Растсельмаш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 47°15′30″ пн. ш. 39°45′45″ у. д. / 47.25833° пн. ш. 39.7625° у. д. / 47.25833; 39.7625

«Растсельмаш»
рас. «Ростсельмаш»
Выява лягатыпу
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Лістынг на біржы
Дэвіз Агратэхніка прафэсіяналаў
Заснаваная 21 ліпеня 1929 (94 гады таму)
Краіна Расея
Разьмяшчэньне Паўднёвая фэдэральная акруга
Адрас Растоў-на-Доне, Першамайскі раён, вул. Мянжынскага, д. 2[1]
Ключавыя фігуры Канстанцін Бабкін, Валеры Мальцаў
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя апрысквальнік, камбайн, культыватар, касілка, сеялка, пагрузчык, трактар
Абарачэньне 58,745 млрд рас.руб (2020 год; 790,044 млн $)
Апэрацыйны прыбытак
Чысты прыбытак 11,107 млрд рас.руб[3] (2020 год; 149,374 млн $)[4]
Лік супрацоўнікаў 13 000 (2021 год)
Матчына кампанія «Новая Садружнасьць» (Масква)
Даччыныя кампаніі «Індустрыя Бухлера» (Канада)
Аўдытар «Аўдыт, улік, падаткі»

«Растсельмаш»[5] («РСМ») — камбайнавы завод Расеі, заснаваны ў Растове-на-Доне ў ліпені 1929 году ў якасьці «Растоўскага заводу сельскагаспадарчага машынабудаваньня».

На 2021 год меў 13 дачынных прадпрыемстваў і 13 000 супрацоўнікаў. Выпускаў звыш 150 мадэляў 24 відаў сельскагаспадарчай тэхнікі, якую пастаўлялі ў больш як 40 краінаў. Тэхніка прызначалася для апрацоўкі і ўгнаеньня глебы, пасеву і жніва, пакосу і падрыхтоўкі валкоў[6]. Па выніках 2020 году «Растсельмаш» быў найбольшым з 471 вытворцы камбайнаў у Расеі паводле абарачэньня[3].

Вырабы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год «Растсельмаш» вырабляў:

  • збожжаўборачныя камбайны пад 5-ю таварнымі знакамі — «Акрос», «Вектар», «Нова», «РСМ» і «Торум»[7];
  • трактары сэрыяў 1000, 2000 і 3000 (цяжкія магутнасьцю да 583 конскіх сілаў)[8];
  • кормаўборачныя камбайны «РСМ Ф» і «Дон 680М»[9];
  • самаходныя касілкі «КСУ 1» і «КСУ 2»[10];
  • кормазагатоўчую тэхніку «Калібры» для валкаваньня, «Пэлікан» і «Тукан» для прэсаваньня, «Стрыж», «Сапсун», «Беркут», «Стэрх» і «Ківі» для касьбы[11];
  • бароны «Вікінг» і «ДВ», культыватары і сеялкі;
  • апрысквальнікі «РСМ» і збожжаапрацоўчую тэхніку[12];
  • дарожна-камунальную тэхніку «Чыж» і «Сьнягір», а таксама пагрузчыкі «Фенікс»[13].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зборачны цэх (2014 год)

