Прэдраг Стаякавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Прэ́драг «Пэджа» Стая́кавіч (па-сэрбску: Предраг «Пеђа» Стојаковић; нарадзіўся 9 чэрвеня 1977 году, Пожэга, СР Харватыя, Югаславія) — сэрбскі прафэсійны баскетбаліст, які выступаў у НБА. Гуляў на пазыцыі лёгкага форварду. Быў абраны на драфце НБА 1996 году ў першым раўндзе пад агульным 14-м нумарам камандой «Сакрамэнта Кінгс». Мае падвойнае, сэрбскае і грэцкае, грамадзянства.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маладыя гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сэрбскай сям’і Міядрага і Бранкі Стоаякавічаў у харвацкім горадзе Пожэга. Падчас вайны на Балканах сям’я Прэдрага пераехала ў Бялград, дзе ён стаў выступаць за мясцовы баскетбольны клюб «Црвэна Зьвезда».

У 1994 годзе пераехаў у Грэцыю, дзе стаў выступаць за клюб ПАОК з гораду Салёнікі. Таксама ён атрымаў грэцкае грамадзянства і новае прозьвішча Кініс. Сваёй яскравай гульнёй у чэмпіянаце Грэцыі Прэдраг прыцягнуў да сябе ўвагу скаўтаў амэрыканскіх клюбаў і ў 1996 годзе быў абраны на драфце НБА пад 16-м нумарам клюбам «Сакрамэнта Кінгс», аднак пасьля драфту ён яшчэ два гады правёў у ПАОК, перш чым перабрацца за акіян. У сваім апошнім сэзоне ў Грэцыі быў прызнаны самым вартым гульцом чэмпіянату, таксама сваім трохпунктавым кідком за 2 сэкунды да канца апошняга матчу паўфіналу плей-оф супраць «Алімпіякосу» ён здабыў для сваёй каманды перамогу ў сэрыі і перапыніў пяцігадовую гегемонію «Алімпіякосу» ў чэмпіянаце. У фінале ПАОК саступіў «Панацінаікос», лідэрам якога быў Байран Скот, які пазьней трэніраваў Стаякавіча ў Новым Арлеане.

НБА[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першых двух сэзонах у НБА быў рэзэрвовым лёгкім форвардам «Кінгс», аднак у сэзоне 2000—2001 стаў асноўным гульцом каманды, правёў усе свае 75 матчаў, выходзячы на ​​пляцоўку ў стартавай пяцёрцы, набіраючы ў сярэднім 20,4 балу і робячы 5,8 падбору пры адсотку рэалізацыі трохпунктавых кідкоў 40%. Па выніках сэзону заняў другое месца ў апытаньні на званьне самага прагрэсуючага гульца Асацыяцыі, саступіўшы толькі Трэйсі Макгрэдзі з «Арланда Мэджык».

У сэзонах 2001—2002 і 2002—2003 працягваў дэманстраваць высокую выніковасьць, два гады запар удзельнічаў у матчы ўсіх зорак НБА і выйграваў конкурс па трохпунктавых кідках. У сэзоне 2003—2004 ізноў прыняў удзел у матчы ўсіх зорак, заняў другое месца ў лізе па сярэдняй колькасьці балаў, якія набіраюцца за гульню (24,2), заняў чацьвертае месца ў галасаваньні на званьне самага вартага гульца Асацыяцыі і быў уключаны ў другую сымбалічную зборную ўсіх зорак НБА.

З сэзону 2004—2005 атрымаў запар некалькі траўмаў, з-за якіх ён прапускаў гульні чэмпіянату, ня мог набраць аптымальную форму і ўжо не дэманстраваў такую ​​высокую выніковасьць, як у папярэдніх сэзонах. 25 студзеня 2006 году «Кінгс» абмянялі Прэдрага на Рона Артэста ў «Індыяна Пэйсэрз». Напрыканцы сэзону, у разгар сэрыі плэй-оф, Стаякавіч атрымаў чарговую траўму і ня змог дапамагчы «Індыяне» прайсьці «Нью-Джэрзі Нэтс». У міжсэзоньне 2006 году Стаякавіч падпісаў з «Пэйсэрз» новы кантракт, пасьля чаго генэральны мэнэджар «Індыяны» абмяняў яго ў «Нью-Арлеан Горнэтс» на права падпісаньня кантракту з ангельцам Эндру Бэтсам.

Выступы ў «Горнэтс» пад кіраўніцтвам Байрана Скота Стаякавіч пачаў даволі пасьпяхова, 14 лістапада 2006 году ён набраў рэкордныя для сябе 42 балы ў гульні супраць «Шарлот Горнэтс». Аднак цяжкая траўма сьпіны неўзабаве вывела яго са строю да канца сэзону 2006—2007, у якім ён правёў усяго 13 матчаў. У наступным сэзоне Прэдраг адыграў зь першых хвілін амаль усе матчы рэгулярнага чэмпіянату і зрабіў істотны ўнёсак у занятае «Горнэтс» 2-е месца ў Заходняй канфэрэнцыі і выхад у паўфінал канфэрэнцыі ў плэй-оф.

Зборная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У складзе нацыянальнай зборнай Югаславіі станавіўся чэмпіёнам сьвету ў 2002 годзе і чэмпіёнам Эўропы ў 2001 годзе. У 1999 годзе выйграў бронзавы мэдаль чэмпіянату Эўропы. У 2001 годзе быў прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Эўропы, у 2002 годзе — увайшоў у сымбалічную зборную чэмпіянату сьвету. У 2000 годзе прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях ў Сыднэі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэдраг Стаякавічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў