралянд увасабляе ў сабе сапраўдны патрыятызм, у якім гістарычна заканамерна злучаюцца вернасьць радзіме й вернасьць свайму каралю. У поўнай меры гераічны характар Ралянда раскрываецца ў сцэне яго апошняга боя ў Рансевальскай цясьніне. Дзясяткамі й сотнямі паражае ён ворагаў, натхняючы сваім прыкладам франкаў.

Ваярская адвага Ралянда часам мяжуе зь безразважнасьцю. Калі сябра й пабрацім Ралянда граф Алів’е, бачачы незьлічоныя полчышчы маўраў, тройчы просіць яго затрубіць у дзівосны рог Аліфант, каб паклікаць на дапамогу Карла, Ралянд тройчы адмаўляецца гэта зрабіць, не жадаючы абясславіць сябе й Францыю. Аўтар паэмы ня хоча катэгарычна вылучыць правага й няправага й кажа, што «разумны Алів’е, Ралянд адважны, і доблесьцю адзін другому роўны».

Аповед пра гібель Ралянда становіцца літаральна «гімнам вар’яцтву сьмелых». Страціўшы ў баі ўсіх сяброў і паплечнікаў, цяжка паранены, Ралянд перад сьмерцю ўзыходзіць на высокі пагорак, кладзецца на «зялёную траву», кладзе побач свае рог і меч, каб яны не дасталіся ворагу, і паварочваецца тварам да Гішпаніі. Над Францыяй тым часам пралятае навальніца, нібы сімвал народнага смутку.

Патрыятызм уласьцівы й іншым станоўчым вобразам «Песьні пра Ралянда», і перш за ўсё графу Алів’е й архіэпіскапу Турпену. Алів’е, «зухаваты сабрат Ралянда», — гэта доблесны й сьмелы ваяр, для якога «сьмерць горш за страту гонару». Да апошняй хвіліны змагаецца ён з ворагамі й, гінучы, «за мілы край родны, за Карла моліцца й за Ралянда, сябра дарагога». Патрыятычны патас «Песьні» непарыўна зьвязаны з ідэяй нацыянальна-рэлігійнай барацьбы з мусульманствам і асобай місіі Францыі ў гэтай барацьбе. Гэта ярка раскрываецца ў эпізодах, зьвязаных з архібіскупам Турпэнам. Ваяр-сьвятар, ён мужна б’ецца з «нявернымі», бласлаўляе франкаў, якія ідуць у бой і гінуць. З гонарам і вялікай любасьцю кажа Турпен пра свой народ: «Бясстрашны наш народ. Зь ім не параўнаецца ніякі іншы».

Патрыятызм «Песьні пра Ралянда» і ў асуджэньні варожага народнаму духу фэадальнага, анархічнага пачатку, носьбітам якога выступае Ганелон. Яго вобраз у паэме вылучаецца сваёй складанасьцю, неадназначнасьцю. Ён зьнешне прыгожы чалавек («ён сьвежы тварам, на выгляд сьмелы й ганарысты. Вось быў бы зух, калі б душой быў чысты»), мужны й сьмелы баец, па-свойму велічны ў сцэне суда, на якім яго караюць. Але Ганелон вышэй за ўсё ставіць асабістыя эгаістычныя інтэрасы. Яго жаданьне адпомсьціць Ралянду стала прычынай гібелі лепшых ваяроў Францыі. Так фэадальнае свавольства становіцца здрадай радзіме й рашуча асуджаецца ў паэме. Мастацкая форма «Песьні пра Ралянда» ў поўнай меры адпавядае яе гераічнаму зьместу. У ёй адсутнічаюць любоўныя, бытавыя, камічныя матывы. Шырыня й манумэнтальнасьць адлюстраваных падзей спалучаецца з напружаным драматызмам апавяданьня. Вобразы станоўчых герояў ідэалізаваны й гіпэрбалізаваны, што стала тыповым для любога эпічнага помніка той пары (напрыклад, «няма Ралянду роўных у адвазе, зь ім ніводны чалавек не справіцца», «забіў яшчэ сямсот няверных граф Алів’е» і г. д.). У адпаведнасьці з духам часу сцэны воінскіх паядынкаў і апісаньні бітваў зьдзіўляюць сваёй жорсткасьцю й крывавасьцю.

Адным са сродкаў стварэньня характараў зьяўляецца таксама іх псыхалягічнае супрацьпастаўленьне: прамога й суровага Карла — крывадушнаму й сьпешчанаму Марсілію; гарачага, нястрыманага Ралянда — разважліваму Алів’е. Народнасьць «Песьні пра Ралянда» праяўляецца й у блізкасьці яе паэтыкі да фальклёру. У ёй шырока выкарыстоўваецца такая характэрная асаблівасьць вуснай народнай творчасьці, як паўтор. Паўтараюцца асобныя сюжэтныя моманты (Алів’е тройчы просіць Ралянда пратрубіць у Аліфант, і тройчы Ралянд адмаўляецца; тры разы разьвітваецца Ралянд са сваім мячом Дзюрандалем і г. д.), паўтараюцца словы й словаспалучэньні. У «Песьні пра Ралянда» сустракаецца мноства паралелізмаў: 12 францускім пэрам супрацьстаяць 12 сарацынскіх, сцэна ваеннай нарады ў Марсілія — аналягічнай сцэне пры двары Карла й інш. Мноства ўстойлівых эпітэтаў таксама сьведчыць аб народным паходжаньні паэмы: Карл выступае ў ёй з пастаянным азначэньнем «сівабароды», «сівавалосы»; Францыя — «мілая», «цудоўная»; Ганелон — «здраднік»; меч — «булатны», «сьветлы». У мастацкай сыстэме «Песьні пра Ралянда» значнае месца займаюць прароцкія сны й ўсемагчымыя знакі, прыкметы (Карл двойчы бачыць сон, які прадказвае гібель Ралянда), плачы па памерлых (Ралянд плача па Алів’е, Карл — па Раляндзе), характэрныя для фальклёрных твораў. Старафранцускі верш, якім напісана паэма, суровы, просты й велічны, ён цудоўна перадае яе гераічны зьмест.