21 ліпеня 1929 году на пляцоўцы «Сельмашбуду» ў Растове-на-Доне (Расейская СФСР) запрацавалі першыя 5 цэхоў і выпусьцілі першыя вырабы — трактарныя плугі і сеялкі. 30 чэрвеня 1930 году сабралі і выправілі на выпрабаваньне 1-ы расейскі прычапны камбайн «Калгас». Улетку 1931 году выпусьцілі ўнівэрсальны камбайн «Сталінец-1»(ru) для ўборкі пшаніцы, кукурузы, проса і сланечніка. У студзені 1932 году адкрылі зборачны цэх камбайнаў, адкуль у траўні выпусьцілі першы эшэлён камбайнаў «Сталінец-1». У наступным іх сталі пастаўляць за мяжу. У 1937 годзе камбайн «Сталінец-1» паказалі на Сусьветнай прамысловай выставе ў Парыжы (Францыя), дзе яму прысудзілі Галоўную ўзнагароду і залаты мэдаль. У 1938 годзе ў Чкалаўскай вобласьці счэп 2-х камбайнаў «Сталінец-1» замяніў 1637 працаўнікоў, 373 кані, 25 жняярак, 25 малацілак, 25 веялак і 40 сартавалак або 3323 чалавекі ручной працы. 14 чэрвеня 1940 году на галоўным канвэеры сабралі 50-тысячны камбайн «Сталінец-1». Цягам 13—19 кастрычніка 1941 году абсталяваньне заводу пагрузілі на больш як 3500 вагонаў і накіравалі чыгункай у Ташкент (Узбэцкая ССР) разам зь кіраўнікам Максімам Цітарэнкам. Адно з 4-х падразьдзяленьняў разьмясьцілі ў Чырчыку (Ташкенцкая вобласьць). На 33-і дзень пасьля прыбыцьця абсталяваньня ў Ташкента пачалася вытворчасьць. На 35-ы дзень выплавілі першы чыгун. Праз 3 месяцы на плошчы 1,2 га запрацавалі цэхі. Наладзілі выпуск мінаў калібру 82 мілімэтраў, боегаловак да рэактыўных снарадаў для БМ-13 і фугасных авіябомбаў вагой 50, 100 і 250 кг. Пасьля Нямецкай-савецкай вайны ва Ўзбэцкай ССР засталіся завод «Ташкентстыльмаш» і «Чырыцкі мэталюргічны завод»[6].

Паштовая марка СССР 1956 году

23 лютага 1943 году, на 10-ы дзень вызваленьня Растова-на-Доне, ў горадзе запрацавалі першыя 33 станкі заводу. Наладзілі рамонт танкаў, трактароў і аўтамашынаў. Пасьля расчысткі 15 гектараў завалаў вытворчая пляцоўка склала 14,5 га. На ёй уклалі 21 млн цаглінаў, 37 000 кубамэтраў бэтону і 185 000 кубамэтраў дахоўкі, а таксама ўзьвялі 8000 тонаў мэталаканструкцыяў. 30 красавіка 1947 году цэх уборачных машынаў сабраў першыя камбайны «Сталінец-6»(ru), якія распрацавалі Аляксандар Красьнічэнка(ru), В.В. Прашунін і І.І. Папоў. За распрацоўку яны атрымалі Сталінскую прэмію. У лістападзе 1948 году завод аднавіў даваенную магутнасьць. За 1948 год выпусьцілі 7190 камбайнаў. У жніўні 1955 году з вытворчасьці зьнялі плугі і кукурузаўборачныя камбайны на карысьць выпуску збожжаўбоачным камбайнаў паводле Рашэньня ліпеньскага Пленуму Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. У сьнежні 1956 году пачалі выпуск камбайна «Растсельмаш 6»(ru) («РСМ 8») зь більным барабанам. Яго сэрыйная вытворчасьць за 1-ы год склала 50 000 асобнікаў. 15 сакавіка 1958 году выпуск камбайна «РСМ 8» спынілі ў сувязі з заданьнем перайсьці з вытворчасьці прычапных камбайнаў на вытворчасьць самаходных за 5 месяцаў. 24 студзеня 1961 году выпусьцілі 100-тысячны самаходным камбайн «СК-3»(ru). У лютым 1962 году пачалі вырабляць камбайн «СК-4»(ru), які меў на 25 % большую прадукцыйнасьць. У 1963 годзе гэты камбайн атрымаў дыплём 1-й ступені на міжнароднай выставе ў Ляйпцыгу (НДР). У жніўні 1969 году завод выпусьціў мільённы камбайн[6].