Гістарычная аснова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Жыцьцё Карла Вялікага» — твор гістарыёграфа й прыбліжанага да імпэратара дзяржаўнага дзеяча Эгінхарда (Эйнхарда), дзе можна знайсьці гістарычнае абгрунтаваньне сюжэта «Песьні». У 778 годзе Карл Вялікі ўмяшаўся ва ўнутраныя спрэчкі гішпанскіх маўраў, згадзіўшыся дапамагчы аднаму мусульманскаму цару супраць другога. Перайшоўшы празь Пірэнэі, Карл узяў некалькі гарадоў і аблажыў Сарагосу, але, прастаяўшы пад яе мурамі некалькі тыдняў, вымушаны быў ні з чым вярнуцца ў Францыю. Калі ён вяртаўся празь Пірэнэі, баскі, раздражнёныя разбурэньнем аднаго зь іх гарадоў і вынішчэньнем іх вёсак і пасеваў, напалі ў Рансевальскай цясьніне на францкі ар’ергард і зьнішчылі яго амаль цалкам; згодна са сьведчаньнем Эгінхарда, у ліку іншых вяльможных асобаў загінуў «Хруатлянд, маркграф Брэтані». Пасьля гэтага, дадае Эгінхард, баскі разьбегліся й пакараць іх не ўдалося. Непрацяглая й безвыніковая экспэдыцыя ў паўночную Гішпанію, якая ня мела ніякіх сувязей з рэлігійнай барацьбой і скончылася не асабліва значнай, але крыўднай ваеннай няўдачай, была ператворана вандроўнымі сьпевакамі ў карціну сямігадовай вайны, якая завяршылася заваяваньнем усёй Гішпаніі, далей — жахлівай катастрофы пры адступленьні францускай арміі, прычым і тут ворагамі аказаліся не хрысьціяне-баскі, а ўсё тыя ж маўры, і, нарэшце, карціну помсты з боку Карла ў форме грандыёзнай, сапраўды «сусьветнай» бітвы французаў з аб’яднанымі сіламі ўсяго мусульманскага сьвету.

У аснове самай старажытнай формы эпічнага паданьня пра Ралянда (якая да нас не дайшла, але якую можна зь некаторай верагоднасьцю рэканструяваць) ляжыць ідэя крыжовага паходу, толькі ў іншым, больш старым і абмежаваным варыянце яе, які распавядаў не пра заваяваньне Палестыны, а пра аказаньне дапамогі гішпанскім хрысьціянам, прыгнечаным маўрамі, і пра канчатковае выгнаньне апошніх з Гішпаніі. Гэта было зьвязана з найбольш актуальнай праблемай францускай палітыкі VIII—IX стагодзьдзях. У 732 годзе Карл Мартэл, дзед Карла Вялікага, разьбіўшы арабаў ля Пуацье, прыпыніў іх наступ на Эўропу. Аднак і пасьля гэтага, у канцы VIII ст. і асабліва ў пачатку IХ ст., г.зн. іменна ў той час, калі адбывалася паэтычнае афармленьне паданьня аб Рансевальскай бітве, паміж французамі й арабамі ішла ўпартая барацьба як у форме паходаў французаў у паўночную Гішпанію (дзе каля 800 г. Карл Вялікі заснаваў Гішпанскую марку), так і ў форме аховы насельніцтва паўднёвай Францыі ад пастаянных набегаў арабаў. Гэтыя войны вельмі рана пачалі тлумачыцца як справа патрыятычная, а разам з тым і «богаўгодная», якая хіліцца да выкараненьня язычніцтва, і ў адной з хронік экспэдыцыя 778 году была пераасэнсавана як імкненьне «з дапамогай Хрыста падтрымаць царкву, якая пакутуе пад жорсткім прыгнётам сарацынаў». Гэтая ідэя ажыла зноў у апошняй чвэрці ХІ ст., калі пад уплывам агітацыі францускіх сьвятароў адначасова з падрыхтоўкай пахода ў Палестыну францускія рыцары й манахі ў вялікай колькасьці накіраваліся ў Гішпанію, каб там змагацца пад сьцягам Альфонса VI, караля Кастыліі, з маўрамі й арганізоўваць царкву ў адваяваных у мусульман абласьцях. З гэтага двайнога кораня — патрыятычнага й рэлігійнага — і разьвіўся народна-гераічны й разам з тым рыцарскі зьмест паэмы.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]