У 1973 годзе перайшлі на выпуск камбайна СК-5 «Ніва»(ru), на аснове якога стварылі крутасхільныя і рысаўборачныя мадэлі. Таксама стварылі таматаўборачныя камбайны і льномалацілкі. У 1984-м выпусьцілі 2-мільённы камбайн. У 1985 годзе распрацавалі кормаўборачны камбайн «Дон 680». У сьнежні 1992 году дзяржаўнае прадпрыемства «Растсельмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства ва ўласнасьці супрацоўнікаў. У 1999 годзе стварылі энэргасродак «Дон 808». У 2000 годзе «Новая Садружнасьць» выкупіла завод. Яе пайшчыкамі былі старшыня Канстанцін Бабкін, кіраўнік Зьміцер Удрас(ru) і Юры Разанцаў(ru). У 2003-м адчынілі прадстаўніцтва ў Казахстане, дзе таксама разгарнулі зборку. У чэрвені 2004 году з канвэера сышоў 1-ы збожжаўборачны камбайн «Вектар» з бункерам і рухавіком ззаду ад цэнтральнай кабіны. У 2005 годзе ротарная малацілка «Торум» зь вярчэльнай дзякой атрымала узнагароду на Міжнароднай выставе земляробчых машынаў у Парыжы (Францыя). Увесну 2007 году пачалі сэрыйную вытворчасьць камбайнаў сямейства «Акрос» з разумным пускам і аховай ад закліньваньня. Увосень 2007 году набылі канадзкі завод сельгастэхнікі «Індустрыя Бухлера» (Вініпэг, правінцыя Манітоба), ад імя якога сталі выпускаць трактары «Вэрсатайл». У 2008 годзе запусьцілі вытворчасьць прычапных і навясных корманарыхтоўвачных камбайнаў «РСМ 1401». У 2009-м у Канадзе набылі вытворчасьць апырсквальнікаў, а ў ЗША — вытворчасьць абсталяваньня для збожжаперапрацоўкі. Увосень 2010 году ў Казахстане запусьцілі сумесную вытворчасьць трактароў «Вектар»[6].

Трактары «РСМ» на «Аграсалёне-2018» у Маскве

У 2011 годзе набылі канадзкі завод сеялак і глебаапрацоўчай тэхнікі. У 2014-м выпусьцілі збожжаўборачны камбайн «РСМ 161». У 2016 годзе прадставілі кормаўборачныя машыны «РСМ Ф 2650», прычапныя апырсквальнікі «ТС Сатэліт» і барану «ДВ». У 2017-м сталі выпускаць захваты шырынёй 12 мэтраў. Улетку 2017 году прадставілі электронную прыладу нагляду «Агратронік». Увосень 2017-га ў новым корпусе запусьцілі вытворчасьць трактароў «РСМ 2375». У траўні 2018 году з канвэера сышоў першы сэрыйны збожжаўборачны камбайн «Нова». У сьнежні 2018-га падпісалі пагадненьне зь японскім заводам трансьмісіяў «Окубо» аб праве на вытворчасьць скрынак перадачаў для трактароў, якая пачалася ў жніўні 2020 году. У лютым 2019 году сабралі 1-ы цяжкі трактар магутнасьцю звыш 435 конскіх сілаў. У красавіку 2019 году сабралі кормаўборачны камбайн прадукцыйнасьцю звыш 200 тонаў за гадзіну, што перавысіла паказьнік папярэдняй мадэлі ў 1,5 разы. У лістападзе 2019 году прылада начнога бачаньня «РСМ» атрымала срэбраны мэдаль Гановэрскай выставы агратэхнікі (Нямеччына). У чэрвені 2020 году прадставілі бесьпілётную навігацыю для камбайнаў «Торум»[6].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Яжэўскі (2014 год)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кантакты (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  2. ^ Бухгалтерская отчётность
  3. ^ а б Фінансавы стан ТАА «Камбайнавы завод «Растсельмаш» (рас.) // Фінансава-аналітычны партал «Тэст фірмы», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  4. ^ Афіцыйныя курсы валютаў на зададзеную дату, усталёўваныя штодзённа (74,3566 рас.рублёў за даляр ЗША на 31 сьнежня 2020 году) (рас.) // Цэнтральны банк Расейскай Фэдэрацыі, 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  5. ^ А.Лукашэнка пацьвярджае намер Беларусі набыць «Растсельмаш» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 кастрычніка 2012 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  6. ^ а б в г д Пра кампанію (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  7. ^ Збожжаўборачныя камбайны (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  8. ^ Трактары (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  9. ^ Кормаўборачныя камбайны (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  10. ^ Самаходныя касілкі (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  11. ^ Кормазагатовачная тэхніка (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  12. ^ Тэхніка (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  13. ^ Пагрузчыкі (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  14. ^ Дырэктарскі корпус (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дылеры (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.